І сухая інфармацыя стане шэдэўрам

Да сённяшніх выпускнікоў прад’яўляюцца дастаткова сур’ёзныя патрабаванні па адаптацыі ў нашым імкліва зменлівым свеце. Ва ўмовах росту сацыяльнай канкурэнцыі маладому чалавеку важны не столькі аб’ём атрыманых ведаў, колькі ўменне іх знаходзіць самастойна, творча прымяняць на практыцы, дзейнічаць эфектыўна, быць крэатыўным. На развіццё ў вучняў матывацыі да навучання, актыўнасці, пазнавальнай цікавасці накіраваны вопыт работы настаўнікаў-практыкаў, якія прадставілі яго на IV навукова-практычнай канферэнцыі “Філалагічная навука ў школе: сучасны стан і перспектывы развіцця” (з міжнародным удзелам).

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Уяўляй, разумей, памятай, прымяняй

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 185 Мінска Наталля Сцяпанаўна Сільчанка ў 5—9 класах аддае перавагу выкарыстанню элементаў тэхналогіі інтэнсіўнага навучання. Яны дазваляюць раскрыць патэнцыял кожнага вучня за кошт работы псіхафізіялагічных механізмаў, якія забяспечваюць развіццё матывацыі, успрыманне, аналіз і сістэматызацыю інфармацыі. Асноўнымі прынцыпамі гэтай тэхналогіі з’яўляюцца прынцыпы поспеху і аптымізму, прынцып цэласнасці (апераджальнае, блочнае і хуткае навучанне), прынцып бесканфліктнасці. Змест сістэмы ўмоўна можна вызначыць як УРПП: уяўляй, разумей, памятай, прымяняй.

Інтэнсіўнае навучанне ўключае ў сябе 6 асноўных элементаў: разгорнутае тлумачэнне тэмы настаўнікам, сціслае выкладанне матэрыялу па апорных плакатах, вывучэнне лістоў з апорнымі сігналамі (апорныя канспекты), работа з лістамі апорных канспектаў дома, пісьмовае ўзнаўленне апор у класе, адказ каля дошкі ці праслухоўванне вусных адказаў аднакласнікаў. Найбольш прымальнымі для ўрокаў беларускай мовы настаўніца лічыць такія прыёмы, як арганізацыя шматразовага паўтарэння, выкарыстанне апорных канспектаў, інспекцыя ведаў, ацэнка ведаў.

— На пачатку навучальнага года вучні заводзяць дадатковыя сшыткі, якія запаўняюцца імі ў адвольнай форме з выкарыстаннем ручак, алоўкаў розных колераў. Вучэнне ператвараецца ў творчасць. Прыдумваюцца ўмоўныя абазначэнні, формулы вызначэння правільных форм слова, аўтарскія схемы. А калі ўсё гэта афармляецца рознакаляровымі прыладамі, то сухая інфармацыя ператвараецца ў шэдэўр. Каб заахвоціць дзяцей яшчэ больш, дазваляецца карыстацца ўласнымі канспектамі на самастойных работах. Такім чынам развіваецца ўменне выкарыстоўваць інфармацыю некалькі разоў. Уменне ператвараецца ў навык, — расказвае Наталля Сцяпанаўна.

Апорныя канспекты афармляюцца ў выглядзе схем, табліц, картак, чарцяжа, логіка-сэнсавай мадэ­лі, малюнка. Элементы тэхналогіі крытычнага мыслення дапама­гаюць у стварэнні апор. Напрыклад, пры вывучэнні новай тэмы вучні запаўняюць табліцу “Ведаю — не ведаю — хачу даведацца”. У працэсе гэтай работы яны ўспамінаюць вядомы матэрыял, адзначаюць невядомае і фармулююць уласныя адукацыйныя мэты да ўрока. Пры аналізе тэмы “Стыль маўлення” цікава праходзіць работа з выкарыстаннем Fishbone (рыба), дзе на костках пішуцца асноўныя элементы характарыстыкі пэўнага стылю. Некаторыя тэмы, пачынаючы з 6 класа, вывучаюцца блокамі з выкарыстаннем логіка-сэнсавых мадэлей.

— Засяроджу ўвагу на сістэме ацэньвання па гэтай тэхналогіі. Вучні могуць інспектаваць і ацэньваць самі сябе, пры парнай рабоце — суседа па парце, пры групавой рабоце — работу сваёй групы або іншай, усе разам — адказ вучня каля дошкі; настаўнік інспектуе і ацэньвае вучня, групу, клас. Галоўнае пры гэтым прыёме арганізацыі навучання — дасягнуць таго, каб вучні маглі ў першую чаргу праінспектаваць свае ўласныя веды аб’ектыўна і правільна і пазбегнуць страху перад ацэнкай, — заўважае настаўніца.

