І прафесіі навучаюцца, і творча развіваюцца

Мінулы тыдзень адзначыўся адметнай падзеяй для прафесійна-тэхнічных устаноў Магілёўшчыны. У вобласці адбыўся рэгіянальны этап рэспубліканскага агляду тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў і педагогаў устаноў гэтага профілю.

Маладыя людзі і іх выкладчыкі атрымалі магчымасць прадэманстраваць шырокай аўдыторыі ўсю разнастайнасць сваіх творчых знаходак, тэхнічных распрацовак і інавацыйнай думкі. Выставачная зала Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 1, дзе сёлета ладзіўся агляд, была запоўнена экспазіцыямі. Удзел у творчым спаборніцтве прымалі 29 прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў рэгіёна. На выставу было прадстаўлена звыш 580 разнастайных экспанатаў.

Вельмі крэатыўнымі былі творчыя работы ўдзельнікаў. Уражвала разнастайнасць відаў і жанраў прадстаўленай на выставе творчасці. Сваё майстэрства навучэнцы і педагогі дэманстравалі ў мастацкай вышыўцы, саломапляценні, ганчарстве, разьбе па дрэве, бісерапляценні, выяўленчым мастацтве, дызайне адзення. Усе работы адрознівала высокая якасць выканання і непаўторная знешняя эстэтыка. Некаторыя вырабы захоўвалі самабытнасць народных промыслаў, іншыя былі выкананы ў сучасных творчых напрамках. Здзіўляла яшчэ і тое, што з самага простага матэрыялу ўдзельнікі змаглі стварыць сапраўдныя творы мастацтва.

Напрыклад, як прадстаўнікі Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа. Творчая экспазіцыя навучальнай установы ў асноўным складалася з работ педагога аб’яднання па інтарэсах “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” Таццяны Палькевіч і яе навучэнцаў. Цудоўная калекцыя адзення, вырабы з дрэва, карціны ў розных тэхніках надоўга прыкоўвалі погляд і наглядна пацвярджалі, што ў каледжы шмат таленавітых маладых людзей. І адметна, што кіраўніцтва ўстановы стварае для іх усе неабходныя ўмовы для самарэалізацыі.

— Мы прапаноўваем навучэнцам розныя магчымасці для развіцця іх здольнасцей. Зараз у каледжы дзейнічаюць трынац­цаць гурткоў спартыўнай і мастацкай накіраванасці. Педагогі дадатковай адукацыі заўсёды арыентуюцца на інтарэсы дзяцей. Гэта прыносіць адпаведны плён. Нашы навучэнцы — пастаянныя прызёры як творчых аглядаў і выстаў, так і конкурсаў прафесійнага майстэрства, — паведаміла начальнік аддзела па рабоце з моладдзю каледжа Л.М.Бабкова.

Незабыўныя ўражанні пакінула экспазіцыя Магілёўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага эканамічнага каледжа. Прадстаўнікі навучальнай установы паказалі свае таленты ў разнастайных кірунках дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва. Унікальныя творчыя работы з саломкі, воўны, металу, скуры, выкананыя ў розных тэхніках і стылях, сапраўды ўражвалі.

— У нас вельмі многа таленавітых дзяцей. І такая ж вялікая колькасць таленавітых педагогаў. Яны ўмеюць захапіць, матываваць навучэнцаў. У каледжы функцыянуе шмат розных аб’яднанняў па інтарэсах. Кожны можа знайсці сабе занятак па душы. Педагогі разам з дзецьмі пастаянна нешта прыдумваюць, ажыццяўляюць нейкія наватарскія творчыя ідэі. Вынік гэтай дзейнасці — непаўторныя творчыя работы, якія заўсёды высока ацэнь­ваюцца на творчых конкурсах і фестывалях, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце каледжа Т.П.Красуцкая. 

Акрамя творчых работ, на выставе было мноства экспанатаў тэхнічнай творчасці. Удзельнікі агляду прадставілі ўвазе прысутных разнастайныя вынаходствы і распрацоўкі практычнага характару. Яны ўключалі ў сябе рацыяналізатарскія прапановы ў машынабудаванні, будаўніцтве, эканоміі энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, сельскай гаспадарцы.

