На працягу некалькіх гадоў у апошнюю сераду месяца ў беларускіх музеях не проста мнагалюдна, а мнагадзетна: навучэнцы з усёй рэспублікі актыўна карыстаюцца магчымасцю бясплатна азнаёміцца з цікавымі экспазіцыямі. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” вырашыла далучыцца да іх і на пару гадзін завітала ў Віцебскі абласны краязнаўчы музей, адзін з найстарэйшых у краіне.
Ля ўвахода ў знакамітую Віцебскую ратушу ўвагу заўсёды прыцягвае адметны арт-аб’ект — устаноўленая на гранітным камені бронзавая пліта з барэльефам гістарычнай часткі горада канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. Вось і цяпер вакол аб’ёмнага макета сабралася група першакласнікаў: яны “вандруюць” па вуліцах разам з настаўніцай Аленай Курачкінай.
— Мы з сярэдняй школы № 21 Віцебска імя Героя Савецкага Саюза В.А.Дзямідава, — расказала Алена Аркадзьеўна. — Сённяшняга дня ўвесь мой 1 “А” чакаў з нецярпеннем. Загадзя запісаліся на экскурсію і ад наведвання музея засталіся ў захапленні! Дзяцей, асабліва хлопчыкаў, уразіла экспазіцыя “Агнём і мячом”. Нам расказалі, як нашы продкі абаранялі родную зямлю ў даўнія часы, паказалі сапраўдныя даспехі, коп’і, шаблі, гарматы — гэтага дзеці яшчэ не бачылі. Потым вучні папрасілі паглядзець экспазіцыю “Прырода Віцебскага краю”. Яна ім палюбілася на папярэдніх экскурсіях, бо мы пастаянныя наведвальнікі. Дзецям не хочацца пакідаць музей, вось мы крыху і затрымаліся тут побач. Заадно вывучаем горад, параўноўваем убачанае з тым, што ведаем пра гістарычны цэнтр з яго ранейшым абліччам. На люты запланавалі знаёмства з экспазіцыяй “Абаронцы Айчыны”.
Між тым з музея выйшла наступная група навучэнцаў — адзінаццацікласнікі сярэдняй школы № 18 Віцебска імя У.С.Смятаніна.
— Дзеці ахвотна наведваюць музей у вызначаны дзень, — падзялілася ўражаннямі настаўніца гісторыі Ірына Снытко. — І для нас, педагогаў, гэта шыкоўная магчымасць матываваць іх да вывучэння прадмета.
Калі судакранаешся з артэфактамі, гісторыя становіцца больш блізкай і зразумелай, такія ўрокі павінны быць. Потым на занятках у школе ў рознай форме замацоўваем атрыманыя веды.
Сёння ішлі сюды мэтанакіравана на экспазіцыю “Абаронцы Айчыны”, бо па праграме разглядаем перыяд Вялікай Айчыннай вайны.
Нарэшце ўваходзім у музей. На першым паверсе заўважылі з групай моладзі выкладчыцу Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Таццяну Новікаву.
— Нашы навучэнцы захоплены гісторыяй і краязнаўствам, — адзначыла педагог. — Зразумела, што і магчымасць бясплатнага наведвання музеяў задзейнічана па максімуме. Да таго ж ходзім у розныя музеі па суботах у рамках заняткаў аб’яднання па інтарэсах “Віцебсказнаўства”. Навучэнскі актыў прадумвае незвычайныя экскурсійныя маршруты. Дзеці спачатку самі іх тэсціруюць, а потым, пры садзеянні куратараў вучэбных груп, гурткоўцы масава далучаюць да вывучэння горада сяброў па каледжы.
Кранальнае знаёмства: Святлана Адыкаева прывяла ў музей праўнучку Паліну. Дзяўчынцы нядаўна споўнілася 6 гадоў. Яна прыехала з Оршы ў госці да бабулі, а тая днём занятая, працуе. Таму арганізацыю культурнага адпачынку ўзяла на сябе прабабуля.
— Няма чаго дома сядзець, калі можна пазнавальна і цікава правесці час! Тым больш што наведванне музея для дашкольнікаў бясплатнае, — пракаменціравала віцяблянка. — Пойдзем з праўнучкай на “Прыроду Віцебскага краю”.
З гардэроба набліжаецца новая група навучэнцаў — вялікая, дзесьці паўсотні хлопчыкаў і дзяўчынак. Міжволі ўзнікае пытанне: як столькі чалавек размесціцца ў адной музейнай зале? Аказваецца, усё пад кантролем. Экскурсаводы падзяляюць гасцей на некалькі патокаў, у кожнага з якіх свой маршрут.
— Мы з калегамі прывезлі на экскурсію 2—4-я класы, — праінфармаваў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Сяргей Каранеўскі. — Асноўная мэта на сёння — азнаёміць дзяцей з экспазіцыямі “Абаронцы Айчыны”, “Прырода Віцебскага краю” і “Старажытны Віцебск”.
Бясплатныя экскурсіі і арганізацыя падвозу навучэнцаў з сельскіх школ у музеі — выдатная магчымасць для дзяцей. Мы ж не прадаём патрыятычнае выхаванне — мы яго даём вучням. Важнае значэнне мае і сацыялізацыя: не так часта большасць нашых навучэнцаў бывае ў горадзе. І, безумоўна, такія паездкі даюць каштоўныя дадатковыя веды па розных вучэбных прадметах, найперш па гісторыі, біялогіі, геаграфіі. Знаходжанне ў Віцебску звычайна падстройваем пад наш транспартны рэсурс: усіх экскурсантаў аўтобус не змяшчае, арганізоўваем некалькі рэйсаў. Звычайна бонусам наведваем памятныя мясціны. Тут побач Успенская гара, гістарычны цэнтр, парк Пераможцаў.
Мінаючы чарговую музейную залу, пацікавіліся ў супрацоўніцы музея Дар’і Ларковай, ці ёсць розніца паміж колькасцю наведвальнікаў у звычайны дзень і ў апошнюю сераду месяца. Высветлілася, што розніца насамрэч значная: у тры і больш разоў. Доўга пагаварыць не ўдалося, бо моладзь рухаецца няспынным патокам, які патрабуе пастаяннай увагі з боку супрацоўнікаў музея і педагогаў. Усё ж знайшлі хвілінку пагутарыць з прадстаўнікамі Веляшковіцкай сярэдняй школы імя А.Ф.Данукалава Лёзненскага раёна.
— Дзякуй арганізатарам. Выдатная ідэя і дэталёва прадуманая рэалізацыя — адназначна на дзесяць балаў з плюсам, — упэўнена настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Баравікова. — Мы наведалі музеі не толькі ў Лёзне, што бліжэй да дому, але і ў Віцебску, Полацку, Оршы. Паездкі даюць плён, мы з калегамі ў гэтым пераканаліся. Сёння ў групе 20 чалавек з розных класаў. Гаворачы пра зацікаўленасць дзяцей, прывяду прыклад: нават тыя, хто па хваробе прапускае заняткі, стараюцца як мага хутчэй паправіцца, каб наведаць экскурсію! Бацькі задаволены, аўтобус нам прадастаўляюць. У нас і настаўнікі імкнуцца ў такія паездкі, нават своеасаблівая канкурэнцыя склалася паміж педагогамі, хто павязе дзяцей.
— У мяне гэта першая паездка, — далучылася да размовы настаўніца англійскай мовы Ганна Мураўёва. — Пра канкурэнцыю — праўда. У музеі я ўжо была, але дастаткова даўно, калі вучылася ў ВДУ імя П.М.Машэрава. Калегі былі не супраць замяніцца. Але я настаяла на тым, што хачу сёння паехаць, бо мне цікава паглядзець, параўнаць з тым, што было ў музеі раней, даведацца штосьці новае. А нашы дзеці ездзяць пастаянна. Яны ў захапленні! Да таго ж, калі атрымліваецца, мы сумяшчаем маршруты. Вось зараз з музея паедзем на “Белвест”, будзем знаёміцца з прадпрыемствам.
За 29 студзеня Віцебскі абласны краязнаўчы музей (усе філіялы) наведалі 974 чалавекі. Па словах загадчыцы аддзела культурна-адукацыйнай работы Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Святланы Стафаненкавай, апошнім часам гэта не самы высокі паказчык. Звычайна бывае больш за тысячу чалавек, а рэкордны наплыў зафіксаваны ў мінулым сакавіку — 1037 чалавек. Немалую частку з іх складаюць школьнікі і навучэнцы каледжаў, якія атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю. Ім прадастаўляюцца бясплатнае наведванне і, па папярэднім запісе, бясплатнае экскурсійнае абслугоўванне. У 2024 годзе ў дні бясплатнага наведавання ў музеі пабывалі 31 262 чалавекі, з іх у рамках міжведамаснага пагаднення Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры Беларусі 6099 навучэнцаў. Пастаянна расце колькасць жадаючых прыйсці ў музей у складзе арганізаваных груп з дашкольных устаноў — для іх наведванне таксама бясплатнае.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара