І вучыць, і выхоўвае

- 15:16Навіны рэгіёнаў

У нядзельнай школе пры храме Мікалая Цудатворца Маларыты дзейнічаюць 7 класаў, у якіх займаюцца 142 хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў. Заняткі праводзяць вопытныя педагогі. Сярод іх — сястра праваслаўнага сястрынства ў гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” пры Мікалаеўскай царкве Маларыты Л.М.Калеснікава. 25 гадоў яна працавала настаўніцай пачатковых класаў ва ўстановах адукацыі райцэнтра. 14 гадоў настаўнічае ў царкоўнай школе.

Да  ўрокаў Людміла Мікалаеўна рыхтуецца старанна і грунтоўна. Яна імкнецца зрабіць іх максімальна насычанымі, змястоўнымі, цікавымі і карыснымі. Каб больш даходліва данесці праграмны матэрыял, звяртаецца да розных метадаў і прыёмаў. Дзеці заўсёды прыходзяць на заняткі з асаблівым настроем, з задавальненнем наведваюць урокі, імкнуцца іх не прапускаць. Ім тут цікава.

Л.М.Калеснікава ахвотна дзеліцца вопытам работы падчас адкрытых урокаў, семінараў і іншых мерапрыемстваў.

— Сёння займаюся з 22 хлопчыкамі і дзяўчынкамі другога года навучання, якія спасцігаюць асновы праваслаўнай веры, вучацца жыць па божых запаветах, — расказвае Людміла Мікалаеўна. — Заняткі ў нядзельнай школе вучаць быць добрымі, спагадлівымі, міласэрнымі, сардэчнымі, чулымі і шчырымі, любіць іншых, дапамагаць людзям у розных жыццёвых сітуацыях.

Педагог у даступнай і зразумелай форме расказвае дзецям пра Бога, нормы хрысціянскага жыцця, этычныя, маральныя і духоўныя правілы, абмяркоўвае з дзецьмі праблемы сэнсу чалавечага жыцця і інш.

— У нядзельнай школе вучні атрымліваюць веды аб праваслаўнай культуры, знаёмяцца з яркімі прыкладамі хрысціянскага жыцця, — гаворыць Л.М.Калеснікава. — Заняткі дапамагаюць у маральна-духоўным і патрыятычным выхаванні дзяцей, развіцці іх творчага патэнцыялу. Гэта не толькі месца, дзе можна набыць пэўныя веды, але яшчэ і своеасаблівая пляцоўка для дзіцячых зносін.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.