І спартсмены, і даследчыкі

- 11:20Навіны рэгіёнаў

У Пружанах створаны добрыя ўмовы для актыўных заняткаў фізкультурай і спортам дзяцей і дарослых: пабудаваны лядовы і водны палацы, футбольнае поле са штучным пакрыццём, лёгкаатлетычны манеж, лыжаролерная траса, тэнісныя корты, пляцоўка для воркаўта. Гэтая база шырока выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе. 

На жаль, не ўсім вучням падабаюцца фізкультура і спорт. Каб зацікавіць імі, стварыла гурток “Адкрый у сабе навукоўца”, які паказвае старшакласнікам значнасць прадмета не з практычнага, а з тэарэтычнага боку. Гімназісты зацікавіліся, ці існуе такая навука, як фізічная культура, калі ёсць, то што яна можа вывучаць.  

На занятках дзеці абмяркоўваюць праблемныя сітуацыі, звязаныя з фізічным выхаваннем, ставяць мэты і задачы, фармулююць гіпотэзы, вызначаюць аб’екты, прадметы і метады даследавання. З атрыманымі работамі ўдзельнічаюць не толькі ў гімназічных, але і ў раённых, абласных і нават міжнародных канферэнцыях.  

З дапамогай прыбора “Алімп-2”, распрацаванага супрацоўнікамі кафедры фізічнага выхавання БДУ, гурткоўцы-плыўцы прааналізавалі варыябельнасць сардэчнага рытму (сучасная метадалогія даследавання і ацэнкі стану рэгуляторных сіс­тэм арганізма) у юных спартсменаў (валейбалістаў, лёгкаатлетаў, плыўцоў, фігурыстаў, хакеістаў і інш.), распрацавалі методыку па вызначэнні тыпаў тэмпераменту, правялі артастатычныя пробы, пробу Руф’е і анкетаванне. 

Работа “Індывідуалізацыя трэніровачнага працэсу юных спартсменаў у падрыхтоўчым перыядзе гадавога цыкла ва ўзаемасувязі з тэмпераментам, аператыўнымі і бягучымі станамі сардэчна-сасудзістай сістэмы” была адзначана дыпломам І ступені на сёлетняй абласной канферэнцыі “З навукай у будучыню”. На рэспубліканскай канферэнцыі маладых навукоўцаў, якая праходзіла на біялагічным факультэце ў БрДУ імя А.С.Пушкіна, даследаванне было адзначана дыпломам за лепшы пленарны даклад. Работа атрымала дыплом І ступені і на ХII Усерасійскай адкрытай навукова-практычнай канференцыі “З навукай у будучыню” ў Чарапаўцы. Выдатныя вынікі гімназісты паказалі таксама на Міжнароднай алімпіядзе па фізічнай культуры ў Арэнбургскім педагагічным універсітэце (Расія), у рамках якой быў арганізаваны конкурс “Юныя даследчыкі”. 

На дасягнутым мы не спыняемся. Наперадзе юных даследчыкаў чакае шмат новых і цікавых адкрыццяў у галіне фізкультуры і спорту. 

Таццяна ГАРДЗІЕЎСКАЯ,
настаўніца фізічнай культуры і здароўя гімназіі Пружан.