Палову стагоддзя Яўген Мікалаевіч Саковіч прысвяціў рабоце з таленавітымі дзецьмі, навучэнцамі Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў. Гэта не перашкодзіла заслужанаму настаўніку Беларусі стаць вядомым жывапісцам. У чым сакрэт?
Яўген Мікалаевіч Саковіч узнагароджаны ордэнамі Францыска Скарыны і Кірылы Тураўскага. Карціны мастака выстаўляліся ў Францыі, Германіі. Тры работы знаходзяцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
Ён майстар акварэльнага жывапісу, які адрозніваецца лірызмам і тонкім адчуваннем беларускай прыроды. З 1972 года і да сённяшняга дня працуе ў гімназіі-каледжы мастацтваў. Пачынаў з пасады завуча па мастацкім выхаванні, потым шмат гадоў з’яўляўся намеснікам дырэктара па творчай рабоце.
Пяць рэчаў, якія неабходны настаўніку для самарэалізацыі
- Мне пашанцавала пераняць вопыт выхавання таленавітых дзяцей у мастакоў Сяргея Каткова і Віктара Вярсоцкага. Я дзівіўся, колькі жывога інтарэсу і ўвагі праяўляюць яны да сваіх вучняў, як тонка перадаюць ім уменне ўспрымаць прыгажосць навакольнага асяроддзя. Гэта натхніла і мяне паспрабаваць сябе на педагагічнай ніве. Іх падыход да працэсу навучання я пераняў, калі ў 1972 годзе пачаў працаваць у сталічнай сярэдняй школе № 26, якая атрымала статус навучальнай установы з мастацкім ухілам, а потым стала гімназіяй-каледжам мастацтваў.
- Педагог-мастак — не проста настаўнік малявання ў школе. Ён павінен сам пісаць, развівацца, не стаяць на месцы. Інакш чаму ён зможа навучыць дзяцей? І тут двайная нагрузка — неабходна правесці большую палову дня ў гімназіі, а потым зазірнуць у сваю майстэрню, знайсці сілы і натхненне, каб узяць у рукі пэндзаль, фарбы і тварыць.
- Не баяцца быць розным. У кожнага з нас шмат граней, і для педагога-мастака важна не таптацца на месцы. Адзін з галоўных людзей у маім жыцці — мітрапаліт Філарэт, з якім мяне звязвалі доўгія гады сяброўства, ён шмат разоў бываў на маіх выставах і аднойчы сказаў: “Аказваецца, ты такі розны”. Для мастака гэта найвышэйшая пахвала: значыць, ён не закасцянеў, не паўтараецца, захаваў свежасць успрымання і яму ёсць чым падзяліцца з вучнямі.
- Адсутнасць абыякавасці. Гэта самае страшнае, што можа здарыцца з настаўнікам. Размаўляць з дзецьмі пра іх работы, суперажываць — вельмі важна.
- Лічу, дзеці не павінны мяне паўтараць. Навошта яшчэ адзін Саковіч! (Усміхаецца.) Ім варта адчуваць і разумець, што я старэйшы, разумнейшы, але гэта не значыць, што я больш таленавіты. Нельга на першае месца ставіць свой аўтарытэт і тым больш павышаць голас.
Пяць самых яркіх момантаў у кар’еры
- Персанальная выстава, якая прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў 2007 годзе. На ёй былі прадстаўлены не толькі мае работы, але і маіх вучняў. Ідэя заключалася ў тым, каб паказаць, чаго я варты як мастак і педагог. Мы атрымалі шмат цёплых водгукаў. Было б цудоўна паўтарыць гэты вопыт. Я перакананы, што малюнкі нашых выхаванцаў неабходна паказваць гледачу. Таму мы пастаянна арганізуем выставы, карцінныя галерэі ў бальніцах, паліклініках, дзіцячых садах, школах і гімназіях сталіцы.
- Мне выпаў гонар займацца напісаннем праграмы эстэтычнага выхавання навучэнцаў. Сур’ёзная праца, якой я прысвяціў шмат гадоў. Падсвядома выбраў правільны кірунак — заставацца верным акадэмічнаму малюнку, пры гэтым шмат увагі ўдзяляць вывучэнню беларускага народнага мастацтва. Па гэтай праграме працавалі больш за 600 школ краіны.
