Іду асвойваць педагогіку

- 11:12Якасць адукацыі

Мінскі гарадскі педагагічны каледж — установа адносна маладая, але за час існавання яна паспела стаць вядомай у абітурыенцкім асяроддзі. Пра гэта сведчаць лічбы ўступнай кампаніі, якая пачалася тут 20 ліпеня: толькі ў першы дзень “закрылі” больш за 50% заявак.

Трапіць ва ўстанову з боку метро “Парк Чалюскінцаў” у гэты час нескладана: раз-пораз на вочы трапляюцца паказальнікі “Педагагічны каледж”. Згубіцца не дае і плынь маладых людзей з папкамі ў руках.

Каледж вядзе прыём па дзвюх спецыяльнасцях: “Пачатковая адукацыя” і “Дашкольная адукацыя” (конкурс сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыі). Па другой спецыяльнасці набор праводзіцца яшчэ і на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — на завочную форму на ўмовах аплаты (залічэнне ажыццяўляецца па суме сертыфікатаў ЦТ па беларускай або рускай мове і біялогіі, а таксама сярэдняга бала атэстата). Тэрмін навучання для ўсіх — 2 гады і 10 месяцаў.

Адметнасцю сёлетняй уступнай кампаніі стала павелічэнне набору. Так, на дзённую форму тут плануюць набраць 140 чалавек, на завочную — 30. Новым з’яўляецца ўвядзенне спецыялізацыі “Лагапедыя” (у рамках спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”).

— Прымаючы дакументы, звычайна цікавімся ў абітурыентаў, каму нале­жыць прафесійны выбар: ім ці іх баць­кам? Прыемна чуць, калі яны адказваюць, што прыйшлі, бо любяць дзяцей. Нехта прыходзіць у педагогіку па прыкладзе сваіх сваякоў-настаўнікаў, нехта пракладае гэты шлях самастойна, — расказвае адказны сакратар прыёмнай камісіі Святлана Елісеева. — Абітурыенты разумеюць, што будучы педагог павінен быць гатовым аддаваць: час, эмацыянальныя сілы, усяго сябе. Але адда­ваць — зна­чыць не страчваць, а ўкладваць у кожнага свайго выхаванца любоў, увагу і чуласць.

Святлана Станіславаўна гаворыць, што свае адносіны да настаўніцкай працы абітурыенты выказваюць, робячы прафесійны выбар. Пасля ў візітоўках першакурснікі падкрэсліва­юць, што прэстыж прафесіі залежыць не ад меркавання купкі людзей у пэўны час, а фарміруецца на працягу стагоддзяў.

Як і ў кожнай установе адукацыі, у Мінс­кім гарадскім педагагічным кале­джы ёсць свае героі ўступнай кампаніі. Так, у мінулым годзе сюды паступалі маці і дачка — Наталля Аляксандраўна і Яна Серпікавы, а сёлета заявы падалі дзве пары блізнят.

Юлія Цярэня вучыцца на спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя” і сёння вельмі камфортна адчувае сябе ў якасці кансультанта — памочніка абітурыентаў. А яшчэ год назад сама глядзела на паступленне ў каледж іх вачыма. Перад дзяўчынай заўсёды былі прыклады двух выхавальнікаў дашкольнай адукацыі — матулі і бабулі. Але Юля хацела праца­ваць са старэйшымі дзецьмі, таму і выбар спецыяльнасці не прымусіў сябе доўга  чакаць.

— Тата лічыць, што, калі прафесія любімая, усё ў ёй атрымаецца. Бацькі ведаюць: мой выбар — гэта своеасаблівы спосаб рэалізацыі сябе як асобы, — дзеліцца навучэнка і дае парады абітурыентам: — Не бойцеся нічога. Быў выпадак, калі дзяўчыну пужала вялікая нагрузка, шматлікія актыўнасці ў кале­джы. Але ўсе справы разнастайныя і пададзены такім чынам, што цяжкасці нават не заўважаюцца. Памятайце: чым вышэйшая планка, тым больш удаецца сябе рэалізаваць.

Ксенія Лепунова — выпускніца 21-й сталічнай школы. Сёння яна — невялікае адлюстраванне Юлі ў мінулым годзе. Сціплая дзяўчына ў будучыні бачыць сябе настаўнікам фізічнай культуры ў дашкольнікаў. На выбар паўплывалі прафесійныя заняткі баскетболам. Ксенія — першы педагог у сям’і.

— Іду асвойваць педагогіку, — кажа дзяўчынка і раіць пераадольваць сарамлівасць, якая перашкаджае не толькі пры паступленні, але і ў жыцці.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.