І зноў вясна, і зноў май…

- 12:31Якасць адукацыі

23 мая Уладзіміру Лукічу Верхаўцу споўнілася б 90 гадоў. Шмат гадоў прайшло з таго дня, як ён пакінуў гэты свет, але яго родныя, сучаснікі і паплечнікі працягваюць яго жыццё ва ўспамінах. З прозвішчам Верхавец звязаны гісторыя айчыннай прафесійна-тэхнічнай адукацыі, яе дасягненні, слаўныя імёны ў педагогіцы, новыя прафесіі, працоўны ўздым у эканоміцы. Расказваць пра Уладзіміра Лукіча — значыць расказваць пра сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі, настолькі цесна яго лёс знітаваны з педагагічнай працай і кіраўніцкай дзейнасцю ў адукацыйнай сферы.

Калі ўзровень прафтэхадукацыі быў вылучаны ў асобны кірунак, у аснове яе стаяў Дзяржаўны камітэт БССР па прафтэхадукацыі. 8 гадоў гэты камітэт узначальваў Уладзімір Лукіч. Яго работа на гэтай пасадзе была накіравана на павышэнне папулярнасці рабочых прафесій у маладзёжным асяроддзі, на стварэнне ў навучальных установах спрыяльных умоў не толькі для асваення прафесійных уменняў і навыкаў, але і для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў, фарміравання іх асобы. На пасаду старшыні камітэта Уладзімір Лукіч прыйшоў ужо як вопытны кіраўнік, ініцыятыўны арганізатар, творчы педагог. Аднак ён запомніўся сваім калегам не толькі прафесійнымі, але і чалавечымі якасцямі. Разам са строгасцю, адказнасцю, дысцыплінаванасцю, моцным характарам у зносінах з ім заўсёды адчуваліся шчырасць, спагадлівасць, паважлівае стаўленне да людзей. Яго добрая ўсмешка заўсёды выклікала прыхільнасць у размове, хацелася падзяліцца, параіцца з ім або паскардзіцца на штосьці. І заўсёды Уладзімір Лукіч уважліва выслухоўваў свайго субяседніка і імкнуўся дапамагчы. Ён валодаў дарам прадбачання, умеў бачыць перспектыву, адчуваць людзей. Гэта стала асновай яго кіраўніцкай дзейнасці, якая прынесла станоўчыя вынікі ў  развіцці прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Заглянем у гісторыю тых часоў.

 Уладзімір Лукіч не абмяжоўваўся кабінетнай работай, а з вялікім жаданнем выяз­джаў ва ўсе рэгіёны Беларусі, у навучальныя ўстановы, імкнуўся быць бліжэй да педагогаў, навучэнцаў, выслухоўваць іх меркаванні, прапановы, каб лепш унікнуць у сутнасць справы. Разглядаючы фатаграфіі таго часу, можна ўбачыць Уладзіміра Лукіча на калгасным полі сярод будучых трактарыстаў, у вучэбнай майстэрні з новым інструментам,

з будаўнічымі матэрыяламі на будоўлі, сярод канкурсантаў на спаборніцтвах прафесійнага майстэрства і на футбольным полі, у павільёнах музея тэхнічнай і мастацкай творчасці, на злётах і ў турыстычных паходах. Усюды, дзе б ён ні быў, яго акружалі людзі прафтэхсістэмы, якія раіліся і выказваліся, а ён штораз убіраў у сябе інфармацыю і станоўчую энергетыку для ­здзяйснення новых планаў па развіцці прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Значна, што ў перыяд кіравання Уладзіміра Лукіча галіна пачала развівацца больш дынамічна і імкліва. Вялося маштабнае будаўніцтва новых вучэбных аб’ектаў, у тым ліку навучальных устаноў, былі пабудаваны спартыўны комплекс “Працоўныя рэзервы”, Рэспубліканскі дом тэхнічнай творчасці прафтэхадукацыі, умацоўвалася вучэбна-матэрыяльная база ўстаноў ПТА. Неабходна было ўдасканальваць і змест прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Народнай гаспадарцы ўжо былі патрэбны рабочыя з рознабаковымі ведамі і ўменнямі, якія маг­лі асвойваць сучасную тэхніку, выконваць складаныя аперацыі, умелі адаптавацца на вы­творчасці. Гэта падразумявала падрыхтоўку рабочых па складаных прафесіях шырокага профілю. Паступова адзінкавыя прафесіі былі выціснуты, а на змену ім прыйшлі сумешчаныя, інтэграваныя. Адпаведна гэтым запатрабаванням былі распрацаваны новыя вучэбныя планы і  праграмы для падрыхтоўкі рабочых па складаных прафесіях. Уладзімір Лукіч ініцыіраваў укараненне комплекснага метадычнага забеспячэння вучэбнага працэсу, удасканаленне форм і метадаў навучання, распрацаваных у ходзе эксперыментальнай работы. Пры У.Л.Верхаўцы было ўкаранёна вытворчае навучанне па мета­дзе “майстар-майстэрня”. Стала папулярным адточ­ваць прафесійнае майстэрства падчас выпуску карыснай прадукцыі. Лепшыя вырабы рэалізоўваліся на кірмашах “Горад майстроў”, якія, па  сутнасці, сталі пляцоўкай для папулярызацыі прафесійна-тэхнічнай адукацыі і правядзення прафарыентацыйнай работы. Падобныя святы-распродажы сталі праводзіцца штогод ва ўсіх абласных цэнтрах, Мінску і іншых буйных гарадах. Лепшыя ўзоры творчасці педагогаў і навучэнцаў дэманстраваліся на выставах. Пашырыўся конкурсны рух, сталі праводзіцца шматлікія конкурсы прафесійнага майстэрства па многіх прафесіях.

З далейшым развіццём навукова-тэхнічнага прагрэсу патрэба ў кадрах з інжынернымі ведамі істотна ўзрасла. Важнае значэнне надавалася повышэнню ўзроўню выкладання прадметаў спецтэхналогіі, авалоданню навучэнцамі  політэхнічнымі, эканамічнымі ведамі. На аснашчэнне навучальных устаноў сучаснымі тэхнічнымі сродкамі і электронна-вылічальнай тэхнікай паўплывалі кіраўніцкія рашэнні Уладзіміра Лукіча, яго, як кажуць, гаспадарская хватка.

З асаблівым пачуццём У.Л.Верхавец ставіўся да арганізацыі выхаваўчай работы ва ўстановах ПТА. “Само па сабе выхаванне такое ж складанае, як і сам чалавек”,—  не раз гаварыў Уладзімір Лукіч. Ён спрабаваў выпрацаваць цэласную сіс­тэму пазаўрочнай работы, якая прадугле­джвала поўную занятасць навучэнцаў. Моладзь магла навед­ваць спартыўныя секцыі, клубы па інтарэсах, гурткі тэхнічнай і мастацкай творчасці. Такая разнастайнасць баўлення вольнага часу прыйшлася даспадобы навучэнцам. Уладзімір Лукіч надаваў вялікае значэнне і сувязі навучальнай установы з базавым прадпрыемствам. Для яго гэта было асновай асноў у плане прафесійнай падрыхтоўкі адпаведных кадраў для вытворчасці і гарантыяй працаўладкавання выпускнікоў. У той час павысілася матэрыяльна-тэхнічная дапамога базавых прадпрыемстваў установам прафтэхадукацыі. За гэтыя сродкі праводзілася мадэрнізацыя вучэбнай базы навучальных устаноў, на прадпрыемствах аплачвалася вы­творчая практыка навучэнцаў.

 Як бачым, усе кірункі, ініцыіраваныя Уладзімірам Лукічом, застаюцца ў прыярытэце і сёння. У.Л.Верхавец імкнуўся сваімі справамі даць новы подых развіццю айчыннай сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі і тым самым пакінуць свой след на зямлі. Гэта ў яго атрымалася. І зноў вясна, і зноў май…

Ала КЛЮЙКО.