Ігар МАРЗАЛЮК: “У першым класе я ведаў, кім стану”

- 17:10Моя школа

Сённяшні госць праекта “Мая школа” — доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Аляксандравіч МАРЗАЛЮК.

— Ігар Аляксандравіч, з чаго пачалося ваша навучанне?

— Яно пачалося вельмі рана, яшчэ да школы. Справа ў тым, што я нарадзіўся ў сям’і педагогаў. І бацька, і маці — настаўнікі. Больш за тое, у трох пакаленнях па матчынай лініі таксама былі педагогі.
Тата Аляксандр Іванавіч працаваў настаўнікам гісторыі. Напачатку вучыўся на гісторыка-геаграфічным факультэце тагачаснага Магілёўскага педінстытута, а потым, пасля вяртання са службы ва Узброеных Сілах, заканчваў ужо гістарычны факультэт. Маці Кацярына Фядосаўна скончыла тую ж навучальную ўстанову і выкладала фізіку і матэматыку.

Нарадзіўся я ў Краснаполлі, дзе і прайшлі першыя гады майго жыцця. Спачатку мы жылі ў райцэнтры, але праз некаторы час бацькам прапанавалі работу ў Ленінскай сярэдняй школе і выдзелілі кватэру ў цагляным чатырохкватэрным двухпавярховым доме, дзе таксама жылі настаўнікі.
Так мы пераехалі ў вёску Леніна (раней яна называлася Глініца) Краснапольскага раёна, а бацькі сталі працаваць у мясцовай школе. Неўзабаве тату прапанавалі пасаду дырэктара, і большую частку жыцця — колькі сябе памятаю — ён узначальваў гэтую школу.

— З такімі бацькамі, відаць, вы былі на 100 працэнтаў гатовы да школы…

— Я вельмі рана навучыўся чытаць — у 4—5 гадоў. У 5 гадоў ужо ўмеў пісаць друкаванымі літарамі. Першы вялікі твор, які я вывучыў на памяць яшчэ да школы, — “Барадзіно” Лермантава. Было вельмі смешна, калі на дзіцячых ранішніках усе дзеці, падыходзячы да Дзеда Мароза, чыталі на памяць кароценькія навагоднія вершыкі, а я дэкламаваў:

“Скажи-ка, дядя, ведь не даром
Москва, спаленная пожаром,
Французу отдана?..”

Любоў да паэзіі захавалася да сённяшняга дня, а “Барадзіно” я памятаю і зараз. Вучыць вершы мне было цікава, і гэта вельмі добра трэніравала памяць. Таму я вельмі люблю казаць, што, калі вашаму дзіцяці задаюць вывучыць адну страфу з верша, неабходна пераканаць яго, каб вывучыў 2—3 — гэта будзе толькі на карысць.

Першы “заход” у школу я зрабіў вельмі рана. Мне хацелася вучыцца, і бацькі пайшлі насустрач. Першы раз у першы клас я пайшоў у няпоўныя 6 гадоў (дзень нараджэння ў мяне 11 верасня) — “на пробу”. У школе мне падабалася ўсё, акрамя таго, што трэба было сядзець 45 мінут і пісаць па пропісях. Я пахадзіў у школу некалькі месяцаў, і бацькі мудра вырашылі спыніць гэты эксперымент, нягледзячы на тое, што я быў добра падрыхтаваны. Я і сёння перакананы, што дзяцей трэба пачынаць вучыць у 7 гадоў — менавіта ў гэтым узросце дзіця псіхалагічна гатова да навучання.

Другі раз у першы клас я пайшоў са сваімі аднагодкамі ў 1975 годзе. У мяне была цудоўная першая настаўніца Вера Ілістратаўна Шамянкова, якая вучыла нас толькі адзін год. На жаль, яна ўжо пайшла з жыцця, але я ёй вельмі ўдзячны за той год, які быў ключавым у маім школьным навучанні. Вера Ілістратаўна была строгай настаўніцай, і шмат якія яе метады прыйшліся б зараз не даспадобы: магла павысіць голас і нават паставіць у кут. У 2—3 класах нас вучыў Іван Яфімавіч Шаляпнёў.

— Калі ўзнікла цікавасць да гісторыі?

— Магчыма, я з’яўляюся ўзорам вельмі ранняй прафесійнай арыентацыі: у першым класе я ведаў, кім стану і чым буду займацца. Гэта непасрэдна звязана з вялікай хатняй бібліятэкай майго бацькі-гісторыка і з надзвычай дасканалай сістэмай падрыхтоўкі падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, якія былі ў Савецкім Саюзе і да якой мы, ні ў крыўду нікому з калег сказана, яшчэ не дараслі.