- Уступленне ў Беларускі саюз мастакоў. Прызнаюся, да гэтага моманту адчуваў сябе крыху няўтульна побач з вялікімі мэтрамі — Стэльмашонкам, Савіцкім, Паплаўскім. Далучэнне да саюза надало мне ўпэўненасці.
Галоўнае для мастака ўсё-такі не працаздольнасць, а ўменне думаць, нараджаць свае ідэі, а не паўтараць чужыя.
- У канцы кожнай чвэрці ў класах гімназіі-каледжа праходзяць прагляды. Імкнуся бываць на ўсіх не толькі па доўгу службы, але і па запыце душы. Гэта такая радасць, такая моцная падпітка — бачыць работы дзяцей, якія жывуць творчасцю, для якіх арганічна прыдумляць штосьці сваё, эксперыментаваць, быць у пошуку ўласнага стылю. У такіх вучняў асаблівая энергетыка. І я ёй напаўняюся.
- Мае 50 гадоў работы ў такой унікальнай і дзіўнай установе адукацыі, як гімназія-каледж мастацтваў. Радасна ад таго, што ты маеш дачыненне да раскрыцця таленту, дапамагаеш нараджацца сапраўдным мастаком. У розныя гады маімі вучнямі былі Алеся Скарабагатая, Усевалад Швайба, Тамара Шэлест і многія іншыя. І мая дачка Алена Саковіч, якой я вельмі ганаруся.
Пяць рэчаў, якія дапамагаюць матываваць гімназістаў
- Я ніколі не дазваляю сабе папраўляць дзіцячы малюнак. Памятаю, калі мае выкладчыкі штосьці карэкціравалі на маім палатне, я губляўся, вельмі хваляваўся, не ведаў, што мне рабіць. Таму, калі хачу вучню расказаць, дзе ён памыліўся, бяру лісток паперы і паказваю, што і як яму неабходна падправіць. З вялікай павагай стаўлюся да іх творчасці. Без павагі нельга — інакш вучань адвернецца ад цябе, закрыецца.
- І дзецям, і іх бацькам заўсёды кажу: “Вы не думайце, што кожны раз усё будзе зроблена на біс. У рабоце, якая не атрымалася, ёсць шмат каштоўнага”. Не трэба баяцца памылак — разумны чалавек на іх вучыцца.
- Міхаіл Савіцкі называў нашу ўстанову “гімназіяй дызайну”. І мяне гэта не крыўдзіла. Хутчэй, наадварот. Я за смелыя падыходы ў мастацтве, не трэба быць усім мастакамі-станкавістамі. Заўсёды імкнуўся прыбягаць да новых прыёмаў, тэхнік, матэрыялаў. Упэўнены, дзеці павінны імі валодаць, каб мець права выбару, не баяцца эксперыментаваць.
- Калі вучань пытаецца ў мяне, якім колерам яму лепш маляваць, адказ заўсёды адзін: чорным. Я хачу, каб дзіця вучылася самастойна прымаць рашэнне, імкнулася да пошуку і аналізу сваёй работы.
- На маіх уроках няма такой праблемы, як дрэнныя паводзіны. Я знайшоў выхад: калі бачу, што юны мастак справіўся і яму становіцца сумна, даю лісток паперы і новае заданне. Нестандартнае. Мы называем гэта “каракулі”. Я малюю ломаную лінію, напрыклад, і прапаноўваю падключыць фантазію і напісаць карціну. Дзецям вельмі падабаецца пераўтвараць “каракулі”. Гэта дае магчымасць адысці ад кананічнасці.
Пяць рэчаў, якія дазваляюць убачыцьі развіць
творчыя здольнасці ў дзяцей
- За столькі гадоў розных навучэнцаў давялося вучыць! Яны ўсе здольныя, аднак таленавітых адрознівае часцей за ўсё нестандартнае мысленне, якое не можа не зачапіць і якое абавязкова знойдзе адлюстраванне ў рабоце. Перакананы, што глыбіня і духоўная напоўненасць дзіцячых работ залежаць ад прыроднага даравання. Але добра, калі вучань начытаны, тады ў яго будзе шмат думак, з’явіцца пэўны сэнс у яго работах, незалежна ад таго, пейзаж гэта ці абстракцыя.
