І прызванне, і каханне. Настаўнікі з Глыбоччыны 30 гадоў жывуць і працуюць разам

- 14:18Учительский дуэт

Алена і Міхаіл Вашыла, настаўнікі Пліскай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна, больш за 30 гадоў жывуць і працуюць разам. Завіталі да іх па сакрэты сямейнага шчасця. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Прафесійны выбар для маіх суразмоўнікаў быў простым і лагічным — абое мелі ў сваіх сем’ях настаўніцкія прыклады сярод родных і сваякоў, таму любоў да прафесіі выхоўвалася ў іх з маленства. А вось тое, што
ў школе маладыя людзі знойдуць не толькі прызванне, але і каханне, для іх было сюрпрызам.

— Пунктам адліку нашай сямейнай гісторыі стала 15 жніўня 1993 го­да. У той дзень я прыйшла маладым спецыялістам у Пліскую школу выкладаць беларускую мову і літаратуру. На вахце мяне сустрэў хлопец з вялікай звязкай ключоў — прыгожы, стройны. Я падумала, што гэта старшакласнік, але ён аказаўся маім калегам — ужо год працаваў нас­таўнікам працоўнага навучання. Праз паўгода мы пажаніліся, — расказ­вае Алена Раманаўна, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці.

Муж і жонка нарадзіліся і выраслі недалёка ад Плісы — у суседніх вёсках Крывічы і Прошкава, паміж якімі ўсяго 3 кіламетры, але да той сустрэчы яны ні разу нават не сутыкаліся.

— Міхаіл быў камунікабельным, умеў знайсці падыход да дзяўчыны, мог дапамагчы ў любой сітуацыі. Ды і прыгожыя рэчы, якія ён ствараў сваімі рукамі, падкуплялі. Акрамя таго, высветлілася, што ён добра гатуе. Мама і бабуля Міхаіла выдатна кухарылі, і яму дакладна перадаўся кухарскі талент у спадчыну. За якую б страву ён ні ўзяўся, атрымліваецца хутка, смачна, апетытна. Муж і супу наварыць, і блінцоў напячэ. Але яго фірменныя стравы з рыбы — і юшка, і катлеты, і клёцкі… Я люблю, калі ён гатуе, таму з задавальненнем саступаю яму сваё месца каля пліты, — хваліцца талентамі мужа Алена Раманаўна.

Міхаіл Міхайлавіч прызнаецца, што, мяняючы школьную майстэрню на дамашнюю кухню, ён адпачывае:

— Калі ў мяне было менш вучняў, я часта яшчэ і рыбу лавіў. Цяпер застаецца час толькі на гатаванне — так я настройваюся на адпачынак. Асабліва люблю гатаваць не хуткія простыя стравы, а нешта арыгінальнае. Нават калі вучыўся ў педагагічным тэхнікуме, то карміў у інтэрнаце ўвесь свой блок студэнтаў. Але вуды з жонкай мы далёка не хаваем — калі прыязджае дадому наш сын, заўзяты рыбак, мы абавязкова з Аленай далучаемся да яго і ўсёй сям’ёй ідзём на рыбалку. У нашым возеры во­дзяцца шчупак, карась, акунь, плотка, краснапёрка, а па ментуза, галаўня, ліня прыязджаем сюды, на Пліскае возера. Любім хадзіць з Аленай і ў лес па грыбы і ягады.

З ахвотай дапамагае Міхаіл Міхайлавіч жонцы ўпрыгож­ваць і іх дом. Цяпер тут пануе навагодняя казка: на туях вакол дома гараць гірлянды, распісаны марознымі ўзорамі вокны, напаўня­юць хвойным водарам настольныя кампазіцыі, атмасферу свята падтрымліваюць падсвечнікі, дэкаратыўныя ліхтары і іншыя дызайнерскія знаходкі. А хутка пачнецца вясна — сезон чараўніцтва ў са­дзе, які стаў агульным сямейным захапленнем. Алена Раманаўна адказная за “культурнае” напаўненне клумб і град, а Міхаіл Міхайлавіч — за іх дызайн. Напрыклад, кожны сезон ён стварае новыя скульптуры. Абнаўляюць гаспадары і свой фруктовы сад. Акрамя яблынь, груш, брэнда Глыбоччыны — вішань, багатым ураджаем радуюць і маладыя чарэшні.

На пытанне пра сакрэт сямейнага ладу муж і жонка Вашыла гавораць, што проста важна адчу­ваць адно аднаго, разумець без слоў. І тлумачаць:

— Пасля рабочага дня мы па дарозе дадому маўчым. Абое маем такі стан (і псіхалагічны, і фізіялагічны — галасавым звязкам таксама трэба даваць перадышку), калі за дзень столькі нагаварыліся, что хочацца проста памаўчаць. Размаўляць пачынаем пазней, калі гатуем вячэру і садзімся за стол. У сям’і важна не імкнуцца быць лідарам, умець саступаць, не камандаваць. Лепш так: сёння мы робім па-твойму, заўтра — па-мойму. Калі кахаеш, то заўсёды знойдзеш спосаб жыць у згодзе.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара