І вучыць, і выхоўвае

- 12:33Навіны рэгіёнаў

У большасці выпадкаў чалавек шукае сваю прафесію, але бывае і наадварот. Часам прафесія сама знаходзіць чалавека. Так здарылася ў жыцці настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Гарбавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна Марыі Міхайлаўны Чавусавай.

Яна ніколі не марыла аб педагагічнай працы, не імкнулася настаўнічаць. На гістарычны факультэт МДУ імя А.А.Куляшова Марыя Міхайлаўна паступала з-за захаплення гісторыяй, якое ёй прывіла школьная настаўніца В.Г.Шацкая.

— Непаўторныя, цікавыя ўрокі Валянціны Георгіеўны нікога з вучняў не пакідалі абыякавым. Я добра памятаю тыя заняткі і цяпер, шмат у чым арыентуюся на іх у сваёй рабоце, — паведаміла М.М.Чавусава.

Зараз Марыя Міхайлаўна не ўяўляе свайго жыцця без любімай работы, без школы, без сваіх вучняў. А між тым нават падчас вучобы ва ўніверсітэце яна думала адпрацаваць належны тэрмін па размеркаванні і шукаць сябе ў іншай сферы. Усё змянілася падчас першай педагагічнай практыкі.

— Калі правяла свае першыя ўрокі, зразумела, што магу выдатна выкладаць гісторыю, тлумачыць яе таямніцы іншым. І гэта значна цікавей, чым проста вучыць гісторыю самастойна. Менавіта тады і вырашыла: буду настаўніцай, — расказала Марыя Міхайлаўна.

Студэнцкія гады Марыі Чавусавай былі яркія і насычаныя. Археалагічныя раскопкі, этнаграфічныя туры па Беларусі, педагагічная практыка, удзел у шматлікіх спартыўных і культурных мерапрыемствах. Нядзіўна, што гэты час праляцеў для яе незаўважна.

— Калі пачалося размеркаванне, мяне накіравалі ў Чавускі раён. Нашы выкладчыкі жартавалі: “А куды яшчэ? Прозвішча абавязвае”, — успамінае М.М.Чавусава.

Маладой настаўніцай Марыя Міхайлаўна трапіла ў Гарбавіцкі вучэбна-педагагічны комплекс. Вядома, напачатку сутыкнулася з пэўнымі цяжкасцямі. Галоўнай стала неабходнасць выкладання на беларускай мове.

— Я гавару па-беларуску, але вучылася заўсёды на рускай мове. Таму спачатку былі пэўныя цяжкасці. Да гэтага часу з усмешкай успамінаю свой першы ўрок. Тады ад хвалявання я забылася нават слова “дзённік”, — расказала Марыя Міхайлаўна.

У прафесійным станаўленні ёй шмат у чым дапамаглі больш вопытныя калегі-настаўнікі. Ды і зараз усялякая падтрымка любых пачынанняў з боку кіраўніцтва школы значна дапамагае. Сёння за плячыма М.М.Чавусавай амаль дзесяць гадоў педагагічнай дзейнасці. Яна настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, але ўсё гэтак жа знаходзіцца ў пастаянным інтэнсіўным пошуку новых педагагічных ідэй, новых форм правядзення ўрокаў. На сваіх занятках імкнецца не проста даць навучэнцам гатовую тэму, а навучыць іх здабываць веды сама­стойна.

— Захапіць гісторыяй ці грамадазнаўствам усіх немагчыма. У дзяцей розныя здольнасці, розныя прыярытэты. Але зацікавіць прадметам, зрабіць урок інфармацыйна насычаным, запамінальным — цалкам рэальна. Не трэба забываць і пра выхаваўчыя моманты, — адзначае Марыя Міхайлаўна.

Па яе меркаванні, настаўніку вельмі важна знайсці кантакт са сваімі вучнямі, быць з імі на адной хвалі. Дзеля гэтага трэба да кожнага навучэнца шукаць падыход. А яшчэ імкнуцца быць з імі на роўных, быць для дзяцей не толькі настаўнікам, а і старэйшым таварышам, сябрам.

— Гэтыя даволі простыя для кожнага педагога пастулаты я зразумела на справе. У першы год работы ў мяне быў даволі складаны клас, дзе былі праблемы і з паспяховасцю, і з дысцыплінай. Яны зніклі толькі тады, калі мы з вучнямі сталі сябрамі, знайшлі паразуменне, — адзначыла М.М.Чавусава.

Настаўніца заўсёды знаходзіць час на гутарку з вучнямі. Асабліва цёплыя ўзаемаадносіны ў яе склаліся з дзецьмі, якія знаходзяцца пад яе класным кіраўніцтвам.

