“I” ў кубе

Падчас міжнароднага навукова-практычнага семінара “Прафесійныя кампетэнцыі сучаснага кіраўніка як фактар развіцця адукацыйнай галіны” адбыўся кірмаш інавацыйных ідэй “I” ў кубе”, які прадставіў вынікі рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”, дазволіў азнаёміцца з найбольш цікавымі педагагічнымі ініцыятывамі. Прадстаўнікі рэспубліканскіх інавацыйных цэнтраў расказалі пра сваю сістэму работы, пра тое, якія мерапрыемствы па павышэнні кваліфікацыі праводзяць цэнтры і якой інфармацыяй могуць падзяліцца з калегамі.

— Інаватыка толькі тады з’яўляецца сапраўднай, калі ўключае ў сябе тры кампаненты: ідэю, рэалізацыю і распаўсюджванне, — заўважыла метадыст Цэнтра развіцця дадатковай адукацыі дарослых Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ала Васільеўна Мацукевіч. — Усе прадстаўленыя на кірмашы рэспубліканскія цэнтры маюць інавацыйны патэнцыял і інавацыйную практыку, а таксама рэсурс, каб распаўсюдзіць гэты вопыт. Іх галоўная задача — навучыць педагогаў краіны тым інавацыйным практыкам, якімі яны валодаюць на аснове аўтарскага пачатку.

На кірмашы былі прадстаўлены інавацыйныя праекты ўстаноў розных тыпаў і ўзроў­няў адукацыі: дашкольных устаноў, школ і гімназій, устаноў пазашкольнай і спецыяльнай адукацыі. Кожная з іх гатова дзяліцца назапашаным вопытам і, яшчэ больш, дапамагаць сваім калегам напрацоўваць такі ж эфектыўны вопыт.

Інавацыйная дзейнасць вызначаецца тым, што многія ўстановы адукацыі пастаянна дзейнічаюць у інавацыйным рэжыме, пераходзячы з аднаго праекта ў іншы.

У інаватыцы ёсць два ўзаемазвязаныя складнікі: праект, што рэалізоўваецца, і калектыў, які інавацыйна думае і дзейнічае. Калектыў жыве ў інавацыйным рэжыме і ўжо не ўяўляе свайго існавання без гэтага. У аптымальным варыянце трэба, каб працэс быў асэнсаваным і наступны праект выцякаў з папярэдняга, паглыбляючы набытыя вынікі.

— Пры дзейснай падтрымцы Мiнiстэрства адукацыi мы сталі абдумваць ідэю рэспубліканскіх інавацыйных цэнтраў, якія з часам пачнуць выконваць ролю своеасаблiвых практыка-арыентаваных рэгіянальных цэнтраў навучання педагогаў, — патлумачыла прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі доктар педагагічных навук Галіна Іванаўна Ні­калаенка. — Установа адукацыі, якая рэалізавала некалькі праектаў, выпрацоўвае пэўную сістэму падрыхтоўкі педагогаў па той ці іншай інавацыйнай тэматыцы і сістэму кіравання ўстановай, якая працуе ў гэтым рэжыме. Такога кшталту інавацыйны цэнтр павінен стаць значным кампанентам метадычнай дзейнасці. У прыватнасці, выступіць у якасці стажыровачнай пляцоўкі, навучаючы кіраўнікоў устаноў адукацыі і іх намеснікаў, настаўнікаў-наватараў. Рэспубліканскія інавацыйныя цэнтры становяцца дзейснай адзінкай у агульнай метадычнай вертыкалі.У гэтым выпадку неабходна гаварыць пра сiстэму работы рэспубліканскіх iнавацыйных цэнтраў, пра iх значнасць у адукацыйнай прасторы Беларусі. Патрэбна ўзгодненасць тэматыкi цэнтраў у кожным рэгiёне i магчымасць выкарыстоўваць адукацыйныя паслугi iнавацыйнага цэнтра ў маштабах краiны.

За чатыры гады, што прайшлі з моманту афармлення інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”, склаўся пэўны комплекс відаў дзейнасці, якія могуць прапанаваць такія інавацыйныя цэнтры: у тым ліку семінары, а таксама іншыя формы зносін, якія дазваляюць убачыць, як адпрацаваная сістэма рэалізоўваецца ў канкрэтнай установе адукацыі.