Я прачытаў усе падручнікі па гісторыі — сусветнай, усходнеславянскай, расійскай, беларускай — практычна яшчэ ў пачатковай школе. Памятаю дзівосныя хрэстаматыі, якія ўключалі дакументальную частку і мастацкія тэксты па пэўным перыядзе гісторыі. Ды і сістэма выкладання гісторыі была асаблівая. Зараз на лета даюць спіс для чытання толькі па літаратуры, а нам настаўнікі прапаноўвалі таксама спіс мастацкіх тэкстаў, у якіх адлюстроўваліся пэўныя гістарычныя перыяды. Дзякуй богу, гэтыя кнігі былі даступныя ў бібліятэках.

Такім чынам, любоў да гісторыі ў мяне ўзнікла досыць рана. Першай кнігай, якую мне падарыў тата, быў твор Любові Варанковай “Сын Зеўса” — пра жыццё і паходы Аляксандра Македонскага. Але самым любімым у першым класе быў раман Вальтэра Скота “Айвенга”. Гэта было вельмі добра ілюстраванае выданне, якое я не выпускаў з рук — узяўшы кніжку ў бібліятэцы, вельмі доўга не мог развітацца з ёй і не аддаваў цэлы год. Не схлушу, калі скажу, што ведаў яе амаль на памяць.

Для мяне цікавейшай за любую цацку і самым вялікім падарункам на дзень нараджэння была кніга. Шмат часу я праводзіў у бібліятэках. На перапынках бег у школьную бібліятэку і проста кайфаваў там: па тым часе яна здавалася мне вельмі вялікай. Нядаўна прыязджаў у сваю школу і заўважыў, што на паліцах стаяць тыя кнігі, якія гартаў я.

Нішто так не ўзбагачае наш розум, як чытанне. Тое, чаго мне не хапала і што я хацеў ведаць, знаходзіў самастойна, у кнігах. Акрамя школьнай, бібліятэкі былі ў кожным сельсавеце і клубе. Я адначасова быў запісаны ў трох бібліятэках у вёсцы і дзвюх у Краснаполлі, куды з задавальненнем ездзіў па кніжкі з дзвюма авоськамі. Я вычышчаў там усё: ад Жуля Верна да займальнай астрафізікі — бо, акрамя гісторыі, як і іншыя тагачасныя школьнікі, вельмі захапляўся космасам і астраноміяй. Да сённяшняга часу люблю навуковую фантастыку. Адны з самых любімых аўтараў — Айзек Азімаў і Іван Яфрэмаў (яго кнігу “Час быка” можна расцягваць на цытаты і зараз). І калі кажуць, што ў нас была жалезная заслона і мы былі пазбаўлены нейкіх шэдэўраў сучаснай класікі, гэта не зусім праўда.

Напрыклад, амаль усяго Хэмінгуэя прачытаў таксама ў школе. Увогуле, мне пашанцавала, што я нарадзіўся ў час культу кнігі, калі набыць чарговы том вядомага аўтара ці папулярнай серыі было вялікім здабыткам.

Калі вызначыць любімыя кніжкі таго часу, то найперш гэта “Айвенга” і “Сын Зеўса”, а таксама раман Аляксадра Дзюма “Тры мушкецёры”. У 2—3 класах на пазакласным чытанні я мог лёгка па памяці цытаваць гэтыя кнігі.

— А як нарадзілася цікавасць да археалогіі?

— Археалогіяй я захапіўся пазней. Пачалося з таго, што тата займаўся краязнаўствам. У мяне нават захаваўся фотаздымак, на якім я, пяцігадовы хлопчык, стаю з аголеным мячом на кургане X стагоддзя.

Я нарадзіўся на ўсходзе Беларусі, але мой бацька родам з Заходняй Беларусі, і род яго паходзіць з вёскі Падлессе Стаўбцоўскага раёна, якая знаходзіцца на стыку Стаўбцоўскага, Нясвіжскага і Карэліцкага раёнаў — напрасткі праз лес да Мірскага замка ўсяго некалькі кіламетраў. Амаль усё лета я праводзіў там, на хутары ў дзеда. Дыпломная работа майго бацькі была прысвечана Мірскаму замку, і ў яго архіве захаваліся сшыткі з выпіскамі са старых выданняў пра гэтую славутасць. Гэтыя матэрыялы таксама былі крыніцай натхнення…

Па-сапраўднаму археалогія зачапіла пасля знаёмства з кнігай гісторыка, археолага, краязнаўцы і геральдыста, доктара гістарычных навук, прафесара Міхася Ткачова “Зам-кі Беларусі” (якую, дарэчы, мне таксама падарыў тата). Я ўлюбіўся ў гэтае выданне і доўгі час яно было маёй настольнай кнігай.

