І будзе свет цудоўным

- 15:07Навіны рэгіёнаў, Рознае

Моладзь Міншчыны ўзяла ўдзел у Абласным эколага-патрыятычным форуме. Мерапрыемства, прысвечанае Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Году культуры, сабрала ў Нясвіжы людзей, неабыякавых да прыроды і будучыні роднага краю.

Удзельнікамі форуму стала больш за 150 чалавек: дэлегацыі ўсіх раёнаў вобласці і Жодзіна, прадстаўнікі Мінскага аблвыканкама, парламентарыі, прадстаўнікі прыродаахоўных і грамадскіх арганізацый.

Падчас адкрыцця форуму яго ўдзельнікаў вітаў Іван Эдуардавіч Ліпніцкі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Далей фарумчане адправіліся ў падарожжа па нясвіжскай зямлі, па трох маршрутах, каб даведацца, як тут клапоцяцца пра экалогію. Удзельнікі мерапрыемства праехалі на электрамабілі па гісторыка-культурным музеі-запаведніку, пабывалі ў дэндрапарку Нясвіжа, наведалі яслі-сад і сярэднюю школу ў Снове, дзе была прадстаўлена панарама вопыту работы ўстаноў па экалагічным выхаванні; даведаліся, як на Гарадзейскім цукровым камбінаце клапоцяцца не толькі пра даходы і якасць прадукту, але і пра навакольнае асяроддзе; убачылі біягазавую ўстаноўку на агракамбінаце “Сноў”, якая дазваляе менш шкодзіць экалогіі.


Для навучэнцаў і педагогаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці, якія прыехалі ў Нясвіж, была арганізавана работа экагорада. Тут працавалі гульнявая пляцоўка “Падарожжа з Эказаўрам”, экалагічная гасцёўня ў стылі карвінг. Дзеці сталі ўдзельнікамі экалагічнай акцыі ў фармаце open air “Усе колеры, акрамя чорнага”, гульнявой праграмы, навучыліся вырабляць сувеніры з другаснай сыравіны ў сувенірнай майстэрні, а пасля гэтых падзей маглі аднавіць сілы ў фітабары “Вітамінка”. Юныя даследчыкі Нясвіжчыны расказалі аб сваіх работах на экалагічную і краязнаўчую тэматыку, вопыт работы дэманстравалі ўдзельнікі атрада юных ратавальнікаў-пажарных “Ястрабы” сярэдняй школы № 4 і атрад юных інспектараў дарожнага руху сярэдняй школы № 3 Нясвіжа.

У пошуках скарбаў Радзівілаў адправіліся дзеці ў Нясвіжскі парк, каб разгадаць загадкі эколага-краязнаўчага квеста. Тут удзельнікаў сустракалі героі вядомых легенд аб Нясвіжскім парку, роставыя лялькі. На Ратушнай плошчы гасцей чакала выстава работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Мінскай вобласці.

Завяршыўся форум выступленнямі агітбрыгад Нясвіжскай гімназіі і сярэдняй школы № 3, тэатраў экалагічнай моды гімназіі і Затур’янскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, творчых калектываў раённага ЦДТ. Іх аб’яднала экалагічная канцэртная праграма “Няхай будзе свет цудоўным!”.

Дар’я РЭВА.