І мабільны тэлефон не будзе перашкодай вучобе

- 14:24Рознае, Сродкі навучання

У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў рэспубліканскі семінар-нарада “Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у дзейнасці ўстаноў адукацыі”. На яго былі запрошаны педагогі — удзельнікі інавацыйных праектаў па тэмах “Сістэмнае ўкараненне інфармацыйных тэхналогій у дзейнасць устаноў адукацыі”, “Укараненне мадэлі сістэмнага выкарыстання электронных адукацыйных рэсурсаў для развіцця інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі”. Сярод асноўных тэматычных напрамкаў семінара — эфектыўныя асобасна арыентаваныя тэхналогіі, заснаваныя на выкарыстанні ІКТ; распрацоўка, каталагізацыя і выкарыстанне электронных адукацыйных рэсурсаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі; аўтаматызацыя кіраўніцкай дзейнасці; развіццё прафесійнай кампетэнтнасці членаў педагагічнага калектыву.

Не дапусціць лічбавага разрыву

Сучасная ўстанова адукацыі не можа заставацца ў баку ад рэалій інфармацыйнага грамадства. Масавае выкарыстанне ў штодзённым жыцці і побыце персанальных камп’ютараў, мабільных прылад, развіццё сеткавых інфармацыйных тэхналогій і сацыяльных камунікацыйных сэрвісаў, усведамленне неабходнасці ўдасканалення інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ставіць перад установамі адукацыі новыя задачы, прад’яўляе да педагогаў дадатковыя патрабаванні да інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці.
Прарэктар па вучэбнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дацэнт кафедры інфарматыкі, кандыдат фізіка-матэматычных навук Ірына Аляксандраўна Дзюба, адкрываючы мерапрыемства, падкрэсліла важнасць сістэмнага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій ва ўстановах адукацыі. Сістэмны падыход у межах інавацыйнай дзейнасці прадугледжвае выкананне шэрага прынцыпаў, сярод якіх абгрунтаванасць і пераемнасць ключавых напрамкаў, што выбіраюцца ва ўстанове адукацыі. Для рэалізацыі працэсаў інфарматызацыі ў розных навучальных установах складваюцца розныя ўмовы. І пры праектаванні напрамкаў інавацыйнай дзейнасці важна аб’ектыўна ацаніць існуючы ўзровень развіцця матэрыяльнай і інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ўстановы, назапашаны яго калектывам ці асобнымі педагогамі вопыт, ступень пазітыўнасці адносін да інавацыі знешняга сацыяльнага асяроддзя, а таксама рэальнасць атрымання запланаваных вынікаў.
“Самае страшнае, што зараз можа нас напаткаць, і аб гэтым гавораць сусветныя арганізацыі, — гэта лічбавы разрыў: калі хтосьці ў выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій адыходзіць наперад, а хтосьці — знаходзіцца далёка за парогавым значэннем і потым дацягнуцца да зададзенага ўзроўню не можа, — адзначыла І.А.Дзюба. — Тыя інавацыйныя праекты, якія рэалізуюцца, накіраваны на ліквідаванне і пазбяганне лічбавага разрыву, бо аб’ядноўваюць розныя ўстановы адукацыі (розныя па колькасным складзе навучэнцаў, падрыхтаванасці педагогаў, па тэхнічнай аснашчанасці і ўмовах работы). Але тым не менш той вопыт, які яны набываюць, дапамагае ім рухацца наперад хутчэй”.
Яшчэ адзін прынцып — планамернасць, кіруемасць і бесперапыннасць у рэалізацыі таго ці іншага праекта (інавацыйная дзейнасць павінна быць дакладна спланавана; аналіз і ацэнка прамежкавых вынікаў дзейнасці павінны быць падставай для прыняцця карэктуючых кіраўніцкіх дзеянняў).
Адной з задач інавацыйнага праекта з’яўляецца прыцягненне ў яго як мага больш шырокага кола ўдзельнікаў. “Многія інавацыі ў нас часта трымаюцца толькі на энтузіязме аднаго чалавека. Прыйшоў завадны арганізатар або баявы дырэктар — мы ідзём сямімільнымі крокамі, звольніўся інжынер-праграміст, які рабіў сайт школы, — і сайт перастаў існаваць. Таму важна, каб праект, які рэалізуецца, быў цікавым не толькі кіраўніцтву ўстановы адукацыі, але і ўсяму калектыву, навучэнцам, бацькам”, — лічыць Ірына Аляксандраўна.
Калі інавацыйная работа ва ўстанове адукацыі з’яўляецца масавай, зацікаўленай, то любая інавацыя пачынае насіць надпрадметны характар: яна становіцца эфектыўнай пры прымяненні настаўнікамі розных прадметаў для розных аспектаў адукацыйнай дзейнасці.
Яшчэ адзін аспект рэалізацыі інавацыйных праектаў — выніковасць. Натуральна, што розныя стартавыя магчымасці прывядуць да розных вынікаў, а таму мэтазгодна ацэньваць не толькі колькасныя параметры, але і дынаміку іх змянення. Важным таксама з’яўляецца наяўнасць не толькі значных персанальных вынікаў (напрыклад, перамог у конкурсах), але і стабільных групавых паказчыкаў (напрыклад, павелічэнне працэнта настаўнікаў, якія пацвердзілі ці павысілі сваю кваліфікацыйную катэгорыю).

