І ў паветры, і на вадзе — з мадэлямі

На сёлетняй рэспубліканскай спартакіядзе навучэнцаў па тэхнічных відах спорту “ТэхнаСпорт” выхаванец Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Кірыл Пэнда заняў 1-е месца. Яго мадэль судна амаль ідэальна прайшла дыстанцыю, што стала нечаканасцю як для педагога, так і для хлопца. Мы пабывалі ў іх майстэрні і даведаліся, як здабываецца перамога.

Па пятніцах, суботах, нядзелях

Педагог па суднамадэльным спорце Георгій Манюк прыйшоў у яго нечакана: праз авіямадэляванне. Пачаў займацца ў 4 класе ў Віктара Буланава, скончыў у 10-м, але разыходзіцца назаўсёды не хацелася. Пасля арміі Георгій Валяр’янавіч паступіў у тагачасны Казанскі авіяцыйны інстытут. Працягваў будаваць мадэлі, знайшоў нямала аднадумцаў, кажа, праз аднаго былі авіямадэлісты. Яны самі куплялі маторчыкі, дэталі, хадзілі лётаць, нават праводзілі спаборніцтвы. У 1981 годзе Георгій Манюк вярнуўся ў Навагрудак (прымусілі сямейныя акалічнасці), хаця па размеркаванні мог застацца на заводзе ў Казані, дзе робяць самалёты Ту-160, Ту-22.

— Калі сюды прыехаў, быў ужо жанаты, меў двое дзяцей. Пайшоў працаваць на завод. У адзін дзень кажуць: “Ідзі, цябе выклікаюць”. Мяне чакаў дырэктар былога Цэнтра тэхнічнай творчасці Васіль Свораб. Ён і гаворыць: “Вас параіў Віктар Буланаў. Прыходзьце да нас у цэнтр весці гурток па суднамадэльным спорце”. Вырашыў паспрабаваць. Мне зрабілі “плаваючы” графік: хадзіў на заняткі па пятніцах, суботах і нядзелях. З дзецьмі мы рабілі і самалёты, і караблі, і ракеты. З 1981 года я сумяшчаў работу на заводзе і ў цэнтры, а як пайшоў на пенсію ў 2013 годзе, перайшоў у цэнтр поўнасцю. Бо куды я гэта кіну? Як я іх кіну? У мінулым годзе сказаў выхаванцам: “Пайду ад вас, надакучылі”, дык ледзь не плакалі: “Георгій Валяр’янавіч, не сыходзьце, што мы без вас рабіць будзем?”, — смяецца педагог.

Напэўна, дзеці цэняць заняткі і не хочуць, каб яны заканчваліся, бо адчуваюць сябе на іх самастойнымі. Яны не робяць адно і тое ж у адзін час. Кожны займаецца сваёй справай і сваёй мадэллю. Кожны можа паспрабаваць сябе ў іншым класе. Георгій Валяр’янавіч усё дазваляе, абы толькі выхаванцы нечым займаліся.

Акрамя працы ў памяшканні ёсць трэніроўкі на вадзе. Усе мадэлі радыёкіруемыя, апрабаваныя, таму няма боязі, што судна заглухне дзесьці на сярэдзіне возера (хаця здаралася і такое). Георгій Валяр’янавіч сам зрабіў і выставіў дыстанцыю для класаў Ф2-А, Ф2-В, Ф2-С і Ф4-А: гэта роўнастаронні трохвугольнік з шасцю варотамі. Кожная яго старана роўная 25 м, хаця па правілах павінна быць 30 м, але памер возера не дазваляе. Спартсмен павінен правесці сваю мадэль праз усе вароты ў прапісаным парадку. Для яхтаў дыстанцыя не патрэбна, таму выхаванцы бяруць дрэвы за арыенцір і ганяюць.

Строга і самастойна

На занятках Георгій Манюк у першую чаргу ўдзяляе ўвагу тэхніцы бяспекі, бо дзеці працуюць з інструментамі і трэніруюцца на адкрытай вадзе.

