Ідэі для “Першых”

— Калі я быў школьнікам, думаў: “Як хораша быць студэнтам”. Маўляў, тады можна ствараць вялікія цікавыя праекты. Вам жа пашанцавала болей: доўга чакаць не трэба. Развіць уласную задуму і расказаць пра яе ўсёй краіне можна ўжо зараз, — звярнуўся да школьнікаў вядучы Дзмітрый Смірноў. Так у краіне стартаваў сацыяльны праект “Першыя”.

Гісторыя “Першых” пачалася ў мінулым годзе — летась яго ведалі як velcomYOUTH. Сёлета арганізатары ўнеслі змены не толькі ў назву, але і падкарэкціравалі фармат. У праекце замест трох бу­дуць задзейнічаны чатыры напрамкі: “Тэхналогіі”, “Культура”, “Інклюзія” і “Экалогія”. А да ўдзельнікаў, вучняў 10—11 класаў, далучацца дзевяцікласнікі.

Першы майстар-клас “Ідэі, вартыя распаўсюджвання” стаў своеасаблівым журналам уліку, на старонках якога запрошаныя госці пакінулі апісанне дзеючых праектаў у сваіх галінах.

Дырэктар Embedded- і IoT-пра­ктыкі кампаніі ЕРАМ Сяргей Бойка ў тэхналогіях як рыба ў вадзе. Спецыяліст адзначыў, што інавацыі не заўсёды новае: іх сутнасць у тым, што старыя рэчы ўзаемадзейнічаюць паміж сабой невядомымі раней спосабамі.

— Інтэрнэт рэчаў (працуе па прынцыпе ўзаемадзеяння тэхнікі пры мінімальным удзеле чалавека) і штучны інтэлект — тое, што можна выкарыстоўваць пры распрацоўцы ідэй, — расказаў прамоўца, распісваючы вартасці “разумнага дома”. — Кожная ідэя павінна быць некаму патрэбна. У адваротным выпадку ў ёй няма сэнсу.

Як змагацца з лянотай? Неабходна пачынаць з рубяжа паміж “Увогуле не хочу” і “Пайду і зраблю”. Аналіз сябе, думак і іх наступстваў дапамагае матываваць сябе.

Сузаснавальнік Цэнтра развіцця эфектыўных камунікацый “Жывая бібліятэка” Марына Штрахава паказала анатомію буйных культурных праектаў. Дзяўчына пераканана, што камунікацыя мяняе ўзаемаадносіны паміж людзьмі да лепшага. І доказ гэтага — яе праект “Жывая бібліятэка”, пляцоўка, дзе ролю кніг выконваюць людзі. На сустрэчах з чытачамі асобы-кнігі дзеляцца вопытам і расказваюць жыццёвыя гісторыі. Каманда “Жывой бібліятэкі” пераканана: “Людзі — гэта больш, чым стэрэатыпы”. Па словах Марыны, праект закладвае падмурак для пазітыўных змен у грамадстве і адстойвае права іншых быць іншымі, ставячы ў аснову чатыры каштоўнасці ініцыятывы: інклюзію, роўнасць, талерантнасць і недыскрымінацыю.

Таксама прамоўца звярнула ўвагу на беларускія праекты reBrest, “13:87”, Dialects. У межах першага брэсцкія энтузіясты з дапамогай дапоўненай рэальнасці ўзнаў­ляюць пабудовы горада, якіх сёння не існуе. “13:87” — адно з першых у краіне антыкафэ, культурная прастора для зносін, дзе аплачваецца не заказ, а праведзены час. А Dialects — гэта карта, на якую ў аўдыяфармаце наносяцца гаворкі карэннага насельніцтва вёсак, гарадоў і памежных з Беларуссю тэрыторый. Галоўная мэта праекта — прасачыць, як беларускія дыялекты распаўсюджваюцца, зразумець, чым яны адрозніваюцца ці падобныя да суседніх моў. “Не трэба скардзіцца на малую пашыранасць беларускай мовы — трэба гаварыць на ёй. Не трэба казаць, што праз 10 гадоў дыялекты вымруць — іх неабходна папулярызаваць”, — лічаць распрацоў­шчыкі праекта.

Каб сабраць дастойную каманду, дастаткова ўсюды расказваць пра свой праект. Яна ўтворыцца не адразу, але будзе выдатнай.

Інклюзіўныя праекты ў многіх асацыіруюцца з іменем аўтара сацыяльных ініцыятыў для людзей з інваліднасцю Аляксандра Аўдзевіча. Два з іх — “Інклюзіўны барыста” (у межах ініцыятывы людзі з любой формай інваліднасці асвойваюць сучасную прафесію і працаўладкоўваюцца) і зала інклюзіўнага кросфіту — вядомыя ва ўсёй краіне.

— Наўрад ці нехта будзе займацца праектамі для людзей з інваліднасцю, калі сам не сутыкнуўся з гэтым ці не мае людзей з інваліднасцю сярод знаёмых. Да 28 гадоў я таксама не ведаў ніводнага, — падзяліўся Аляксандр, прыводзячы прыклады сацыялагічных даследаванняў. — Калі б вынікі работы лю­дзей з інваліднасцю ўспрымаліся так, як іх творчасць, у галіне не існавала б праблем.

Здавалася б, адкуль у забудаваным горадзе, ды яшчэ і ў сценах гандлёвага цэнтра, чуецца ўхканне вушатай няясыці і ціньканне снегіра? Падлеткі, што прыйшлі на сустрэчу “Першых”, даведаліся, што такія гукі могуць жыць унутры… чалавека. А пераканаў іх у гэтым дырэктар Цэнтра экалагічнага выхавання і развіцця аўтар праекта “Зялёныя класы беларускай сталіцы” Руслан Шайкін — спецыяліст у экалагічным напрамку.

— Ці чулі вы пра экалагічны макіяж? Мы ганарымся тым, што гэты напрамак нарадзіўся ў Беларусі. Яго сутнасць у тым, што пры нанясенні фарбаў выкарыстоўваюцца колеры апярэння канкрэтнай птушкі — напрыклад, зімародка. Наўрад ці нехта скамбінуе палітру больш гарманічна, чым прырода, — заўважыў Руслан Шайкін.

Для вырашэння экалагічных праблем трэба на некаторы час паглыбіцца ў адпаведнае асяроддзе, каб зразумець, як на прынятыя крокі рэагуе прырода.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлены арганізатарамі мерапрыемства.