23-ці дом сямейнага тыпу адкрыўся на Гродзеншчыне. У самым цэнтры Гродна, у прыгожым двухпавярховым доме, справіла наваселле яшчэ адна прыёмная сям’я.
На свята да Наталлі Янушкоўскай і Сяргея Мерсана, настаўніка фізічнай культуры, а таксама да іх пяці дзетак — Данііла, Дзмітрыя, Сяргея, Дар’і і Аліны — завіталі госці. Самае старэйшае дзіця — 11-гадовая Дар’я — гэта дачка Наталлі і Сяргея, пляменніца Наталлі Валер’еўны Аліна тры гады жыве ў гэтай сям’і, а вось тры хлопчыкі сталі яе членамі нядаўна. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў павіншаваў усіх з наваселлем і адзначыў, што дамы для такіх сем’яў і надалей будуць будавацца ў рэгіёне, таму што ахова законных правоў і інтарэсаў дзяцей з’яўляецца асновай дзяржаўнай палітыкі. Ён падкрэсліў, што менавіта такая форма выхавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дазваляе ім атрымаць любоў, клопат, адчуць хатнюю ўтульнасць і вырасці сапраўднымі грамадзянамі краіны. Уладзімір Васільевіч урычыў падарункі: сертыфікат на набыццё тэлевізара і кошык цукерак. Былі і яшчэ падарункі: ад старшыні Гродзенскага гарвыканкама Мечыслава Гоя навасёлы атрымалі сертыфікат на набыццё камп’ютара і кошык садавіны.
Новы дом для новай прыёмнай сям’і быў узведзены спецыялістамі “Гроднагарбуда” за два з паловай месяца. На яго будаўніцтва было выдзелена 2,6 мільярда рублёў з абласнога бюджэту і 2 мільярды рублёў — з рэспубліканскага. У доме на першым паверсе вялікая гасціная, зала і кухня, на другім — пяць пакояў, на кожным паверсе ёсць санвузлы. Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч паведаміў, што да канца года дом сямейнага тыпу адкрыецца ў Астраўцы. На наступны год яшчэ адно будаўніцтва пачнецца ў Гродне і адно — у Навагрудскім раёне. Такім чынам кіраўніцтва горада імкнецца вырашыць пытанне аб спыненні дзейнасці дзіцячага дома ў абласным цэнтры на працягу двух найбліжэйшых гадоў.
Завяршыўся гэты дзень у новай прыёмнай сям’і знакавай падзеяй. Дзеткі разам з гасцямі пасадзілі дрэўца, якое дасць пачатак саду дружнай сям’і.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Міхаіла ІСАЧАНКІ.