І басейн, і камп’ютары

Першага верасня адчыніў свае дзверы для маленькіх жыхароў Шчучына новы дзіцячы сад на 170 месцаў.

Гэтую падзею асабліва чакалі жыхары новага мікрараёна горада. Як адзначыў старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложачнік, увод аб’екта дазволіў вырашыць пытанне з забеспячэннем месцамі ў дашкольных установах.

Дзіцячы сад адпавядае ўсім сучасным патрабаванням: тут ёсць басейн, музычная і гімнастычная залы, камп’ютарна-гульнявы пакой, утульныя і добра абсталяваныя групавыя пакоі, медыцынскі і харчовы блокі. Дзіцячы сад будаваўся па індывідуальным праекце, першым у Гродзенскай вобласці. Грошы на яго ўзвядзенне (а каштарысны кошт склаў больш за 5 млн рублёў) выдзелены з абласнога бюджэту. Заробленыя падчас суботніка сродкі жыхары Шчучына таксама пералічылі на будаўніцтва дзіцячага садка.

На ўрачыстасць з нагоды адкрыцця новай дашкольнай установы прыйшлі дзеці і іх бацькі, супрацоўнікі дзіцячага сада, ганаровыя госці — намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложачнік, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Уладзімір Дубок. Традыцыйную чырвоную стужачку перарэзалі загадчык ясляў-сада № 4 Алена Федасеева і начальнік шчучынскай ПМК-167 Аляксандр Смірноў.

Пасля гэтай цырымоніі сапраўднымі гаспадарамі садка сталі юныя выхаванцы — прайшлі заняткі ў басейне, танцавальнай зале. Асвоілі дзеці і гульнявыя пляцоўкі на тэрыторыі садка.

У хуткім часе новы дзіцячы сад адкрыецца ў Гродне, у кастрычніку — у Навагрудку. У наступным годзе пачнецца будаўніцтва новай дашкольнай установы ў Астраўцы.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама.