І каты могуць быць пажарнымі

У кожнага чалавека ў жыцці ёсць свая мара, у кагосьці — гэта кругасветнае падарожжа, у кагосьці — велізарны і вялікі дом, нечая мара — гэта цікавая і высокааплатная работа. Мая запаветная мара — гэта шчаслівыя і радасныя твары дзяцей. Менавіта любоў да дзяцей прывяла мяне ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова, дзе я атрымала прафесію настаўніка англійскай мовы.

Калі я пачала працаваць у Цэнтры дзіцячай творчасці, сутыкнулася з невялікімі цяжкасцямі, якія заключаліся ў тым, як зрабіць заняткі захапляючымі для дзяцей рознага ўзросту. На працягу навучання ва ўніверсітэце мне прыходзілася шмат чы­таць, у асноўным — творы англійскай і замежнай літаратуры. І вось аднойчы здарылася тое, што стала сапраўдным прарывам у маім адукацыйным вопыце. Пра гэтую захапляючую кнігу мне расказала адна з маіх навучэнак і парэкамендавала яе пачытаць. Гэта “Каты-ваякі” Эрын Хантэр. Я пачала чы­таць і больш не змагла адарвацца. “Каты-ваякі” — цяпер мая любімая кніга. Мне падабалася сачыць за лёсамі герояў і перажываць за іх.

Аднойчы студзеньскай ноччу ў мяне з’явілася ідэя зрабіць сваіх персанажаў, якія б спадабаліся дзецям незалежна ад узросту. З ранняга дзяцінства я слухала аповеды таты пра яго работу ў МНС, рабочыя будні, пра сапраўднае афіцэрскае сяброўст­ва і ўзаемадапамогу. Я падумала: “А чаму б не стварыць беларускі рымейк катоў-ваяк, які б стаў не толькі гордасцю майго роднага горада, але і яго візітнай карткай?” Я адважылася на невялікі эксперымент.

З вобразаў маіх родных і блізкіх нарадзіліся незвычайныя, казачныя каты ў форме пажарных з дзівоснымі здольнасцямі і чалавечымі характарамі: справядлівы і разумны Метэор, бурклівы і мілы Вугольчык, загадкавы Галактыка, выхвальны моднік Вулкан, разважлівы Юпітэр і мноства цікавых герояў, прадстаўнікоў маладога пакалення катоў-пажарных — вясёлы Агеньчык, разумны Ветрык, пухленькі і добры Іскарка, хітры і знаходлівы Шэрае Крыло. Таксама ў апавяданнях прысутнічае мудры клан зорных продкаў, заўсёды гатовы дапамагчы ў складанай сітуацыі.

Пушыстыя героі ў форме настолькі спадабаліся дзецям, што не адны заняткі не абыхо­дзяцца без чароўнага госця ката-героя. Дзеці не толькі вывучаюць правілы бяспекі, але і паўтараюць англійскую лексіку і граматыку. На аснове маіх гісторый пра катоў-пажарных дзеці прыдумваюць свае захапляючыя апавяданні і перакладаюць іх на англійскую мову, пры гэтым яны паўтараюць вывучаныя правілы бяспекі, якія спатрэбяцца ім у жыцці, а яшчэ практыкуюць пісьмовае і вуснае англамоўнае маўленне. Незвычайныя заняткі настолькі спадабаліся дзецям, што яны не ўяўляюць іх без доблесных хвастатых агняборцаў.

На сённяшні момант “Каты-пажарныя” — сфарміраваны калектыў, які ўдзельнічае ў гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсах, публікуецца ў СМІ, выступае на мясцовых і рэспубліканскіх тэлеканалах. Удзельнікі праекта атрымліваюць дыпломы ў конкурсах МНС “Ратавальнікі вачамі дзяцей” і “Як не дапусціць пажару ў маім доме”. Праект “Каты-пажарныя” з’яўляецца пераможцам гарадскога конкурсу “Мы — Магілёў”. 2 чэрвеня калектыў “Каты-пажарныя” прадставіў Магілёў на кастынгу ў рэспубліканскі тэлевізійны праект “Талент краіны”, дзе дзеці прэзентавалі аўтарскую казку, у якой узнімалася тэма гераізму і любові да малой радзімы, чым пакарылі журы конкурсу.

На гэтым праект “Каты-пажарныя” не скончыўся, наадварот, мы будзем развівацца ў розных кірунках, якія будуць карысны маладому пакаленню. Гэта гісторыі-экскурсіі па маленькіх, але маляўнічых месцах Магілёўшчыны ад ката-героя Метэора, для якога любімая і родная вёсачка Марозаўка назаўсёды засталася самым добрым і светлым успамінам у жыцці, і франтавыя гісторыі двух сяброў — Вугольчыка і Чаротавага Хваста, у якіх будзе расказвацца пра подзвіг і гераізм у час вайны.

За час работы над праектам здаралася ўсялякае: цяжкасці і поспех, узлёты і падзенні, часам здавалася, што нешта не атрымліваецца, а часам, наадварот, я была цалкам упэўнена ў сваіх сілах. Але цяпер я магу дакладна сказаць, што каты-пажарныя — гэта адукацыйны вопыт, які змяніў не толькі маё жыццё, але і жыццё дзяцей, якія працуюць над праектам. Дзякуючы катам-пажарным, мы сталі сапраўднай вялікай і дружнай сям’ёй. Нашы вера, працавітасць і сяброўства сталі сапраўдным ключом да поспеху.

Уладзіслава ПАБРЫЗГАЕВА,
педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці “Эверэст” Магілёва.