І дапамога, і адпрацоўка навыкаў

“У панядзелак, 20 красавіка, пачынаецца адукацыйны працэс у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі краіны”, — паведаміў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка падчас наведвання Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці.

Па апошніх даных, каля 40% дзяцей плануюць прыйсці ў школы. Ёсць рэгіёны, дзе прывычны адукацыйны працэс гатова распачаць дастатковая колькасць вучняў. Гэта найперш навучальныя ўстановы ў сельскай мясцовасці. Там будзе арганізавана харчаванне навучэнцаў у адпаведнасці з патрабаваннямі і рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя.

Многія бацькі цяпер задаюцца пытаннем, што будзе, калі яны не пусцяц­ь сваё дзіця ў навучальную ўстанову. Міністр адукацыі адказаў: “Гэта права бацькоў, мы нікога не прымушаем. Баць­кам разам з настаўнікамі трэба па­клапаціцца пра шляхі ўзаемадзеяння пры арганізацыі самастойнай работы школьнікаў, вызначыцца з фарматам работы, арганізацыяй кантролю за самастойным выкананнем заданняў. Усе нюансы, якія ўзнікаюць, будуць вырашацца лакальна, на ўзроўні навучальнай установы. Веды трэба атрымліваць усім, таму адукацыйны працэс неабходна будаваць зыходзячы з патрэб і магчымасцей вучняў і школ. У школах краіны праведзена вялікая работа па напрацоўцы адпаведнай метадычнай базы. Вельмі шмат матэрыя­лаў можна знайсці на рэспубліканскім адукацыйным партале Нацыянальнага інстытута адукацыі. Акрамя таго, у нас шмат творчых педагогаў, якія ствараюць уласны дыдактычны матэрыял, свае метадычныя дапаможнікі, запісваюць відэа. Мы гатовы да пачатку навучання ў чацвёртай чвэрці. Існуюць усе алгарыт­мы дзейнасці, скарэкціравана вучэбна-тэматычнае планаванне”.

Мінадукацыі пакуль не плануе пераносіць заканчэнне навучальнага года. “Мы ўважліва разглядаем розныя сцэнарыі развіцця падзей. Заканчэнне навучальнага года пераносіць пакуль не плануецца”, — сказаў Ігар Карпенка. Што тычыцца пераносу цэнтра­лізаванага тэсціравання, гэтае пытанне цяпер знаходзіцца на абмеркаванні. “Вы ведаеце, што мы ўжо перанеслі алімпіяды школьнікаў. Плануе­м правесці іх у маі. Наконт пераносу ЦТ пакуль рашэнне не прынята. Па меры ўзнікнення пытанняў і развіцця сітуацыі бу­дзем інфармаваць грамадскасць. Ва ўсякім выпадку будзем старацца зрабіць усё на кары­сц­ь школьніка і будучага абітурыен­та”, — дадаў міністр.

Вяртаючыся да сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, міністр заўважыў, што ў бягучым навучальным годзе ў 42 установах адукацыі краіны рыхту­юць швачак. Дадзеную кваліфікацыю атрымліваюць каля 4000 чалавек.

У Мінску падрыхтоўка швачак ажыццяўляецца ў трох установах прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні камітэта па адукацыі (Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж швейнай вытворчасці, Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі, Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва). Па стане на 15 красавіка 2020 года ў вучэбна-вытворчых майстэрнях устаноў адукацыі 172 навучэнцамі было пашыта 39 475 адзінак тканінных масак для аховы органаў дыхання.

Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж швейнай вытворчасці за перыяд з 03.04.2020 па 15.04.2020 сіламі навучэнцаў і педагогаў вырабіў 17 825 масак. На пашыве масак працавала 120 чалавек. Навучэнцы каледжа таксама працуюць на прадпрыемствах па вырабе масак: СП ЗАТ “Мілавіца”, ПВУП “Таліна”, РУП “Медтэхнацэнтр”, ТАА “Гарсэтніца”. Як заўважыла дырэктар каледжа Святлана Максімовіч, маскі шыюцца падчас вытворчай практыкі.

“Больш за 70 тысяч тканінных масак пашылі навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, — паведаміў Ігар Карпенка. — Мы дапамагаем разгрузіць прафесійных швачак прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці для выканання больш сур’ёзнай працы, якая патрабуе вялікіх ведаў і намаганняў. А з іншага боку, мы бачым, што для навучэнцаў гэта набыццё пэўных навыкаў, практыка-арыентаваная падрыхтоўка спецыя­лістаў, якія ў перспектыве прыйдуць на гэтыя прадпрыем­ствы”.

Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж швейнай вытворчасці — гэта навучальная ўстанова, якая забяспечвае двухузроўневую адукацыйную падрыхтоўку спецыялістаў — ад закройшчыка да ма­дэльера-канструктара. За час свайго існавання каледж выпусціў звыш 12 тысяч высокакваліфікаваных рабочых і спецыялістаў для швейнай прамысловасці. Ва ўсіх кутках рэспублікі працуюць выпускнікі каледжа. Многія з іх узначальваюць прадпрыемствы, а лепшыя з лепшых становяцца майстрамі вытворчага навучання, выкладчыкамі, перадаючы свой вопыт і веды вучням.

Сучаснае абсталяванне вучэбных майстэрняў дазваляе якасна арганізоўваць працэс навучання і ажыццяўляць падрыхтоўку кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў для працы на вытворчасці. Каледж абсталяваны сучаснымі швейнымі ўніверсальнымі і адмысловымі машынамі і паўаўтаматамі. Аўтаматычнае вышывальнае абсталяванне дае магчымасць не толькі выконваць аўтарскую вышыўку на вырабах хатняга тэкстылю і вопратцы, але і атрымліваць навыкі работы з камп’ютарнымі праграмамі стварэння ўзораў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.