І кожны паход — першы

- 11:39Актуально, Апошнія запісы

Учора Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка даў старт 54-му інтэрнацыянальнаму “Зорнаму паходу” па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Мерапрыемства стала добрай традыцыяй з 1965 года і сёлета прымеркавана да 75-годдзя вызвалення Беларусі.

Па словах арганізатараў паходу, больш за 300 чалавек, якія ўвойдуць у 9 атрадаў, наведаюць Крупскі, Мядзельскі, Пухавіцкі, Слуцкі, Докшыцкі, Асіповіцкі, Лідскі раёны і Оршу. Трэба адзначыць, што за вялікую гісторыю свайго існавання ініцыятыва набыла міжнародны маштаб і нават перарасла ў рух. А пачыналася ўсё з таго, што студэнты тады яшчэ Мінскага педагагічнага інстытута (так установа называлася да 1993 года) прынялі ўдзел ва Усесаюзным паходзе моладзі па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы савецкага народа. Тым разам удзельнікі з розных населеных пунктаў адначасова фінішавалі ў адным месцы: схема пракладзенага маршруту на карце нагадвала зорку, што і дало назву будучай традыцыі педагагічнага інстытута, якая ахапіла больш за паўвека. Сёння назву можна патлумачыць, абапіраючыся на асобы ўдзельнікаў мерапрыемства, бо кожны з іх — зорка, якая запальвае святлом гэтага руху людзей навокал.

— У 1985 годзе паходам ахапілі тры вобласці: Віцебскую, Магілёўскую і Мінскую. Праўда, маршрут тады мы праходзілі на лыжах, — узгадаў свой першы ўдзел у мерапрыемстве міністр адукацыі Ігар Карпенка. — Зараз “зорныя паходы” набылі іншае гучанне, аднак іх сутнасць не змянілася. І тое, што мы даём старт гэтаму паходу тут, ля помніка грамадзянам усіх нацыянальнасцей, якія вызвалялі Беларусь, у парку Перамогі, вельмі сімвалічна.

Інтэрнацыянальным упершыню “Зорны паход” стаў у 2015 годзе, і з таго часу гэта не перарывалася. Сёлета разам з дружнай кампаніяй студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ імя Максіма Танка па месцах славы адправяцца іх калегі з Бакінскага славянскага ўніверсітэта (Азербайджан), Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М.Гумілёва (Казахстан), Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Нізамі (Узбекістан), Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта, а таксама студэнты з Туркменістана і Кітая.

— Мы вельмі рады таму, што апошні час “Зорныя паходы” сталі інтэрнацыянальнымі, і да нас прыязджаюць прадстаўнікі ўніверсітэтаў-партнёраў з іншых краін. І гэта знакава, паколькі землякі нашых гасцей ваявалі тут, іх дзеды і прадзеды абаранялі Беларусь, тым самым уносячы свой уклад у Вялікую Перамогу. Студэнты павінны не толькі цаніць і помніць подзвігі гэтых людзей, але і перадаваць свяшчэнную памяць пра падзеі тых часоў сваім будучым вучням, — адзначыў рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук.

Штогод мерапрыемства прыносіць нешта новае: напрыклад, у 2015 годзе студэнты заклалі капсулу з паведамленнем сваім будучым пераемнікам — удзельнікам 80- га “Зорнага паходу”. Сёлета плануецца ўскласці кветкі да брацкіх магіл, сустрэцца з ветэранамі Вялікай Айчынай вайны і ветэранамі працы. Таксама зорныя атрады завітаюць з прафарыентацыйнымі мерапрыемствамі, канцэртамі, спартыўнымі спаборніцтвамі і майстар-класамі ва ўстановы адукацыі.

— У нас вельмі насычаная праграма, — абяцаюць прадстаўнікі атрада “Зорны легіён”, якія будуць здзіўляць сваіх новых сяброў элементамі анімацыі і батлейкай, зацікавяць майстар-класам па мадэльнай хадзе і наведаюць медыцынскія ўстановы з праграмай “Бальнічны клоўн”.

Арганізатары “Зорнага паходу” штогод збіраюць у вялікую зладжаную каманду актыўных людзей. На іх думку, нават калі ў чалавека няма музычных здольнасцей або даных для харэаграфіі, ён зможа рэалізавацца неяк па-свойму, дапамагчы з рабочымі момантамі. Тут у кожнага свая, адметная і важная, роля.

— Для мяне ўдзел у паходзе — гэта неверагодныя эмоцыі. Калі ты прыязджаеш некуды, знаёмішся з людзьмі, даведваешся пра іх больш, збліжаешся са сваімі педагогамі-настаўнікамі. Прыемнае ўражанне пакідаюць сустрэчы са школьнікамі: здаецца, сама нядаўна была на іх месцы, а цяпер яны глядзяць на мяне як на дарослага. І кожны паход — першы, — дзеліцца студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ Дар’я Куштарова, якая ўдзельнічае ў мерапрыемстве трэці год запар. Для дзяўчыны гэта апошні паход у якасці студэнткі, таму ёй хочацца назапасіць як мага больш уражанняў. Аднак, па словах будучага педагога, калі яе некалі запросяць прыняць удзел у іншай ролі, — незалежна ад часу дасць згоду не раздумваючы.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.