Ідэя ўсёабдымнага дыялогу не страчвае актуальнасці

- 11:38Інфармацыйная гадзіна

Неабходна неадкладна заняцца вырашэннем канфлікту ва Украіне, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв’ю японскай тэлерадыёкампаніі NHK, паведамляе сайт беларускага знешнепалітычнага ведамства.

“Мы лічым, што ўкраінскі канфлікт з’яўляецца сёння галоўнай пагрозай еўрапейскай рэгіянальнай бяспецы. Трэба неадкладна заняцца яго вырашэннем, — сказаў Уладзімір Макей. — Мы стараемся адыграць сваю ролю, не навязваючыся ў пасрэднікі, як кажа кіраўнік беларускай дзяржавы, але мы стараемся прыкласці максімум намаганняў па вырашэнні гэтага канфлікту”.

Прэзідэнт Беларусі ў свой час вылучыў некалькі ініцыятыў, яшчэ ў 2014 годзе прапанаваў свае паслугі па большай уключанасці Беларусі ў вырашэнне гэтай спрэчкі. У прыватнасці, ён прапанаваў накіраваць узброены міратворчы кантынгент Беларусі. Зразумела, што з прыцягненнем іншых дзяржаў, каб забяспечыць кантроль на расійска-ўкраінскай граніцы і на лініі процістаяння паміж усходам і астатняй часткай тэрыторыі Украіны.

Паводле слоў Уладзіміра Макея, Беларусь кроўна зацікаўлена ў тым, каб усе бакі праявілі шчырую актыўнасць у вырашэнні і ўрэгуляванні гэтага канфлікту. Нікому не трэба тут імкнуцца атрымаць нейкія палітычныя або іншыя дывідэнды — да добрага гэта не прывядзе, упэўнены ён.

“З улікам таго, што наша эканоміка адкрытая (мы прадаём 60—70 працэнтаў тавараў, якія вырабляем у Беларусі), мы вельмі залежым ад знешніх рынкаў. Таму мы хацелі б, каб у нашым рэгіёне і іншых рэгіёнах былі спакой, мір і стабільнасць, што дазволіла б нам эфектыўна гандляваць і працаваць на гэтых рынках. Таму філасофія нашай знешняй палітыкі заключаецца ў тым, каб адыходзіць ад гэтай сённяшняй канфрантацыі”, — адзначыў міністр.

Паводле яго слоў, менавіта таму Прэзідэнт Беларусі яшчэ ў 2017 годзе вылучыў ідэю так званага ўсёабдымнага дыялогу, які быў бы накіраваны на тое, каб усе канфліктуючыя бакі селі за стол перагавораў і замест таго, каб высвятляць адносіны на полі бою, за сталом перагавораў пачалі б размову, як нам процістаяць больш актуальным глабальным выклікам і пагрозам, якія мы назіраем сёння. Гэта і тэрарызм, і кібертэрарызм, і гандаль людзьмі, і міжнародная злачыннасць, і шмат што іншае. Мы лічым, што толькі праз дыялог, праз аб’яднальны, а не раздзяляльны міжнародны парадак дня мы можам дабіцца міру, спакою ў нашым рэгіёне, а таксама ў глабальным кантэксце.

У інтэрв’ю таксама былі закрануты пытанні беларуска-расійскага ўзаемадзеяння. Уладзімір Макей адзначыў, што Беларусь і Расія маюць цесныя адносіны ва ўсіх сферах і галінах. “Мы з’яўляемся саюзнікамі, якія супрацоўнічаюць і ў ваеннай сферы, і ў палітычнай, і ў гандлёва-эканамічнай, і ў гуманітарнай. У рамках Саюзнай дзяржавы, якая -існуе з 1999 года, мы дасягнулі вельмі многага, — сказаў ён. — Я лічу, што галоўным дасягненнем з’яўляецца забеспячэнне роўных правоў для грамадзян Беларусі і Расіі. Сёння грамадзяне Беларусі не адчуваюць сябе чужымі ў Расіі і, адпаведна, расіяне — у нашай краіне. Яны могуць спакойна вучыцца, працаваць, набываць нерухомую маёмасць, атрымліваць медыцынскую дапамогу і г.д. Таму можна сапраўды гаварыць аб брацкіх адносінах паміж Беларуссю і Расіяй”.

Але гэта, на жаль, не азначае, што паміж дружалюбнымі дзяржавамі не могуць узнікаць спрэчкі і рознагалоссі, дадаў міністр. На вялікі жаль, часам у адносінах з’яўляюцца моманты, звязаныя, паводле яго слоў, з павярхоўнай, штучнай бухгалтэрыяй, калі падлічваецца, хто і колькі паклаў на вагі ў той ці іншай сферы супрацоўніцтва і хто каму вінаваты. “Мы зыходзім з таго, што мы — брацкія, дружалюбныя дзяржавы i, працуючы ў рамках і Саюзнай дзяржавы, і Еўразійскага эканамічнага саюза, павінны імкнуцца да стварэння ў ЕАЭС адзінай эканамічнай прасторы, якая дазволіла б забяспечыць свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы”, — сказаў Уладзімір Макей.