Чалавек ёсць бясконцая магчымасць. Гэтую думку можна назваць галоўнай высновай Рэспубліканскага семінара для кіраўнікоў навуковых аб’яднанняў навучэнцаў “Біялагічная разнастайнасць як сродак навукова-даследчай дзейнасці”. 65 педагогаў з розных рэгіёнаў Беларусі атрымалі ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства, дзе ладзіўся семінар, не толькі каштоўны вопыт, але і вялікую колькасць ідэй, а таксама прафесійнае натхненне.
Чаго каштуюць медалі?
Навукова-даследчая дзейнасць — ад зін з самых “медалеёмістых” (гаворачы спартыўнай мовай) кірункаў экалагічнай сістэмы дадатковай адукацыі. Менавіта ён дазваляе юным беларусам заяўляць пра сябе і сваю краіну на міжнародных конкурсах. Усім, хто сочыць за навінамі галіны, вядома, што ў нашым арсенале — “золата”, “серабро”, “бронза”. Здавалася б, планка ўзнята высока, але калі ўнікнуць у тэму глыбей, то можна заўважыць: рухаюць кола наперад толькі некалькі прагрэсіўных педагогаў. Таму і пачаўся семінар, па задуме яго арганізатараў, з вызначэння канкрэтных праблемных момантаў сістэмы.
Новае дыханне вырашана надаць Рэспубліканскаму конкурсу навукова-даследчых эколага-біялагічных работ. Пры гэтым зрабіць свой уклад у прыняцце рашэння прапанавана ўсім педагогам. Будзе ён конкурсам навуковых работ ці навуковых праектаў?
Ці стане конкурсным патрабаваннем стэндавая абарона, якая з’яўляецца абавязковай умовай міжнародных конкурсаў? Натуральна, што стэндавая абарона работы (праекта) патрабуе ад аўтара і яго кіраўніка дадатковых, у тым ліку і фінансавых, выдаткаў. Аднак, ігнаруючы міжнародныя тэндэнцыі, наша краіна страчвае канкурэнтаздольнасць на сусветным узроўні. Пакуль што ва ўсіх шасці секцыях конкурсу работы абараняюцца вусна, і толькі пры англамоўнай абароне на рэспубліканскім этапе патрабуецца візуальнае афармленне.
Як аказалася, сёння ў навукова-даследчую работу ўключаецца нават пачатковая школа. Намеснік дырэктара РЦЭіК Лідзія Паўлаўна Каліноўская адзначыла, што ў многіх з калег гэта выклікае ўсмешку, аднак фактычна малодшыя школьнікі справіліся з задачай. Падобны вопыт існуе ў Мінскай вобласці, сёлета правесці конкурс навукова-даследчых праектаў у пачатковай школе вырашылі ў сталіцы. У якасці новай ідэі прагучала прапанова адкрыць секцыю для малодшых школьнікаў у рамках рэспубліканскага конкурсу.
Разам з тым намеснік дырэктара РЦЭіК адзначыла, што такі адказны крок патрабуе стварэння арыгінальных праграм для аб’яднанняў па інтарэсах, якія будуць базіравацца на прадметах пачатковай школы.
Бульба, якая не цэніцца. Чаму Беларусь не мае сваіх адметных гатункаў?
Адным з самых цікавых і натхняльных момантаў семінара стала знаёмства з доктарам біялагічных навук прафесарам кафедры агульнай біялогіі і батанікі БДПУ імя Максіма Танка Анатолем Тарасавічам Федаруком.
Што такое разнастайнасць і што такое біялагічная разнастайнасць? Чаму гэтыя паняцці не з’яўляюцца сінонімамі? У поле зроку педагогаў трапілі пяць катастрафічных выміранняў разнастайнасці (апошняе, калі на месца дыназаўрам прыйшлі млекакормячыя) і той факт, што за 250 гадоў вывучэння чалавецтву вядомы прыкладна 2 мільёны відаў, у той час як па самых мінімальных падліках іх больш за 5 мільёнаў, а па больш шырокіх — да 50 мільёнаў відаў (толькі насякомых і грыбоў на планеце прыкладна па 10 мільёнаў відаў). Самай багатай у плане разнастайнасці краінай з’яўляецца невялікая Коста-Рыка. І яна адзіная ў свеце мае інстытут разнастайнасці. А вось паняцце біяразнастайнасці з’явілася толькі ў 1968 годзе ў ЗША, і звязана яно часцей з відавой разнастайнасцю згуртаванняў ці тэрыторый.