Так, прадстаўнікі Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа дэманстравалі на аглядзе 29 цікавых тэхнічных распрацовак. Навучэнец Яўген Мя­дзведзеў прадстаўляў праект, які можа любога навучыць самастойнай зборцы камп’ютара. Навучэнец Максім Калачоў стварыў апарат для дыстанцыйнага кармлення катоў, які дапаможа наладзіць харчаванне свойскіх гадаванцаў у час адсутнасці гаспадароў. А вось майстар вытворчага навучання Уладзімір Краўчанка разам з педагогам дадатковай адукацыі Мікалаем Слясарчыкам стварылі аўтарскі ўзор аўтамабіля гадоў СССР.

— Гэты аўтамабіль — своеасаблівая рэалізацыя творчых здольнасцей навучэнцаў. Хацелася далучыць моладзь да аўтамабільнай гісторыі. Машына стваралася з нуля. За аснову ўзялі старую “Волгу” ГАЗ-21. Яе выкарыстоўвалі як лякала. Усё астатняе — уласныя ідэі. Работы было вельмі многа, і яна расцягнулася больш чым на два гады. Навучэнцы змаглі не толькі праявіць сваю творчасць, але і адтачыць розныя прафесійныя навыкі, — расказаў педагог дадатковай адукацыі каледжа Мікалай Слясарчык.

Дарэчы, у Магілёўскім дзяржаўным політэхнічным каледжы развіццю тэхнічнай творчасці, яе папулярызацыі сярод педагогаў і навучэнцаў удзяляюць вялікую ўвагу.

— Далучэнне моладзі і выкладчыкаў да заняткаў тэхнічнай творчасцю ў нашай установе ў прыярытэце. Гэтая дзейнасць спрыяе прафесійнаму станаўленню педагагічных работнікаў, раскрыццю талентаў навучэнцаў. А яшчэ сумесная работа над праектамі дапамагае дасягнуць згуртаванасці, адзінства думак навучэнцаў і педагогаў. Як вынік — апошнія пяць гадоў мы пастаянна перамагаем на розных рэспубліканскіх конкурсах, як творчых, так і прафесійных, — адзначыў дырэктар каледжа С.М.Казлоў.

Неардынарныя экспанаты прадстаўляў на выставе і Магілёўскі дзяржаўны прафесійны электратэхнічны каледж. Прадстаўнікі навучальнай установы стварылі ўніверсальны станок для свідравання, заточвання і шліфавання розных дэталей, мадэль прамысловага маніпулятара, якую можна эфектыўна выкарыстоўваць у вучэбным працэсе. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікаў праект “Горад зялёнай энергіі”. Ён уяўляў сабой маштабны інтэрактыўны макет, на якім навучэнцы прадставілі сваё бачанне выкарыстання ў гарадскім жыцці альтэрнатыўных крыніц энергіі.

— На выставе сапраўды было многа цікавых работ. Уражвала іх разнастайнасць. З многімі ўдзельнікамі мы ўжо знаёмыя: яны не ўпершыню прымаюць удзел у нашым аглядзе. Але радуе, што яны пастаянна ўдасканальваюць сваё майстэрства, імкнуцца да новага. Напрыклад, сёлета ў прадстаўленні многіх праектаў іх аўтары выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі, QR-коды. Гэта дае магчымасць больш дэталёва даведацца пра вырабы за кароткі час. Па сутнасці, экспанат можа сам сябе прадставіць, і гэта вялікі плюс, — паведаміла метадыст аддзела выставачнай і прэзентацыйнай работы Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці А.Г.Каблукова.

Акрамя непаўторнасці і наватарства, кожны экспанат выставы вызначаўся адной агульнай адметнасцю. Усе работы тым ці іншым чынам былі звязаны з будучай прафесіяй навучэнцаў, якія іх распрацоўвалі. Маладыя людзі сапраўды зацікаўлены той справай, з якой вырашылі звязаць сваю прафесійную дзейнасць. А ў навучальных установах створаны ўсе неабходныя ўмовы як для якаснага навучання, так і для творчага развіцця.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.