Існуючая сістэма метадычнага забеспячэння і павышэння кваліфікацыі складаецца з шэрага ўдзельнікаў, сярод якіх Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, абласныя і Мінскі гарадскі інстытуты развіцця адукацыі, раённыя і гарадскія метадычныя кабінеты. Акрамя гэтага, працуе вялікая колькасць метадычных аб’яднанняў ва ўстановах адукацыі. Апошнім часам да іх дадаліся рэспубліканскія інавацыйныя цэнтры, далучыліся настаўнікі-метадысты.

Сёння ў сістэме адукацыі Беларусі працуюць 24 такія інавацыйныя цэнтры па розных кірунках дзейнасці на розных ступенях адукацыі. Гэтыя цэнтры супрацоўнічаюць паміж сабой, рэалізоўваючы сеткавыя зносіны, а таксама прыцягваюць да работы ўстановы адукацыі, што знаходзяцца побач. У кожнага з іх свой напрамак развіцця, які можа быць трансліраваны на ўсю сістэму адукацыі краіны. Сёння ў кожнай вобласці дзейнічае 3—4 установы, якія маюць праектны статус інавацыйных цэнтраў. Асабліва важна ўважліва сачыць за тым, каб інавацыйныя цэнтры былі размеркаваны па ўсёй Беларусі і каб іх паслугамі магла скарыстацца любая ўстанова адукацыі.

Практычна ўсе рэспубліканскія інавацыйныя цэнтры выраслі з назапашанага вопыту работы рэалізацыі інавацыйных пляцовак. Напрыклад, НДЦ “Зубраня” на момант уваходжання ў праект меў вельмі вялікі вопыт навукова-метадычнага суправаджэння летняга адпачынку і, відавочна, ужо з’яўляўся неаспрэчным лідарам у гэтым напрамку. І такі выпадак не адзіны.

— Большая частка ўстаноў працуе вельмі актыўна і здольна перайсці ў наступны інавацыйны праект, — адзначыла Г.І.Нікалаенка. — Але гэта не механiчны пераход. Зададзеная высокая планка і магчымасці параўноўваць сябе з іншымі прымушае ўстановы-інаватары падтрымліваць найвышэйшы ўзровень.

Зараз мы плануем актывізаваць дзейнасць цэнтраў па сеткавым узаемадзеянні ў сiстэме адукацыі. Кожны цэнтр будзе распаўсюджваць той вопыт, які назапасіў за гады работы ў інавацыйным рэжыме. Безумоўна, i самiм гэтым цэнтрам неабходна развiвацца.

Рэспубліканскія інавацыйныя цэнтры павінны стаць пляцоўкамі, якія аб’яднаюць інаватараў краіны, будуць каардынаваць іх дзейнасць і наладжваць узаемадзеянне паміж педагогамі і ўстановамі адукацыі. Інавацыйныя цэнтры на базе ўстаноў адукацыі таксама гатовы стаць стажыровачнымі пляцоўкамі для педагогаў i кiраўнiкоў з iншых устаноў адукацыi.


На кірмашы інавацыйных ідэй былі прадстаўлены ўсе інавацыйныя цэнтры, якія працуюць на адукацыйнай прасторы нашай краіны.

На базе гімназіі № 22 Мінска інавацыйныя пляцоўкі Міністэрства адукацыі працуюць з 2000 года. Сёння ўстанова ў ролі інавацыйнага цэнтра супрацоўнічае не толькі са сталічнымі педагогамі, але і з калегамі з рэгіёнаў. Намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі Наталля Антонаўна Кендыш паведаміла, што алгарытм дзеянняў установы ў рамках вучэбных праграм для педагогаў адметны тым, што ў пачатку навучання педагогаў ім прапаноўваюць адразу наведаць урок па пэўнай тэхналогіі і толькі потым засвойваць тэарэтычныя пытанні. “Таксама мы даём магчымасць слухачам адчуць тэхналогію “знутры” падчас урока, на якім яны выступаюць у ролі навучэнцаў, — адзначыла Наталля Антонаўна. — Наступным этапам з’яўляецца распрацоўка ўласнага ўрока ці мерапрыемства, яго абмеркаванне і рэалізацыя. Нашы настаўнікі таксама выяз­джаюць у школы, дзе навед­ваюць урокі нашых “выпускнікоў”, каб дапамагчы скарэкціраваць напрамак работы і адказаць на актуальныя пытанні. Акрамя гэтага, мы праводзім шэраг вучэбных семінараў, якія даюць магчымасць педагогу пашырыць дыяпазон удзелу не проста ў рэчышчы канкрэтнай тэхналогіі, а ў пэўным напрамку: праектныя задачы, анлайн-інструменты, візуалізацыя на ўроку і шэраг іншых. На сайце створаны рэпазіторый для абмену вопытам, дзе размешчаны матэрыялы распрацаваных і праведзеных мерапрыемстваў і ўрокаў”.

