Як гэта ні балюча канстатаваць, аднак не ўсе сучасныя дзеці любяць чытаць. Інфармацыю аб знешнім свеце яны ў асноўным атрымліваюць з інтэрнэту і тэлевізара. Час, калі кніга была амаль што адзінай крыніцай ведаў, адышоў у мінулае. Але, згадзіцеся, нават вельмі ўдалая экранізацыя вядомага твора ці самы цікавы навукова-папулярны фільм не заменіць задавальнення ад прачытання добрай кнігі, ад гартання яе старонак. Каб прывіць малодшым школьнікам цікавасць да кнігі, абудзіць іх матывацыю да чытання, настаўніца сярэдняй школы № 202 Мінска Святлана Юр’еўна Маслава распрацавала электронны адукацыйны рэсурс “Пазакласнае чытанне, 2 клас”, які паспяхова выкарыстоўвае на ўроках літаратуры.
Святлана Юр’еўна ў школе працуе ўжо каля 20 гадоў. Як яна сама расказвае, пайшла па слядах сваёй матулі — настаўніцы фізічнай культуры Раісы Іосіфаўны Маславай, якая была прызнана лепшым настаўнікам Слуцка і вырасціла многіх спартсменаў, алімпійскіх чэмпіёнаў. Маленькая Святланка літаральна вырасла ў школе і ў тры гады ўжо ведала, што такое педсавет, урок, перапынак, бацькоўскі сход. Гэта пасадзейнічала таму, што пасля 8 класа дзяўчына паступіла ў педвучылішча. Ды і мама была не супраць, каб яна працавала ў школе: дачка была выдатніцай, мела нядрэнныя арганізатарскія здольнасці.
Педагагічны шлях маладой настаўніцы пачаўся ў сталічнай сярэдняй школе № 96. Як прыгадвае С.Ю.Маслава, першапачаткова сутыкнулася з шэрагам цяжкасцей. І яны былі звязаны ў першую чаргу з недахопам вопыту. У навучальнай установе быў дастаткова моцны вопытны калектыў, і на іх фоне малады спецыяліст глядзеўся не лепшым чынам. “Методыку выкладання я ведала і імкнулася рабіць усё як трэба, аднак з вопытам прыходзіць усведамленне таго, што гэта не заўсёды спрацоўвае, трэба ўмець адчуваць дзяцей. Ты ідзеш па метадычцы і разумееш, што штосьці не тое атрымліваецца, але не разумееш, што трэба зрабіць, каб гэта выправіць, — расказвае настаўніца. — У мяне былі вялікія праблемы з гаспадарчымі справамі: дакументацыяй, афармленнем кабінета, не хапала навыкаў арганізацыі не толькі дзіцячага калектыву, але і бацькоўскага. Аднак паступова праблемы вырашаліся, і на першы план выходзіла радасць ад стасункаў з дзецьмі. У старшакласнікаў многа настаўнікаў, а я ў шасцігодак — першая настаўніца, як мама. І за дапытлівы погляд дзіцяці можна аддаць многае. Пачаткоўцы — адкрытыя, непасрэдныя, яны як гліна, з якой можна “вылепіць “усё, што захочаш”.
Настаўніца лічыць сваёй асноўнай задачай — “вылепіць” новага, інавацыйнага, камунікабельнага чалавека. А для гэтага, мяркуе С.Ю.Маслава, сам педагог павінен стаць мабільным, цікавым, здольным адказаць на любое пытанне. Таму і выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя формы і метады навучання, праектная дзейнасць, праблемнае навучанне, прыёмы развіцця творчага мыслення, групавая і парная работа. У 2007/2008 навучальным годзе настаўніца стала ўладальніцай гранта Мінгарвыканкама за праект “Фарміраванне пазнавальнага інтарэсу навучэнцаў шляхам выкарыстання тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо на прыкладзе пераемнасці паміж першай і другой ступенямі агульнай сярэдняй адукацыі”. Менавіта гэта дазваляе ёй не проста падрыхтавацца да ўрока, але і зрабіць яго цікавым; не толькі скласці прэзентацыю, але і ажывіць яе забаўнай анімацыяй, падабраць патрэбную музыку, уставіць урывак з любімага дзіцячага мультфільма. Настаўніца дакладна прадумвае формы выкладання матэрыялу да кожнага ўрока, што садзейнічае стварэнню ўмоў для актыўнай вучэбнай дзейнасці, самастойнага мыслення і развіцця пазнавальных інтарэсаў малодшых школьнікаў.
Актыўна Святлана Юр’еўна выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі. Дарэчы, зараз яна атрымлівае трэцюю вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Настаўнік інфарматыкі”. “У мяне вялікая надзея на тое, што інфарматыка ўсё ж будзе вывучацца з 2 класа, бо развіцця логікі, умення карыстацца камп’ютарам сапраўды нестае нашым вучням. Важна, каб дзеці ўсведамлялі, што камп’ютар — гэта не толькі гульні, а магутная рэч, крыніца ведаў, з якой неабходна працаваць. Тады яны па-іншаму будуць ацэньваць свае магчымасці ў плане смартфонаў, планшэтаў”.
З 1 класа С.Ю.Маслава праводзіць факультатыўныя заняткі “Развіццёвая інфарматыка” (1 гадзіна на тыдзень), арганізоўвае платныя адукацыйныя паслугі і раз на тыдзень праводзіць заняткі па курсе “Асновы камп’ютарнай граматнасці”. Навучэнцы знаёмяцца з прыкладнымі праграмамі PowerPoint, Word. І, як паказвае практыка, дзеці хутка асвойваюць вучэбны матэрыл. Ужо к канцу другога года навучання яны самі ствараюць камп’ютарныя ролікі. “Нашы дзеці думаюць намнога хутчэй за дарослых. Яны нарадзіліся ў ХХІ стагоддзі і, едучы ў калясцы, ужо трымаюць у руках мабільны тэлефон і неўсвядомлена націскаюць на кнопкі. Яны хутка вучацца карыстацца камп’ютарам. Нават не бярэцца пад увагу, вучыцца школьнік на выдатна ці зусім слаба. Здараецца, дзіця, якое не вельмі добра вучыцца, намнога хутчэй схоплівае асноўныя моманты работы з камп’ютарнай праграмай і лепш з ёю працуе, чым выдатнік. Проста выдатнік думае, як зрабіць правільна, усё дакладна вывярае і разлічвае, а слабыя вучні часта пра гэта не задумваюцца, яны крэатыўна мысляць, і праекты ў іх атрымліваюцца намнога цікавейшыя”.
Сёння адной з актуальных праблем, якая хвалюе і настаўнікаў, і бацькоў, з’яўляецца праблема падзення чытацкага інтарэсу школьнікаў. Можна назваць шэраг прычын узнікнення гэтай праблемы.Вучні не вельмі хочуць чытаць, бо, на жаль, не ўсе бацькі развіваюць у дзяцей дашкольнага ўзросту цікавасць да чытання, у некаторых сем’ях нават недастаткова кніг альбо калі ў дамашняй бібліятэцы кнігі і ёсць, то яны не адпавядаюць узросту дзіцяці — напісаны дробным шрыфтам, у іх няма карцінак. “Калі некалькі гадоў назад каля 30% дзяцей, што прыходзілі ў школу, умелі чытаць, то ў гэтым наборы першакласнікаў толькі 3 чалавекі з 18, якія ўмелі чытаць, — заўважае настаўніца.
Для прывіцця вучням цікавасці да чытання С.Ю.Маслава прапануе цікавыя творчыя заданні, малодшыя школьнікі малююць ілюстрацыі да твораў, ствараюць праекты, робяць пакрокавыя дыяфільмы. Дзеці з задавальненнем пішуць вершы, складаюць сінквейны. З 1 класа выкарыстоўваюцца сшыткі на друкаванай аснове па чытанні. Настаўніца расказвае цікавыя эпізоды з біяграфіі пісьменніка, якія звязаны з творамі. Цікавасць да таго ці іншага твора абуджае і прыём перарванага чытання.
На бацькоўскіх сходах настаўніца рэкамендуе бацькам чытаць дзецям казкі на ноч. Калі ў дзіцяці былі праблемы з дыкцыяй альбо яно чытае вельмі ціха, то даецца такая рэкамендацыя: мама на кухні варыць суп, а дзіця са свайго пакоя гучна чытае альбо пры завучванні верша радок прагаворвае мама, радок — дзіця.
На думку Святланы Юр’еўны, значную ролю ў павышэнні матывацыі пачаткоўцаў да чытання адыгрываюць урокі пазакласнага чытання. Гэтыя ўрокі праходзяць у нестандартнай абстаноўцы, маюць вялікае выхаваўчае значэнне, на іх рэалізуюцца міжпрадметныя сувязі. Тут можна пагаварыць на любую тэму, развіць творчыя здольнасці дзіцяці, якое можа раскрыцца з зусім нечаканага боку. Дзецям такія ўрокі падабаюцца, бо яны працуюць у ролі настаўніка — выходзяць кожны са сваім праектам, са сваёй кнігай.
Каб зрабіць урокі пазакласнага чытання яшчэ больш цікавымі і прадукцыйнымі, выкарыстоўваючы захапленне вучняў камп’ютарамі, С.Ю.Маслава распрацавала электронны адукацыйны рэсурс “Пазакласнае чытанне, 2 клас”. Ідэя яго стварэння ўзнікла пасля курсаў павышэння кваліфікацыі па стварэнні ўласных электронных сродкаў навучання ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі, дзе пазнаёмілася з праграмай AutoPlay Media Studio 6.0. “Я працавала ў 2 класе, калі сутыкнулася з праблемай, што ў нарматыўных дакументах недастаткова ўдзяляецца ўвага пытанням зместу і арганізацыі ўрокаў пазакласнага чытання. У прыватнасці, не канкрэтызавана тэматыка кніг для самастойнага чытання навучэнцамі, г.зн. настаўнік кожны раз павінен сам вызначыць, якую кнігу неабходна дзецям прачытаць, няма вучэбна-метадычных дапаможнікаў для малодшых школьнікаў, адсутнічае метадычная літаратура для настаўнікаў. Вучні пры падрыхтоўцы да ўрока сутыкаюцца з праблемай пошуку і выбару патрэбнай літаратуры. Не ва ўсіх дома ёсць хатняя. Не ўсе пагаджаюцца купляць кнігі — зараз яны нятанныя. Ды і не ва ўсіх дома ёсць інтэрнэт, каб у электронным выглядзе тую ці іншую кнігу спампаваць. Усе гэтыя праблемы і сталі адпраўным пунктам стварэння праграмнага прадукта”, — расказвае С.Ю.Маслава.
Праграмны прадукт адрасаваны настаўнікам пачатковых класаў. Матэрыял прадстаўлены ў выглядзе серыі ўрокаў, якія адпавядаюць праграмным патрабаванням ведаў і ўменняў навучэнцаў 2-х класаў. Зручны інтэрфейс дае магчымасць пры мінімальных часавых выдатках знайсці патрэбны раздзел. Да планаў-канспектаў урокаў настаўніцай падрыхтаваны прэзентацыі. У прэзентацыях ёсць віктарыны, біяграфія таго ці іншага пісьменніка, партрэты, кніжная выстава, пытанні да твора. У ЭСН сабраны аніміраваныя ўрыўкі з мультыплікацыйных фільмаў, 31 аўдыяфайл рускіх народных казак, якія можна праслухаць у класе, а можна перакінуць дзецям на смартфон ці планшэт і даць праслухаць дома. Гэта садзейнічае таму, што пачаткоўцы знаёмяцца з вялікай колькасцю казак.
