Ідэі крэатыўныя, канструктыўныя

- 10:56Адукацыйная прастора

Дзесяць каманд старшакласнікаў з Гродна і Іўя, Высокага і Маладзечна прынялі ўдзел у крэатоне “Першыя ідэі: тэхналогіі”.

Мерапрыемства прайшло ў рамках сацыяльна-адукацыйнага праекта “Першыя”, які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Як адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўнай камунікацыі кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў, у Гродне школьнікам прапанавалі пагутарыць пра футурыстычны ўплыў сучасных тэхналогій на жыццё, а таксама абмеркаваць іх уздзеянне на сферу адукацыі, выказаць свае ідэі, з дапамогай якіх можна змяніць навакольны свет, грамадства і жыццё людзей да лепшага.

Удзельнікі крэатону, атрымаўшы заданні, абмеркавалі свае ідэі, як з дапамогай сучасных тэхналогій зрабіць больш эфектыўным працэс навучання, і прапанавалі іх на суд удзельнікаў крэатону і журы. А прапановы ў кожнай каманды былі вельмі цікавыя. Так, навучэнец гімназіі № 1 Іўя Канстанцін Муліца і яго каманда прапанавалі зрабіць сайт з усімі падручнікамі, рабочымі сшыткамі, электроннымі дзённікамі, што дазволіць насіць менш кніжак у школу і палегчыць ранец навучэнца, сэканоміць паперу, а яшчэ была прапанова адзнаку выстаўляць у выглядзе смайліка. Удзельнікі выказвалі ідэі стварыць базу ўзаемадапамогі школьнікаў, каб вучні з добрай паспяховасцю дапамагалі разабрацца з тэмамі заняткаў тым, хто вучыцца не так добра, і электронную чаргу ў сталовую, здымаць заняткі на відэа і выкладваць іх на сайт школы, каб усе, хто адсутнічаў, маглі іх праглядзець, запрашаць замежных выкладчыкаў для правядзення  заняткаў праз скайп.

Былі прапанаваны заданні па стварэнні дадаткаў, якія будуць карыснымі для нашага грамадства ў сферах культуры, інклюзіі, экалогіі. Школьнікі хацелі стварыць анлайн-карту для людзей з асаблівымі патрэбамі, на якой пазначаны месцы, дзе ўсталяваны пандусы і дзе ёсць безбар’ернае асяроддзе, дадатак, які паказвае, колькі кіламетраў праехаў чалавек, выкарыстоўваючы экалагічны транспарт, а за паляпшэнне экалогіі даваць бонусы, дадатак-навігатар па гістарычных мясцінах з цікавай інфармацыяй пра нацыянальныя святы, vr-акулярамі, каб убачыць помнікі, якія не захаваліся, дадатак, які фіксуе, калі камусьці трэба дапамога, і гэта бачаць валанцёры і своечасова гэтую дапамогу аказваюць.

Лепшым прамоўцам крэатону стаў навучэнец 9 класа гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Карскага Гродна Уладзіслаў Дзітко. За лепшае ІТ-рашэнне адзначаны навучэнец 11 класа Гродзенскай гарадской гімназіі Арцём Рудакоў, які прапанаваў арганізаваць электронную чаргу ў сталовую і з дапамогай спецыяльнага дадатку ўбачыць меню, зрабіць заказ, даведацца, ці шмат людзей зараз у сталовай.

Папярэднія крэатоны для старшакласнікаў праходзілі ў Віцебску і Магілёве па тэмах “Культура” і “Інклюзія”. У Гомелі тэмай крэатону стане экалогія.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.