Настаўніца геаграфіі 10-й мінскай гімназіі Алена Мікалаеўна Дзергачова засяродзіла ўвагу на сучасных ідэях інфарматызацыі адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі пры разумным спалучэнні з прафесіяналізмам педагогаў. На працягу некалькіх гадоў у гімназіі рэалізоўваецца інавацыйны праект “Ад смарт-класа да смарт-гімназіі”, у рамках якога навучэнцы ўжо з першага класа паглыблена вывучаюць матэматыку, да якой пазней дадаецца фізіка, праграмаванне і робататэхніка. Каб забяспечыць даступнасць такой адукацыі, выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя платформы, у якасці апаратнага забеспячэння выступаюць планшэтныя камп’ютары і мультыборды. Ствараць і эфектыўна выкарыстоўваць у асабістай педагагічнай дзейнасці электронныя сродкі навучання вучыць педагогаў і Рэспубліканскі інавацыйны цэнтр Паплаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.

Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” прадставіў цэлую палітру інавацый, сярод якіх — віртуальны тур у цэнтр для таго, каб кожнае дзіця змагло апынуцца ў “Зубраняці” пры дапамозе тэхналогій віртуальнай рэальнасці.

Кожны год у НДЦ “Зубраня” праходзіць конкурс новых мадэлей адпачынку “Зробім лета ярчэйшым”, па выніках якога выпускаюцца зборнікі метадычных матэрыялаў для лагераў з дзённым і кругласутачным знаходжаннем, распрацоўкі праграм адпачынку для розных узроставых груп, серыя метадычных зборнікаў “Лепшая дзясятка” (мерапрыемствы, прысвечаныя тэматыцы малой радзімы, прадметных тыдняў і інш.). Таксама ў метадычным арсенале НДЦ “Зубраня” — матэрыялы аб профільных зменах, якія ўключаюць праграмы вучэбнага і пазавучэбнага кампанентаў.

У якасці інавацыйных цэнтраў па спецадукацыі працуюць 3 установы адукацыі: спецыяльны яслі-сад Слоніма, сярэдняя школа № 25 Мінска і ЦКРАіР Гродна.

Калектыў спецыяльнага ясляў-сада Слоніма “Жураўлік” стварыў шэраг прадуктаў, якія аказваюць дапамогу іншым падобным установам адукацыі.

— У нашай установе назапашаны вялікі вопыт выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у галіне спецыяльнай адукацыі, — расказала намеснік загадчыка ўстановы па асноўнай дзейнасці Ларыса Уладзіміраўна Ягоўдзік. — Свой вопыт мы трансліруем праз блогі і супольнасці. Наш галоўны прадукт — інфармацыйна-адукацыйны партал “Спецыяльная адукацыя без меж”, дзе сабраны вопыт педагогаў ясляў-сада: матэрыялы да заняткаў і забаўляльных мерапрыемстваў, а таксама размешчаны спасылкі на персанальныя блогі нашых педагогаў.

Прыярытэтным напрамкам інавацыйнай дзейнасці гімназіі № 1 Мінска імя Францыска Скарыны з’яўляецца рэалізацыя інавацыйных падыходаў у кіраванні сучаснай установай адукацыі і развіццё бесперапыннай прафесійнай адукацыі педагагічных работнікаў. Адной з тэхнічных адметнасцей адукацыйнага асяроддзя гімназіі з’яўляецца шырокае выкарыстанне дапоўненай рэальнасці ва ўсіх сферах жыцця ўстановы.

У Рэспубліканскім інавацыйным праекце ўдзельнічаюць шмат педагогаў, якія пра­цуюць для таго, каб дапамагчы настаўніку сарыентавацца ва ўмовах змен у змесце адукацыі і рэалізацыі новых падыходаў. Яны працуюць са сваімі калегамі напрамую, забяспеч­ваючы метадычную падтрымку педагогаў, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі інавацыйнага працэсу, ствараючы ўмовы для таго, каб кожны з іх мог рэалізоўваць уласную тэму даследавання ў рамках інавацыйнага праекта, а не проста падключаўся да інавацыйнай дзейнасці сваёй установы. Гэта добра атрымліваецца ў калектыву гімназіі № 2 Оршы і Магілёўскай гарадской гімназіі № 1.

— Работа калектыву нашай установы адукацыі ўжо амаль 20 гадоў накіравана на тое, каб кожны навучэнец мог атрымаць індывідуальную траекторыю развіцця праз профільную дыферэнцыяцыю, мультыпрофільнасць ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, факультатыўныя заняткі музычнай накіраванасці на базе нашай гімназіі, — паведаміў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 Міхаіл Сямёнававіч Любавін. — Сутнасць нашай работы мы бачым у тым, каб заўсёды быць на пярэднім краі ўсіх карысных педагагічных знаходак. Мы не бяромся за ўсё без разбору — да кожнай ідэі падыходзім асэнсавана і выкарыстоўваем толькі тое, што сапраўды можа прынесці карысць. Нашы педагогі даследуюць розныя аспекты адной праблемы і, прапускаючы іх праз сябе, здольны перадаваць набытыя веды калегам, у тым ліку з іншых навучальных устаноў. Апошнія гады ўдзяляем вельмі вялікую ўвагу распаўсюджванню вопыту работы нашых педагогаў праз друкаваныя сродкі масавай інфармацыі, у першую чаргу праз прадметныя часопісы і дапаможнікі. Чаму так? Калі настаўнік змог выкласці на паперу свае ідэі і высновы, значыць, яго вопыт сістэматызаваны і педагог гатовы вучыць іншых. Дзякуючы інавацыйнаму праекту, нашы настаўнікі атрымалі магчымасць рэалізоўваць сябе не толькі ў сваім гора­дзе, але і выходзіць на рэгіянальны і рэспубліканскі ўзровень. Мы вучым іншых таму, што ведаем самі, у той жа час вучымся самі, пашыраючы спектр сваіх інтарэсаў і павялічваючы ядро настаўнікаў-інаватараў, якія могуць унесці нешта цікавае ў нашу агульную педагагічную скарбонку.

Эфектыўныя інавацыйныя практыкі ў рэалізацыі профільнага навучання прадстаўлялі таксама рэспубліканскія інавацыйныя цэнтры гімназіі № 21 Мінска, гімназіі № 1 Слуцка і сярэдняй школы № 2   Асіповіч.

ЦКРНіР Гродна даследуе надзённую і вельмі складаную праблему навучання і выхавання дзяцей з аўтыстычнымі парушэннямі ва ўмовах установы адукацыі і сям’і. Намеснік дырэктара ўстановы Жанна Вікенцьеў­на Хадзькова паведаміла, што адным з напрамкаў дзейнасці цэнтра з’яўляецца метадычная работа з педагогамі. Акрамя гэтага, калектыў установы аказвае кансультацыйную дапамогу бацькам, якія часта самі не ведаюць, як ладзіць зносіны з такім дзіцем. Актыўныя стасункі адбываюцца і ў сацыяльных сетках, дзе таксама можна атрымаць канфідэнцыяльную кансультацыю. На базе ўстановы адукацыі прахо­дзяць практыкі студэнтаў профільных спецыяльнасцей Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, сумесна з Гродзенскім інстытутам развіцця адукацыі ажыццяўляюцца стажыроўкі слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі.

Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 Віцебска і Путрышкаўская сярэдняя школа Гродзенскага раёна вядуць дзейнасць у напрамку работы з сям’ёй і сацыялізацыі навучэнцаў.