Выкарыстанне элементаў тэхналогіі інтэнсіўнага навучання дазваляе Н.С.Сільчанка сфарміра­ваць у вучняў станоўчую матывацыю, зняць напружанасць, стварыць сітуацыю поспеху.

Праз сродкі візуалізацыі

Адным са шляхоў развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў для настаўніцы беларускай мовы і літаратуры ліцэя № 1 Мінска Вольгі Іванаўны Арыставай стала выкарыстанне сродкаў візуалізацыі. Менавіта такія сродкі даюць магчымасць падлеткам праяўляць здольнасці, станавіцца больш цікаўнымі, спрыяюць фарміраванню ўменняў самастойна здабываць веды, раскрываць творчы патэнцыял.

— На асабістым вопыце я пераканалася, што сродкі візуалізацыі адкрываюць і перад настаўнікам, і перад вучнем шырокія магчымасці, — адзначае педагог. — Па даных псіхолагаў, новая інфармацыя запамінаецца і засвойваецца лепш тады, калі веды і ўменні захоўваюцца ў сістэме візуальна-прасторавай памяці. Сродкі візуалізацыі — прадукт пераапрацоўкі інфармацыі ў візуальны вобраз і наадварот. Мы зацікавіліся дадзеным матэрыялам і яго стварэннем, паспрабавалі ствараць самастойна, уключаць у адукацыйны працэс. Пры гэтым асноўную дыдактычную задачу вызначалі зместам праграмнага вучэбнага матэрыялу. Зараз кросенсы, інтэрактыўныя плакаты, аблокі слоў, відэаролікі, буктрэйлеры, стужкі часу мы выкарыстоўваем на ўроках беларускай літаратуры даволі часта. Некаторыя індывідуальныя заданні па беларускай літаратуры цяпер уяўляюць сабой стварэнне такіх сродкаў візуа­лізацыі.

Сродкі візуалізацыі настаўніца выкарыстоўвае на розных этапах урока беларускай літаратуры. На арганізацыйным этапе, які скіраваны на падрыхтоўку вучняў да работы, на канцэнтрацыю іх увагі, а таксама стварэнне спрыяльнай атмасферы для работы на ўроку, настаўніца звяртае ўвагу вучняў на ўніверсальныя аблокі слоў, запоўненыя словамі прывітання, пажаданнямі і г.д. Вучням прапануецца выбраць, напрыклад, слова-дэвіз або вызначыць настрой, які пануе ў душы. Воблака слоў падыходзіць і для фарміравання навыкаў самастойнага вызначэння вучнямі тэмы, мэт урока, што з’яўляецца важным момантам развіцця пазнавальнай актыўнасці.

На этапе актуалізацыі ведаў педагог выкарыстоўвае сродкі візуа­лізацыі, якія ўтрымліваюць элемент нечаканасці, інтрыгі, загадкі. Напрыклад, кросенс па аповесці Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” ўпершыню настаўніца дэманструе ў пачатку знаёмства з творам. На ўроку ў 10 класе па тэме “Атмасфера мінулай эпoxi ў аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” з набору малюнкаў вучні спрабуюць вызначыць тэму, прапануюць гіпотэзы, пра што пойдзе гутарка. Спачатку, зразумела, выява дэтэктыва здзіўляе, але вельмі хутка вучні самастойна прыходзяць да высновы, што жанр аповесці — гістарычны дэтэктыў. У гэты ж момант маленькія копіі кросенсу, так званыя шпаргалкі, старшакласнікі ўклейваюць у свае дадатковыя сшыткі з той мэтай, каб асацыя­тыўны рад малюнкаў дапамагаў ім падчас прачытання, абмеркавання арыентавацца ў сюжэце, сістэме вобразаў. Вучні праяўляюць зацікаўленасць, развіваецца наглядна-вобразнае мысленне, уяўленне. Пры неабходнасці па дзевяці квадратах вучням не складае цяжкасці ўзнавіць змест, пераходзячы ад малюнка да малюнка. Такі прыём настаўніца прымяняе пры групавой або парнай форме навучання. Такім чынам развіваюцца камунікатыўныя кампетэнцыі вучняў.

На этапе вывучэння новага матэрыялу выкарыстоўваюцца відэа­фільмы або фрагменты фільмаў, відэаролікі, прэзентацыі. Таксама вучням даюцца апераджальныя заданні. Напрыклад, прапануецца стварыць біяграфічны каляндар у выглядзе стужкі часу.

На розных этапах вывучэння матэрыялу настаўніца выкарыстоўвае інтэрактыўны плакат. Ён мае інтэрактыўную навігацыю, якая дазваляе адлюстраваць неабходную інфармацыю: графіку, тэкст, гук. Напрыклад, пры вывучэнні ў 11 класе творчасці Васіля Быкава такі сродак візуалізацыі дапамагае педагогу і пазнаёміць вучняў з рысамі быкаўскай аповесці, і звярнуцца да аналізу аповесцей “Знак бяды” і “Сотнікаў”, а пазней — праверыць, як засвоены веды і сфарміраваны навыкі. Кожная выява на такім плакаце — малюнак-асацыяцыя, у той жа час гэта гіперспасылка. Вучні, перапрацоўваючы візуальны вобраз у інфармацыю, могуць меркаваць пра тую ці іншую рысу быкаўскай аповесці (напрыклад, змрочны пейзаж, невялікая колькасць персанажаў, крытычная сітуацыя і г.д.).

Ад выканаўчай да творчай самастойнасці

На думку настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Мазыра Вольгі Аляксееўны Дамасевіч, навучанне ў рухомых групах можна лічыць падрыхтоўчай прыступкай да самастойнасці. Развіццё пазнавальнай дзейнасці адбываецца наступным чынам: ад выканаўчай праз актыўна самастойную да творча самастойнай. Працэс пазнавальнай дзейнасці адбываецца праз наладжванне сувязі не толькі ў кірунку настаўнік — вучань, але і паміж самімі вучнямі: усе вучаць кожнага і кожны актыўна ўдзельнічае ў навучанні ўсіх.

Ужо на стадыі першаснага засваення матэрыялу вучні пішуць дыяг­настычную работу, якая дэманструе, хто з вучняў цалкам засвоіў матэ­рыял і выканаў работу без памылак, хто яго засвоіў з недахопамі, а хто пакуль яшчэ не засвоіў. Гэтая работа правяраецца ў той жа дзень, калі напісана. Па яе выніках на наступным уроку клас падзяляецца на тры рухомыя групы. У 1 групу (творча самастойную) звычайна ўваходзяць тыя вучні, якія хутка і лёгка засвойваюць матэ­рыял у максімальным аб’ёме. Яны здольныя да шырокага абагульнення, умеюць знаходзіць абгрунтаваныя рашэнні праблемы і свабодна пераключацца з аднаго віду разумовай дзейнасці на другі. Гэтыя вучні не вельмі стамляюцца ад актыўнай разумовай працы, маюць высокі ўзровень самастойнасці. 2 група (актыўна самастойная) складаецца са школьнікаў, якія авалодваюць асноўным аб’ёмам ведаў, але для паспяховага засваення матэрыялу ім патрабуецца трэніровачная работа. Вучні гэтай групы ўмеюць аналізаваць, рабіць нескладаныя высновы на аснове вывучанага. Пераход ад аднаго віду разумовай дзейнасці да другога можа адбывацца толькі з дапамогай спецыяльна падабраных практыкаванняў. Таму пры рабоце з гэтымі вучнямі асноўная ўвага ўдзяляецца развіццю іх пазнавальнай актыўнасці, удзелу ў вырашэнні праблемных сітуацый, выхаванню самастойнасці і ўпэўненасці ў сваіх пазнавальных магчымасцях.

3 група (выканаўчая) — вучні, якія засвойваюць новы матэ­рыял з вялікімі цяжкасцямі і не заўсёды ў поўным аб’ёме. Яны ўзнаўляюць толькі асобныя элементы вывучанага, не здольныя абагульніць матэрыял, не могуць кіравацца правіламі нават у знаёмай сітуацыі. Такім вучням удзяляецца асаблівая ўвага. Іх неабходна падтрымліваць, дапамагаць засвойваць матэрыял, працаваць некаторы час толькі з імі на ўроку, пакуль 1 і 2 групы працуюць самастойна, фарміраваць уменне тлумачыць арфаграму або пунктаграму, прагаворваць уголас.

— Да пачатку ўрока вучням паведамляюцца вынікі дыягнастычнай самастойнай работы, і яны самі рассаджваюцца па групах на пэўны рад. Для кожнай групы распрацоўваюцца заданні. Гэта мае вялікае выхаваўчае значэнне. Калі здольны вучань нядобрасумленна працуе і з гэтай прычыны не засвойвае матэрыял, ён трапляе ў 3 групу. Гэта закранае яго самалюбства. Калі ж слабы вучань вельмі стараецца і засвойвае матэрыял, то ён мае магчымасць перайсці ў 1 або 2 групу, да яго мяняюцца адносіны аднакласнікаў, — тлума­чыць В.А.Дамасевіч.

У віртуальнае падарожжа

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лельчыцкай раённай гімназіі Ірына Рыгораўна Казачэнка фарміруе інфармацыйную кампетэнтнасць навучэнцаў праз выкарыстанне інтэрнэт-сэрвісаў. Адзін з іх — глогстар (Glogster) — гэта мультымедыйная вэб-старонка ці мультымедыйны постар, на якім могуць быць прадстаўлены тэксты, фота, відэа, гукавыя файлы, графіка, спасылкі і інш. Іх можна адпраўляць на іншыя рэсурсы, якія прымаюць html-коды.

— Калектыўная работа можа атрымацца, калі гісторыю стварае адзін аўтар, напрыклад настаўнік альбо вучань, а кожную падзею гэтай гісторыі распрацоўваюць розныя вучні. На гэтым сэрвісе можна стварыць віртуальнае падарожжа па мясцінах, дзе жыў і творча рэалізаваў сябе пісьменнік (літаратурная вандроўка “Жыццёвыя шляхі Максіма Багдановіча”), праілюстраваць апавяданне пра вядомую асобу, культурнага дзеяча (“Жыціе Ефрасінні Полацкай”), ства­рыць інтэрактыўнае паведамленне пра кнігі аднаго аўтара з адска­ніраванымі ілюстрацыямі вучняў альбо стварыць дзённік падарожжа з выкарыстаннем фотаздымкаў, відэарэпартажаў, аўдыяаповедаў удзельнікаў, — тлумачыць настаўніца. — Пры дапамозе гэтага сэрвісу можна ствараць канспект мультымедыйнага ўрока са спасылкамі на матэрыялы, відэафрагменты і аўдыязапісы, інтэрактыўную біяграфію пісьменніка, віртуальнае падарожжа па старонках кнігі. Вучні падбіраюць матэрыялы ў інтэрнэце (відэафрагменты, ілюстрацыі ці фотаздымкі) для размяшчэння на канкрэтным плакаце, запісваюць гукавое паведамленне, якое можа быць пачаткам пэўнай гісторыі, пры вывучэнні біяграфіі пісьменніка ствараюць інтэрактыўны аповед са спасылкамі. Гатовымі гісторыямі яны дзеляцца ў сацыяльных сетках і атрымліваюць код для прымацавання на сайт ці блог.

Яшчэ адзін вэб-сэрвіс, што выкарыстоўвае Ірына Рыгораўна, — Padlet — прызначаны для стварэння і напаўнення кантэнтам віртуальнай сцяны з магчымасцю сумеснага рэдагавання. Гэты сэрвіс дазваляе ствараць сцены мультымедыйных (відэа, тэкст, фота, графіка) нататак, якімі можна па­дзяліцца з іншымі, сумесна працаваць, размяшчаць работы на старонках сайтаў, блогаў. Мультымедыйныя элементы можна падгрузіць са свайго камп’ютара ці з вядомых інтэрнэт-сэрвісаў.

Педагог прымяняе магчымасці сэрвісу і ў калектыўнай рабоце. “Па спасылцы сцяну можна рэдагаваць вучням. Узроўні доступу наладж­ваюцца стваральнікам старонкі і дазваляюць або толькі прагля­даць, або дадаваць матэрыялы, або ўсё рэдагаваць, — заўважае педагог. — Гэты сэрвіс можна выкарыстоўваць для планавання праектаў, збору матэрыялаў па канкрэтнай тэме, стварэння інтэрактыўнага паведамлення пра вядомую асобу. Акрамя гэтага, можна прадставіць вынікі сумеснага даследавання, вывучаючы біяграфію і твор­часць пісьменніка (паэта, гістарычнай асобы) стварыць віртуальную дошку з нататкамі па фактах біяграфіі, напісаных творах (для пісьменнікаў, паэтаў), а таксама стварыць віртуальныя “Нататкі падарожнікаў” (матэрыялы экскурсій па горадзе, наведванняў тэатраў, выстаў, музеяў, выездаў за горад і сустрэч з цікавымі людзьмі). Створанымі сценамі мультымедыйных нататак можна падзяліцца з іншымі, сумесна працаваць, размяшчаць работы на старонках сайтаў, блогаў”.

Пры выкарыстанні такога падыходу І.Р.Казачэнка вырашае шэраг задач, што заключаюцца ў фарміраванні навыкаў работы з інфармацыяй, выкарыстанні прыёмаў, накіраваных на тое, каб спачатку зацікавіць вучняў, затым прадаставіць ім умовы для асэнсавання матэрыялу і, нарэшце, дапамагчы ім абагульніць набытыя веды.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.