— У мяне ўсё строга: выхаванцы могуць адцягнуцца, падсунуць палец пад інструмент — і траўма. Асабліва маленькія. Усіх я прывучаю да самастойнасці: кожны знаходзіцца на розным этапе стварэння мадэлі. Тут нават калі б хацеў разарвацца, не атрымаецца, — усміхаецца педагог. — Канечне, я раскажу, пакажу, а далей рабі сам ці сама. Калі спытаюць нешта, падкажу, дапамагу, далей самастойна. На спаборніцтвах сёлета я сказаў: “Мяне няма. Усё рыхтуйце самі”. Там нешта не ладзілася, я падыходжу, а дзеці мне: “Георгій Валяр’янавіч, вас тут няма”. І выступілі добра, як трэба.

Самы галоўны інструмент суднамадэліста — нож. У дадатак ідзе скальпель для дробных работ. Надфілі, напільнікі, пілкі, маленькая дрыль з рознымі насадкамі і іншыя інструменты адыгрываюць другасную ролю. У якасці дэталей для караблёў у Навагрудскім цэнтры выкарыстоўваюць выраўненыя са-шчэпкі, дрот, катушкі, ніткі, каб запоўніць мадэль знутры — рухавікі, акумулятары, рэгулятары ходу, рулявыя машынкі.

— Мы разам з дзецьмі выбіраем, якую зрабіць мадэль. Калі я прымушу будаваць тое, што падабаецца мне, толку не будзе. Сам зараз працую над дзвюма мадэлямі-копіямі. Першая — браняносец Пацёмкін. Я гляджу на чарцяжы, фотаздымкі, стараюся зрабіць праўдападобна. Другі карабель — гэта “Дванаццаць апосталаў”. Яго затапілі ў 1855 годзе падчас Крымскай вайны ў Севастопалі, каб ён не дастаўся англа-французскай эскадры. Першую мадэль я раблю ўжо другі год, другую — трэці. Увогуле, на копію можа пайсці каля 5 гадоў.

Класы мадэлей, што ўдзельнічаюць у спартакіядзе “ТэхнаСпорт”:

F4-А — радыёкіруемая мадэль, зробленая з канструктара або якая раней не ўдзельнічала ў спаборніцтвах у групе F2.

F2-А — радыёкіруемая мадэль-копія ваеннага карабля ці грамадзянскага судна даўжынёй да 900 мм.

F2-В, С — тое ж, толькі даўжынёй ад 901 да 1401 мм, ці ад 1401 да 2500 мм.

FСР-ECO (эксперт) — радыёкіруемая мадэль аднакорпуснага катара з электрарухавіком для групавых гонак вагой больш за 1000 г.

F5-Е — радыёкіруемая яхта класа “Е”.

FСР-ECO В 2,5 — радыёкіруемая мадэль для групавых гонак з рухавіком унутранага згарання аб’ёмам 2,5 см3.

Спрынжар — клас радыёкіруемых мадэлей для правядзення спаборніцтваў па водным футболе ў фармаце 3х3.

Чароўнае мінулае

Георгій Валяр’янавіч крыху пакеплівае з цяперашніх выхаванцаў, а пра мінулых узгадвае сур’ёзна і з цеплынёй. Кажа, некаторыя нават прапускалі ўрокі, каб прыйсці да яго на заняткі. Педагог памятае свой першы набор па імёнах: Андрэй Аноп, Юра Калановіч, Уладзімір Вадэйка, дзве дачкі педагога Ала і Маша, Генадзь Гурын і Коля Будзіловіч.

— Гэта была такая моцная каманда. Абласныя спаборніцтвы праходзілі для нас прыкладна так: прыехалі? Прыехалі. Ставім птушачку, збіраемся на рэспубліку, бо выхаванцы былі моцныя, усе разумелі, што яны пройдуць далей. Яны з галавой паглыбляліся ў мадэляванне. Напрыклад, адну з нашых яхтаў Андрэй Аноп зрабіў сам без гатовых чарцяжоў. Ён паменшыў маштабнасць сапраўднай, разлічыў параметры і пабудаваў яе. Дарэчы, сёлета яна стала чэмпіёнкай у вобласці. Юра Калановіч гады 4 працаваў са мной у цэнтры, быў другім пілотам (смяецца). Потым яго запрасілі на іншую работу, і ён сышоў. Сяргей Макоўскі прыязджаў сюды з Бярозаўкі кожную пятніцу, а ў нядзелю ўвечары з’язджаў. Такі фанат! Максім Касцюк — гэта адзін з лепшых маіх выхаванцаў. У яго ўсё атрымлівалася, яму нічога не трэба было тлумачыць, падказваць. Як сядзе — не адарваць ад крэсла: усё сам, усё сам. Малыя яго абляплялі з абодвух бакоў, цікава ж паглядзець, а ён ад іх толькі адмахваўся.