— Інавацыйныя праекты мы пачалі рэалізоўваць у 2012 годзе, — расказала намеснік дырэктара Путрышкаўскай сярэдняй школы Наталля Казіміраўна Заліўко.  — Наш першы праект тычыўся работы з дзецьмі, якія жывуць у сем’ях з прыкметамі дэсацыялізацыі. Па выніках яго рэалізацыі экспертны савет прысвоіў школе статус рэсурснага цэнтра. Наш вопыт аказаўся вельмі запатрабаваным — да нас звяртаюцца і калегі, і бацькі, таму мы ўвайшлі ў новы праект, які дазволіў шырэй узаемадзейні­чаць з ГрДУ імя Янкі Купалы па арганізацыі работы будучых педагогаў з сем’ямі, для педагогаў Гродзеншчыны мы праводзім трэнінгі і вучэбныя заняткі ў гэтым напрамку. За мінулы год па індывідуальную кансультацыю да нас звярнуліся каля 200 педагогаў з розных рэгіёнаў Беларусі. З імі мы з радасцю дзелімся нашымі напрацоўкамі па рабоце з сям’ёй.

Сістэму работы інавацыйнага цэнтра сярэдняй школы № 1 Драгічына прадстаўляла дырэктар установы Людміла Леанідаўна Мамацюк. “Сістэмная дыферэнцыяцыя навучання на аснове структурна-дынамічнай мадэлі як агульная канцэпцыя работы можа быць перанесена на любы вучэбны прадмет, — адзначыла Людміла Леанідаўна. — Мы пачыналі інавацыйны праект як рэалізацыю канцэпцыі вучэбных дапаможнікаў В.Герасімава, але на сёння нашы педагогі стварылі ўласныя дапаможнікі па матэматыцы, пабудаваныя на аснове структурна-дынамічнай мадэлі. Найбольш прыдатнай формай трансляцыі нашага вопыту мы вызначылі майстар-класы для педагогаў. Яны рэгулярна праводзяцца на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўні”.

Мар’інагорская гімназія (Мінская вобласць) і гімназія № 71 Гомеля скіравалі сваю ўвагу на ўдасканаленне камунікатыўных і полікультурных кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу праз прадметы эстэтычнай накіраванасці, вывучэнне замежных моў, краязнаўства. Адной з адметнасцей работы Мар’інагорскай гімназіі, як запэўніла намеснік дырэктара ўстановы Жанна Уладзіміраўна Кароль, з’яўляецца супрацоўніцтва з гімназіяй Марцінеум (Хальберштат, Германія) праз стварэнне ўмоў для дыстанцыйнай камунікацыі з нямецкімі школьнікамі і абмен дэлегацыямі навучэнцаў і педагогаў, якая выяўляецца ў актыўнай камунікацыі навучэнцаў і стварэнні сумесных праектаў.

Дырэктар сярэдняй школы № 1 Жабінкі Міхаіл Пятровіч Савянкоў расказаў пра вопыт стварэння высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя, якім калектыў гімназіі ахвотна дзеліцца са сваімі сеткавымі партнёрамі і тымі, хто хоча ўкараніць гэты вопыт у сваёй установе адукацыі. Безумоўна, рэалізацыя інавацыйнага праекта падштурхоўвае педагогаў установы таксама пастаянна павышаць свой прафесійны ўзровень.

Адной з умоў паспяховай рэалізацыі інавацыйнага праекта з’яўляецца жыццяздольная і цікавая для ўсіх ідэя. Для калектыву гімназіі Кармы Гомельскай вобласці такой ідэяй стала выкарыстанне рэгіянальнага кампанента для павышэння якасці адукацыі. Па словах дырэктара гімназіі Анжэлы Пятроўны Яроцкай, выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу па ўсіх прадметах выклікае цікавасць у вучняў, павышае матывацыю і адначасова спрыяе выхаванню патрыятычных пачуццяў да малой радзімы. На думку Анжэлы Пятроўны, рэгіянальны кампанент можа быць выкарыстаны пры вывучэнні кожнага прадмета школьнага курса.

Укараняць інавацыйныя падыходы да арганізацыі выхаваўчай работы ва ўстанове адукацыі праз актыўнае выкарыстанне спадчыны свайго рэгіёна сёння вучаць таксама рэспубліканскія цэнтры Косаўскай сярэдняй школы (Брэсцкая вобласць) і Луцкай сярэдняй школы Жлобінскага раёна (Гомельская вобласць). Кіраўнікі інавацыйных цэнтраў гэтых устаноў адукацыі дзяліліся ідэямі па стварэнні адукацыйнай прасторы, якая спрыяе выхаванню грамадзяніна.

Дашкольных устаноў адукацыі, якія займаюцца інавацыйнай дзейнасцю, няшмат. Узровень дашкольнай адукацыі прадставіў на кірмашы дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 Віцебска. Педагогі прадэманстравалі свой вопыт па фарміраванні сацыяльнай кампетэнтнасці дашкольнікаў праз стварэнне супольнасці дзяцей і дарослых. Дзякуючы рэалізацыі праекта, цэнтру ўдалося нала­дзіць трывалыя дзелавыя сувязі з установамі сярэдняй адукацыі (сумесныя семінары з гімназіяй № 8 Віцебска), Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава (стварэнне сумесных вучэбных дапаможнікаў), іншымі ўстановамі адукацыі і культуры рэгіёна.

Чапукоўскі дзіцячы яслі-сад — сярэдняя школа Мёрскага раёна Віцебскай вобласці пачынаў рэалізоўваць інавацыі ў рамках праекта “Зялёныя школы”. Як адзначыў дырэктар установы Уладзімір Мікалаевіч Кляўцоў, калі ў мінулыя гады супрацоўніцтва ў асноўным наладж­валася з установамі адукацыі, то ў бягучым годзе ідэя ўкаранення экалагічнага менеджменту будзе рэалізоўвацца разам з аграсядзібамі, якія размешчаны ў рэгіёне і таксама далучацца да выхаваўчай работы, — інавацыйная дзейнасць вучэбна-педагагічнага комплексу грунтуецца на выкарыстанні рэгіянальных прыродных і бізнес-рэсурсаў і рэтрансліруецца ў межах раёна, вобласці і краіны.

Рэалізацыя інавацыйных праектаў магчыма і ў невялікай сельскай установе адукацыі. Адной з іх з’яўляецца Ходасаўская сярэдняя школа Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці, што працуе над стварэннем адкрытага адукацыйнага асяроддзя як умовай эфектыўнай дзейнасці ўстановы адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця. Намеснік дырэктара школы Тарэса Станіславаўна Сямёнава прадставіла найбольш значныя напрацоўкі педагагічнага калектыву, сярод якіх — сайт “Інтэлектуальная майстэрня ўстойлівых перамен”. Ён служыць для арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі Мсціслаўскага раёна ў адукацыйнай і асветніцкай дзейнасці, а таксама выкарыстоўваецца як інструмент кіравання інавацыйнай дзейнасцю і зараз з’яўляецца рэсусным цэнтрам асацыяцыі ўстойлівага развіцця.

Рух у напрамку інавацый павінен быць накіраваным рухам да агульнай мэты: павышэння якасці адукацыі. Мерапрыемствы рэспубліканскіх інавацыйных цэнтраў, што праходзяць па ўсёй краіне: семінары-практыкумы, майстар-класы, вочныя семінары і вэбінары, асабістыя кансультацыі, блогі, іншыя формы сеткавага ўзаемадзеяння — дазваляюць не толькі рэалізоўваць і трансліраваць вопыт устаноў адукацыі і педагогаў-наватараў, але і генерыраваць новыя ідэі для наступных інавацыйных праектаў.

