І рамантыка, і адкрыцці

Лета — гэта час, калі можна не толькі адпачыць, але і заняцца тым, што любіш. Нехта з’язджае за горад ці прысвячае вольныя дні блізкім і сябрам, нехта займаецца творчасцю ці паглыбляецца ў навуку. А некаторыя людзі ўсё гэта аб’ядноўваюць. Як выкладчыкі і студэнты гістарычнага факультэта БДУ, што ў межах летняй практыкі праводзілі археалагічныя раскопкі ля вёскі Рэчкі Вілейскага раёна.

Новае — добра забытае старое

Пляцоўка даследаванняў уключыла ў сябе два гарадзішчы, неўмацаванае селішча і некалькі курганных могільнікаў. Абодва гарадзішчы даўно атрымалі назвы ад мясцовых жыхароў. Большае — Замкавая гара (датуецца І тысячагоддзем н.э.) — было вядома навукоўцам з самых першых раскопак. Меншае — Гарадок — пакуль дэталёва не даследавалася, аднак вучоныя выказваюць гіпотэзу пра тое, што яно магло быць свяцілішчам. Кожны аб’ект і сёння авеяны легендамі пра закапаныя скарбы і палац, што некалі схаваўся пад зямлёй.

Навуковае даследаванне гэтых мясцін пачалося з раскопак на адным з гарадзішчаў у сярэдзіне XIX стагоддзя па ініцыятыве Адама Кіркора. Аб’ект быў цікавы з геалагічнага пункту гледжання, паколькі трапіў у ледавіковую зону. Калі ледавік сышоў, на зямлі засталося шмат валуноў і дробных камянёў.

— Гарадзішча размяшчаецца на ўзгорку прыроднага паходжання. Будуючы паселішча, людзі зрэзалі яго, вакол насыпалі валы. Пасля гэта месца выкарыстоўвалася для абарончых мэт, апрацоўкі руды. Гарадзішча складаецца з каменных калон, паміж якімі ўтварылася невялікая пячора. Кіркор убачыў такія асаблівасці і зрабіў выснову, што аб’ект мог быць старажытным замкам, буйным цэнтрам крывічоў дахрысціянскага часу. Вучоны шмат пісаў пра яго ў сваіх работах, усюды адзначаў, што гэтае месца мае вялікі навуковы патэнцыял. Былі зроблены тапаграфічныя здымкі мясцовасці, і даследчык прыйшоў да высновы, што гарадзішча ўваходзіць у складаную сістэму фартыфікацыі. Аднак з дзейнасцю Адама Кіркора на тэрыторыі Беларусі скончыліся і буйныя даследаванні археалагічнага комплексу, — расказвае загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін гістарычнага факультэта БДУ Паліна Курловіч. 

У 30-я гады XX стагоддзя на тэрыторыі працавалі археолагі з Віленскага ўніверсітэта Стэфана Баторыя. У той час спецыялісты больш увагі ўдзялілі апісанню комплексу, адзначылі наяўнасць курганных пахаванняў. Там знайшлі пахаванні па абрадзе інгумацыі (пахаванне памерлага ў глебу). У другой палове мінулага стагоддзя буйныя даследаванні амаль не праводзіліся. Спецыялісты час ад часу праводзілі археалагічную разведку, апісвалі помнік, рабілі шурфы, сачылі за станам помніка. Дзякуючы такім выездам, стала вядома, што людзі тут жылі ў V—VII стагоддзях.

У 2019 годзе спецыялісты вярнуліся сюды з разведкай, заклалі шурф на селішчы, праверылі магутнасць культурнага пласта і вызначыліся з перспектывамі далейшых раскопак. Археолагі паставілі перад сабой задачу даследаваць лад жыцця жыхароў мясцовасці, вызначыць асаблівасці вядзення гаспадаркі і побыту першага тысячагоддзя. 

Сёлета каманда студэнтаў і выкладчыкаў сканцэнтравала сваю ўвагу на селішчы і адным з курганоў. Па словах даследчыкаў, паселішча ўражвае насычанасцю культурнага пласта. На гэтым месцы знайшлі фібулу V стагоддзя і кераміку V—VII стагоддзяў (некаторыя фрагменты можна аднесці да больш позняга часу — VІІІ—Х стагоддзяў). Артэфакт, які сустракаецца найбольш часта, — гліняная прасліца (ці інакш — грузік для верацяна). За ўвесь час экспедыцыі іх знайшлі больш за 60 — гэта сведчыць пра вялікія аб’ёмы прадзення і яго запатрабаванасць. Самымі раннімі знаходкамі аб’екта лічацца прадметы другой паловы IV стагоддзя, познімі — прадметы X — пачатку XI стагоддзя. 

Паліна Сяргееўна гаворыць, што вялікую шкоду гэтым мясцінам робяць чорныя капальнікі. Калі вучоныя вярнуліся сюды ў 2019 годзе, яны ўбачылі шмат незасыпаных глыбокіх ям рознага памеру. Спецыяліст бядуе, што такім чынам капальнікі парушаюць культурны пласт аб’екта, знішчаюць унікальныя артэфакты ці сляды, якія часам можна зафіксаваць толькі дзякуючы пільнаму воку археолага. 

