І калі марыць, то хай гэта будуць мары пра космас

- 12:52Кампетэнтна

На мінулым тыдні ў Беларусі адбылася падзея планетарнага маштабу. Краіна прымала XXXI Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў.

Беларусь наведалі 90 касманаўтаў (усяго ў космасе пабывалі 565 зямлян) з 19 краін свету. Самыя вялікія дэлегацыі прыбылі з Расіі і ЗША, таксама прысутнічалі ўдзельнікі касмічных экспедыцый з Германіі, Нідэрландаў, Швецыі, Аўстрыі, Кітая і іншых краін. Прыехалі і нашы касманаўты Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак і Алег Навіцкі.

Мэта кангрэса — папулярызацыя навукі і тэхналогій, прыцягненне ўвагі да даследаванняў космасу. Па трыдыцыі адзін дзень праграмы быў прысвечаны сустрэчам з грамадскасцю, пераважна з моладдзю. Тысячы беларускіх школьнікаў і студэнтаў змаглі пазнаёміцца з сапраўднымі легендамі космасу і наблізіцца (хай пакуль што ў марах) да вялікіх касмічных падарожжаў.

Адным з галоўных арганізатараў кангрэса выступіла Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, і большасць мерапрыемстваў праходзіла ў будынку прэзідыума. Шчыра кажучы, такая канцэнтрацыя касманаўтаў на квадратны метр — неверагодная раскоша. Кожны з іх мог бы стаць цэнтрам увагі, прыцягнуць натоўп школьнікаў, студэнтаў, журналістаў, арганізаваць навукова-тэхнічны семінар і дыскусію, правесці аўтограф-сесію. У журналістаў увогуле быў стрэс: бярэш інтэрв’ю ў аднаго і краем вока бачыш, як “пралятаюць” побач куміры твайго дзяцінства — дужыя, прыгожыя (незалежна ад узросту), харызматычныя.

Касманаўты — сапраўды незвычайныя людзі. Невядома, яны сталі такімі, бо зазірнулі ў касмічныя глыбіні, ці ад пачатку валодалі якасцямі, дзякуючы якім і сталі касманаўтамі. У акадэміі навук, калі яны збіраліся ўсе разам, канцэнтравалася такая неверагодная энергія — здавалася, будынак адарвецца ад Зямлі і ўзляціць у паветра. Бясспрэчна, касманаўтам ёсць што сказаць людзям…

Усе яны прызнаваліся, што палёты ў космас вельмі паўплывалі на іх светапогляд. Гледзячы на нашу планету з вышыні, пачынаеш разумець, што няма, насамрэч, меж. Мы ўсе — зямляне, і ў якіх бы краінах ні жылі, якія б межы ні стваралі — дом у нас на ўсіх адзін. Касманаўты на свае вочы пераканаліся, якая маленькая і безабаронная наша планета і як моцна нам трэба яе берагчы.

На кангрэсе вельмі шмат гаварылі пра навуку і будучыя палёты на Месяц і Марс. Пры гэтым кідалася ў вочы падкрэсленая дыпламатыя. Калі справа даходзіла да канкрэтыкі, размова часта згортвалася да агульных слоў. Нягледзячы на салідарнасць і даволі плённае навуковае супрацоўніцтва, кожны хоча лідзіраваць у даследаванні новых касмічных аб’ектаў. Як заўважыў першы кітайскі касманаўт Ян Лівэй: “Я хачу таксама стаць першым кітайцам, які ступіць на Месяц”.

Такім чынам, касмічная гонка працягваецца!

Шлях у неба

У кожнага касманаўта свой шлях у неба. І калі першыя прыходзілі ў касманаўтыку пераважна з авіяцыі, то зараз для работы на арбіце запатрабаваны розныя спецыяльнасці.

— Калі Юрый Гагарын пабываў у космасе, прафесіі касманаўта яшчэ не было, — заўважыў расійскі касманаўт і навуковец Юрый Батурын. — Хлопчыкі, якія марылі пра касмічныя палёты, казалі, што яны хочуць стаць Гагарынамі. А сёння можна быць інжынерам, вучоным, урачом — работа ў космасе для ўсіх ёсць.

Прэзідэнт Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў амерыканка Боні Данбар, якая здзейсніла 5 захапляльных вандровак на калязямную арбіту, прызналася, што з самага дзяцінства марыла пабываць у космасе.

— Я расла на маленькім ранча і вельмі часта ўзіралася ў неба. Гледзячы на самалёты, мне вельмі хацелася быць пасажыркай хаця б аднаго з іх ці нават членам экіпажа. Аднойчы, ужо рыхтуючыся да чарговага палёту ў космас, мы разгаварыліся з расійскім касманаўтам Саліжанам Шарыпавым, ураджэнцам Кыргызстана. Высветлілася, што Саліжан таксама рос у пустыннай мясцовасці, сярод вярблюджых калючак і перакаці-поля, і таксама ўглядаўся ў неба, марыў пра самалёты. Уявіце, мы жылі ў розных краінах, але ў нас былі адны памкненні! Насамрэч, паміж людзьмі больш падабенства, чым адрозненняў, і гэта адзін з важных урокаў, якія я вынесла з касмічных палётаў.

МКС — мініяцюрная мадэль Зямлі

Удзельнікі кангрэса пасадзілі ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі алею Касманаўтаў. Для гэтых мэт выбралі ядловец скальны, крона якога нагадвае ракету. Сваё імянное дрэўца з’явілася і ў нашага Алега Навіцкага.

Вядома, мініяцюрнай Міжнародную касмічную станцыю можна назваць з вялікай нацяжкай. Вага — больш як 450 тон, плошча — памерам з футбольнае поле. Але ў гуманітарным плане МКС — гэта сапраўдная міні-планета.

— МКС — гэта фактычна мадэль Зямлі, са сваёй маленькай атмасферай, са сваім маленькім насельніцтвам і г.д., — гаворыць Юрый Батурын. — І на гэтай мадэлі выразна праяўляецца ўсё, што адбываецца на Зямлі, але застаецца па-за ўвагай. Напрыклад, захварэў чалавек, але замест таго, каб лячыцца, ідзе на работу і там зараджае інфекцыяй сваіх калег. На Зямлі мы не зважаем на гэта, а на МКС, калі чалавек захварэў, то 1/6 частка насельніцтва не працуе, адпаведна, 1/6 частка працы ўскладаецца на іншых. Але гэта няправільна, таму трэба клапаціцца пра сваё здароўе. Або недзе на Зямлі хтосьці не дакруціў гайку — тэхніка сапсавалася. У космасе наступствы любой недапрацоўкі могуць быць самымі непрадказальнымі, нават трагічнымі. Узаемасувязь чалавека, тэхнікі і прыроды ў нашай тэхнічнай цывілізацыі не ўсведамляецца як след. Напрыклад, цунамі ў Японіі выклікала аварыю на атамнай электрастанцыі Фукусіма. Усё насельніцтва Зямлі кінулася спачуваць і дапамагаць японцам у іх бядзе. Зямляне праявілі сапраўдную салідарнасць!.. Аднак прайшло некалькі тыдняў, у свеце адбыліся новыя падзеі — і пра Фукусіму вельмі хутка забылі, людзі зноў перасталі ўсведамляць узаемасувязь чалавека, тэхнікі і прыроды. А ў космасе мы адчуваем яе штодня. Вось раніцай прачнуўся, павітаўся з калегам, а той буркнуў штосьці ў адказ і пайшоў. І ты ўвесь дзень думаеш, чаго гэта ён на цябе пакрыўдзіўся. Працуеш асобна, работа валіцца з рук, шукаеш прычыны. Увечары раптам высвятляецца, што ўсё добра, проста твой калега ўстаў не з той нагі, ты тут ні пры чым. Усё гэта мы адчуваем і тут, на Зямлі, але не ўлічваем, як нязначныя дробязі. А насамрэч гэта касмічныя правілы ўзаемадзеяння. І мая мара заключаецца ў тым, каб зямляне ўсвядомілі моцную ўзаемасувязь людзей, прыроды і тэхнікі, каб яны ставіліся адно да аднаго па-чалавечы. Тым, хто не глядзеў на Зямлю з вышыні, здаецца, што яна велізарная, што можна ваяваць на ёй, дзяліць яе на часткі. А адтуль бачна, якая наша Зямля маленькая, безабаронная. Тут нельга не толькі ваяваць, але і сварыцца.

Адна з самых дзівосных з’яў, якія назіраюць касманаўты, — гэта сляды караблёў у акіяне. За суткі касмічная станцыя робіць 16 абаротаў вакол планеты, і не толькі ў гэтыя, але і ў наступныя суткі можна бачыць, як рухаўся карабель. “Гэта як быццам памяць Зямлі. Падзея сышла, яе няма, але сляды захоўваюцца…”, — гаворыць Юрый Батурын.

Як космас мяняе чалавека

— Кожны чалавек, вяртаючыся з космасу, мяняецца ўнутрана; мяняюцца яго адносіны да жыцця. Я не сустракаў ніводнага касманаўта, які б абвяргаў гэты факт, — гаво-рыць Юрый Батурын. — Вось ідзеш па вуліцы і бачыш, што па дарожцы паўзе жучок. Ты ўжо занёс над ім нагу, але абавязкова адсунеш і паставіш побач, не на яго, бо разумееш: зусім нядаўна там, у небе, ты быў такой жа кузуркай, вялікі космас мог раздушыць цябе, але не зрабіў гэтага. Адносіны да жыцця, нават да жучкоў, а тым больш да людзей, безумоўна, мяняюцца. А яшчэ космас мяняе наша ўспрыманне прыгажосці. Ледзь паснедаўшы, раніцай мы выскокваем з кватэры і бяжым на вучобу ці на работу. Глядзім пераважна пад ногі, каб не ста ць у лужыну. Працуем. Потым бяжым дадому, і ўжо цёмна. І мы бегаем так, не падымаючы галоў. А вы паглядзіце — вось прама зараз паглядзіце, — якія прыгожыя ў небе аблокі! Я памятаю першае ўражанне пасля прызямлення. Мы ехалі на аўтобусе па вузкай дарозе, і галіны дрэў з жоўтым лісцем марудна плылі перад вачыма. Божа, якія яны былі прыгожыя! Чаму я гэтага не заўважаў раней?! І такое абвостранае ўспрыманне зямной прыгажосці характэрна для ўсіх касманаўтаў.

Наша касмічная будучыня

Прэзідэнт Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў амерыканка Боні Данбар здзейсніла 5 захапляльных экспедыцый на калязямную арбіту (а ўсяго ў космасе пабывалі ўжо амаль 50 грамадзянак ЗША). “Хто апынуўся там аднойчы, хоча адправіцца туды зноў і зноў”, — прызнаецца астранаўт.

Навука ва ўсім свеце імкліва развіваецца, і, здаецца, мы стаім на парозе вялікіх касмічных адкрыццяў. Намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сяргей Кілін дэманструе на вялікім экране смешную істоту — мікраскапічную (да 1,5 мм) беспазваночную жывёліну, якая зрабіла сапраўдны фурор у свеце навукі. Гэта ціхаходка. У 2007 годзе яна на працягу 10 дзён знаходзілася звонку расійскага спадарожніка без абароны ад прамой радыяцыі ва ўмовах вакууму пры тэмпературы адкрытага космасу -272°С. І выжыла! Былі праведзены даследаванні, і ўстаноўлена папярэдняя прычына такой жыццёвай устойлівасці, звязаная з асобай структурай ДНК гэтай істоты. Зараз вучоныя вывучаюць асаблівасці ціхаходак і думаюць, як гэта можна выкарыстаць для абароны людзей.

— Далейшае вывучэнне незвычайных біялагічных магчымасцей ціхаходкі дапаможа нам зразумець, як абараніць падарожнікаў да Марса і іншых планет ад вялікіх доз радыяцыі і навучыць чалавечае цела выжываць у суровых умовах космасу, — заўважыў Сяргей Кілін.

Усім вядома выслоўе Канстанціна Цыялкоўскага: “Зямля — гэта калыска розуму, але ж нельга вечна жыць у калысцы”. Сёння чалавецтва ужо выходзіць у адкрыты космас. Мы, як малыя дзеці, асвойталіся ў сваёй кватэры, і вось настаў час разглядаць і вывучаць вялікі свет.

— Асваенне далёкага космасу становіцца актуальным па дзвюх прычынах, — гаворыць Сяргей Кілін. — Па-першае, немагчыма спыніць чалавечае імкненне да пазнання свету, па-другое, ёсць рэальная пагроза катаклізмаў касмічнага маштабу (гама-ўсплёскі, астэроіды). Галоўнымі перашкодамі на гэтым шляху з’яўляюцца касмічная радыяцыя і мікрагравітацыя. Яны пераадольваюцца, але для гэтага патрэбны значныя энергетычныя рэсурсы, якімі мы пакуль не валодаем. Адказы на гэтыя і іншыя выклікі павінна даць навука.

Сяргей Якаўлевіч назваў тры ключавыя кампаненты, якія вызначаюць будучыню чалавека ў космасе: навука, моладзь і міжнародная кааперацыя.


— Міжнародная кааперацыя з’яўляецца надзвычай важнай. Напрыклад, Беларусь не можа працаваць у тым маштабе, які неабходны для ажыццяўлення грандыёзных касмічных праектаў. Але ў нас ёсць магчымасць зрабіць свой уклад у развіццё агульнай справы. Спадзяёмся, што мерапрыемствы кангрэса, выступленні касманаўтаў і астранаўтаў прыцягнуць да захапляльных праблем касмічнай дзейнасці новыя пакаленні маладых людзей, якія падтрымаюць і разаўюць задзел, створаны ў касмічнай сферы іх папярэднікамі.

Расійскі касманаўт Сяргей Крыкалёў да апошняга часу быў рэкардсменам Зямлі па сумарным часе знаходжання ў космасе — 803 дні за шэсць палётаў (новы рэкорд належыць расіяніну Генадзю Падалку — 878 дзён). Сяргей Канстанцінавіч гаворыць, што ўмовы для касманаўтаў з кожным стартам становяцца больш спрыяльнымі.

Госцем фізічнага факультэта БДУ стаў астранаўт NASA прафесар Джэфры Хофман, які ажыццявіў пяць касмічных палётаў. “Думаю, што нам у найбліжэйшы час трэба сканцэнтравацца на міжнародным палёце на Месяц, магчыма, разам з нашымі кітайскімі парнёрамі, каб правесці там адпаведныя даследаванні. Паглядзім, што будзе адбывацца з целам чалавека на Месяцы, і гэта дасць нам разуменне, ці гатовы мы ляцець на Марс”, — падзяліўся планамі прафесар.

— Раней усе, хто лятаў у космас, праходзілі сур’ёзны медыцынскі адбор, бо мы яшчэ не ведалі, што нас чакае, якія нагрузкі на чалавечы арганізм будуць у рэальных умовах касмічнага палёту, — дзеліцца ўражаннямі Сяргей Крыкалёў. — Але цяпер і караблі, і станцыі становяцца больш зручнымі для чалавека. Першыя апараты спускаліся з арбіты па крутых балістычных траекторыях, што стварала вялікія перагрузкі, а зараз спускі праходзяць у значна больш мяккіх умовах. І калі раней касманаўты падчас палёту знаходзіліся ў даволі абмежаванай прасторы, то аб’ём МКС дазваляе экіпажу камфортна перамяшчацца і свабодна кантактаваць з калегамі. Дзякуючы выкарыстанню сучасных сродкаў сувязі, касманаўты могуць узаемадзейнічаць са сваімі роднымі і сябрамі на Зямлі, што таксама стварае спрыяльныя псіхалагічныя ўмовы на караблі.

Сёння, акрамя лідараў — Расіі і ЗША, вялікія поспехі ў асваенні космасу дэманструе Кітай.

— Праз некалькі гадоў мы спадзяёмся распрацаваць тэхналогію, якая дазволіць нам выходзіць у космас і вяртацца, а таксама іншыя ключавыя тэхналогіі, неабходныя для касмічных палётаў, — паведаміў першы кітайскі касманаўт намеснік кіраўніка праграмы пілатуемых касмічных палётаў КНР Ян Лівэй. — Мы падыходзім ужо да рэалізацыі трэцяй ступені згаданай праграмы, у рамках якой праводзяцца эксперыменты і вырабляюцца неабходныя для палётаў элементы. Акрамя таго, мы адбіраем новых касманаўтаў для будучых касмічных місій. Плануем пабудаваць кітайскую касмічную станцыю да 2022 года. Што да палётаў на Месяц, то ў нас няма канкрэтнай стратэгіі, аднак мы праводзім шматлікія даследаванні ў гэтым напрамку. Са свайго боку я хацеў бы зноў стаць першым кітайскім касманаўтам, які здзейсніць такі палёт.

Дэвіз кангрэса — “Мы ствараем касмічную будучыню”. Спецыялісты перакананы, што для сённяшніх 20- гадовых палёты ў космас — цалкам дасягальная мара.


Прэзідэнт Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў амерыканскі астранаўт Боні Данбар пераканана, што ў хуткім часе трэба чакаць росквіту касманаўтыкі.

— У ХХІ стагоддзі многа краін выкарыстоўваюць космас у даследчых мэтах, на арбіце пабывалі прадстаўнікі ўжо 38 краін, — паведаміла Боні Данбар. — Думаю, хутка мы станем сведкамі таго, як усё больш краін пачнуць рэалізоўваць свае касмічныя праграмы і адпраўляць людзей у космас (напрыклад, пра адпаведныя планы ўжо абвясціла Індыя). Іх мэтай будуць не толькі даследаванні, але і турызм. Я ўпэўнена, што касманаўтыка ў нашым стагоддзі будзе развівацца гэтак жа, як у мінулым стагоддзі развівалася авіяцыя. Трывалы падмурак для развіцця гэтай сферы будуецца на дасягненнях навукі і інжынерыі, таму ключавую ролю тут адыгрываюць акадэміі навук.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Зямля пад іншым вуглом

У Беларускім дзяржаўным універсітэце касманаўтаў сустракалі на шасці факультэтах (механіка-матэматычным, біялагічным, фізічным, хімічным, геаграфічным і факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій) і ў Інстытуце прыкладных фізічных праблем імя А.Н.Сеўчанкі.

Выступленні касманаўтаў былі звязаны са спецыфікай адукацыйнай і навуковай дзейнасці тых падраздзяленняў, куды яны завіталі. Напрыклад, геаграфічны факультэт наведаў астранаўт NASA Марыа Ранка (тры касмічныя палёты), які мае ступень бакалаўра ў галіне метэаралогіі і фізічнай акіянаграфіі. Герхард Ціле, які атрымаў доктарскую ступень у Інстытуце экалагічнай фізікі пры Гедэльбергскім універсітэце, наведаў факультэт радыёфізікі разам з калегам-фізікам Лорэнам Уілбертам Эктанам.

Падчас камунікацыі студэнты даведаліся пра неабходныя кампетэнцыі, веды і ўменні, якімі павінен валодаць касманаўт, ацанілі ролю міжнароднага супрацоўніцтва ў асваенні касмічнай прасторы, пазнаёміліся з перспектыўнымі аэракасмічнымі тэхналогіямі і магчымымі адкрыццямі ў галіне вывучэння Сусвету. Таксама юнакоў і дзяўчат цікавіла ўзаемаразуменне паміж прадстаўнікамі розных культур на МКС, стан астранаўтаў пасля палёту, а таксама іх успаміны аб тым, што яны гаварылі родным перад запускам карабля. “Як выглядае Зямля з космасу? Што адчувае касманаўт пасля прызямлення? Ці бачны з космасу азонавы слой? Якая апаратура выкарыстоўваецца пры палёце?” — пытанні ад моладзі паступалі з імгненнай хуткасцю.

