Ідзе па веды разам з вучнямі

- 10:32Людзі адукацыі

Жыццё чалавека можна параўнаць з дакументальна-мастацкім творам. У адных гэта спакойны, размераны, прадказальны твор, а ў іншых — быццам лінія кардыяграмы, з рэзкімі пад’ёмамі, спускамі, прамымі і перарывістымі лініямі. Вось і атрымліваецца, што нехта з нас піша сваю жыццёвую аповесць няспешна і роўна, а ў кагосьці яна мае такія завароты, што з цягам часу сам чалавек здзіўляецца: няўжо ўсё гэта адбывалася са мной?! Складана сказаць, да якога жанру можна аднесці жыццёвы твор гераіні артыкула, але дакладна тое, што ён твор прасякнуты любоўю і дабрынёй да людзей і выклікае самыя станоўчыя эмоцыі.

“Таленавітая, творчая, цікавая. Настаўніца, якая цудоўна ведае сваю справу, прафесіянал, які заўсёды параіць, падкажа, дапаможа”, — так цёпла і шчыра гавораць калегі пра настаўніцу геаграфіі і гісторыі Заастравецкай сярэдняй школы Клецкага раёна Аксану Васільеўну Галубовіч. Дзяліцца сваім вопытам, кожны дзень ісці не з ведамі да вучняў, а разам з вучнямі па веды, валодаць пачуццём гумару, быць дапытлівай і ўвесь час знаходзіцца ў творчым пошуку — такімі прынцыпамі кіруецца настаўніца ў сваёй педагагічнай дзейнасці.

Аксане Васільеўне пашчасціла нарадзіцца ў сям’і настаўнікаў. З маленства дзяўчынка брала прыклад з бацькоў практычна ва ўсім. Атрыманая ў спадчыну мяккасць і кемлівасць спалучаліся з упартасцю, выдатнай памяццю і імкненнем да нязведанага і ўзвышанага. Гены бацькі і маці абудзілі ў дзяўчынцы высокія пачуцці, цікавасць да ўсяго прыгожага і вытанчанага, таму іншага шляху, акрамя як паўтарыць бацькоўскі, Аксана Васільеўна для сябе не ўяўляла. Ужо падчас вучобы ў школе яна была адказнай і дапытлівай дзяўчынкай, вучылася вельмі добра. “Я, і праўда, у дзяцінстве больш любіла чытаць, чым гуляць. А калі гулялі з сяброўкамі “ў школу”, то я заўсёды старалася быць “настаўніцай”, — падкрэсліла ў гутарцы мая гераіня.

Мясцовыя краявіды, ціхаплынная Лань, стракатыя лугавыя кветкі, якія дурманілі сваім водарам, лясныя прасцягі, у засені якіх знаходзілася вёска, шырокія палявыя разлогі — гэта ўсё тое, да чаго прыглядалася і прыслухоўвалася ў дзяцінстве Аксана Васільеўна і што канчаткова паспрыяла яе прафесійнаму выбару і рашэнню стаць настаўнікам геаграфіі.

“У доме майго дзеда на сцяне вісела карта, і мне было вельмі цікава, што за краіны на ёй намаляваны.  Я кожны дзень падыходзіла да гэтай карты і спрабавала чытаць назвы гарадоў і краін. Я нават навучылася чытаць з дапамогай карты, а не па буквары”, — дзеліцца ўспамінамі суразмоўніца. І хаця яна, дачка настаўнікаў, не па чутках ведала аб усіх складанасцях педагагічнай справы, усё роўна паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Леніна на геаграфічны факультэт і ў 1986 годзе паспяхова яго скончыла. Падчас вучобы ва ўніверсітэце і праходжання практыкі ў школе зноў і зноў пераконвалася: усё зрабіла правільна, ёй па душы і геаграфія, і яе выкладанне.

Універсітэцкае жыццё цікавае і разнастайнае, поўнае рамантыкі і загадкавасці. Тут кола інтарэсаў Аксаны Васільеўны пашырылася і праявілася цікавасць да гісторыі, літаратуры, якія яна з захапленнем пачала вывучаць. У выніку першыя крокі ў прафесію зрабіла, спалучыўшы разам веды па геаграфіі і гісторыі: паспрабавала сябе ў ролі экскурсавода. У пэўны момант Аксана Васільеўна вырашыла, што малая радзіма, вёска Нагорнае — гэта не толькі пачатак яе жыццёвай дарогі, але і працяг. Пры падтрымцы вопытных педагогаў першыя настаўніцкія крокі яна зрабіла ў Нагорнаўскай дапаможнай школе-інтэрнаце, а працягвала набірацца прафесіяналізму, вялікай жыццёвай мудрасці, чалавечнасці ў Нагорнаўскай сярэдняй школе, дзе адпрацавала 12 гадоў да рэарганізацыі ўстановы.

І вось ужо на працягу шасці гадоў Аксана Васільеўна працуе ў Заастравецкай сярэдняй школе, дзе карыстаецца павагай і аўтарытэтам. Калегі адразу разгледзелі ў ёй вопытнага педагога, прафесіянала, у якога склалася эфектыўная сістэма работы. Аксана Васільеўна імкнецца паказаць дзецям прыгажосць геа­графіі і прывіць любоў да яе, кожную тэму яна выкладае цікава і даступна. Робіць стаўку на рознаўзроўневы падыход, накіраваны на развіццё асобы. Для развіцця індывідуальных здольнасцей кожнага вучня выкарыстоўвае метады самастойнага набыцця ведаў і навыкаў, што спрыяе асобаснаму росту вучняў, дынамічнаму руху ў асваенні прадмета. Змена вучэбнай дзейнасці, пастаяннае паўтарэнне і ўдасканаленне  матэрыялу выводзяць вучняў на творчы ўзровень. Яны займаюць прызавыя месцы на раённых і абласных конкурсах і алімпіядах. Настаўніца ўпэўнена: каб дасягнуць высокіх вынікаў, трэба быць захопленым сваім прадметам.

— Не магу сядзець на месцы, карыстацца толькі падручнікам, — адзначае мая калега. — Тэорыя мёртвая без практыкі, таму з першых месяцаў навучальнага года стараюся далучац­ь дзяцей да пошукавай дзейнасці, даследаванняў, сацыяльна значных праектаў, карысных спраў. Каб зацікавіць і заматываваць навучэнцаў, карыстаюся сучаснай тэхналогіяй “Кросенс” (асацыятыўныя карцінкі, якія дапамагаюць развіваць увагу, памяць і логіку вучняў). Часта праводжу ўрокі пры дапамозе адукацыйных рэсурсаў EIAP і LearningАpps, дзе ёсць шмат якасных рознаўзроўневых матэрыялаў, заданняў і цікавых пазнавальных відэаматэрыялаў.

Аксана Васільеўна — вельмі актыўны, аптымістычны і мэтанакіраваны педагог. Каб зрабіць адукацыйны працэс якасным, карысным і нясумным, ёй, як і іншым настаўнікам, неабходна часта пераключацца на розныя віды дзейнасці, нават іншым разам ставіць сябе ў пазіцыю вучня. Навучэнцы сцвярджаюць, што іх настаўніца геаграфіі і гісторыі вельмі справядлівы, мэтанакіраваны і сціплы чалавек, за што яны яе і любяць.

Як вопытны педагог з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй Аксана Васільеўна з’яўляецца кіраўніком секцыі “Прафесійная маладосць”. Яна накіроўвае і падтрымлівае маладых спецыялістаў, дапамагае ім разабрацца ў нюансах работы і дае ім карысныя парады. За гэта я як малады спецыяліст ёй вельмі ўдзячна.

Нельга сказаць, што А.В.Галубовіч жыве толькі работай у школе. У яе шмат хобі. Настаўніца вельмі любіць вандроўкі. “Вандраванне пашырае кругагляд, робіць наша жыццё больш яскравым, насычаным і дае жыццёвы вопыт”, — разважае педагог. За сваё жыццё яна пабывала ў Расіі, Малдове, Літве, Латвіі і Эстоніі, аб’ехала ўсю Беларусь. Мая суразмоўніца ў вольны час займаецца спортам, таму заўсёды стройная і элегантная. Аднак самы любімы занятак — рукадзелле: вязанне пруткамі, шыццё, вышыванне.

Аксана Васільеўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам, таму што ў яе ёсць любімыя заняткі, цікавая работа, любоў да вучняў і жаданне дасягаць разам з дзецьмі новых вышынь. А я вельмі рада, што ў жыцці мне давялося сустрэцца з такім цудоўным чалавекам і настаўнікам.

Ганна ЮРКОЎСКАЯ,
настаўніца англійскай мовы Заастравецкай сярэдняй школы
Клецкага раёна Мінскай вобласці.