Па ўласным адукацыйным маршруце

Калектыў гімназіі № 3 Магілёва працуе ў інавацыйным праекце па тэме “Укараненне мадэлі сістэмнага выкарыстання электронных адукацыйных рэсурсаў для развіцця інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі”. Аб некаторых выніках гэтай работы з удзельнікамі семінара падзяліўся дырэктар навучальнай установы Ігар Віктаравіч Якіменка.
Вялікая ўвага ў гімназіі ўдзяляецца мадэрнізацыі тэхнічнай інфраструктуры інфарматызацыі адукацыйнага працэсу. 51 камп’ютар аб’яднаны ў лакальную сетку, з іх 31 — мабільны (з іх дапамогай можа лёгка мяняць структуру вучэбнага працэсу). Практычна ў кожным кабінеце пачатковай школы ёсць камп’ютар, у распараджэнні педагогаў-пачаткоўцаў — інтэрактыўная дошка (кожны настаўнік на працягу года павінен даць 1-2 урокі з яе выкарыстаннем).
“Я прыхільнік таго, каб рабочае месца настаўніка было абсталявана камп’ютарам, — адзначае І.В.Якіменка. — Аднак зараз мы пайшлі крыху іншым шляхам — аснашчаем кабінеты монаблокамі. На сцяне кабінета прымацоўваецца манітор, за якім размяшчаецца камп’ютар памерам з мадэм, які нясе ўвесь функцыянал вучэбнага працэсу, а мыш і клавіятура — бесправадныя. Настаўнік можа імі карыстацца як дэманстрацыйным прыстасаваннем, так і ў працэсе заняткаў клавіятура і мыш можа перадавацца. Такім чынам, кожны вучань можа быць задзейнічаны ў рабоце. Такі камплект абыходзіцца ў 5 мільёнаў, а гэта ў тры разы танней за звычайны камп’ютар”.
Тэхналагічныя змяненні ў гімназіі садзейнічаюць пашырэнню педагагічных метадаў і прыёмаў, павышаюць эфектыўнасць адукацыйнага працэсу. На ўроках з выкарыстаннем электронных адукацыйных рэсурсаў асноўны акцэнт робіцца на арганізацыю актыўных відаў пазнавальнай дзейнасці. Вучэбны працэс з выкарыстаннем ЭАР прадугледжвае, па-першае, пераасэнсаванне пазіцыі самога педагога, які становіцца ў большай ступені каардынатарам ці настаўнікам, чым непасрэднай крыніцай ведаў і інфармацыі. Па-другое, вучань займае актыўную пазіцыю ўдзельніка адукацыйнага працэсу, самастойна вывучае асаблівасці электронных адукацыйных рэсурсаў і выкарыстоўвае іх для вырашэння вучэбна-практычных задач. Здавалася б, самая простая праграма PowerPoint — гэта не толькі крыніца стварэння прэзентацый, але і своеасаблівая інтэрактыўная сістэма: з дапамогай мнагамышша (да 25 камп’ютарных мышэй могуць быць падключаны да аднаго камп’ютара) ёсць магчымасць выказаць свой пункт гледжання ці змяніць ход прэзентацыі навучэнцам і педагогу. Напісаўшы тэсты, можна атрымаць сістэмы апытання, галасавання, сістэму правядзення пазакласнага мерапрыемства.
