Ідэі моладзі падтрымае ўлада

- 11:30Навіны рэгіёнаў

Больш за 100 маладых ініцыятыўных людзей з усіх раёнаў вобласці сабраліся ў Гомелі, каб задаць пытанні, якія іх цікавяць, старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзю Салаўю. Падтрымка маладых спецыялістаў, развіццё транспартнай і спартыўнай інфраструктуры, а таксама кірункі ўнутранага турызму — вось тыя праблемы, якія хвалююць маладых людзей. 

Сустрэча прайшла ў фармаце дыялогавай пляцоўкі. Размова доўжылася каля дзвюх гадзін. Закрытых тэм не было. У дыялогу закранулі тэмы будаўніцтва і рэканструкцыі аб’ектаў аховы здароўя рэгіёна, узвядзення новай школы ў мікрараёне Хутар у Гомелі, а таксама развіцця раёнаў вобласці. Таксама моладзь хвалявала развіццё транспартнай сеткі, у прыватнасці — у кварталах новабудоўляў. Абмеркавалі варыянты дадатковай падтрымкі маладых спецыялістаў для іх упэўненага замацавання на першых працоўных месцах у раёнах.

Вялікую ўвагу ўдзялілі развіццю спартыўнай інфраструктуры. Генадзь Салавей падзяліўся планамі па ўладкаванні спартыўных аб’ектаў у рэгіёне. Так, праз некаторы час пабудуюць футбольныя стадыёны ў Добрушы, Чачэрску, Рагачове. Таксама будзе добраўпарадкавана пляцоўка, якая належыць ГДУ імя Францыска Скарыны. Перспектыва наступных двух гадоў — рэканструкцыя басейна ў Ірынінскай гімназіі ў Гомелі. На кантролі і басейн “Дэльфін”. 

Новае аблічча сёлета набудзе Добруш. У цэнтры горада з’явіцца новая алея, плануецца пабудаваць футбольны стадыён. Губернатар адзначыў, што ўсе могуць прапанаваць свае ідэі па пераўтварэнні райцэнтра. Літаральна адразу з’явіліся першыя ініцыятывы. Так, першы сакратар Добрушскага раённага камітэта БРСМ Таццяна Савельева прапанавала ўладкаваць для моладзі месца адпачынку “Востраў” і дапамагчы зрабіць гэтую пляцоўку цікавейшай. Старшыня аблвыканкама падтрымаў ініцыятыву. Ён запэўніў, што ўлады гатовыя выслухаць усе прапановы і фінансава падтрымаць лепшыя з лепшых. 

З наступленнем цёплага сезона актывізавалася жыццё на варкаўт-пляцоўках, якія ёсць у Гомелі і многіх раёнах. Прагучала прапанова ад аматараў гэтага дваровага віду спорту правесці фестывалі, якія будуць садзейнічаць папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Генадзь Салавей ацаніў ідэю. Таксама на сустрэчы гучалі ідэі ўладкаваць пешаходную маладзёжную зону з вулічнымі кавярнямі, варкаўтам, вяровачным гарадком, майстар-класамі ад рамеснікаў…

Маладыя людзі пацікавіліся асабістымі перавагамі кіраўніка вобласці ў адпачынку і жыцці, а таксама параіліся, якія аб’екты варта наведаць у рэгіёне. Губернатар адказаў, што аддае перавагу адпачынку на прыродзе. Ён парэкамендаваў дзецям наведаць цэнтр экалагічнага турызму ў Гомельскім раёне, жамчужыну Палесся — нацыянальны парк “Прыпяцкі” і па магчымасці больш сядзіб і замкаў Беларусі. 

Ірына АСТАШКЕВІЧ.