І настаўнік, і старэйшы сябар

- 10:33Людзі адукацыі

Бадай, у кожнага чалавека ёсць любімы настаўнік, у якім мы цэнім не толькі прафесіяналізм, але і чалавечыя якасці, адносіны да дзяцей і жыцця. Вось так і на ўрокі А.М.Вальфсона, настаўніка рускай мовы і літаратуры з 35-гадовым стажам, старшакласнікі гімназіі № 1 Брэста заўсёды спяшаюцца з радасцю і цікавасцю. Для іх ён не проста педагог, а старэйшы сябар!

Алег Міхайлавіч падчас тлумачэння тэмы ўрока ўмее зацікавіць, натхніць і нават рассмяшыць. На занятках педагога ніколі не бывае дыскамфортнай напружанасці. Вучэбны матэрыял запамінаецца без прымусу.
Адзінаццацікласнікі ахвотна расказваюць пра свайго настаўніка.
— Алег Міхайлавіч заўсёды падрабязна тлумачыць матэрыял, умела звязвае розныя тэмы. Мы заўсёды даведваемся шмат новага і цікавага. Яго ўрокі не падобныя адзін да аднаго. Гэта выдатны настаўнік! Ён заўсёды добры, ніколі дрэннага слова не скажа. Дапамагае, падказвае… — гаворыць Ганна Рымашэўская.
— Гэта вельмі цікавы, адукаваны, разумны і мудры чалавек, які шмат ведае і якога заўсёды прыемна слухаць, — дадае Станіслаў Касько.— Алег Міхайлавіч надзвычай адкрыты чалавек. Гэта важна для настаўніка. Яго манера выкладання адрозніваецца ад іншых педагогаў. Урокі гэтага настаўніка запамінаюцца надоўга. Ён ніколі не павышае голас. З ім прыемна размаўляць! — заўважае Станіслаў Сосік.
— Гэта чалавек, які мае ўласны погляд на сістэму адукацыі і тое, як трэба весці ўрокі. Нам не трэба зубрыць правілы. Алег Міхайлавіч адразу пераходзіць да практычных заданняў, каб вучні разумелі, як паводзіць сябе ў пэўнай моўнай сітуацыі. Настаўнік цікава падае і біяграфію пісьменніка, і аналіз літаратурнага твора. Заслухацца можна! — заўважае Раман Пузанаў.
А.М.Вальфсон падрыхтаваў больш за 30 пераможцаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, а таксама прызёраў міжнародных алімпіяд і конкурсаў. У 2006 годзе ён атрымаў званне “Чалавек года Брэсцкай вобласці ў сферы адукацыі”. Педагог узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”, двойчы станавіўся лаўрэатам прэзідэнцкай прэміі і Міжнароднага Пушкінскага конкурсу для настаўнікаў рускай мовы і літаратуры краін СНД і Балтыі. Артыкулы Алега Міхайлавіча па методыцы выкладання рускай мовы і літаратуры друкуюцца на старонках не толькі айчынных навукова-метадычных выданняў.
А.М.Вальфсон — асоба шматгранная. Пасля заканчэння філфака з чырвоным дыпломам ён выкладаў у Сяхновіцкай базавай школе Жабінкаўскага раёна, а потым… працаваў інжынерам па навукова-тэхнічнай інфармацыі на Брэсцкім заводзе сельскагаспадарчага машынабудавання. І ўсё ж вярнуўся ў школу. Выкладаў у сярэдніх школах №№ 5 і 10, ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, а з 1992 года працуе ў гімназіі № 1.
Алег Міхайлавіч знаходзіць падыход да кожнага падлетка.
— Дзеці выдатна адчуваюць, як ты да іх ставішся, — адзначае педагог. — Мая задача заключаецца ў тым, каб вучні падышлі да цэнтралізаванага тэсціравання па-сапраўднаму падрыхтаванымі, каб яны не завучвалі на памяць правілы і творы, а разумелі іх. Нехта запярэчыць, маўляў, Word сам падкрэсліць памылку і падкажа правільнае напісанне, таму сёння не абавязкова нешта вучыць. Але ж бываюць розныя сітуацыі. Напрыклад, давядзецца падпісаць паштоўку каханай дзяўчыне. Гэта лепш і больш натуральна зрабіць ад рукі. Ці закране сэрца каханай тэкст з памылкамі? Да таго ж аўтар павінен правільна разумець значэнні слоў. Word ніколі не навучыць чалавека правільна размаўляць. Акрамя таго, славеснасць павышае агульнакультурны ўзровень. Растлумачыць гэта — задача настаўніка рускай мовы і літаратуры.
— Я ніколі не выклікаў бацькоў вучняў у школу, — працягвае Алег Міхайлавіч. — Ёсць іншыя спосабы знайсці паразуменне з дзецьмі. Сёння часта кажуць, што яны сталі горшымі, напрыклад, менш чытаюць. Калі раней патрабавалася нешта даведацца, даводзілася ісці ў бібліятэку. І было не так проста знайсці патрэбную інфармацыю. Патрабаваўся час. Сёння, дзякуючы інтэрнэту, адказ атрымліваеш адразу. Але заўсёды было важнейшым уменне знайсці неабходную інфармацыю. Сёння навукова-тэхнічны прагрэс прыйшоў да дзяцей і дапамагае шмат у чым. Дзеці сталі больш рацыянальнымі і адарванымі ад свету.
З такімі педагогамі, як А.М.Вальфсон, заўсёды цікава, бо яны прыцягваюць моладзь не толькі ўменнем цікава выкладаць прадмет. У любімага настаўніка можна павучыцца любові да слова, навакольнага свету і жыцця. Урокі педагога выходзяць далёка за межы мовы і літаратуры, што падуладна толькі сапраўднаму майстру.

Алена САКАЛОЎСКАЯ.
Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА.