І тата, і мама, і настаўнік

Сціпласць для вас — паняцце станоўчае ці адмоўнае? Гэта тое, што красіць чалавека ці з’яўляецца яго недахопам? Я схіляюся да першага варыянта, таму размова з настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната Мінскага раёна Дзянісам Мікалаевічам Шакурам пакінула ў мяне прыемныя пачуцці. Спадзяюся, што вы падзеліце іх са мной.

Дзяніс Мікалаевіч сур’ёзна зацікавіўся спортам у арміі. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры на завочнае аддзяленне, паспяхова яго скончыў і вярнуўся ў гарадскі пасёлак Рудзенск. Думкі змяніць роднае мястэчка на буйны горад нават не ўзнікала: тут у мужчыны была сям’я, дом, тут ён знайшоў любімую работу. Уладкаваўся Дзяніс Мікалаевіч настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў Рудзенскую дапаможную школу-інтэрнат. Гэтае месца працы стала для яго адзіным у жыцці.

Педагог прыйшоў у школу-інтэрнат зусім маладым, новай работы не баяўся, наадварот, хацеў хутчэй па­чаць. Кажуць, што дзеці адчуваюць, як ты да іх ставішся. Напэўна, вучні Дзяніса Шакуры менавіта з такіх: яны бачаць яго любоў да прадмета і да іх, адкрываюцца і займаюцца з вялікім жаданнем. “Я бачу ў сваіх вучнях звычайных дзяцей. Для мяне яны ўсе роўныя”, — гаворыць настаўнік.

Акрамя звычайных урокаў, Дзяніс Мікалаевіч спрабуе зацікавіць дзяцей футболам, баскетболам, плаваннем, бочэ (спартыўная гульня на дакладнасць) і цяжкай атлетыкай. Намаганні дарма не праходзяць: вучні пастаянна атрымліваюць медалі на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Прызавыя месцы на рэспубліканскіх турнірах для Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната сталі ўжо звычайнай справай. Вось вучні ўзялі 5 залатых, 2 сярэбраныя і 7 бронзавых медалёў на рэспубліканскіх спаборніцтвах па водных відах спорту, вось яны занялі 1-е месца на Рэспубліканскім турніры па баскетболе ў рамках Еўрапейскага тыдня баскетбола, а вось яшчэ адно — толькі ўжо на турніры па футболе для асоб, якія трэніруюцца па праграмах Special Olympics — 2018.

Выхаванцы Дзяніса Мікалаевіча на гэтым спыняцца не збіраюцца. Вясной 2018 года яны ездзілі ў Люксембург на турнір EuroBocce-2018 Special Olympics Europe/Eurasia, дзе прадстаўлялі нашу краіну. Сапернікамі сталі прадстаўнікі яшчэ 11 краін. У такой гонцы рудзенскай камандзе ўдалося атрымаць залаты, 4 сярэбраныя і 6 бронзавых медалёў. Былі навучэнцы і на футбольным турніры ў Санкт-Пецярбургу, дзе сталі лепшымі. Гэтай вясной каманда адправілася на Спецыяльныя Алімпійскія гульні World Games Abu Dhabi — 2019, адкуль таксама вярнулася з узнагародамі рознай вартасці. Міжнародныя спаборніцтвы даюць магчымасць дзецям пазнаёміцца з іншымі краінамі, іх культурай і архітэктурай.

За высокімі дасягненнямі стаіць вялікая праца. Гэта правіла не толькі прафесійнага спорту, але і аматарскага. Дзяніс Мікалаевіч з такім падыходам згодны, таму праводзіць з дзецьмі амаль кожны дзень. Часам аднолькавыя і цыклічныя заняткі могуць надакуч­ваць, але педагог мае свае спосабы не дапусціць такога. “Я стараюся займацца з дзецьмі ў гульнявой форме. Больш праводжу эстафет, каб прысутнічаў момант спаборніцтваў”, — падзяліўся настаўнік. Такія заняткі і рых­туюць вучняў да будучых турніраў, не даюць стаміцца і засумаваць.

Поспехі становяцца больш адчувальнымі, калі імі можна з кімсьці падзяліцца. На жаль, вучні Рудзенскай школы-інтэрната не могуць расказаць сваім баць­кам, якіх поспехаў дасягнулі. Але гэта не бяда, калі побач ёсць спагадлівыя настаўнікі. “Мяне на ўроку і татам называюць, і мамай, я ўжо нават перастаў звяртаць на гэта ўвагу. Мамай назвалі — ну, нармальна, мама дык мама”, — з усмешкай гаворыць Дзяніс Мікалаевіч.

Напэўна, любоў да спорту ў сям’і Дзяніса Шакуры перадаецца на ўзроўні генаў. Яго бацька, Мікалай Віктаравіч, у той жа Рудзенскай дапаможнай школе-інтэрнаце раней працаваў настаўнікам фізічнай культуры і здароўя, брат Ягор працуе зараз, займаецца з малодшымі класамі, яшчэ адзін брат— Ілья — вядзе гурток па настольным тэнісе. Дзяніс Мікалаевіч расказвае, што бацька не ўплываў на яго пры выбары прафесіі, але Мікалай Шакура думае, што яго дзейнасць усё ж пакінула адбітак на сыне. “Я падтрымаў рашэнне Дзяніса стаць настаўнікам фізічнай культуры і здароўя. Усё ж заняткі спортам дапамагаюць у жыцці, менш шкодных звычак у чалавека, — гаворыць Мікалай Шакура. — Калісьці я глядзеў на сваіх бацькоў, вучыўся чамусьці, потым ужо мае дзеці вучыліся ў мяне. Столькі гадоў Дзяніс паказвае добрыя вынікі, я за яго толькі радуюся”.

І радуецца не толькі бацька, але і ўся Рудзенская дапаможная школа-інтэрнат.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Дзяніса ШАКУРЫ.