У мяне няма родзічаў хіба што на Віцебшчыне і Гомельшчыне. Ва ўсіх астатніх рэгіёнах Беларусі ёсць — хай і дзясятая вада на кісялі — нейкія сваякі. Свой радавод па бацькавай лініі я вывучыў з канца XVIII стагоддзя, а па матчынай — з XVI.

— Спецыяльна гэта вывучалі па архівах?

— Калі стаў прафесіянальным гісторыкам, працаваў у архівах і трапляў на дакументы, звязаныя з маёй сям’ёй.

— Відаць, было нецікава на ўроках гісторыі, бо вы ўжо наперад ведалі ўвесь школьны матэрыял?

— Усё роўна было цікава. Затое ўдавалася ўсё вывучыць глыбей і больш дасканала.

У сярэдніх і старшых класах у мяне былі добрыя педагогі-прадметнікі. Хачу прыгадаць настаўніцу рускай і беларускай мовы і літаратуры Валянціну Іванаўну Мардуеву, якая была шыкоўным педагогам. Яна была строгая, выкшталцоная, прыгожая. Увогуле, лічу, што шмат у чым педагог выхоўвае сваім знешнім выглядам. Калі настаўнік прыходзіць у клас у брудным абутку, паклычаны і неахайны, гэта не дадае яму статусу ў вачах вучняў. Дык вось Валянціна Іванаўна заўсёды была ўзорам вытанчанасці і элегантнасці, і гэта тычылася не толькі знешнасці, але і яе адносін да іншых. Яна да гэтага часу жыве ў Краснаполлі, ужо на заслужаным адпачынку і, дзякуй богу, здаровая і поўная сіл.

Біялогію выкладала інспектар РАА Валянціна Васільеўна Шайтура, якая жыла ў Краснаполлі і прыязджала ў нашу школу праводзіць свае ўрокі.

Гісторыю, можна здагадацца, заўсёды выкладаў у мяне бацька, а маці — фізіку і матэматыку. Найбольш кухталёў я атрымліваў ад бацькі. Гэта якраз тая сітуацыя, калі да дзіцяці, што вучыцца ў школе, дзе працуюць яго бацькі, прад’яўляюцца павышаныя патрабаванні. Я быў вымушаны быць “хлопчыкам з першай парты”. На ўсіх уроках трымаў руку ўзнятай і заўсёды быў падрыхтаваны: адчуваў адказнасць і не гультайнічаў.

Памятаю сваю першую і адзіную “двойку”, якую ўкаціў мне бацька. Настаўніца нямецкай мовы захварэла, і ён выйшаў на замену, бо нядрэнна ведаў нямецкую. Адзіны раз я вырашыў скарыстацца момантам, расслабіцца і не вучыць тэму. Але першы, каго выклікаў бацька, быў, канечне, я. Я атрымаў “двойку”, якая тут жа была “ўбіта” ў журнал і дзённік. Пасля гэтага вечарам і ўвесь наступны тыдзень тата кантраляваў маю нямецкую мову.

Яшчэ адно здарэнне было звязана з геаграфіяй. Яе выкладаў па-чалавечы добры настаўнік, герой вайны, які ставіўся да нас вельмі ліберальна: ён часта выклікаў нас адказ-ваць з месца, дзе можна было падгледзець. Мы тады вывучалі тэму вымярэння геаграфічнай шыраты і даўгаты. Як на бяду, менавіта ў гэты час бацька захацеў наведаць урок геаграфіі ў нашым класе і сеў за апошнюю парту. Пачалося апытанне і выклікалі… канечне, мяне. Я не ведаў, што і як рабіць (крыху сфілоніў падчас вывучэння тэмы), таму пачаў блытацца каля карты. Увечары гэтая карта была ў нас дома. Тата выкарыстаў метад выбуху, і мне было ўсё растлумачана не ў самых кампліментарных выразах. Мы з бацькам за паўтары гадзіны разабралі пяць параграфаў, а пасля, шморгаючы носам ад крыўды, я вымяраў даўгату і шырату розных кропак на карце.

