Ідэя — першы крок да стартапа

Чым цікавіцца сучасная моладзь? Якія ідэі нараджаюцца, калі хлопцы і дзяўчаты сумяшчаюць уласныя інтарэсы з карысцю для іншых? Адказ на абодва пытанні ўдалося знайсці на прадпрымальніцкім форуме INNSTART BSU, які днямі завяршыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Каманда распрацоўшчыкаў дадатку Clod.

Форум, які ладзіцца ўжо трэці раз, скіраваны на падтрымку маладзёжных ініцыятыў і стымуляванне моладзі да навуковай і вынаходніцкай дзейнасці. Сёлета ўдзельнікамі мерапрыемства сталі каля ста студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і супрацоўнікаў БДУ. Для ініцыятыўных маладых людзей арганізатары право­дзілі семінары ад прадстаўнікоў бізнесу (выступоўцы расказвалі пра грантавую і дзяржаўную падтрымку стартапаў і суб’ектаў малога прадпрымальніцтва), майстар-класы для куратараў ўніверсітэцкага стартап-руху.

Найбольшая ўвага ўдзельнікаў традыцыйна была прыкавана да конкурсу інавацыйных праектаў. Першым пераможцам конкурсу быў магістрант факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій Дзмітрый Міхеенка з ідэя­й дызайнер­скага праграмуемага экрана LED Squares Board на дыстанцыйным кіраванні. Летась на прыступцы першынства замацавалася каманда студэнтаў факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. Уладзіслаў Расохін, Ігар Чыжоў, Раман Мірановіч і іх лідар Аляксандр Семяновіч прадставілі праект “Насімая электроніка EL-Sense”. Зусім нядаўна хлопцы ўвасобілі сваю ініцыятыву ў жыццё — і аматары іх творчасці атрымалі магчымасць набыць “разумныя” значкі з сімволікай універсітэта. Адметнасць падобных упры­гажэнняў у тым, што яны аснашчаны светадыёдамі, мікрафонам і могуць працаваць у шасці рэжымах. Выступленне Аляксандра Семяновіча, які падзяліўся вопытам праходжання шляху ад ідэі да рэалізацыі праекта, стала запамінальнай кропкай трэцяга форуму INNSTART BSU.

Сёлета на суд аўдыторыі было вынесена дзесяць ідэй у галіне бія- і інфармацыйных тэхналогій, адукацыі, індустрыі камп’ютарных гульняў і мабільных дадаткаў. Супрацоўнік прад­прыемства “Унітэхпрам БДУ” Дзмітрый Сандрыгайла расказаў пра комплексную тэхналогію перапрацоўкі адходаў пры захоўванні нафтапрадуктаў, бітумных і мазутавых рэчываў з вытворчасці таварнай прадукцыі. Выступоўца адзначыў, што падобная ініцыятыва з’яўляецца экалагічнай і дазваляе аднаўляць урадлівасць і жыццядзейнасць глеб, дзе доўгі час размяшчаліся ямы для адходаў.

Студэнты Інстытута бізнесу Арцём Лебедзеў, Дар’я Семянчук, Глеб Дапкюнас, Мікіта Анікевіч, Ірына Жаўняровіч і Ліна Малей прэзентавалі дадатак па пошуку адзення Clod. Па словах стваральнікаў, ідэя зробіць пошук і выбар адзення больш зручным, цікавым і, галоўнае, эфектыўным. Карыстальнік зможа апынуцца ў віртуальнай “прымяральні” (магчымасць ацаніць, як выбраныя рэчы будуць спалучацца, а таксама атрымае доступ да галерэі, дзе можна будзе ацаніць вобразы іншых карыстальнікаў і пры жаданні пераняць найбольш выйгрышныя элементы.

Прататып пляцоўкі ABSURDO для навучэнцаў аўташкол з асаблівасцямі слыху распрацавалі студэнты факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Уладзімір Ульяніцкі, Сяргей Дарашэвіч і Марыя Пястрак. Будучы дадатак-памочнік дазволіць мэтавай аўдыторыі хутка і без перашкод рэагаваць на заўвагі інструктара, а таксама мінімізуе пагрозы дарожна-транспартных здарэнняў. Інструктар зможа трансліраваць пэўныя тэкставыя каманды, якія ператворацца ў анімацыю, а графічны персанаж пакажа іх навучэнцу на мове жэстаў. Сёння слоўнік SurdoAdapter налічвае каля 50 слоў і каманд, што прымяняюцца ў працэсе навучання (налева, направа, газ, тормаз, счапленне і інш.). Галоўная вартасць дадатку сярод канкурэнтаў у тым, што ён будзе працаваць і ў афлайн-рэжыме, без выкарыстання інтэрнэту.

Выказаць сваю ініцыятыву вырашылі таксама студэнты 4 курса ФПМІ Ула­дзіслаў Дзяменцьеў, Андрэй Ягораў, Уладзіслаў Кізянкоў і Таццяна Палятаева. Каманда распрацавала мабільны дадатак для распазнавання партытур музычных твораў GuidoCode. А першакурснік Іван Тамашэўскі прапанаваў ініцыятыву TikTok — DanceTok. Па назіраннях хлопца, TikTok і гульнявая індустрыя найбольш запатрабаваны сярод карыстальнікаў мабільных прылад, таму ён вырашыў аб’яднаць прынцыпы работы папулярнага дадатку з гульнявымі момантамі.

Чацвёртакурсніцы факультэта філасофіі і сацыяльных навук агучылі ідэю стварэння настольнай гульні “Зразумей мяне правільна”:

— Сёння 20—30% людзей знаходзяцца ў “шэрай зоне”: яны пакутуюць ад неўрозаў ці псіхасаматычных захворванняў. І ў дадатак да ўсяго сутыкаюцца з непаразуменнем асяроддзя. Наша гульня мае сацыяльна-забаўляльную скіраванасць, паколькі дазваляе любому чалавеку пабыць у целе жыхара “шэрай зоны”. Гэта дадатковая магчымасць зірнуць на свет вачыма іншага, — патлумачыла адна з распрацоўшчыкаў Маргарыта Акенчыц.

Першае месца заняў праект каманды факультэта сацыякультурных камунікацый SexEd. Распрацоўшчыкі Аліна Самойленка, Артур Корбут і Міла Ведрава прадставілі ідэю стварэння курса палавога выхавання для бацькоў. Акрамя фінансавага ўзнагароджання ад “Унітэхпрам БДУ”, пераможцы атрымаюць кансультацыйную дапамогу ад ІТ-кампаніі KrokIT пры камерцыялізацыі праекта.

Ірына ІВАШКА.
Фота Аліны БЯЗГУБЧАНКА.