- У маёй практыцы былі выпадкі, калі вучні не падавалі вялікіх надзей, але потым станавіліся добрымі мастакамі. Магчыма, крыху пазней “саспелі” ці якісьці штуршок адбыўся — сустрэлі “свайго” выкладчыка. Бывала і наадварот: талент прападаў, таму што дзіця не прывыкла працаваць, удасканальвацца, вучыцца новаму.
- Мой талент прачнуўся адносна позна — у гадоў 14—15. Спачатку пісаў на цыратах пейзажы ў духу Шышкіна і Айвазоўскага для сваіх аднавяскоўцаў, таксама спрабаваў маляваць простым алоўкам партрэты вядомых артыстаў. Радаваўся, калі атрымлівалася перадаць не толькі знешняе падабенства, але і характар чалавека. І, шчыра кажучы, не марыў быць мастаком. Дзякуй бацькам — яны паверылі ў мае здольнасці. Татам і мамам сваіх вучняў я раю падтрымліваць дзетак, асцярожна падбіраць словы, каб не пакрыўдзіць тонкую творчую натуру.
Мастаком я адчуў сябе ў сталым узросце, калі мяне ім пачалі называць прызнаныя майстры — Шчэмелеў, Савіцкі, Данцыг, Вашчанка.
- У нашай установе дзеці займаюцца з 2 класа. Пасля 4-га здаюць экзамен і паступаюць у гімназію — пачынаецца акадэмічнае навучанне жывапісу. А з 9 класа гімназісты вывучаюць дызайн, атрымліваюць падрыхтоўку па спецыяльнасці. І ў гэты час неабходны не столькі талент, колькі працаздольнасць і стараннасць.
- Гімназія-каледж вельмі адрозніваецца ад іншых устаноў. Калі ў таленавітага дзіцяці слабей ідзе фізіка ці матэматыка, імкнёмся падтрымаць яго. Ды і самі навучэнцы вельмі дапамагаюць адзін аднаму падчас вучобы.
Пяць рэчаў, якія выклікаюць натхненне
- У дзяцінстве ўзяць у рукі фарбы і пэндзаль мяне натхнілі работы дзядзькі, які, не маючы адукацыі, маляваў на шпалерах. На жаль, ён загінуў на вайне.
- Прырода. Пейзажы займаюць асаблівае месца ў маёй творчасці. Заўсёды напаўняю іх сваімі перажываннямі, укладаю часцінку сваёй душы. Люблю пісаць з натуры, рэдка раблю накіды і фотаздымкі з месца, якое ўразіла.
- Моцныя эмоцыі, як станоўчыя, так і адмоўныя. Тады асабліва імкнуся да фарбаў, каб падтрымаць сябе. Памятаю, адпачывалі на моры, унучка захварэла, я ўсхваляваўся і не заўважыў, як пачаў пісаць. Так нарадзілася карціна “Малітва”, такая чыстая і светлая.
- Выставы. Сам наведваю і вучням раю. Прашу не спяшацца ацэньваць, прапаную падумаць, што падабаецца, а што не і чаму. На адной з выстаў мяне ўразіла спалучэнне шэрага, жоўтага і ружовага колераў. Ніколі так сам не пісаў. А зараз знаходжу гэта прыгожым і цікавым.
- Лецішча і сад. Кожнае дрэўца там выпешчана маімі рукамі. У любую пару года любуюся імі. І дом сам будаваў. Мой бацька быў майстрам па дрэве, я назіраў за ім, вучыўся. Свой сталярны інструмент ён нікому ў рукі не даваў. Так і я не дазваляю карыстацца сваімі пэндзлямі і фарбамі. Ну, акрамя дачкі, калі яна была маленькай, а зараз унучак. (Усміхаецца.)
Запісала Марына ЖДАНАВА.