І студэнты становяцца вучнямі

- 10:43Вышэйшая школа

У вышэйшай школе перыяд ад заканчэння летняй сесіі да пачатку навучальнага года заўсёды вельмі насычаны. І гэта звязана не толькі з уступнай кампаніяй: многія ўніверсітэты праводзяць для студэнтаў летнія моўныя школы. Так “Летняя школа замежнай мовы” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі ўжо трэці раз сустракае гасцей.

Праект-стажыроўка пачынаўся ў мінулым годзе з работы эксперыментальнай групы, у склад якой увайшлі госці з Кітая. Сёлета ў праекце ўдзельнічаюць прадстаўнікі Аль-Хавашскага прыватнага ўніверсітэта (Сірыйская Арабская Рэспубліка). З 10 па 20 ліпеня пройдзе другі этап школы, а ў жніўні — трэці. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Цэнтр міжнароднага супрацоўніцтва БДУІР.

— Падобныя школы рускай мовы лічацца азнаямляльнымі, — расказала намеснік начальніка Цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва Ірына Ляткоўская. — Гэта карысная рэкламная акцыя для студэнтаў з розных краін. Дзякуючы ёй ўдзельнікі вывучаюць рускую мову (на гэта адводзіцца каля 80 гадзін), знаёмяцца з культурай і адукацыяй Беларусі. Падобныя школы існуюць у многіх навучальных установах краіны, але адрозніваюцца сваімі мэтамі.

У красавіку адбыўся візіт дэлегацыі Аль-Хавашскага прыватнага ўніверсітэта ў БДУІР, у межах якога бакі абмеркавалі магчымасці далейшага супрацоўніцтва ўстаноў. Адным з вынікаў сустрэчы і стала правядзенне ў Мінску “Летняй школы замежнай мовы” .

— Мы разумеем, што пры ўзаемадзеянні ўніверсітэтаў павінен быць абмен студэнтамі. Неаднаразова вяліся размовы пра стварэнне школ у сферы ІТ, але гэта складаны працэс. Школа рускай мовы стала для нас магчымасцю адпрацаваць розныя механізмы ўзаемадзеяння, — адзначыла Ірына Васільеўна.

Заняткі ў школе падзяляюцца на некалькі блокаў: работа ў аўдыторыі, практычны і культурны (краіназнаўчы) аспект. Першы з іх прадугледжвае непасрэднае азнаямленне з мовай, тэарэтычную частку стажыроўкі (базавыя веды ў пісьмовым і вусным маўленні, вывучэнне некаторых устойлівых спалучэнняў), другі — выхад у горад, зносіны з навакольнымі, экскурсіі, набыццё квіткоў. Культурны блок уключае ў сябе знаёмства з беларускімі песнямі і супастаўленне з іх дапамогай беларускай і рускай моў.

Узровень валодання мовай у гасцей розны — нехта вывучае рускую мову дома, нехта не валодае ёй зусім. За кожным удзельнікам замацаваны студэнты БДУІР, якія суправаджаюць іх. Гэта робіцца для таго, каб госці не адчувалі сябе адчужана і маглі ў любы час звярнуцца па дапамогу да сваіх аднагодкаў.

Інтэнсіў па рускай мове будзе адбывацца ў першай палове дня, у астатні час юнакі і дзяўчаты змогуць наведаць Нацыянальную бібліятэку, музеі, паркі і гандлёвыя цэнтры горада. А па выніках курса маладыя людзі атрымаюць пасведчанні аб навучанні ў “Летняй школе замежнай мовы”.

— За два тыдні нашы госці змогуць пазнаёміцца з краінай, даведацца нешта цікавае пра помнікі архітэктуры і гістарычныя каштоўнасці. Тут жа яны набываюць новыя ўражанні і карысныя знаёмствы, — лічыць Ірына Ляткоўская. — І гэта добра, бо кожны з іх раскажа пра школу сваім знаёмым, а тыя ў сваю чаргу захочуць пазнаёміцца з праектам на ўласным вопыце.

— У Мінску шмат гістарычных помнікаў, універсітэтаў і музеяў. Горад падаецца вельмі сучасным, — падзяліліся ўражаннямі ад першага дня студэнты Маісам і Крысцін. — Імпануе і тое, што людзі навокал добразычлівыя: калі звяртаешся да каго-небудзь па дапамогу — абавязкова яе атрымліваеш.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.