Удзельнікі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы” (2015—2019)

Фарміраванне прафесійных кампетэнцый кіраўніка. Павышэнне якасці адукацыі

Гімназія № 1 імя Францыска Скарыны Мінска Рэалізацыя інавацыйных падыходаў у кіраванні сучаснай установай адукацыі  
Гімназія № 10 Мінска Рэалізацыя мадэлі фарміравання кампетэнцый кіраўніка на аснове інавацыйных практык кіравання  
Сярэдняя школа № 1 Жабінкі Брэсцкай вобласці Высокатэхналагічнае адукацыйнае асяроддзе як умова забеспячэння якасці адукацыі  
Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр“Зубраня”   Эфектыўнае метадычнае суправаджэнне дзейнасці выхаваўча-аздараўленчай установы адукацыі  

Сучасныя тэхналогіі навучання (фарміраванне прафесійных кампетэнцый педагогаў)

Сярэдняя школа № 1 Драгічына Брэсцкай вобласці Сістэмная дыферэнцыяцыя навучання матэматыцы на аснове структурна-дынамічнай мадэлі  
Паплаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці   Развіццё пазнавальнай актыўнасці вучняў сродкамі аўтарскіх электронных комплексаў  
Гімназія № 22 Мінска Удасканаленне прафесійных кампетэнцый педагогаў з дапамогай навучання сучасным падыходам да падрыхтоўкі і правядзення вучэбных заняткаў  

Арганізацыя профільнага навучання (індывідуалізацыя навучання, самаразвіццё і самавызначэнне вучняў)

Магілёўская гарадская гімназія № 1   Індывідуалізацыя працэсу навучання на ўсіх ступенях агульнай сярэдняй адукацыі  
Сярэдняя школа № 2 Асіповіч Магілёўскай вобласці Фарміраванне мадэлі самаразвіцця і прафесійнага самавызначэння асобы вучня  
Гімназія № 1 Слуцка Мінскай вобласці Рэалізацыя індывідуальнага навучання навучэнцаў з улікам іх здольнасцей і прафесійнага выбару  
Гімназія № 21 Мінска   Рэалізацыя профільнага навучання на аснове сучасных адукацыйных і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій  
Гімназія № 2 Оршы Віцебскай вобласці Сеткавае партнёрства як дзейсны механізм пабудовы персанальнага адукацыйнага асяроддзя навучэнца  

Удасканаленне камунікатыўных і полікультурных кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу

Гімназія № 71 Гомеля Стварэнне ўмоў для развіцця полікультурных кампетэнцый у адукацыйнай прасторы гімназіі  
Мар’інагорская гімназія Мінскай вобласці   Удасканаленне камунікатыўных кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу праз фарміраванне полікультурнай прасторы  

Развіццё інклюзіўнай адукацыі

Сярэдняя школа № 25 Мінска Забеспячэнне якасці адукацыі на аснове рэсурснага падыходу да адукацыйнай інтэграцыі дзяцей з АПФР  
Дзяржаўны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Гродна   Метадычнае суправаджэнне працэсу навучання і выхавання дзяцей з аўтыстычнымі парушэннямі ва ўмовах установы адукацыі і сям’і  
Спецыяльны яслі-сад Слоніма Гродзенскай вобласці   Кіраванне якасцю дашкольнай адукацыі  

Арганізацыя работы з сям’ёй. Сацыялізацыя асобы навучэнцаў

Путрышкаўская сярэдняя школа Гро­дзенскага раёна   Сацыяльна-педагагічнае суправаджэнне непаўналетніх, якія жывуць у сем’ях з прыкметамі дэсацыялізацыі  
Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 Віцебска   Фарміраванне сацыяльнай кампетэнтнасці дашкольнікаў праз стварэнне адзінай адукацыйнай прасторы ўстановы дашкольнай адукацыі, сям’і і соцыуму  

Выкарыстанне інавацыйных падыходаў да арганізацыі выхаваўчай работы

Косаўская сярэдняя школа Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці   Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянска-патрыя­тычных якасцей асобы пры дапамозе арганізацыі края­знаўчай дзейнасці як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы школы  
Луцкая сярэдняя школа Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці   Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу на аснове культурнай спадчыны  
Гімназія Кармы
Гомельскай вобласці  
Укараненне мадэлі выкарыстання рэгіянальнага кампанента для павышэння якасці адукацыйнага працэсу  

Экалагічная адукацыя

Ходасаўская сярэдняя школа Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці   Стварэнне адкрытага адукацыйнага асяроддзя як умова эфектыўнай дзейнасці ўстановы адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця  
Чапукоўскі дзіцячы яслі-сад — сярэдняя школа Мёрскага раёна Віцебскай вобласці   “Зялёныя школы”: апрабацыя і ўкараненне экалагічнага менеджменту  

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.