І даследчыкі, і агароднікі

- 9:40Навіны рэгіёнаў

Навучыць  малодшых  школьнікаў чытаць, пісаць, рашаць прыклады і задачы — гэта важна, але не менш важна прывіць ім змалку любоў да прыроды, працы і даследчай дзейнасці.

На нашым школьным падаконніку, акрамя хатніх раслін, растуць дэкаратыўныя кветкі і агародніна. А ўсё пачалося з урокаў “Чалавек і свет”, на адным з якіх другакласнікі вывучалі ўмовы, неабходныя для росту і развіцця раслін. Тэма вельмі зацікавіла маленькіх чамучак. Вучні атрымалі заданне — прарасціць дома фасолю. На наступныя заняткі дзеці прынеслі набухлае насенне і праросткі, якія былі пасаджаны. Вучні з захапленнем даглядалі расліны і назіралі за іх ростам. На падаконніку паступова станавілася ўсё менш і менш месца.

На ўроках растлумачыла, якія прадукты лічацца экалагічна чыстымі і карыснымі для здароўя. У выніку ў нас з’явіліся салата, радыс, цыбуля і агуркі.

У рабоце абапіраюся на ўласны агародніцкі вопыт. З радасцю перадаю свае веды дзецям.

Мае выхаванцы актыўна ўдзельнічаюць у раённых і абласных конкурсах даследчых работ  “З навукай у будучыню”, на адным з якіх работа “Агарод на падаконніку” атрымала дыплом ІІ ступені. Дзеці знялі зімой добры ўраджай агуркоў, вырашчаных у гаршчочках.

На агародніне мы не спыніліся. Звярнулі ўвагу на дэкаратыўныя кветкі. Вырашылі разнастаіць імі хатнія расліны і агародніну. Так, праз пэўны час на падаконніку з’явіліся цюльпаны.

Прыемна, што падчас работы школьнікі становяцца не толькі даследчыкамі, але і агароднікамі, якія любяць прыроду і бачаць яе прыгажосць, цэняць чужую працу.

Людміла САЦКЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў Лунінскага ясляў-сада — сярэдняй школы Лунінецкага раёна.