Нагадаю: я вучыўся ў звычайнай вясковай школе, укамплектаванай так, як і іншыя тагачасныя савецкія школы — цудоўныя педагогі, добрая вучэбна-метадычная база (так, не было камп’ютараў, але былі дэманстрацыйныя табліцы, карты і схемы, вучэбныя фільмы), грунтоўная праца метадычных кабінетаў і, зразумела, дзейсны кантроль з боку адміністрацыі як на ўзроўні школы, так і раённага аддзела адукацыі. Калі ты хацеў вучыцца, то мог нават ва ўмовах сельскай школы атрымаць якасную адукацыю, якая давала магчымасць канкурыраваць з іншымі абітурыентамі пры паступленні ў ВНУ. Залатыя медалі былі рэдкасцю, але медалісты заўсёды пацвярджалі свае веды пры паступленні.

Я катэгарычна супраць інавацый, у адпаведнасці з якімі настаўнік павінен быць на ўроку невідзімкам, а дзеці рабіць усё самі. Лічу, што галоўная задача педагога — вучыць і накіроўваць. Ёсць сферы, у якіх самаадукацыя ніколі не дасць паўнавартаснага выніку: настаўнік, выкладчык, трэнер. Пры гэтым ніякае рамяство толькі па кніжках вывучыць немагчыма.

Асобна хочацца сказаць пра фізкультуру і спорт, а таксама пачатковую ваенную падрыхтоўку (быў такі прадмет у мае школьныя гады). Можна колькі заўгодна казаць, што ўсе былі мілітарыстамі, але я да сённяшняга дня з настальгіяй успамінаю “Зарніцу” і ўсё, што з гэтым звязана. Фізрука і ваенрука, якія падчас летніх збораў пасля 9 класа ўначы пільна сачылі за намі па палатках, каб мы, крый божа, піва не панапіваліся. Усё было: капанне акопаў, кіданне гранат — для нас, дзяцей, гэта было сур’ёзна і салідна. Дарэчы, разбіраць і збіраць аўтамат з заплюшчанымі вачыма я навучыўся менавіта на ўроках ПВП. Але гэтым карысць не абмяжоўвалася: было шмат іншых ведаў, якія потым у пэўных абставінах спатрэбіліся. Хавацца ад прызыву, адкасіць было непрынята, і пасля другога курса інстытута я адслужыў спачатку ў вучэбнай часці ў Печах, а потым у разведвальным батальёне 120-й гвардзейскай дывізіі каля Мінска…

Фізкультуру ў нас выкладала жанчына. Я ніколі не разумеў і не разумею, калі школьны настаўнік фізкультуры ганяе дзяцей, а сам ужо нічога не ўмее і не можа… Дык вось наша настаўніца і ў 50 гадоў магла зрабіць выхад сілай і пад’ём з пераваротам, гуляць з намі ў валейбол і баскетбол. І, відаць, таму яе патрабавальнасць да нас, вучняў, не ўспрымалася ў штыкі.

— Як выдатнік, напэўна, удзельнічалі ў шмат якіх алімпіядах? Што, акрамя гісторыі, захапляла?

— Як жа без гэтага? Я быў “універсальным салдатам” і ўдзельнічаў амаль ва ўсіх прадметных алімпіядах.

З першага класа лічыў, што буду гісторыкам. Пазней, у 7 класе, мяне зацікавілі зусім іншыя рэчы. Найперш вельмі спадабалася біялогія: хацелася ўсё ведаць спачатку пра мікробаў, потым пра паразітаў, а потым і пра ўсё іншае. Нават стаў задумвацца, а ці не стаць мне ўрачом. Але калі прачытаў кнігу аднаго хірурга, які апісваў свае адчуванні пасля няўдалай аперацыі, моцна засумняваўся. Крыху пазней цікавасць выклікала батаніка і лесазнаўства, і я падумваў пра прафесію лесніка. Немалаважную ролю ў гэтым адыграла таксама і тое, што я вельмі люблю М.Прышвіна. Нават сёння самы класны адпачынак для мяне — гэта лес, збор грыбоў. Заблукаць у лесе я не магу ў прынцыпе.

Першае, што рабіў, трапіўшы ў нейкую мясцовасць на археалагічныя раскопкі (нават доктарам навук 2—3 тыдні праводзіў “на палях”), ішоў у лес, калі ён быў побач: калі ў лесе ёсць грыбы, я іх абавязкова знайду. (Смяецца.) Усё, што ведаю ў гэтай галіне, — вынік школьных гадоў, бо пазней я амаль нічога не чытаў.