Лорэн Уілбер Эктан пабываў у космасе ў 1995 годзе, Герхард Ціле — у 2000 годзе, першы займаўся даследаваннямі Сонца і развіццём раслін у бязважкасці, другі задзейнічаны ў лічбавай здымцы Зямлі. Кожнаму з іх трэба было шмат чаго сказаць студэнтам.

— Нам удалося паглядзець на нашу планету пад іншым вуглом, і гэта незвычайна, — звярнуўся да студэнтаў першы прамоўца. — Раю вам пераканацца ў гэтым асабіста! Не трэба баяцца цяжкасцей, бо, магчыма, яны прывядуць да нечага добрага, напрыклад, да палётаў у космас.

Выступоўцы пазнаёмілі прысутных з задачамі, пастаўленымі перад імі на арбіце, паказалі фотаздымкі, звязаныя з космасам, а таксама ўспомнілі пра тое, як праводзілі вольны час на караблі.

— Касмічны палёт патрабуе шмат высілкаў многіх людзей. Каб забяспечыць яго на належным узроўні, кожны чалавек павінен валодаць глыбокімі ведамі ў сваёй галіне. Космас — гэта вялікая прыступка ў нашу будучыню, — выказаўся Герхард Ціле. У свой час ён быў першым, хто ўзяў у палёт губны гармонік. Гэта, па яго словах, дазваляла адпачыць ад сур’ёзных рэчаў, якімі займаліся касманаўты ў экспедыцыі.

Госці звярнулі ўвагу студэнтаў не толькі на пазітыўныя бакі сваіх палётаў: яны ўспомнілі цяжкасці пры запуску касмічных караблёў (няспраўнасць ці пагроза выбуху аднаго з рухавікоў, іншыя непаладкі). Гэтым фактарам Лорэн Уілбер Эктан і Герхард Ціле адводзяць важнае месца. Калі на Зямлі пэўны дослед можна паўтарыць праз пэўны час, то па-за межамі планеты ў выпадку першай няўдалай спробы паўтарыць яго ўжо нельга. Лорэн Уілбер Эктан параіў маладым людзям пры выкананні любой работы практыкавацца да таго часу, пакуль не проста змогуць зрабіць усё правільна, а будзе выключана любая памылка.

— Мы выдатна разумелі, што можам не вярнуцца, — расказаў Герхард Ціле. — І самае цяжкае — растлумачыць гэта дзецям. Я не абяцаў ім, што вярнуся, проста патлумачыў, што павінна адбывацца. Не помню канкрэтных слоў, помню толькі, што пакінуў флэш-карту з відэа для сваёй жонкі на выпадак, калі нешта пойдзе не па плане. Пасля вырашыў, што запіс яна павінна атрымаць незалежна ад вынікаў палёту. Гэтую карту жонка захоўвае і сёння.
Паколькі ў палётах звычайна сыходзяцца людзі розных культур, моў, інтарэсаў, светапогляду, важнай праблемай з’яўляецца зладжанасць каманды.

— Большасць памылак — вынікі непаразумення. Я магу сказаць нешта, а вы ўспрымеце гэта па-свойму. Але за 18 месяцаў сумеснай працы мы навучыліся разумець адзін аднаго без слоў. У нас была ўстаноўка камандзіра: трэба задаваць пытанне пра далейшыя дзеянні тады, калі ты сам ведаеш адказ. У выпадку супадзення адказаў можна гаварыць пра добра наладжаную камунікатыўную сувязь з чалавекам, да якога звяртаешся. Калі ж адказы абсалютна розныя, трэба вырашыць, як узаемадзейнічаць у будучыні.

Напрыканцы сустрэчы астранаўты папрасілі ўзняць рукі тых, хто перакананы, што чалавецтва ступіць на Марс не пазней за 2035 год. Такіх у аўдыторыі была большасць.

— Да падзеі засталося менш за два дзесяцігоддзі. А гэта значыць, што чалавек, які высадзіцца на Марс, ужо нарадзіўся. Зараз яму прыкладана ад 10 да 20 гадоў. Цудоўна, што мы з вамі зможам назіраць за гэтай падзеяй, — рэзюмавалі знакамітыя госці.

Ірына ІВАШКА.