Сёння бібліятэчны цэнтр гімназіі мае больш за 50 электронных падручнікаў, і пачынаючы з 5 класа вучань прыходзіць сюды са сваім планшэтам, тэлефонам, якія задзейнічаны ў вучэбным працэсе, і запампоўвае патрэбны матэрыял. Такім чынам у вучня адбываецца назапашванне пэўнай базы. У 9 класе навучэнец мае магчымасць паўтарыць матэрыял, які праходзіў у 6 ці 7 класе. “Важна, каб вучань умеў гэтым карыстацца, — лічыць Ігар Віктаравіч. — І ў канчатковым выніку ён становіцца актыўным удзельнікам праектавання ўласнай індывідуальнай траекторыі асваення вучэбнага матэрыялу. Мы вучым навучэнца ствараць свой індывідуальны маршрут. Ён для сябе вызначае, што ў пэўнай сітуацыі для яго лепш: кніга ці інтэрнэт. Трэба гэта падтрымаць, развіць, ператварыць у сістэму. Настаўнік на кожным уроку павінен дакладна ўяўляць, што ўсе складнікі ўрока, якія вызначаны метадычнымі патрабаваннямі, могуць быць насычаны электронным зместам пачынаючы ад узнаўлення матэрыялу, праверкі дамашняга задання, вывучэння новага, тэсціравання. Гэта ўсе складнікі ўрока і гэта ў той жа час магчымасці выкарыстання электронных адукацыйных рэсурсаў”.
І.В.Якіменка абазначыў класіфікацыю адукацыйных рэсурсаў і магчымасці іх выкарыстання. Так, напрыклад, для ўдзельнікаў інавацыйнага праекта ЭАР з’яўляюцца памочнікамі ажыццяўлення аператыўнага кантролю ведаў афлайн- і анлайн-тэсціраванні. Апошняе дазваляе паставіць мабільныя тэлефоны на службу навучання: праз адзін тэлефон можна зайсці ў інтэрнэт, а потым праз Wi-Fi ўсяму класу падключыцца да гэтага тэлефона. На заканчэнне праекта ставіцца мэта: каб мабільны тэлефон вучня рэагаваў на вучэбны кабінет гімназіі, да якога ён падыходзіць.
На думку І.В.Якіменкі, распрацоўкай электронных адукацыйных рэсурсаў павінны займацца прафесіяналы — спецыялісты ў галіне стварэння падобных сродкаў навучання. У той жа час ні адзін такі рэсурс не можа быць распрацаваны без прыцягнення педагогаў, а значыць, павінны стварацца мабільныя групы, творчыя калектывы.

Англійская мова дыстанцыйна

Працэс пранікнення ў школу інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій стаў беззваротным. Выкарыстанне ІКТ у навучанні дае магчымасць аптымізаваць працэс навучання, павысіць матывацыю да вывучэння прадмета, а таксама павялічыць аб’ём самастойнай работы, што можа быць рэалізавана шляхам укранення дыстанцыйных форм навучання. Гэтыя новыя формы дыктуюць сваю спецыфіку арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, адбору педагагічных тэхналогій і сродкаў навучання.
На думку педагогаў гімназіі № 5 Баранавіч Брэсцкай вобласці, з мадэлей дыстанцыйнага навучання найбольш цікавай у адносінах да школьнай адукацыі з’яўляецца гібрыдна-падтрымліваючая, якая забяспечвае інтэграцыю вочных і дыстанцыйных форм навучання. У межах рэалізацыі ў 2010—2012 гадах інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі дыстанцыйных форм навучання ў падтрымку асноўнага курса і факультатыўных заняткаў па вучэбных прадметах” па замежнай мове былі створаны тры гібрыдна-падтрымліваючыя курсы: “Падтрымка асноўнага курса “Англійская мова. ІХ клас”, “Падтрымка асноўнага курса “Англійская мова. Х клас” і “Падтрымка факультатыўнага курса “Лексіка-граматычны практыкум. Англійская мова. ХІ клас”. Іх прадставіла настаўніца англійскай мовы Вольга Аляксандраўна Банкевіч.
Курсы дыстанцыйнай падтрымкі складаюцца з 7 раздзелаў па праграмных тэмах. Кожны раздзел пачынаецца са знаёмства з лексікай па тэме і апрацоўкай даных лексічных адзінак у практыкаваннях, распрацаваных у тэстамадэлюючым інструментальным асяроддзі Hot Potatoes, якое дазваляе ствараць розныя тыпы інтэрактыўных практыкаванняў на супастаўленне, запаўненне прабелаў, множны выбар і крыжаванку. Плюсам гэтай праграмы з’яўляецца прынцып “тут і цяпер”, гэта значыць, навучэнец выконвае заданне і адразу ж атрымлівае ацэнку сваёй дзейнасці.
Граматычны матэрыял прадстаўлены ў выглядзе камбінацыі дазіраванага тэарэтычнага матэрыялу з інтэрактыўнымі практыкаваннямі. Работа над тэорыяй пабудавана на аснове прымянення кейс-тэхналогіі і спасылак на электронны падручнік, складзены настаўнікамі англійскай мовы гімназіі. Тэксты для чытання і ўспрымання замежнай мовы на слых таксама суправаджаюцца практыкаваннямі ў Hot Potatoes, якія накіраваны на праверку разумення прачытанага ці пачутага і прадугледжваюць далейшае абмеркаванне на форуме, напісанне эсэ, стварэнне вікі-праектаў і іншых відаў мультымедыйных адукацыйных прадуктаў. У межах курса магчыма стварэнне блогаў усіх яго ўдзельнікаў.
Кожны курс прадугледжвае арыентацыйны тыдзень, які ўключае ў сябе звесткі аб распрацоўшчыках курсаў, два форумы — навінавы і кансультацыйны, раздзел важнай інфармацыі (патрабаванні да ўдзельнікаў курса, праграмы, анатацыі і логіка-сэнсавыя схемы), раздзел, што ўключае памяткі па рабоце з аўдыятэкстамі, тэкстамі для чытання і тэстамі, гласарый і інш. У навінавым форуме настаўнік-цьютар паведамляе аб важных навінах курса (тэрміны, умовы і асаблівасці работы над бягучымі матэрыяламі курса). У кансультацыйны форум удзельнікі курса звяртаюцца ў выпадку ўзнікнення праблем падчас выканання заданняў. У арыентацыйным тыдні шырока выкарыстоўваецца кейс-тэхналогія, якая дазваляе навучэнцам перанесці матэрыял на папяровы носьбіт для больш дэталёвага вывучэння і прымянення ў рэжыме афлайн. Завяршае гэтыя курсы выніковы тыдзень, у якім падводзіцца вынік работы навучэнцаў за год. Комплексны кантроль ведаў і ўменняў выконваецца ў такіх формах, як лексіка-граматычныя камп’ютарныя тэсты, сітуацыі для правядзення субяседавання па пройдзеных тэмах ва ўрочны час і інш.
Па словах В.А.Банкевіч, апрабацыя такіх курсаў дазволіла зрабіць выснову, што дыстанцыйная форма атрымання адукацыі садзейнічае павышэнню эфектыўнасці валодання замежнай мовай, удасканаленню працэсаў навучання замежнай мове. Паспяховасць апрабацыі прывяла да далейшай распрацоўкі дыстанцыйных гібрыдна-падтрымліваючых курсаў па англійскай мове для 5—8 класаў. Работа над курсамі прадастаўляе магчымасць настаўніку праявіць сваю індывідуальнасць, зрабіць працэс навучання больш прыцягальным для навучэнцаў, а таксама павысіць прэстыж, статус і канкурэнтаздольнасць установы адукацыі.

Магчымасці адукацыйнай прасторы — навучэнцам і педагогам

Умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама кадравы патэнцыял іўеўскай гімназіі № 1 Гродзенскай вобласці дазволілі стварыць высокатэхналагічнае адукацыйнае асяроддзе навучальнай установы. Лакальная камбінаваная сетка (з элементамі правадной і бесправадной сеткі) аб’яднала камп’ютары адміністрацыі, службы СППС, ІБЦ, іншых кабінетаў у адзіную сістэму і дала магчымасць стварыць агульныя інфармацыйныя рэсурсы, якія ўключаюць матэрыялы па розных раздзелах: “Кіраванне адукацыйным працэсам”, “Метадычны кабінет”, “Прадметныя кабінеты”, “СППС”, “Работа з адоранымі навучэнцамі” і інш. Напрыклад, віртуальны інфармацыйны рэсурс “Метадычны кабінет” — гэта не проста яшчэ адна інавацыйная форма метадычнай работы. Гэта шматаспектнае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе, арыентаванае на стварэнне неабходных умоў для самастойнай пазнавальнай і навукова-пошукавай дзейнасці настаўнікаў. На думку дырэктара гімназіі Галіны Станіславаўны Халявы, віртуальны метадычны кабінет стварае рэальныя магчымасці пабудовы адкрытай сістэмы бесперапыннай адукацыі педагогаў, а аптымальны доступ да неабходнай інфармацыі робіць пазнавальную дзейнасць настаўнікаў больш эфектыўнай. Фарміраванне віртуальнага банка нарматыўнай дакументацыі і вучэбна-метадычных матэрыялаў забяспечвае дапамогу педагогам у рабоце з рознага роду дакументамі, аказвае аператыўную метадычную дапамогу маладым настаўнікам, дае магчымасць пазнаёміцца ім з вопытам работы калег (напрыклад, распрацоўкі ўрокаў з выкарыстаннем новых педагагічных тэхналогій, крытэрыі ацэньвання навучэнцаў па прадметах, вымяральнікі адукацыйнага стандарту і г.д.). Адміністрацыя можа скарыстацца гэтым рэсурсам у працэсе падрыхтоўкі да педсавета, нарад, пры напісанні аналітычных матэрыялаў. Ён таксама дае магчы-масць ажыццявіць аператыўны кантроль за работай метадычнай службы гімназіі.
Стварэнне віртуальнага інфармацыйнага рэсурсу “Прадметныя кабінеты” дазваляе адміністрацыі вывучыць і прааналізаваць стан матэрыяльна-тэхнічнага, навукова-метадычнага забеспячэння кабінетаў, а таксама адсочваць дзейнасць настаўнікаў-прадметнікаў па распрацоўцы вымяральнікаў адукацыйнага стандарту, па напаўненні вучэбна-дыдактычнага матэрыялу: распрацоўкі ўрокаў, факультатыўных заняткаў, матэрыялы для падрыхтоўкі да ЦТ, работы з адоранымі дзецьмі і г.д.
Любы ўдзельнік адукацыйнага працэсу, знаходзячыся ў прасторы гімназіі, мае магчымасць хуткага доступу да агульнай сеткі і выкарыстання гэтых рэсурсаў у адукацыйнай дзейнасці. Пры гэтым выкарыстоўваць можна любую электронную прыладу, аснашчаную модулем Wi-Fi (тэлефон, планшэт).
Дадатковую функцыю кантролю для адміністрацыі гімназіі прадастаўляе выкарыстанне IP-камеры. Яна дае магчымасць атрымліваць інфармацыю ў рэальным часе з ключавой кропкі і кантраляваць аб’екты як з установы адукацыі, так і аддалена праз вэб-інтэрфейс, рабіць запіс (знаходзячыся дома). IP-камера ўстаноўлена з мэтай кантролю за прышкольнай тэрыторыяй, хола гімназіі і дазваляе адсочваць розныя моманты функцыянавання ўстановы: паводзіны навучэнцаў на перапынку, дзяжурства педагогаў, добраўпарадкаванне тэрыторыі, прытрымліванне выхавальнікамі ГПД рэжымных момантаў, правядзенне ўрокаў фізічнай культуры і здароўя і г.д. Аб тым, што камера ўстаноўлена, супрацоўнікі ведаюць.
Створаная ў гімназіі інфармацыйная прастора дазваляе навучэнцам выкарыстоўваць яе магчымасці: гімназісты ствараюць уласныя вучэбныя відэаканалы і групы, выкарыстоўваючы медыярэсурсы YouTube, ствараюць індывідуальныя і калектыўныя блогі і дадаюць у іх самыя розныя матэрыялы. У перспектыве ў гімназіі плануецца пашырыць службу падтрымкі педагогамі навучэнцаў у пазаўрочны час шляхам дыстанцыйнага навучання або праз відэасувязь, ствараць персанальныя календары і дадаваць у іх апісанне падзеі, калектыўна планаваць дзейнасць, ствараць індывідуальныя і калектыўныя блогі, выкарыстоўваць веб-сэрвісы Google, якія дазволяць арганізоўваць агульныя праекты, відэаканферэнцыі і г.д.

