І голасам, і сэрцам, і душой…

У красавіку 2014 года адзначае 35-гадовы юбілей народны хор народнай песні выкладчыкаў і супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта “Родніца”. Узрост цікавы і для чалавека, і для калектыву. Пражытыя 35 гадоў — гэта час, калі можна з поўным правам падсумоўваць пройдзенае, па-добраму здзівіцца працягласці адмеранага разам шляху, не без гонару парадавацца дасягненням, са смуткам душэўным успомніць тых раднічанцаў, хто пайшоў ад нас назаўсёды, нізка пакланіцца тым нямногім, хто “жыве” ў “Родніцы” з першых дзён яе стварэння.

Не, не памыліліся мы, сказаўшы “жыве”, таму што цяжка знайсці больш трапнае вызначэнне той самаахвярнасці, самаадданасці, сардэчнасці, з якой ставяцца да “Родніцы” яе ўдзельнікі. Сёння мы ўжо і самі прызнаёмся, што даволі часта дзеля рэпетыцый і канцэртаў прыходзіцца ахвяраваць і ўласным часам, і асноўнай працай, і інтарэсамі родных і блізкіх, каб толькі спеўная сям’я выглядала дастойна.
За 35 гадоў пражыта і перажыта многае, але ёсць моманты, пра якія не забыць ніколі і нікому. Узгадаем найважнейшыя.
1979 — год, у якім усё пачыналася, успамінае старэйшына “Родніцы”, першаадкрывальнік, першы арганізатар калектыву і першы яго стараста Рэгіна Антонаўна Міхайлава (лабарант 1-й катэгорыі кафедры тэорыі фізікі і астрафізікі фізічнага факультэта). Яна расказвае, што асновай “Родніцы” стаў у той час спеўны гурт выкладчыкаў і супрацоўнікаў фізічнага факультэта БДУ. Пашырыць жа склад удзельнікаў, зрабіць хор агульнаўніверсітэцкім дапамог тагачасны рэктар акадэмік Уладзімір Аляксеевіч Белы. Ён тэлефанаваў дэканам, прасіў падтрымаць добрую справу, ды і сама Рэгіна Антонаўна многа хадзіла па факультэтах, “вышуквала” таленавітых спевакоў.

Першым мастацкім кіраўніком ужо абноўленага калектыву стала выпускніца Ленінградскага інстытута культуры імя Н.К.Крупскай Ларыса Віктараўна Снапкова (сёння яна дацэнт кафедры беларускай народна-песеннай творчасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў).
Маладая, працавітая, таленавітая, няўрымслівая, энергічная кіраўніца надала імпэту і хору. Праўда, многае спачатку не атрымлівалася, але ўсе мы былі аб’яднаны адной мэтай — спяваць! Паступова, крок за крокам, ад рэпетыцыі да рэпетыцыі нараджалася ўпэўненасць у тым, што зможам многае. Першыя канцэрты паказалі, на што здатны калектыў, якія вяршыні зможа пакарыць, якія недахопы відавочныя, з чым і за што можна змагацца. Адным словам, рушылі!
У 1985 годзе хору прысвоена ганаровае званне народнага, неўзабаве калектыў стаў лаўрэатам Усесаюзнага агляду самадзейнай мастацкай творчасці, а многія салісты атрымалі званне “Артыст народнага хору”.
1989 год — дзесяць гадоў хору выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ (назва “Родніца” з’явілася пазней). Л.В.Снапкова ўспамінае, як хвалявалася, падбіраючы рэпертуар для юбілейнага канцэрта, як гадзінамі праседжвала з харыстамі ў рэпетыцыйнай зале, шліфуючы кожны гук, кожную ноту. Колькі слёз праліла, калі што не атрымлівалася. Як часта раілася і з калегамі, і з харыстамі, і з кіраўніцтвам упраўлення культуры БДУ па ўсіх пытаннях (не толькі юбілейных), што тычыліся жыцця і дзейнасці яе дзецішча — хору!