— Калі чалавек недзе жыве, вакол гэтага месца ўтвараецца культурны пласт. Зямля ўбірае ў сябе сляды арганікі, побытавыя прадметы, апаленыя і неапаленыя косці, — тлумачыць Паліна Курловіч. — Таму, калі на тэрыторыі раскопаў “папрацуюць” чорныя капальнікі, поўная карціна пра мясцовасць губляецца, знішчаюцца звесткі пра чалавечыя супольнасці гэтых мясцін. А для нас важна ўсё: пункт знаходжання першай знаходкі, глыбіня, становішча аб’ектаў, іх суседства з іншымі артэфактамі, розныя наслаенні і інш. Інакш страчваецца частка гісторыі. 

Пасля даследавання селішча ў 2020 годзе стала відавочна, што тут жылі людзі, якіх спецыялісты адносяць да дзвюх археалагічных культур: банцараўскай (V—VII стст.) і культуры смаленска-полацкіх доўгіх курганоў (VIII—X стст.). Першая яшчэ чакае сваіх даследчыкаў: да канца не вядома, кім былі гэтыя людзі (некаторыя навукоўцы мяркуюць, што гэта балты, якія з часам змяшаліся са славянамі, паколькі ёсць рысы абодвух народаў). Другая культура ў многіх даследчыкаў асацыіруецца з крывічамі, якія папярэднічалі старажытнарускай дзяржаве. 

Летась гісторыкі знайшлі вялікае жытло (вучоныя называюць аб’ект падобным чынам, калі знаходзяць там рэшткі печы-каменкі) і гаспадарчыя ямы. Тады ж у гарадзішчы адшукаліся сляды печкі-домніцы — сведчанне таго, што насельніцтва займалася металургіяй — вырабляла крычнае жалеза. Значнай знаходкай сталі таксама шпоры воіна-вершніка (V—VII стст.) і баявы нож. Знойдзеныя прадметы даюць падставы лічыць, што ў гарадзішчы магла жыць вайсковая эліта тагачаснага грамадства. Таксама археолагі знайшлі нямала ўпрыгажэнняў, элементаў адзення, каляровага металу, гаспадарчых прылад. Вучоныя чарговы раз пераканаліся ў цікавасці помніка для вывучэння, па ім можна даследаваць розныя бакі матэрыяльнай культуры таго часу. Спецыялісты ўпэўнены, што, даследуючы мясцовасць далей, яны змогуць наблізіць адказ на пытанне, якім чынам узаемадзейнічалі банцараўская культура і культура смаленска-полацкіх доўгіх курганоў, установяць больш дакладную храналогію знаходак і іх магчымае прызначэнне.

Як гэта працуе?

Калі экспедыцыя выпраўляецца на месца ўпершыню, археолагі вызначаюць яго асаблівасці, ствараюць план мясцовасці. Пасля выбіраецца месца для закладвання раскопу. Гэтая частка — адна з самых непрадказальных, як латарэя: даследчыку аднолькава можа пашанцаваць і не пашанцаваць. Як правіла, раскопы маюць прамавугольную форму, размяшчаюцца па напрамках свету і разбіваюцца па квадратах. Масавыя знаходкі даследчыкі фіксуюць паквадратна, а ў выпадку з індывідуальнымі — вымяраюць глыбіню, вызначаюць канкрэтны пункт залягання артэфакта.

Пасля кожнага пласта (10 см) робіцца зачыстка, каб зняць тонкі пласт натаптанай зямлі. Спецыялісты імкнуцца, каб прадметы з аднаго аб’екта былі разам: гэта дапамагае сабраць больш дакладную інфармацыю.

Раскопы пахаванняў маюць больш тонкую спецыфіку — там важны кожны прадмет. Тое, якія артэфакты там змешчаны і якім чынам гэта зроблена, можа шмат расказаць пра светапогляд тагачасных людзей. Калі археолагі ўпіраюцца ў мацярык (паверхня без слядоў культурнага пласта — пясок ці гліна), фіксуецца стратыграфія помніка: па зачышчаных вертыкальных сценках глядзіцца размяшчэнне розных культурных пластоў, праслоек. Дзякуючы ім, як у дэтэктыве, вучоныя могуць даведацца, што адбывалася на гэтай тэрыторыі ў старажытнасці. Затым месца засыпаецца.

Аднак на гэтым работа не заканчваецца. Штогод, акрамя знаходак, экспедыцыя прывозіць значны аб’ём папяровага і алічбаванага матэрыялу: запісаў, малюнкаў, фотаздымкаў. Многае з гэтага спатрэбіцца не толькі для даследавання артэфактаў, але і для навуковай справаздачы ў Акадэмію навук (каб атрымаць дазвол на даследаванні ў наступным годзе). У стане апрацоўкі артэфакты знаходзяцца каля года, затым іх або перадаюць у краязнаўчыя музеі, або пакідаюць у навуковых фондах устаноў. Часта аб’екты знаходзяць дом на самім гістфаку — у фондах вучэбнай лабараторыі музейнай справы.