Закрануў Анатоль Тарасавіч і такое паняцце, як “жыццёвая стратэгія раслін”, яшчэ раз пацвердзіўшы факт, што прырода працуе па ўнікальных, да дробязей прадуманых законах. Пры гэтым выступоўца падзяліўся ўласным вопытам — назіраннем за прыроднымі мутацыямі, якія сустрэліся яму на тэрыторыі Беларусі.
“На нашых тэрыторыях сапраўды можна сустрэць незвычайныя экзэмпляры, — падкрэсліў прафесар. — Уся заходняя селекцыя базіруецца на мутацыі. Такіх навінак не патрэбна шмат пры афармленні, скажам, саду, але яны прымушаюць яго “ўсміхнуцца”, зайграць новымі фарбамі. Мне ўдалося знайсці незвычайныя прыклады мутацыі ясеня пенсільванскага, сасны, белай акацыі, клёна… Некаторыя экзэмпляры ўдалося размножыць прышчэпкамі. На жаль, часу і магчымасцей аднаго чалавека для селекцыйнай работы не хапае. Напрыклад, унікальны клён, знойдзены мной каля Нясвіжа, мае абсалютна непаўторную крону, якую ніхто не фарміраваў штучна. Што перашкаджае размножыць яго і назваць новы гатунак, напрыклад, клён вастралістны нясвіжскі? Але хто гэтым будзе займацца?
Яшчэ адзін унікальны экзэмпляр — каштан, знойдзены на вуліцы Сурганава ў Мінску. Калі ўсе суседнія каштаны скідваюць лістоту, ён яшчэ доўга захоўвае лісце. Адаптаваўся да шкодных выкідаў аўтамабільнага патоку! З гэтай прычыны ён варты ўвагі. Што перашкаджае нам размнажаць такія ўстойлівыя да забруджанага паветра дрэвы і выкарыстоўваць іх для азелянення гарадоў?
Мы, мабыць, адзіная краіна, якая не мае сваіх адметных гатункаў. Скажаце, бульба? Але і бульба наша не цэніцца. Зайдзіце ў садовыя цэнтры і паглядзіце, што прадаецца. Чаго толькі няма, а пра сваё мы не задумваемся… Калі б кожны цэнтр дадатковай адукацыі экалагічнага кірунку ўзяўся хаця б за невялікі кавалак работы, разам мы нешта маглі б зрабіць”.
Касмічная біялогія для ўсіх
Валерый Паўлавіч Трыбіс — кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт і кіраўнік адзінага ў краіне аб’яднання па інтарэсах “Касмічная біялогія”. Яго вучні вывучаюць матэматычныя мадэлі паводзін дажджавога чарвяка, атрымліваюць біяметан з арганічных адходаў, вывучаюць лекавыя расліны. Звяртаючыся да ўдзельнікаў семінара, Валерый Паўлавіч адзначыў, што не мае педагагічнай адукацыі, а таму да многіх прафесійных момантаў прыйшлося дайсці самому.
“Асноўная мэта навуковай работы — атрымаць новыя веды. А вось асноўная мэта работы з дзецьмі — зрабіць так, каб навык выяўлення новага з’явіўся ў іх уласных галовах, — падкрэсліў выступоўца. — Паназірайце за падыходам: дзіця ў школе быццам бы нічога не ведае, яму патрэбна ўсё тлумачыць, ацэньваць яго веданне ці няведанне. А тут з’яўляецца педагог, які амаль на любую думку кажа: гэта цікава і важна, гэта можа стаць прадметам даследавання, гэта можа стаць вынаходніцтвам. Адчуваеце розніцу? Дзіця пачынае цаніць сябе і сваё мысленне.
З якім чалавекам цікава працаваць? З тым, які паважае сябе, а значыць, выбіваецца з агульнага шэрага. Інакш кажучы, мы атрымліваем магчымасць працаваць з мысліцельнай біяразнастайнасцю. Задача педагога — стварыць усе ўмовы для таго, каб дзеці думалі, у прыватнасці творчую атмасферу, і пры неабходнасці накіроўваць працэс”.
Яшчэ адзін метад, які актыўна прымяняецца ў рабоце аб’яднання па інтарэсах “Касмічная біялогія”, — мазгавы штурм. Валерый Паўлавіч адзначае, што далёка не ўсе педагогі выкарыстоўваюць яго правільна. Фармулюецца задача, якая патрабуе вырашэння, і калі ўсе ідэі (прыкладна 20—23) вычарпаны, наступае момант максімальнага напружання, які называецца станам звышсвядомасці. Менавіта ў гэтым стане магчыма нараджэнне новага.