Дададзім ад сябе: так распарадзіўся Бог, што знайшла кіраўнік у нашым хоры і сваё шчасце, узяўшы шлюб з салістам Іванам Іосіфавічам Жаўнярэвічам, дацэнтам кафедры агульнай фізікі фізічнага факультэта. Усе мы гэтую падзею ўспрынялі на “ўра”, па-чалавечы парадаваўшыся за дваіх закаханых, за тое, што песня звяла дзве душы, дзве асобы, якім і сёння шчасціць ісці па жыцці разам, нягледзячы на тое, што не ўвесь сямейны шлях быў усыпаны ружамі.
1982 год запаў у душу Пятру Пятровічу Старасельцу (старшы выкладчык кафедры тэорыі функцый механіка-матэматычнага факультэта), таму што ў гэтым годзе хор меў магчымасць пабываць на возеры Байкал. Хвалявала і радавала ўсё: доўгая дарога, незнаёмая далячынь, своеасаблівае адкрыццё нязведанага. Байкал жа адразу развеяў усе нашы перасцярогі і хваляванні — незвычайнае хараство “прыроднай жамчужыны” так здзівіла нас на самым пачатку, што рэшткі таго стану адчуваеш і сёння. Уразіла неабсяжнасць возера, ачышчала душу яго блакітная бяздоннасць, стыла кроў у жылах ад велічнасці гор, што як бы ўзялі Байкал у кальцо, даўшы зарок не здрадзіць яму ніколі ў сваёй адданасці. Навакольная прырода акрыляла, сілкавала харыстаў сваёй некранутасцю, натхняла на новыя здзяйсненні. Здавалася, што ты спяваў і голасам, і сэрцам, і душой.

Салістка “Родніцы” Аляксандра Уладзіміраўна Гарблюк (кандыдат біялагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік геаграфічнага факультэта, сёння — пенсіянерка) успамінае 1985 год, калі хор ездзіў на Салавецкія астравы. “Гэта было летам, у час незвычайнай прыроднай з’явы — белых начэй. Ад Архангельска да Салаўкоў мы ехалі па Белым моры на цеплаходзе “Ладага”. Прыгажосць вакол незвычайная, быццам трапілі ў казачны свет, дзе прырода — сцэна з артыстамі, а мы — зачараваныя гледачы. Многа цікавага ўбачылі, у знакамітым манастыры пабывалі з экскурсіяй. Суровасць і велічнасць наваколля настолькі ўразілі, што слоў не хапае і сёння, каб пра гэта расказаць.
Вярталіся ў Архангельск пад вечар на той жа “Ладазе”. Пасля кароткага адпачынку ў каютах выйшлі на палубу паглядзець на заход сонца падчас белых начэй. Аказалася: заход сонца пры гэтым — адно імгненне, быццам нячутны пацалунак, які падарыла Сонца твару Зямлі, — і зноў узыход і новае ззянне нябеснага свяціла”.

Канцэртная дзейнасць народнага хору ў першае дзесяцігоддзе была вельмі багатай і разнастайнай. Тэрыторыяй нашых мастацкіх вандровак была ў першую чаргу Беларусь. Калгасы-мільянеры і больш “сціплыя”, прадпрыемствы вядомыя і не надта, буйныя абласныя цэнтры і невялікія вёскі — вось тая вялікая аўдыторыя слухачоў і гледачоў, якая заўсёды прымала нас ветліва, гасцінна і сардэчна.
Часам нашы паездкі былі і небяспечнымі. У 1988 годзе паехалі на тры дні з канцэртамі ў Столінскі раён. Успамінамі дзеліцца салістка хору Ларыса Мікалаеўна Валчок (старшы выкладчык факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДУ): “Зіма была, рэчкі і азёры добра падмерзлі. Памятаю, ужо звечарэла, таму нават не заўважылі, што праз нейкае азярцо аўтобус наш праехаў напрасткі, па лёдзе. Назаўтра адспявалі канцэрт у вёсцы Рубель, вяртаемся дадому ўдзень, сонца прыгрэла, пад’ехалі да Прыпяці (у аб’езд далёка), а на ёй зверху вада. Вадзіцель скамандаваў: “Хто баіцца — выходзьце”. Так мы, трымаючыся адно ад аднаго на пэўнай адлегласці, і перайшлі раку. Нацярпеліся страху, аж і сёння помніцца!”
У захапленні ад падзей 1992 года салістка “Родніцы” Людміла Арсенцьеўна Навумовіч (загадчыца сектара патэнтна-вынаходніцкай работы БДУ, сёння — пенсіянерка): “Мы былі на Усесаюзным фальклорным фестывалі ў Чарнаўцах. Музычнае свята надарылася даволі прадстаўнічым, яно сабрала шмат аматарскіх калектываў з розных куткоў тагачаснага СССР. А самай яркай старонкай тагачаснага фэсту было вось якое відовішча. Справа ў тым, што Закарпацце — край спеўны, амаль у кожнай сям’і талент, а то і не -адзін. Дык вось арганізатары прыдумалі арыгінальнае вітанне гасцей. Кожная сям’я запрашала гасцей да сябе на падвор’е і “частавала” народнай песняй ці прыпеўкамі, а мы, госці, у адказ павінны былі паказаць сваю музычна-песенную візітоўку. Атрымалася, калі можна так сказаць, добра падрыхтаваная імправізацыя, але колькі сэрцаў яна сагрэла, колькі душ заспакоіла, колькі боскай светласці і чысціні ўліла ў кожную асобу!”
Мой успамін — 1996 год. Дзякуючы намаганням тагачаснага кіраўніка “Родніцы” Валерыя Часлававіча Гаплічніка (выпускнік Акадэміі музыкі) мы трапілі на Сусветны фальклорны фестываль у Нарвегію, у горад Модум. З таго часу прайшло 18 гадоў, а адчуваю, перажываю і нават бачу ўсё, што тады адбывалася, так, быццам здарылася гэта толькі ўчора. Памятаю, што харыстаў хвалявалі многія моманты: як перанясём даволі працяглае аўтобуснае падарожжа, як адаптуемся да суровасці паўночнага краю, як успрымуць нашы песні стрыманыя на эмоцыі незнаёмыя слухачы і гледачы. Але ўжо ў хуткім часе мы пераканаліся, што нашы перасцярогі былі абсалютна беспадстаўнымі. Гасціннасць, сардэчнасць, добразычлівасць, душэўнасць незвычайная — усё гэта ласкавай хваляй агарнула раднічанцаў літаральна з першых хвілін знаходжання на нарвеж-скай зямлі. На дзіва самім гаспадарам, нават вераснёўскае сонейка ззяла і грэла па-чэрвеньску, на небе за ўсе 20 дзён — ні аблачынкі, а сябры-нарвежцы жартавалі, што гэта мы, беларусы, прывезлі частку цяпла са сваёй краіны, а спевамі сваімі назаўсёды растапілі лёд у сэрцы Снежнай каралевы.

Вось прыкладна ў такім рытме і пражыла “Родніца” свае 35! Можна сказаць, што праехалі краіну (Савецкі Саюз) з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход, падарылі беларускія песні ледзь не ўсім сталіцам былых саюзных рэспублік. І ў постсавецкі час з вялікім поспехам выступалі ў Польшчы, Італіі, Турцыі, Балгарыі.
На чале калектыву сёння Таццяна Анатольеўна Карабейка. Маладая, працавітая, энергічная, таленавітая кіраўніца ўпэўнена, што калектыў можа і будзе працаваць, планаў у яе шмат, галоўнае, каб і Бог паспрыяў іх здзяйсненню! А для ажыццяўлення ўсяго задуманага нам не перашкодзіў бы прыток новых талентаў, якіх шмат на многіх факультэтах БДУ.
Шчыра запрашаем усіх, каго вабіць і чаруе песня, у каго спявае душа, у “Родніцу”, таму што толькі так мы зможам захаваць набытае і працягнуць жыццё калектыву на наступнае дзесяцігоддзе.

 

Таццяна СМОЛЬСКАЯ,
удзельніца хору, старшы выкладчык кафедры гісторыі беларускай мовы
філалагічнага факультэта БДУ.