І кладуцца радочкі, і сплятаюцца вершы…

Год малой радзімы адкрывае новыя імёны таленавітых людзей зямлі беларускай. Аб адной такой сустрэчы на сваім шляху я і хачу расказаць. Свой расповед пра Людмілу Мікалаеўну Краснадубскую, паэтэсу-самародка з горада Ліды Гродзенскай вобласці, я назвала радком з яе верша:

І зноў сыплюцца словы з-пад пяра нетаропка.
Дзе сплятаюцца доўга, дзе — каротка-каротка.
У кудзерах і проста — хто як можа, так піша.
Ёсць пачатак у верша: вецер голле калыша…
Ну а далей як пойдзе. Ці-то сцішыцца вецер,
І паэт ці паэтка штось напішуць пра квецень.
І кладуцца радочкі, і сплятаюцца вершы,
Хтосці зноў — у заценні, ну а хтосці — зноў першы.

Гэты цудоўны верш напісала прыгожая мілавідная жанчына, па абліччы якой цяжка пазнаць узрост. На нас глядзяць блакітныя з усмешкай вочы. Цяжка ўявіць, што такая прыгожая жанчына, вершы якой падобны на песні, мае вельмі складаны лёс. Але аб усім па парадку. У сваім нарысе хачу расказаць пра чалавека, які амаль усё жыццё працаваў на зямлі, але гэта не перашкаджала пісаць цудоўныя вершы. Люда, Людачка, Людміла Мікалаеўна Краснадубская — самародак з Ліды. Цяпер яна дастаткова знакамітая паэтэса, выступае на розных мерапрыемствах. У красавіку 2018 года выдала другую кніжку сваіх вершаў.

Нарадзілася Людміла Мікалаеўна ў вёсцы Вішнёўка Мінскага раёна ў сям’і калгаснікаў. Вучылася на “выдатна”. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум у Мар’інай Горцы, але лёс распарадзіўся так, што пакахала добрага хлопца, які і забраў яе з роднага дома ў Дзятлаўскі раён, вёску Жукоўшчына. Там яна і жыла доўгі час. А затым пераехала ў Ліду. Яе лічаць сваёй паэтэсай у трох раёнах: Мінскім, Дзятлаўскім і Лідскім.

І вось у кастрычніку яна прэзентавала сваю другую кніжку вершаў “Дарогаю жыцця” ў нашай Беліцкай школе. Пашчасціла ўзяць інтэрв’ю ў Людмілы Мікалаеўны. Вельмі прыемна, што чалавек адкрыты для гутаркі. На пытанне “Адкуль чэрпаеце натхненне?” Людміла Мікалаеўна з усмешкай адказвае: “Азірніцеся навокал. Жыццё такое прыгожае. Галоўнае — бачыць гэту прыгажосць ва ўсім: у кропельках ранішняй расы, у асеннім пахмурным надвор’і, у сонечных праменьчыках, вясёлцы пасля дажджу, і тады вершы самі будуць ліцца ракой”. Самая любімая яе пара года — восень. Ужо не так горача, але ранішнія халады змяняюцца бабіным летам, а гэта яркія, чароўныя краскі восені, і так прыемна гуляць пад ласкавым сонейкам, а пад нагамі шапацяць прыгожыя рознакаляровыя лісточкі. Гледзячы на гэту палітру фарбаў, так і хочацца пісаць, спяваць пра восень, каб усе заўважылі такую прыгажосць і сталі крышачку дабрэйшымі.

Ветер гонит по улице листья
И кружит их в шальном хороводе…
Это просто на улице осень.
Ну а ветер — опять к непогоде.
Я возьму в ладонь твои пальцы
И своим дыханьем согрею,
Ведь на улице нынче осень.
И тобою опять я болею…
(Осень)

Тэматыка вершаў Людмілы Краснадубскай разнастайная: і пра каханне, і пра родную прыроду, пра Радзіму, пра патрыятызм тых, хто жыве і працуе на роднай зямлі. Шмат вершаў і пра цудоўны, авеяны легендамі, прыгожы горад, які носіць жаночае імя — Ліда.

Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Людміла Мікалаеўна добрая гаспадыня і клапатлівая маці. Яна мае траіх дзяцей — двух сыноў і прыгажуню дачку. Але самае дарагое — гэта сямёра ўнукаў, якіх Людміла сустракае смачнымі духмянымі пірагамі. Менавіта для іх яна і стала пісаць вершы. Вось яшчэ адзін сакрэт, які раскрыла паэтэса: вельмі хоча выдаць кнігу з вершамі для дзяцей, якіх напісана ўжо шмат: “Золата ды багацця не магу перадаць, але духоўныя каштоўнасці — вершы хачу пакінуць нашчадкам”.

Людміла любіць шыць, вышываць, вязаць, займацца ландшафтным дызайнам, фатаграфаваць. Але самае вялікае хобі акрамя вершаў — гэта спевы: вершы і песні не раз выратоўвалі яе ў самых складаных сітуацыях. І калі на сэрцы станавілася сумна, Люда ішла на прыроду і спявала. І, мабыць, сама прырода дапамагала змагацца, давала сілы. Спявае яна заўсёды і заўсёды згаджаецца выступіць. Праспявала Людміла і на нашай сустрэчы.

Простая жанчына… Таленавітая паэтэса…. Як прыемна прайшла сустрэча! Усё наша жыццё — шлях. І вельмі добра, што такія людзі, як Людміла Мікалаеўна, сустракаюцца на ім. Мабыць, дзеля таго, каб несці чысціню, дабрыню… Ад імя вучняў і настаўнікаў Беліцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лідскага раёна, ад усяго сэрца дзякуем Людміле Мікалаеўне за тое, што яна знайшла час і прыехала да нас. Жадаем ёй творчых поспехаў, новых вершаў і песень, каб яе восень была заўсёды яркая і не заканчвалася дажджамі. Акурат як піша сама паэтэса:

Дарогаю жыцця прайсці,
Каб потым азірнуцца,
Успомніць усё, засумаваць,
Паплакаць, зноўку ўсміхнуцца!

Іна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ,
настаўніца мастацтва
Беліцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лідскага раёна.