“Каб быць на хвалі, вельмі важна самому весці навуковую работу,— удакладніў Валерый Трыбіс, — а таксама праводзіць інтэрв’ю з буйнымі навукоўцамі. Калі падрыхтаваць дзяцей да такой сустрэчы, вам ніколі не адмовяць. Навукоўцы раскрываюцца з дзецьмі так, што можна даведацца шмат цікавага, гэта вельмі моцны педагагічны ход”.
За навукай хоць на край свету
З ключавымі паняццямі біяразнастайнасці і метадамі іх вымярэння ўдзельнікаў семінара пазнаёміў кандыдат біялагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры заалогіі факультэта прыродазнаўства БДПУ імя Максіма Танка Вадзім Анатольевіч Цінкевіч.
Як праводзіць гідрабіялагічныя даследаванні ў школе і як прадстаўляць іх на міжнародных конкурсах, расказала кандыдат біялагічных навук кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Гідрабіялогія” Юлія Канстанцінаўна Верас.
Як вядома, міжнародныя конкурсы патрабуюць, каб праблема, на якой базіруецца праект, была вядомая ў свеце, пры гэтым вырашацца яна можа на мясцовым узроўні. Вельмі важным з’яўляецца навуковы ўзровень работ, мультыдысцыплінарнасць, а таксама завершанасць праекта. Педагог прызналася, што беларускія праекты вельмі часта прадстаўляюцца на конкурс неадпрацаванымі.
Больш падрабязна Юлія Канстанцінаўна спынілася на водным конкурсе ў Стакгольме, а таксама конкурсе экалагічных праектаў у Баку. У Стакгольме пераможцы атрымліваюць дыпломы з рук крон-прынцэсы Вікторыі, а таксама вячэраюць з каралём і каралевай у той самай ратушы, дзе ўручаюцца Нобелеўскія прэміі. Для таго каб калегі ўяўлялі ўзровень работ — пераможцаў міжнародных конкурсаў, выступоўца прывяла яскравы прыклад. У прыватнасці, чылійскія канкурсанткі прадставілі свету бактэрыю, якая мае ўласцівасць ачышчаць ваду ад нафтапрадуктаў. Адметнасцю бактэрыі з’яўляецца яе ўстойлівасць да нізкіх тэмператур. Маючы на мэце поўнае вывучэнне бактэрыі, чылійкі адправіліся праводзіць эксперымент у… Антарктыду. Натуральна, такі маштаб работы ўразіў журы. У мінулым адным з пераможцаў стаў праект юнай канадкі, над якім яна працавала 4 гады.
Іван Анатольевіч Рускіх, які ўжо шмат гадоў кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Генетыка і селекцыя”, прадставіў свету не адну юную зорку. Самым стымулюючым момантам педагог назваў усведамленне вучнем таго, што ён працуе над унікальнай ідэяй.
“Калі тлумачыш чалавеку, што над тым ці іншым пытаннем ён працуе ўпершыню і што вось цяпер ён трымае ў руках экзэмпляр, які з’яўляецца адзіным ў Беларусі, гэта драйв для яго”, — адзначыў Іван Анатольевіч.
Самым яркім пацвярджэннем плённай работы педагога стала перамога яго вучаніцы Таццяны Пасько на XXII Міжнароднай алімпіядзе экалагічных праектаў (INEPA-2014) у Стамбуле (Турцыя). Таццяна прадэманстравала ўдзельнікам семінара прэзентацыю праекта “Вывучэнне разнастайнасці ўзораў у калекцыі кукурузы па прыкметах насення і ўтрымання ў іх біялагічна актыўных рэчываў”.
Таксама свой праект “Радыяцыйны маніторынг і спосабы дэзактывацыі дозаўтваральных прадуктаў харчавання з мэтай павышэння ўзроўню бяспекі пражывання на забруджаных тэрыторыях” прадставіла пераможца Міжнароднай алімпіяды экалагічных праектаў “INEPA-Eurasia” Хрысціна Неўдах.
Завяршыўся семінар педагагічнымі практыкумамі і ўпэўненасцю: там, дзе размова ідзе пра навуковы запал, чалавек сапраўды ёсць бясконцая магчымасць.
Наталля АЛЁХІНА.