І вучні могуць быць ганаровымі

- 11:18"Настаўніцкай газеце" — 70

У будынку, пра які ішла гаворка ў “Настаўніцкай газеце” за 26 мая 1955 года, Сталовіцкая сярэдняя школа ўжо не размяшчаецца. У 1998 годзе яна пераехала ў новы будынак, злучаны з папярэднім спецыяльным пераходам на ўзроўні другога паверха. Стары будынак выкарыстоўваўся ў якасці дапаможнага: тут праводзіліся заняткі гурткоў, музычнай школы і інш. З цягам часу неабходнасць у ім знікла — ён быў прададзены.

Вёска Сталовічы — адзін са старажытных населеных пунктаў Баранавіцкага раёна, гісторыя якога налічвае не адно стагоддзе. Нядзіўна, што і мясцовая школа вядзе сваю гісторыю з далёкага 1865 года, калі пры Сталовіцкай царкве адкрылася народнае вучылішча.— Спачатку ў вучылішчы, дзе выкладаў дыякан Кірыл Васільевіч Грамакоўскі, займаліся толькі 43 хлопчыкі, — расказвае дырэктар школы Т.У.Паўлючэнка. — У 1888/1889 навучальным годзе вучылішча, якое існавала за грошы дзяржавы і сельскай абшчыны, наведвалі ўжо 67 дзяцей — 63 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі.
Да пачатку Першай сусветнай вайны ў Сталовічах працавала двухкласнае народнае вучылішча, якое з 1906 года ўзначальваў Канстанцін Зантовіч. У 1921 годзе польская ўлада адкрыла ў вёсцы пачатковую школу (з 1929 года — сямігодка), дзе прадметы выкладаліся па-польску.
Пасля ўключэння Заходняй Беларусі ў склад БССР школа працягвала работу ў статусе рускамоўнай. Дырэктарам навучальнай установы працаваў І.І.Бабашынскі.
У час Вялікай Айчыннай вайны будынак школы быў спалены, а дырэктар закатаваны ў канцлагеры. Пасля вызвалення вёскі ад фашыстаў у ліпені 1944 года школу размясцілі ў прыстасаваных памяшканнях, у якіх яна знаходзілася 9 гадоў — да пераезду ў новы двухпавярховы будынак у суседнім пасёлку Кастрычніцкі (назва школы захавалася ранейшай).
З 1946 да 1953 года сямігадовую школу ўзначальваў Іван Патапавіч Лычкоўскі. У 1946/1947 навучальным годзе ўстанову наведвалі 214 дзяцей.
Пасля будаўніцтва школы яна стала дзесяцігадовай. Навучальная ўстанова была разлічана на 280 дзяцей, хаця ў розныя гады іх колькасць дасягала 400 і больш.
Першым дырэктарам сярэдняй школы стаў Мікалай Фёдаравіч Кохан, а першы выпуск 28 вучняў адбыўся ўжо ў 1956 годзе.
З 1965 да 1969 года школу ўзначальваў Пётр Уладзіміравіч Лазарчук, з 1969 да 1991 — Іван Іванавіч Левы, з 1991 да 2010 — Іван Іванавіч Лычкоўскі, з 2010 да 2011 года — Алена Георгіеўна Гардзей. Сёння кіраўніком установы з’яўляецца Тамара Уладзіміраўна Паўлючэнка.
— У школе стала традыцыяй праводзіць юбілеі і вечары-сустрэчы з настаўнікамі-ветэранамі педагагічнай працы, — гаворыць дырэктар. — У 2000 годзе было распрацавана Палажэнне аб ганаровым вучні школы. Гэтае званне прысвойваецца рашэннем савета ўстановы за справы і ўчынкі тым людзям, якія праславілі школу і дасягнулі поспехаў у навуцы, літаратуры, вынаходніцкай і рацыяналізатарскай дзейнасці, дзяржаўнай і ваеннай службе, спорце і іншых сферах жыцця. Акрамя таго, штогод выпускнікі высаджваюць у школьным садзе, закладзеным па ініцыятыве былога дырэктара І.І.Лычкоўскага, маладыя дрэўцы. Гэтую традыцыю працягваюць і ганаровыя вучні школы. Сярод іх — былы кіраўнік школы Іван Іванавіч Лычкоўскі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Мікалаевіч Чаранкевіч; вядомая паэтэса, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Ніна Сымонаўна Загорская; майстар на ўсе рукі Елісей Пракопавіч Саламянка, былы дэкан факультэта дарожных камунікацый БНТУ Мікалай Іосіфавіч Вярбіла, былы намеснік дырэктара Брэсцкага дзяржаўнага чыгуначнага каледжа Юрый Міхайлавіч Бадроў, галоўны ўрач 3-й клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава Мінска Уладзімір Аркадзьевіч Комар, генерал-маёр у адстаўцы старшыня цэнтральнага рэспубліканскага савета Беларускага саюза ветэранаў органаў пагранічнай службы Мікалай Мікалаевіч Кохан; залатая медалістка школы, якая доўгі час працавала ў ёй настаўніцай гісторыі, Ганна Паўлаўна Смычок.
Сённяшнія 26 настаўнікаў і 160 вучняў школы старанна захоўваюць традыцыі, закладзеныя папярэднікамі, вядуць летапіс установы і рыхтуюцца да яе 150-гадовага юбілею.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.