І зноў паклікаў верасень у школу

- 15:34Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У школах Беларусі прайшлі ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя пачатку новага навучальнага года. Па ўсёй краіне за парты селі 930 тысяч дзяцей і падлеткаў. Першы званок празвінеў для 104 тысяч першакласнікаў.

Сапраўдным падарункам да Дня ведаў для дзяцей і іх бацькоў сталі чатыры новыя школы — у Брэсце, Гродне, Мінску і Калінкавічах. Сталічная школа-новабудоўля № 61 на вуліцы Кірылы Тураўскага ўзведзена па ўнікальным архітэктурным праекце і аснашчана самым сучасным вучэбным і спартыўным абсталяваннем. Школа разлічана на 880 навучэнцаў. На сёння тут укамплектавана 19 класаў, 4 з іх — першыя. Для самых маленькіх вучняў першы школьны дзень стаў хвалюючым і запамінальным. Для іх тут усё новае: школа, настаўніца, сябры. Ды яшчэ на лінейку завіталі высокія госці — мэр Мінска Мікалай Ладуцька і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь галоўны інспектар па Мінску Аляксандр Якабсон. Як тут не разгубіцца?!
Для пачаткоўцаў ва ўстанове створаны ўсе ўмовы для вучобы і адпачынку. Акрамя звычайных парт, для няўседлівых дзяцей у класах устаноўлены канторкі. Для ўрокаў фізічнай культурай прадугледжаны дзве спартыўныя залы — малая і вялікая шматфункцыянальная з трыбунамі. Акрамя таго, ёсць трэнажорная зала і харэаграфічная — з балетнымі станкамі і люстэркамі. На прышкольнай тэрыторыі знайшлося месца і для дзвюх дзіцячых пляцовак. Першакласнікам па душы прыйдуцца яркія горкі, лесвічкі і арэлі. А паколькі для дзяцей, якія будуць наведваць групы прадоўжанага дня, прадугледжаны спальныя месцы, прагулка перад сном будзе актыўнай і цікавай. У другой палове дня кожны зможа знайсці сабе занятак па душы — наведваць разнастайныя гурткі (вышыўкі, бісерапляцення, мастацкай гімнастыкі, тэатр моды і інш.) альбо спартыўныя секцыі.
Выкладаць у школе будуць высокакваліфікаваныя настаўнікі, а таксама прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Напрыклад, выкладчыкі Акадэміі кіравання пры прэзідэнце для старшакласнікаў будуць праводзіць факультатыўныя заняткі па гісторыі і грамадазнаўстве. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі арганізуе для навучэнцаў урокі “тэлепрысутнасці” (метады рашэння задач па фізіцы і матэматыцы будуць выкладацца ў форме відэаканферэнцый). А БНТУ прадаставіць магчымасць школьнікам вывучаць асновы робататэхнікі. Акрамя таго, заключана дамоўленасць з акадэміяй CISCO. Пасля заканчэння поўнага курса школьнікі атрымаюць сертыфікат міжнароднага ўзору па спецыялізацыі “Асновы інфармацыйных тэхналогій”.
“Нашы выхаванцы мараць быць паспяховымі і знакамітымі, і мы, безумоўна, будзем арганізоўваць адукацыйна-выхаваўчы працэс так, каб кожны наш вучань знайшоў сваё прызванне, пражыў доўгае і шчаслівае жыццё!” — адначыла дырэктар новай школы Ірына Віктараўна Цубікава.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.