Сэрвісы Web 2.0 у праектнай дзейнасці

Больш за 10 гадоў назад гімназія № 1 Дзятлава Гродзенскай вобласці стала ўдзельнікам Міжнароднай адукацыйнай сеткі iEARN, і ў дзейнасць установы ўвайшлі інтэрнэт-праекты, педагогі і навучэнцы пазнаёміліся з інтэрнэт-форумамі і сэрвісамі Web 2.0. Інавацыйны праект “Сістэмнае ўкараненне інфармацыйных тэхналогій у дзейнасць устаноў адукацыі” даў новы штуршок рабоце — гімназія пачала асвойваць асновы стварэння сайтаў і блогаў. Дарэчы, гімназічны інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр карыстаецца папулярнасцю ў навучэнцаў і педагогаў. Дзякуючы стварэнню яго віртуальнай версіі, многімі матэрыяламі цэнтра можна скарыстацца не толькі ў гімназіі, але і дома.
Настаўніца інфарматыкі гімназіі Святлана Іосіфаўна Кятко расказала прысутным аб выкарыстанні сэрвісаў Web 2.0 у праектнай дзейнасці. На думку педагога, прадмет “Інфарматыка” — самы праектны са школьных прадметаў. Унікальныя магчымасці інфармацыйных тэхналогій дазваляюць шырока весці праектную работу як унутры самога прадмета, так і далёка за яго фармальнымі межамі. Сёння настаўнік інфарматыкі — гэта “каардынатар міжпрадметных сувязей” у школе. Ён нібы звязное звяно паміж навучэнцам, настаўнікам-прадметнікам і непасрэдна настаўнікам інфарматыкі.
Праект навучэнцаў 6 класа “Іх імёнамі названы вуліцы горада” быў створаны на аснове сайтаў Google. Ён уключае ў сябе вынік пошукавай дзейнасці навучэнцаў, дае магчымасць скарыстацца іх матэрыяламі. А вось праект “Вуліцамі старога горада” ўключыў у сябе матэрыялы пошукавай дзейнасці ўсёй школы (гісторыя горада, стужка часу з фотаздымкаў сямейных архіваў навучэнцаў, гісторыя Дзятлаўшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, гісторыя партызанскага руху, халакост).
“Можна з упэўненасцю сказаць, што ўключэнне ў праектную дзейнасць сродкаў Web 2.0 дазваляе дастаткова хутка дасягнуць высокіх вынікаў, — адзначыла С.І.Кятко. — Па-першае, праектная дзейнасць арыентавана на стварэнне, на творчасць, што характэрна і для Web 2.0. Па-другое, вынік праектнай дзейнасці непрадказальны: ён складаецца з розных вынікаў індывідуальнай работы. І па-трэцяе, праектная дзейнасць — гэта дзейнасць комплексная, у якой сумяшчаецца работа разнапланавая — у залежнасці ад індыві-дуальных здольнасцей, магчымасцей і інтарэсаў удзельнікаў. Так і сэрвісы Web 2.0 даюць магчымасць такой разнапланавай дзейнасці”.
Яшчэ адным цікавым праектам гімназістаў стаў вэб-квест “Чытанне з захапленнем”. Заданні вэб-квесту ўяўляюць сабой асобныя блокі пытанняў і пералік адрасоў у інтэрнэце, дзе можна атрымаць неабходную інфармацыю. Пытанні сфармуляваны такім чынам, каб пры наведванні сайта навучэнец быў вымушаны зрабіць адбор матэрыялу, вылучыўшы галоўнае з той інфармацыі, якую ён знаходзіць.
Удзельнікі праекта на працягу 6 тыдняў знаёміліся з біяграфіямі вядомых пісьменнікаў, іх творчасцю. Кожны тыдзень вывучалі новую кнігу, затым навучэнцам неабходна было адказаць на пытанні віктарыны, выканаць захапляльныя інтэрактыўныя заданні. А дух спаборніцтва зрабіў гэты праект цікавым і жывым.

Наперад з “КОМПАСАМ”

Эфектыўнасць інавацыйнай дзейнасці ва ўстанове адукацыі залежыць ад узроўню развіцця інавацыйнай культуры, прафесійных якасцей педагога. Работа ў інавацыйным рэжыме патрабуе ад настаўнікаў творчасці, актыўнасці, высокай матывацыйнай гатоўнасці развітых рэфлексіўных уменняў.
Для прафесійнага росту педагогаў, якія рэалізуюць інавацыйны праект у сярэдняй школе № 1 Ашмян Гродзенскай вобласці, была арганізавана творчая група настаўнікаў-наватараў “КОМПАС” (крэатыўнае аб’яднанне мыслячых педагогаў — актывістаў сярэдняй школы № 1). Вынікам яе работы стала абагульненне вопыту інавацыйнай дзейнасці і публікацыі ў рэспубліканскіх выданнях, стварэнне сеткавага метадычнага кабінета настаўнікаў пачатковых класаў з мэтай метадычнага абмену распрацоўкамі ўрокаў, выхаваўчых мерапрыемстваў з ІКТ-падтрымкай, дыдактычнымі матэрыяламі (дарэчы, ідзе падрыхтоўка да яго ператварэння ў віртуальны кабінет), стварэнне брашуры “Гласарый інавацыйнага праекта” (слоўніка тэрмінаў і азначэнняў), распрацоўка электронных адукацыйных прадуктаў: “Слоўнікавы калейдаскоп”, “Вывучаем мову з Янкам: вучымся размаўляць па-беларуску”.
Па меркаванні намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце школы Святланы Рамуальдаўны Жукоўскай, рэалізацыя мадэлі сістэмнага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій дазволіла шырока выкарыстоўваць формы самастойнай групавой і індывідуальнай даследчай дзейнасці, арыентаванай на сучасныя формы навучання, высокую інтэрактыўнасць, фарміраванне вучэбнай самастойнасці школьнікаў. Педагогі школы перакананы, што прымяненне інфармацыйных тэхналогій, з аднаго боку, напаўняе новым зместам методыку выкладання вучэбных дысцыплін, бо прадугледжвае новыя варыянты вырашэння педагагічных задач і новыя формы арганізацыі вучэбнага працэсу. З другога боку, метадычна правільна пабудаванае ўключэнне інфармацыйных тэхналогій у працэс навучання дазваляе разнастаіць пазнавальную дзейнасць школьнікаў, робіць вучэбнае ўзаемадзеянне навучэнцаў больш інтэнсіўным, узаемаадносіны паміж настаўнікам і вучнем — больш дэмакратычнымі, выклікае ў вучняў задавальненне ад работы на ўроку, узмацняе матывацыю і эфектыўнасць успрымання вучэбнай інфармацыі.
Падчас рэалізацыі інавацыйнага праекта педагогі сутыкнуліся і з некаторымі праблемамі. Гэта недастатковая колькасць гадзін урокаў і факультатыўных заняткаў з выкарыстаннем ІКТ з-за занятасці камп’ютарных класаў (вырашэнне гэтай праблемы бачыцца праз пошук спонсараў, прыцягненне бацькоўскай грамадскасці да набыцця камп’ютарнай тэхнікі). Па-другое, недастатковае развіццё ключавой кампетэнцыі педагогаў — кампетэнцыі прагназавання, папярэдняга мыслення (удасканаленне гэтай кампетэнцыі будзе ажыццяўляцца праз метадычны практыкум “Інфармацыйны навігатар праектавання і арганізацыя адукацыйнага працэсу ў пачатковых класах”). Яшчэ адна праблема — недастаткова актыўны абмен вопытам інавацыйнай дзейнасці і прафесійна-педагагічнай камунікацыі з калегамі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў з выкарыстаннем сеткавых тэхналогій і інтэрнэт-сэрвісаў.
Для паспяховай рэалізацыі мадэлі сістэмнага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у школе з пачатку новага навучальнага года плануецца стварыць рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій і сродкаў навучання малодшых школьнікаў.

Электронная школа

Удзельнікі семінара-нарады наведалі сярэднюю школу № 51 Мінска, дзе пазнаёміліся з вопытам рэалізацыі рэгіянальнага праекта “Электронная школа”.
Як расказала педагогам дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі ў сферы інфармацыйных тэхналогій Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі кандыдат педагагічных навук Аксана Анатольеўна Мініч, у праекце ўдзельнічаюць 11 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі сталіцы. Рэалізацыя праекта прадугледжвае арганізацыю апрабацыі і ўкаранення анлайн-рашэнняў па прадастаўленні розных інфармацыйных сэрвісаў (электроннага журнала, дзённіка, раскладу заняткаў), што дазволіць стварыць аснову для пераходу на сістэму электроннага дакументаабароту ва ўстановах адукацыі, знізіць выдаткі на пабудову і суправаджэнне лакальных інфармацыйных інфраструктур і баз даных.
Для педагогаў, навучэнцаў і бацькоў сярэдняй школы № 51 электронныя журнал і дзённік сталі ўжо звычнымі. Адзнакі, якія ўносіць настаўнік у электронны журнал, адлюстроўваюцца ў электронным дзённіку школьніка, захоўваюцца ў архіве. Прычым інфармацыя, занесеная ў электронны журнал, персаніфікаваная. Адзнакі ўсіх навучэнцаў па ўсіх прадметах бачыць толькі дырэктар — у яго ёсць доступ да поўнай базы электроннага журнала. У настаўнікаў-прадметнікаў доступ толькі да звестак па сваёй дысцыпліне ў тых класах, дзе яны выкладаюць. Класны кіраўнік у курсе паспяховасці сваіх падапечных па ўсіх прадметах. А вось бацькі маюць доступ толькі да адзнак сваіх дзяцей. Як, дарэчы, і дзеці бачаць толькі свае адзнакі.
Пры выстаўленні чарговай адзнакі адразу адлюстроўваецца і сярэдні бал за пэўны прамежак часу. А гэта аблягчае выстаўленне адзнак за чвэрць. Настаўнік можа пакінуць у электронным журнале і дамашняе заданне, і паведамленне для бацькоў.
Праект прадугледжвае апрабацыю і ўкараненне яшчэ аднаго элемента электроннай школы — карты навучэнца. Яна ўяўляе сабой комплексны інструмент, які сумяшчае ўніверсальны электронны дакумент і банкаўскую плацежную картку. З’яўляючыся асноўным інструментам для аўтаматызацыі працэсаў збору, захоўвання і перадачы інфармацыі аб адукацыйным працэсе, карта навучэнца забяспечыць узаемадзеянне з аўтаматызаванымі інфармацыйнымі сістэмамі іншых ведамстваў і арганізацый (прадастаўленне льготнага праезду ў транспарце для навучэнцаў, банкаўскіх паслуг, абслугоўванне ў гарадскіх бібліятэках).
У 51-й школе дзяцей ва ўстанову прапускаюць па карце навучэнца, на якой змешчана фота, імя і прозвішча школьніка. Устройства счытвае з карткі інфармацыю і вызначае, хто хоча ўвайсці. Калі свой, то дзверы адчыняюцца аўтаматычна, а ў вахцёра на маніторы адлюстроўваецца фотаздымак. Так што картай не зможа скарыстацца ніхто, акрамя сапраўднага гаспадара.
У выніку можна бачыць, хто своечасова прыйшоў у школу, а хто спазніўся. Бацькі, якія хочуць ведаць, калі іх дзіця прыйшло ў школу і калі яно выйшла з яе, могуць уключыць платную паслугу аператара сотавай сувязі, дзякуючы якой на іх мабільны тэлефон прыйдзе смс-паведамленне.
Па словах дырэктара школы Галіны Уладзіміраўны Чэрнік, апытанне бацькоў паказала, што карта навучэнца дазваляе захаваць бяспеку школьнікаў, строгі ўлік часу дысцыплінуе дзяцей. Сваю карту навучэнец выкарыстоўвае і як чытацкі білет у школьнай бібліятэцы, а таксама для аўтарызацыі карыстальніка ў лінгафонным кабінеце і кабінеце інфарматыкі. Акрамя таго, са студзеня ў школе пачалася апрабацыя сістэмы аплаты харчавання па безнаяўным разліку.
Папярэднія вынікі рэалізацыі праекта сведчаць, што сэрвісы электроннай школы дазваляюць індывідуалізаваць навучанне, павысіць імідж настаўніка, стварыць цесную сувязь паміж вучнем і яго бацькамі. З увядзеннем электронных журналаў на вядзенне школьнай дакументацыі педагогамі затрачваецца менш часу, павышаецца матывацыя дзяцей да навучання.

Такім чынам, на інавацыйных пляцоўках педагогі актыўна выкарыстоўваюць сучасныя сродкі навучання, упарадкаваны і каталагізаваны інфармацыйныя адукацыйныя рэсурсы, распрацоўваюцца аўтарскія адукацыйныя рэсурсы, у тым ліку на аснове дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій, створана асяроддзе абмену метадычнымі матэрыяламі, актыўна ажыццяўляюцца сумесныя праекты. Вынікі рэалізацыі інавацыйных праектаў дазваляюць зрабіць выснову аб пазітыўным уплыве сістэмнага падыходу на якасць і тэмпы развіцця інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі.

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.