І лямпы ў падарунак

- 11:55Навіны рэгіёнаў

У Рэплеўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Ваўкавыскага раёна пасля двухгадовай рэканструкцыі адкрыўся школьны этнаграфічны музей. Гэты дзень стаў сапраўдным святам і для педагогаў, і для навучэнцаў. Знамянальна, што менавіта ў Год малой радзімы адбылося адкрыццё нашага этнаграфічнага музея.

На ўрачыстасці, як і належыць на любым свяце, прысутнічалі госці — старшыня Вярэйкаўскага сельскага савета Анатоль Казіміравіч Стасюкевіч і метадыст Ваўкавыскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Жанна Пятроўна Баркет.

Да гэтага ўрачыстага дня навучэнцы 8—11 класаў на чале з кіраўніком музея Людмілай Паўлаўнай Богдан падрыхтавалі пастаноўку народнага свята “Юр’еў дзень”. На сцэне актавай залы вучні паказалі, як святкавалі Юр’еў дзень менавіта ў нашай мясцовасці з фальклорнымі песнямі, гульнямі, прыметамі.

Пасля прагляду пастаноўкі гасцям было прапанавана адкрыць музей, па традыцыі перарэзаўшы чырвоную стужачку. І ўжо тут, у абноўленым музеі, навучэнцы 7—8 класаў правялі цікавую экскурсію па экспазіцыях, у ходзе якой гасцям загадвалі загадкі, знаёмілі з народнымі традыцыямі, прыкметамі і звычаямі, распавядалі аб прызначэнні прадметаў побыту нашых продкаў. Жанна Пятроўна Баркет пажадала музею цікавасці наведвальнікаў і запатрабаванасці і падарыла дзве газавыя лямпы, тым самым папоўніўшы экспанаты музея.
Дзверы школьнага этнаграфічнага музея адчынены для ўсіх, каму цікавы нашы традыцыі, для тых, хто хоча ведаць, як і чым жылі нашы продкі. Прыязджайце ў госці да нас, мы будзем рады гасцям!

Наталля СЫЧЭЎНІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Рэплеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.