Матэрыялы да кожнага ўрока могуць быць выкарыстаны педагогамі поўнасцю або часткова — у залежнасці ад узроўню падрыхтаванасці навучэнцаў класа, а таксама бібліятэчнага фонду, які мае настаўнік. Ёсць класы, дзе дзеці дастаткова моцныя, а ёсць і такія, у якіх да пачатку 2 класа не ўсе чытаюць. Слабейшым класам прапануецца для чытання, напрыклад, казка “Колосок”, а класам, у якіх дзеці добра чытаюць, — “Сестрица Алёнушка и братец Иванушка”. Для стварэння камфортнай эмацыянальнай абстаноўкі на ўроку або на этапе рэфлексіі можна выкарыстаць кліп “Приходи, сказка!”. Уключаны ў праграмны прадукт і гульнявыя моманты: вучням прапануюцца пазлы з героямі мастацкіх твораў. Вялікае практычнае значэнне маюць і памяткі навучэнцам: як скласці план, як падрыхтавацца да ўрока па пазакласным чытанні, як выразна прачытаць, як вывучыць верш на памяць.
“Вопыт выкарыстання праграмнага прадукта паказвае яго эфектыўнасць, бо, па-першае, выклікае інтарэс навучэнцаў, зачараванне навізной, эмацыянальны ўсплёск. Задача настаўніка пры гэтым — знайсці новае, невядомае, зацікавіць. Па-другое, стварае ўмовы для індывідуалізацыі навучання: педагог можа зафіксаваць матэрыял, “спыніць” імгненне, вярнуцца да інфармацыі папярэдніх урокаў, забяспечыць самаправерку, кантроль, прэзентацыйнае суправаджэнне ўрокаў. Па-трэцяе, навучэнцам лягчэй убачыць практычную значнасць і карысць ведаў, якія прапаноўваюцца. Па-чацвёртае, удзел у дзейнасці адкрывае новыя магчымасці творчасці. Навучэнцы атрымліваюць дадатковы вопыт зносін, атрымання інфармацыі, магчымасць праявіць сябе. Педагог вучыцца кіраваць інфармацыйнымі плынямі, становіцца аўтарытэтным кансультантам для навучэнцаў, адсюль пашыраецца прастора ўзаемадзеяння”, — падкрэслівае настаўніца. У класе, дзе выкарыстоўваўся праграмны прадукт, павысіўся ўзровень вучэбных дасягненняў навучэнцаў. Выхаванцы Святланы Юр’еўны — пераможцы школьных алімпіяд і літаратурных конкурсаў. У гэтым навучальным годзе вучань 3 класа Мікалай Панкрат прыняў удзел у гарадскім фестывалі праектна-даследчых работ “Пазнанне і творчасць” з даследаваннем “Якога колеру былі дыназаўры”.
Апрабацыя дыска ажыццяўлялася на ўроках пазакласнага чытання і на адкрытых мерапрыемствах раёна, дзе прадукт атрымаў станоўчыя водгукі калег. Яны адзначылі, што яго выкарыстанне павышае шчыльнасць урока, робіць яго нестандартным, яркім, а таксама эканоміць рабочы час настаўніка па падрыхтоўцы да ўрока. Навучэнцам ён дазваляе знайсці кнігі для самастойнага чытання, садзейнічае фарміраванню ўменняў і навыкаў работы з інфармацыяй. Пачаткоўцы сталі творча адносіцца не толькі да ўрокаў літаратуры, а і да заняткаў па мове, па прадмеце “Чалавек і свет”. Яны бачаць, што, дабіўшыся поспехаў у адной сферы дзейнасці, можна перакласці іх на іншыя вучэбныя заняткі.
У перспектыве настаўніца плануе распрацаваць электронныя адукацыйныя рэсурсы да ўрокаў пазакласнага чытання для 3 класа, а таксама па інфарматыцы для пачаткоўцаў.