— Мае хлопцы і дзяўчаты часта заходзяць да мяне з нейкімі праблемамі, просяць парады. Я заўсёды выдаткоўваю час для такіх размоў. Мы можам папіць гарбаты і разам разабрацца ў сітуацыі. Галоўнае, чаго я прытрымліваюся ў выхаванні, — прынцып “не нашкодзь”. Лічу, што кожнае дзіця павінна самастойна ісці па сцяжынцы ведаў, быць такім, якім яно хоча, быць сабой. Падтрымка дарослых таксама неабходная, але яна павінна быць ненадакучлівай, — падкрэсліла М.М.Чавусава.

Што да вучэбных заняткаў, то тут Марыя Міхайлаўна ўпэўнена: урок паспяховы тады, калі ён цікавы дзецям. Таму ў аснове яе заняткаў — дыялог, а таксама розныя актыўныя і інтэрактыўныя адукацыйныя методыкі. Даволі часта настаўніца выкарыстоўвае на ўроках элементы крытычнага мыслення, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Усё гэта скіравана на выхаванне кампетэнтнай асобы са сфарміраванымі камунікатыўнымі навыкамі.

— Выхаванне кампетэнтнага чалавека — галоўная канчатковая мэта адукацыйнага працэсу, — гаворыць М.М.Чавусава. — Таму і стараюся навучыць дзяцей працаваць у камандзе, браць на сябе адказнасць за вырашэнне праблем, быць гатовымі да самаадукацыі, развіваю іх крытычнае мысленне.

Эфектыўная выкладчыцкая дзейнасць Марыі Міхайлаўны неаднаразова адзначалася. У яе нямала прафесійных дасягненняў. Але для гэтай настаўніцы важней усё ж радасць не ўласных, а вучнёўскіх перамог. Таму асаблівую ўвагу М.М.Чавусава ўдзяляе рабоце з адоранымі навучэнцамі. З таленавітымі дзецьмі яна плённа працуе на стымулюючых, факультатыўных занятках, для кожнага індывідуальна распрацоўвае заданні для самастойнай работы. Вынік адпаведны — вучні Марыі Міхайлаўны рэгулярна перамагаюць на другім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве, конкурсах даследчых рабо­т.

— Мае навучэнцы неаднаразова станавіліся прызёрамі заключнага этапу конкурсу “Патрыёт.by”. Пры падтрымцы настаўніцы інфарматыкі нашай школы Людмілы Фёдараўны Арцеменка мы стварылі цікавыя камп’ютарныя гульні: “Падарожжа па Беларусі”, “Мы помнім” і іншыя, — расказала Марыя Міхайлаўна.

Асабліва важным у сваёй рабоце М.М.Чавусава бачыць няспыннае прафесійнае развіццё. Яна пераканана: сучасны настаўнік павінен умець ісці ў нагу з часам, будаваць адукацыйны працэс у адпаведнасці з жыццёвымі рэаліямі. Марыя Міхайлаўна пастаянна наведвае курсы павышэння педагагічнага майстэрства. Імкненне да прафесійнага росту прывяло яе і да ўдзелу ў сёлетнім рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года”.

Удзел у конкурсе стаў важным этапам у жыцці М.М.Чавусавай, прымусіў яе пра многае задумацца. У тым ліку пра тое, што для прафесійнага поспеху неабходна пастаянна расці, вучыцца, спазнаваць новае.

— Конкурс вельмі натхніў. Зараз у мяне шмат ідэй, якія хацелася б рэалізаваць. Вельмі хочацца стварыць тое, што сапраўды адпавядала б запытам сучаснага грамад­ства, было актуальным і запатрабаваным сярод падра­стаючага пакалення. У мяне ўжо ёсць пэўныя думкі на гэты конт. Планую пры дапамозе сяброў стварыць які-небудзь цікавы адукацыйны праект, — паведаміла Марыя Міхайлаўна.

…Жыццё М.М.Чавусавай звязана з Гарбавіцкім вучэбна-педагагічным комплексам ужо амаль дзесяць гадоў. Тут яна адбылася як педагог, дасягнула першых прафесійных вышынь. З мінулага навучальнага года яна выкладае гісторыю яшчэ і ў Магілёўскім абласным ліцэі № 3, але работу вясковага педагога не пакінула. Сваім сённяшнім самым значным педагагічным дасягненнем Марыя Міхайлаўна лічыць тое, што ўсе яе былыя вучні сталі добрапрыстойнымі грамадзянамі, маюць пэўныя жыццёвыя поспехі. Што асабліва важна: ніхто з выпускнікоў не забывае сваю настаўніцу. Для яе гэта вялікая каштоўнасць.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва М.М.Чавусавай.