Ігар Карпенка: “У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб правесці Сусветную ўніверсіяду”

У Оршы адным з самых яркіх і запамінальных мерапрыемстваў рэспубліканскага фестывалю “Тыдзень спорту і здароўя” стала сустрэча міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Карпенкі, старшыні Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Багдановіча і лідараў сучаснага беларускага маладзёжнага спорту з навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёна. Зацікаўлены абмен думкамі і меркаваннямі адбыўся ў канферэнц-зале Лядовай арэны. Мадэратарам сустрэчы выступіла метадыст упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Таццяна Хаткевіч.

Наша краіна шчыра зацікаўлена ў выхаванні здаровага, гарманічна развітога пакалення, пра што сведчаць павелічэнне колькасці спартыўных клубаў і аб’яднанняў, узвя­дзенне спартыўных збудаванняў сусветнага класа, падрыхтоўка спартсменаў высокага ўзроўню, значныя дасягненні ў спорце. Беларусь займае дастойнае месца ў сусветным спартыўным таварыстве, спорт становіцца неад’емнай часткай жыцця суайчыннікаў. Як узняцца на п’едэстал, што перажывае чалавек на яго вышыні і якія далягляды з яе адкрываюцца, маладым аршанцам расказвалі чэмпіёны ХХІХ Сусветнай зімовай універсіяды Аляксандра Раманоўская і Арцём Башлакоў (на рахунку Аляксандры залатыя медалі ў асабістым першынстве сярод жанчын і камандным першынстве, у Арцёма “золата” каманднага першынства), пераможцы і прызёры ІІ Еўрапейскіх гульняў Дзмітрый Асанаў (залаты медаль па боксе ў вагавой катэгорыі да 60 кілаграмаў), Марына Слуцкая (залаты медаль па дзюдо ў вагавой катэгорыі звыш 78 кілаграмаў), Вольга Мельнік (уладальніца двух залатых і бронзавага медалёў па спартыўнай акрабатыцы сярод змешаных пар), а таксама прызёры ХХХ Сусветнай летняй універсіяды Юлія Еўчык (два сярэбраныя медалі спаборніцтваў па мастацкай гімнастыцы) і Рыгор Пякарскі (“бронза” па плаванні на дыстанцыю 50 метраў батэрфляем), прызёр І чэмпіянату Еўропы па баявых відах спорту сярод універсітэтаў Марыя Кандрацьева (бронзавы медаль па дзюдо ў вагавой катэгорыі звыш 78 кілаграмаў).

У зале працавалі два адкрытыя мікрафоны, і месца ля іх ні хвіліны не пуставала. Фактычна атрымалася вялікая прэс-канферэнцыя, дзе ў ролі журналістаў выступалі навучэнцы, а госці адказвалі на пытанні, большасць з якіх прысутныя адрасавалі спартсменам. Было відаць, што юнакі і дзяўчаты загадзя рыхтавалі самыя важныя для сябе пытанні — і пры гэтым у думках “прымяралі” біяграфіі чэмпіёнаў. Як прыхо­дзяць у вялікі спорт? Ці ёсць нейкія сакрэтныя прыметы або рытуалы на спартыўную ўдачу? Што матывуе да трэніровак і колькі часу яны займаюць штодня? Якія нечаканыя і кур’ёзныя сітуацыі здараліся на спаборніцтвах і зборах? Як лепш настроіцца на перамогу і што дапамагае трымаць пад кантролем эмоцыі і спраўляцца з няўдачамі? У дэталях адказы розніліся. Хтосьці са спартсменаў рашуча адмаўляе забабоны, хтосьці прызнаўся, што кожны раз на Новы год піша на паперцы “хачу быць чэмпіёнам”, спальвае яе і выпівае з шампанскім пад бой гадзінніка (між іншым, калі па выніках — спрацоўвае бездакорна. — Заўв. аўт.). У кожнага і свае спосабы настроіцца на перамогу. З агучаных аўтабіяграфічных фактаў можна было б скласці цудоўны літаратурны зборнік. Але ў самым галоўным госці былі адзінадушныя: прафесійны спорт патрабуе велізарнай самааддачы, перамога — гэта не шчаслівы выпадак, а вынік напружанай працы.

— Гляджу на сучасныя спартыўныя аб’екты і ўспамінаю свой 1995 год, калі я прыйшоў у веславанне, — і блізка не было такіх умоў, — расказаў чэмпіён ХХIX Алімпійскіх і сярэбраны прызёр ХХХ Алімпійскіх гульняў, неаднаразовы пераможца і прызёр этапаў Кубка свету, чэмпіянатаў свету і Еўропы Аляксандр Багдановіч. — З даступнага выбару ў моладзі — падвалы і самаробныя штангі, у нас не было нават уяўлення, што спортам можна займацца прафесійна. На спаборніцтвах, які б ты ні быў моцны, на справе ўсё роўна хвалюешся. Прысутнічае страх непрадбачанага. Здаецца, што можа здарыцца на дыстанцыі: водная гладзь, вясло, лодка, напарнік твой. Але раз — і водарасць зачэпіцца ці, як у Мілане, бутэлька пластыкавая на нос нашай чацвёркі, тыя ж качкі збівалі весляроў. Між тым ты прадстаўляеш не толькі сябе — краіну. Для мяне алімпіяда 2008 года — спраўджаная мара, апафеоз. У Пекіне была настолькі моцная спёка, што пасля фінішу радавацца сіл не засталося. Як уяўляў, што выйграю, слёзы на вачах былі ад эмоцый. Выйграў, узышоў на п’едэстал, а ў думках адно: абы не ўпасці. Але звычайна на п’едэстале перажываеш найбольшае задавальненне, якое толькі можна адчуць. Для нас пачуць на спаборніцтвах беларускі гімн — трыумф, да якога ідзеш цэлы сезон і ўсё жыццё, у які ўкладзена каласальная праца ўсяго нашага грамадства, цэлай дзяржаўнай сістэмы, што па прыступках прывяла да найвышэйшай кропкі — тваёй перамогі.

Вытрымаць звышнагрузкі спартсменам дапамагаюць усведамленне мэты, адказнасць, падтрымка родных і блізкіх, трэнераў і сяброў па камандзе, балельшчыкаў. Трапна і з гумарам адзначыў Дзмітрый Асанаў: “Калі не будзеш біць ты — будзеш біты. На трэніроўках спартсмен выкладваецца на 200 працэнтаў і ў пераадольванні нагрузак, і ў плане дысцыпліны. Адпрацаваў на максімум у падрыхтоўцы — павінен на спаборніцтве прадэманстраваць максімальны вынік, упэўнена даказаць, што ты наймацнейшы, бо за табой с­таяць твая каманда і твая краіна. Трэба проста выйсці і зрабіць сваю справу”.

Нягледзячы на інтэнсіўны графік, многія спартсмены паспяхова сумяшчаюць спорт і вучобу. Так, у актыве Марыны Слуцкай дзве вышэйшыя адукацыі і трэнерская работа ў клубе па дзюдо.“Калі ёсць жаданне паўнацэнна працаваць і трэніравацца, чамусьці новаму вучыць і вучыцца, ты заўсёды справішся і знойдзеш час, — пераканана чэмпіёнка Еўрапейскіх гульняў. — Як трэнеру мне вельмі хацелася б выхаваць спартсменаў, лепшых за мяне. Здолее гэта хаця б адзін выхаванец майго клуба — буду лічыць, што ў развіцці спорту я задачу выканала”.

Пытанне аб значэнні школьнага і студэнцкага спорту маладыя аршанцы адрасавалі міністру адукацыі:

— Выхаванне і адукацыя маладога пакалення без такога важнага складніка, як фізічная культура і спорт, проста немагчыма, — падкрэсліў Ігар Васільевіч. — Гэта неад’емная частка адукацыйнага працэсу, пачынаючы ад урокаў фізвыхавання і здароўя, заняткаў у спартыўных гуртках і секцыях і заканчваючы спортам высокіх дасягненняў. У нас актыўна працуе асацыяцыя студэнцкага спорту, у працэсе арганізацыі асацыя­цыя школьнага спорту. Мы праводзім досыць адкрытую сумесную палітыку з Міністэрствам спорту і турызму для таго, каб у адпаведнасці з сучаснымі крытэрыямі ўдасканальвалася і развівалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі, каб разам з навучэнцамі, студэнтамі і педагогамі спартыўныя пляцоўкі маглі выкарыстоўвацца для трэніровак і аздараўлення як насельніцтвам, так і прафесійнымі спартсменамі. Заканадаўчая база дазваляе ажыццяўляць гэтую работу максімальна эфектыўна. Штогод арганізоўваюцца рэспубліканскія спаборніцтвы для навучэнцаў і студэнтаў па розных відах спорту, ёсць многа адметных спартыўных турніраў, якія становяцца візітнай карткай рэгіёнаў. Пры ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ствараюцца філіялы дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Дзяржава вельмі актыўна падтрымлівае спорт. Цікавых і значных ініцыятыў багата, і мы даём ім зялёнае святло. Дзякуючы асацыяцыі студэнцкага спорту, у наступным годзе мы будзем прымаць чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ. Напэўна сёння ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб правесці сусветную ўніверсіяду, тым больш што вопыт Еўрапейскіх гульняў паказаў: мы можам праводзіць падобныя мерапрыемствы на высокім узроўні. Асабліва ў гэтай сувязі хочацца адзначыць моцную каманду валанцёраў, яна была яркай душой спаборніцтваў. Мы ўдзячны нашым спартсменам, якія сваімі поспехамі праслаўляюць Беларусь на міжнароднай арэне. Расце колькасць маладых людзей, якія імкнуцца да здаровага ладу жыцця і спорту. Усё гэта пацвярджае: мы задалі надзейныя арыенціры і выбралі правільны напрамак.

У канцы сустрэчы аўтарам самых цікавых пытанняў спартсмены падарылі свае фота з аўтографамі на памяць.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.