Ігар Карпенка: “Заўсёды буду раіцца з прафесіяналамі”

У ходзе рабочай паездкі на Віцебшчыну 22 сакавіка міністр адукацыі наведаў Полацкі і Расонскі раёны Віцебскай вобласці.

Кіраўнік ведамства азнаёміўся з арганізацыяй адукацыйнага працэсу, матэрыяльна-тэхнічнай і вучэбна-метадычнай базай, умовамі для навучання і выхавання навучэнцаў у Зялёнкаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе імя Т.С.Марыненка Полацкага раёна, Клясціцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе імя В.А.Хамчаноўскага Расонскага раёна, Расонскай сярэдняй школе імя П.М.Машэрава, Расонскім цэнтры дзяцей і моладзі і правёў сустрэчу з педагогамі.

Як праінфармаваў начальнік аддзела па адукацыі Расонскага райвыканкама Віктар Мельнікаў, ва ўстановах дашкольнай адукацыі раёна выхоўваюцца 380 хлопчыкаў і дзяўчынак, з іх 265 — у гарадскіх садках і 115 — у сельскіх, ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй складае 97,3%. На працягу 5 гадоў кантынгент дашкольнікаў трымаецца прыкладна на аднолькавым узроўні, у той час як колькасць навучэнцаў паступова змяншаецца. На сёння гэта 893 чалавекі, у тым ліку 585 — у гарадской школе і 308 — у сельскіх. Адукацыйны працэс ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляюць 143 настаўнікі, у дашкольных установах — 64 выхавальнікі. За апошнія 5 гадоў у раён прыбылі 30 маладых спецыялістаў. Характэрна, што 15 з іх прайшлі падрыхтоўку па мэтавых накіраваннях і 28 працуюць на цяперашні час.

— Наша работа накіравана на тое, каб развіць патэнцыял кожнага навучэнца і педагога, даць магчымасць рэалізаваць таленты і здольнасці ў розных напрамках, — паведаміў Віктар Мельнікаў. — Так, вучэбныя прадметы “Матэматыка” і “Беларуская мова” ў 8-х класах сярэдніх школ вывучаюцца на павышаным узроўні. У 2016/2017 навучальным годзе па выніках удзелу ў Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (секцыя “Фізіка”) дзве навучэнкі Расонскай сярэдняй школы імя П.М.Машэрава былі адзначаны дыпломамі ІІ ступені і ўключаны ў рэспублі­канскі банк адоранай моладзі. У 2017/2018 на­вучальным годзе ў Міжнародным анлайн-конкурсе па інфарматыцы і вылічальнай логіцы “Бабёр” мы атрымалі 53 дыпломы. Штогод нашы школьнікі становяцца пераможцамі абласнога этапу конкурсу даследчых праектаў і работ навучэнцаў 5—8 класаў “Я пазнаю свет”, абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу біёлага-экалагічных работ навучэнцаў, абласной дыстанцыйнай алімпіяды па алгебры памяці прафесара К.А.Ананчанкі. У школах арганізавана работа 34 аб’яднанняў па інтарэсах і 14 спартыўных секцый, у якіх занята 75,5% навучэнцаў. У канікулярны час штогод працуюць прышкольныя лагеры, а таксама забяспечваецца занятасць дзяцей і падлеткаў у адпаведнасці з планамі работы на канікулах.

У дзвюх установах адукацыі раёна рэалізоўваюцца творчыя праекты на абласным узроўні: у Расонскай сярэдняй школе імя П.М.Машэрава — “Школьны ­музей як цэнтр даследчай і праектнай дзейнасці навучэнцаў і педагогаў у сістэме грамадзянска-патрыятычнага выхавання і духоўна-маральнага развіцця”, у Клясціцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе імя В.А.Хамчаноўскага — “Укараненне мадэлі адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі, накіраванай на фарміраванне грамадзянска-патрыятычных якасцей асобы на аснове гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю”. Фарміраванню прававой культуры навучэнцаў спрыяюць сустрэчы з прадстаўнікамі РАУС, Следчага камітэта, пракуратуры раёна, выхаванню культуры бяспечнай жыццядзейнасці — сустрэчы з супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі адукацыйнага працэсу па фізічнай культуры, а таксама правядзенню спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Для заняткаў фізічнай культурай і спортам актыўна выкарыстоўваецца база як устаноў адукацыі, так і дзяржаўнай
установы “Фізкультурна-спартыўны клуб “Старт” (плавальны басейн, трэнажорныя і атлетычныя залы).

Асаблівае месца ў выхаваўчай рабоце займае Расонскі цэнтр дзяцей і моладзі (кіраўнік Валянціна Шаблін­ская), што выступае і каардынатарам, і арганізатарам масавых мерапрыем
стваў, а таксама забяспечвае занятасць 64% школьнікаў. На базе ўстановы працуе 45 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаюцца 569 навучэнцаў, 2 калектывы маюць званне “ўзорны” — фальклорны калектыў “Нежачкі” і эстрадная студыя “Надзея”.

Калектыў “Нежачкі” з’яўляецца актыўным удзельнікам усіх раённых мерапрыемстваў, многіх абласных і рэспублікан­скіх конкурсаў. Яго кіраўнік Алена Вашчанка ўдастоена звання “Чалавек года Віцеб­шчыны”. “Нежачкі” неаднаразова ўваходзілі ў склад дэлегацыі Віцебскай вобласці, якая прадстаўляла справаздачныя канцэрты ад вобласці, былі ўдзельнікамі канцэртнай праграмы “Віцебшчына — калыска маёй Беларусі”. У 2015 і 2017 гадах на рэспубліканскім этапе агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” калектыў узнагаро­джаны дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, у 2018 го­дзе на X Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”— дыпломам II ступені, а таксама 8 дыпломамі ў розных намінацыях.

Сустрэча Ігара Карпенкі з педагагічнай грамадскасцю Расоншчыны, дзе таксама прынялі ўдзел старшыня Расонскага райвыканкама Уладзімір Быкаў і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, адбылася ў Расонскай сярэдняй школе імя П.М.Машэрава. Міністр адукацыі падрабязна расказаў пра ключавыя моманты развіцця сістэмы адукацыі і адказаў на пытанні педагогаў. Падчас размовы, што праходзіла ў фармаце адкрытага мікрафона, удзельнікі абмеркавалі новыя вучэбныя праграмы і падручнікі, разгле­дзелі пытанні профільнай падрыхтоўкі, прафесійнага навучання старшакласнікаў, стварэння роўных умоў па якасці адукацыі для навучэнцаў дзяржаўных і прыватных устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, пытанні кантролю якасці адукацыі, арганізацыі цэнт­ралізаванага тэсціравання і выніковай атэстацыі, карэкціроўкі лічбаў прыёму ў адпаведнасці з запытамі рынку працы, міжведамаснага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва з наймальнікамі, ­выхаваўчай работы і сацыяльна-педагагічнага аспек­ту дзейнасці ўстаноў адукацыі, будучыні малакам­плектных сельскіх школ, павы­шэння заработнай платы педагогам, рэалізацыі інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”.

— Такія сустрэчы, у тым ліку ў аддаленых рэгіёнах, невыпадкова сталі традыцыйнымі, бо яны маюць вялікае значэнне, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — З пункту погляду функцыянавання сістэмы адукацыі важныя як школы і гімназіі буйных гарадоў і райцэнтраў, так і кожная малакамплектная сельская школа, яе лёс, як яна будзе далей развівацца. Неабходна ўзаемасувязь, магчымасць пачуць вашы пытанні, думкі, меркаванні. Штосьці з іх будзе прынята, штосьці запатрабуе аналізу і дадатковай пра­працоўкі, каб у перспектыве прымаць адпаведныя кіраўніцкія рашэнні. У сваёй рабоце мы кіруемся рашэннямі, прынятымі на Рэспубліканскім педагагічным
савеце. А галоўнымі задачамі заўсёды былі і застаюцца якасць адукацыі і падрыхтоўка педагагічных кадраў. Раз­віццё сістэмы адукацыі залежыць ад кожнага з нас, а ў першую чаргу ад канкрэтнага настаўніка. Любыя змены і павінны быць заснаваны на практыцы і пераемнасці. Я заўсёды буду раіцца з прафесіяналамі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.