І правіць настаўнік баль

- 10:51Адукацыйная прастора

Новая традыцыя зарадзілася на Гродзеншчыне. Напярэдадні Дня настаўніка адбыўся першы абласны педагагічны баль. У Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі, былым палацы Друцкіх-Любецкіх, прайшлі ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае прафесійнаму святу, і баль, удзельнікамі якога сталі настаўнікі з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці.

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, вітаючы ўдзельнікаў урачыстага мерапрыемства, адзначыў, што настаўнікі заслужылі такую атмасферу свята, што Дзень настаўніка — гэта яшчэ адна нагода падзякаваць ім за працу і пажадаць поспехаў, дабрабыту і здароўя. Са словамі віншавання да педагагічнай грамадскасці Гродзеншчыны звярнуліся намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сягоднік, дырэктар дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міні-стэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мірончык, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Грышэчка, старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложачнік, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Лілія Кір’як, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.

У гэты дзень на сцэну падняліся і маладыя настаўнікі, чые імёны занесены ў віртуальную кнігу гонару маладых спецыялістаў. У гэтым годзе ў ёй з’явілася 25 новых імёнаў, а таксама тыя, хто быў адзначаны ганаровымі граматамі і падзякамі. Сярод іх — дырэктар Лунненскай сярэдняй школы імя Івана Шарамета Мастоўскага раёна Віктар Чэрнік, якому М.У.Мірончык уручыў нагрудны знак Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”.

Прагучала і імя пераможцы абласнога конкурсу “Кіраўнік года”. Напярэдадні былі вызначаны чатыры фіналісты. І вось начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі адкрывае канверт з надпісам “Кіраўнік года” і агучвае імя пераможцы. Ім стаў дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды Сяргей Фанасаў. У падарунак ён атрымаў сертыфікат на набыццё камп’ютарнай тэхнікі для абсталявання рабочага месца на суму 1500 рублёў.
А потым былыя гаспадары палаца — князь і княгіня Друцкія-Любецкія — запрасілі гасцей на баль. У гэты вечар у параднай зале танцавала шмат сямейных настаўніцкіх пар — Аляксей Валер’евіч і Наталля Мікалаеўна Кавалевіч, Сяргей Сяргеевіч і Вольга Аляксандраўна Паграбнёвы з Гродна, Вольга Міхайлаўна і Мікалай Мікалаевіч Маляўскія са Смаргонскага раёна, Таццяна Валянцінаўна і Леанід Віктаравіч Казак з Астравецкага раёна, Наталля Валер’еўна і Дзмітрый Віктаравіч Салдаценкавы са Свіслацкага раёна, Вольга Пятроўна і Сяргей Іванавіч Стульгіс са Шчучына.

Падэграс і вальс, падэспань і полька-тройка — сучасныя настаўнікі паказалі танцавальны клас. А завяршыўся вечар агульнымі здымкамі, кветкамі дамам, віншаваннямі і добрым святочным настроем.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.