Дочкамі Георгій Манюк як мадэлісткамі таксама ганарыцца. Старэйшая — рэкардсменка па планёрах, яе рэкорд дагэтуль не пабіты. Малодшая дзякуе тату за веды і прымяняе іх на практыцы: адкрыла невялікую фірму па дызайне.

Ідэальны ход

Сёлета спаборніцтвы па суднамадэляванні ў рамках спартакіяды “ТэхнаСпорт” прайшлі ў Белаазёрску. У іх удзельнічала 8 каманд і больш за 50 спартсменаў. У камандным заліку 1-е месца заняла Мінская вобласць, 2-е — Віцебская, 3-е — Брэсцкая.

Кірыл Пэнда выступаў у класе F4-А. Яму трэба было прайсці той самы трохвугольнік з шасцю варотамі. Усяго даваліся тры спробы. Першую Кірыл выканаў на 94 балы са 100, дзве другія — на 100. У залік ідуць дзве лепшыя спробы, таму хлопец справіўся ідэальна. Георгій Валяр’янавіч здзівіўся ад такога выніку, бо Кірыл толькі другі раз выступае на рэспубліканскіх спаборніцтвах, і першы быў не вельмі ўдалы. У Белаазёрску хлопец са сваім 3-м разрадам нават абышоў кандыдата ў майстры спорту.

— Я займаюся суднамадэляваннем ужо 4 гады. Зацягнулі аднакласнікі. Яны хадзілі ў суседні кабінет, прывялі туды і мяне, сказалі пачакаць педагога, які выйшаў. Я пайшоў паглядзець кабінет Георгія Валяр’янавіча, мне тут падалося цікавей, і я застаўся. Быў перыяд, калі пакідаў заняткі, бо першы год нічога не атрымлівалася. Потым вярнуўся, вынікі сталі лепшымі, мяне зацягнула, — расказвае Кірыл.

Першыя спаборніцтвы хлопца праходзілі ў Гродне. Ён выступаў у класе F5-Е і F4-А. У F5-Е заняў 6-е месца, а ў F4-А узяў “серабро”.

— Я хваляваўся не за тое, якое месца займу, а за мадэль. Думаў, каб толькі не патанула. Пасля “серабра” было настолькі радасна, што словамі не патлумачыць. Першы раз у мяне атрымалася хоць штосьці.

Ад рэспубліканскай спартакіяды Кірыл чакаў большага. Думаў, дзеці з вялікіх гарадоў будуць “хадзіць па вадзе” лепш, пакажуць моцныя спробы. Аказалася ўсё не так страшна, многія дапускалі памылкі. Да трэцяй спробы Кірыл канкурыраваў з адным хлопцам: у таго было 193 балы, у Кірыла — 194. Але трэцюю спробу сапернік заваліў.

Прыемная сустрэча

Пры размове Георгій Валяр’янавіч казаў, што яму патрэбны пераемнік. Аднаму спраўляцца з-за ўзросту ўжо цяжка. І тут сюрпрыз. Пад канец нашай сустрэчы да яго ў госці заходзіць былы выхаванец Яўген Рытус. Георгій Валяр’янавіч пасля радаснага вітання пераходзіць да справы.

— Жэнька, у верасні я чакаю цябе тут.

— А што тут будзе?

— Паўстаўкі, 10 гадзін на тыдзень. Ты адарвешся, і мне дапамога. Хоць будзе каму ўсё перадаць.

— Прапанова цікавая.

— Тады ў мяне на цябе вялікія надзеі.

Яўгену падабалася ў суднамадэляванні тое, што можна было працаваць рукамі і з тэхнікай. А калі яшчэ ўдала выступіш на спаборніцтвах — увогуле шыкоўна. Ён скончыў займацца каля 5 гадоў назад, жыў у Мінску, зараз вярнуўся, бо працуе аддалена.

— Георгій Валяр’янавіч даў мне ўсё, што ведаю, усё, што ўмею. Хутчэй за ўсё, я прыйду сюды, бо гэта мне сапраўды падабаецца. Я з радасцю б і выкладаў, і зноў выступаў бы на спаборніцтвах.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.