У навучальны год — з новымі знаходкамі

Летась на аб’ект выязджалі толькі валанцёры: уплывала эпідэмічная сітуацыя, і студэнцкая практыка праходзіла дыстанцыйна. Сёлета выезды першакурснікаў у археалагічныя экспедыцыі аднавіліся. Маладыя людзі і выкладчыкі працягнулі мінулагоднія даследаванні, а таксама знайшлі сляды двух жытлаў: аднаго — з абмазанымі глінай сценамі, другога — паўзямлянкі з печкай-каменкай. Спачатку хлопцы і дзяўчаты адбіралі пробы зямлі для ўстанаўлення больш вузкага датавання знаходак, бралі вугаль для радыевугляроднага і спорава-пылковага аналізу. Пасля археолагі перамясціліся на гарадзішча. Тут знайшлі невялікую колькасць аб’ектаў, якія могуць адносіцца да больш ранняй культуры штрыхаванай керамікі. Не абмінулі ўвагай і курганы.

— Мы вырашылі даследаваць усе курганы — тры групы. Пачалі з першай, якая складаецца з насыпыў, мала падобных да курганоў. Спачатку не маглі зразумець дакладна, што даследуем, бо насыпы або аплылі, або былі пашкоджаны. Высветлілася, што гэта сапраўдны курган, дзе мы знайшлі сапраўднае пахаванне па абрадзе крэмацыі — перавернуты гаршчок (урна), перапаленыя косці, спражку, накладку на грабеньчык, абпаленыя элементы строю. Побач з урнай знаходзіліся сляды плуга, якія датуюцца эпохай Сярэднявечча. Удакладніць, што гэта — адбіткі гаспадарчага жыцця таго часу або частка рытуалу, мы зможам у будучыні, — гаворыць Паліна Сяргееўна. 

Многім можа падацца, што работа археолагаў зусім “няпыльная”, маўляў, поркайся сабе ў зямлі ды знаходзь усялякія цікавосткі. Зразумела, гэта зусім не так: спецыялісты валодаюць асновамі геадэзіі, методыкамі кансервацыі месца раскопаў і захавання прадметаў, апрацоўкі знойдзеных рэчаў і іх захоўвання, ведаюць, як зрабіць дакладны тапаграфічны здымак мясцовасці, разбіраюцца ў дысцыплінах прыроднага цыкла. Таксама археолагі ўвесь час узаемадзейнічаюць са спецыялістамі з сумежных галін: антраполагамі, палеабатанікамі, архезаолагамі і іншымі. 

Надвор’е — адзін з ключавых фактараў, якія могуць паўплываць на работу археолагаў. Калі ападкаў шмат — месца раскопак можа заліць, і тады групе трэба будзе чакаць, калі пляцоўка прасохне. Інакш гэта можа паўплываць на якасць сабранай інфармацыі і паўнату карціны пра аб’ект. Аднак і без дажджу спецыялістам ніяк: ён патрэбен найперш для таго, каб зямля не перасыхала і не абсыпалася падчас работ. Сёлетняе лета Паліна Курловіч назвала на дзіва спрыяльным для экспедыцыі.

Работа каманды выкладчыкаў і студэнтаў гістфака БДУ як складванне пазлаў. І размова не толькі пра склейванне пашкоджаных артэфактаў, але і пра высвятленне невядомых прамежкаў гісторыі. Тут вельмі важна мець напрацаванае вопытнае вока. Звычайны чалавек можа не ідэнтыфікаваць многія значныя моманты. Напрыклад, рэчыва накшталт попелу можа быць струхнелымі касцямі, розныя колеры зямлі гавораць пра розныя з’явы, а купка камянёў можа аказацца часткай печы.

— Калі чалавек прыходзіць у археалогію, ён выбірае напрамак, якім хацеў бы займацца. Ён можа спецыялізавацца або на пэўным напрамку ці помніках архітэктуры, або зрабіць ухіл на практыку: рэстаўрацыю, кансервацыю, тапаграфію і геадэзію, — падагульняе археолаг. — Летняя практыка — вельмі добры індыкатар таго, ці зможа чалавек займацца археалогіяй у далейшым. У нас заўсёды ёсць студэнты, якія прыязджаюць на раскопы пачынаючы з 1 курса. Цікавасць праяўляе моладзь не толькі з нашай кафедры, бо такія работы ўлетку — гэта і рамантыка, і адкрыцці нечага новага. Калі трымаеш на руках прадмет, якім карысталіся некалькі стагоддзяў назад, ці артэфакт з адбіткамі пальцаў чалавека Сярэдніх вякоў — гэта не праходзіць дарма. А ў дадатак да ўсяго мы жывём у палатках, глядзім на зоркі і збіраемся па вечарах ля вогнішча! 

Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва П.Курловіч.