Аднак гэта былі непрацяглыя завіхрэнні на хвалі цікаўнасці: гісторыю я ніколі не закідваў. Чаму ў мяне ўзнікала цікаўнасць? Тут няма ніякай таямніцы — любому школьніку падабаюцца найперш тыя дысцыпліны, якія добра выкладае настаўнік-прадметнік. І няважна, якую адзнаку атрымае вучань па гэтым прадмеце (трэба разумець, што нізкая адзнака — толькі паказчык яго асабістых недапрацовак і ляноты), у яго ўсё роўна будзе праяўляцца цікавасць да школьнага прадмета, які выкладае настаўнік-асоба. Так было, калі вучыўся я, так адбываецца і сёння з нашымі дзецьмі.

Школу скончыў з залатым медалём, а інстытут — з чырвоным дыпломам. Я заўсёды быў выдатнікам, але наколькі, напрыклад, я любіў арганічную хімію, бо ў той час быў добры настаўнік хіміі, настолькі мне не падабалася неарганічная. І не таму, што было больш складана, а проста памяняўся настаўнік. Не ў крыўду кажучы, гэта быў вельмі сталы чалавек, на ўроках якога не было аніякай экспрэсіі: ён сядзеў за сталом, нешта счытваў з падручніка і, бывала, нават засынаў. (Смяецца.) І праз гэта неарганічная хімія стала прагалам у маіх прыродазнаўчых ведах: я вучыў яе павярхоўна.

У мяне было некалькі істотных захапленняў. З дакладных навук я вельмі любіў фізіку, астраномію і матэматыку, найперш алгебру. Геаметрыя і чарчэнне — гэта тое, што я ведаў на выдатна, але да чаго душа не ляжала. Што да чарчэння, мая нелюбоў да яго не была звязана з асобай настаўніка. Я пакутаваў, калі трэба было начарціць, напрыклад, шруб у разрэзе. Выконваў са скрыгатаннем зубоў. Праца з лінейкай і алоўкам мне не падабалася, але прыйшлося-такі асвоіць і гэтыя навукі.

Калі я паглыбіўся ў археалогію, трэба было паглыбіцца і ў нелюбімыя геаметрыю і чарчэнне, а таксама геалогію і той раздзел геаграфіі, які вывучаў тапаграфію, арыентаванне і складанне карт — усё гэта спатрэбілася. Давялося самому нанова, па кроках, ад самага пачатку ўзнаўляць і сістэматызаваць веды. Археалогія — гэта навука, дзе трэба і чарціць, і маляваць.

— Як вы ў сценах школы звярталіся да бацькоў?

— Падчас урокаў звяртаўся да іх, як і ўсе мае аднакласнікі: імя і імя па бацьку. Была вызначаная мяжа паміж зносінамі ў школе і дома. Я спрабаваў некалькі разоў перайсці яе, на перапынку звярнуцца “тата” ці “мама”, але гэта было хутка спынена.

— Ці часта свавольнічалі?

— Я быў гіперактыўным дзіцем, ды і ўсе аднакласнікі таксама не адрозніваліся асаблівай уседлівасцю. Не цураўся і дробнага хуліганства на ўроках у некаторых настаўнікаў — зрабіць хлапушку і хлопнуць пад вухам аднакласніку, які сядзіць спераду, ці знянацку даць пстрычку (настаўнікам ніколі не шкодзіў). Але найбольшы дыскамфорт мне рабіла такая праблема: тое, што можна было іншым, мне катэгарычна не дазвалялася па статусе настаўніцкага дзіцяці. Калі я выходзіў за дазволеныя межы, разумеў, што праз 15—20 мінут настаўнік зойдзе да бацькі і паскардзіцца… Быць дзіцем дырэктара школы заўсёды вельмі складана.

Нехта з маіх аднакласнікаў выпадкова на апошняй парце ў кабінеце ПВП пакінуў кавалак пластыліну, які ўпаў на крэсла і зліўся з ім па колеры. Як на бяду, на гэты ўрок прыйшоў мой тата разам з інспектарам РАНА, які сеў менавіта на тое крэсла з пластылінам. Я, безумоўна, ведаў, чый быў той пластылін, які потым бацька беспаспяхова спрабаваў аддзерці з новага касцюма інспектара. Бацька па чарзе выклікаў у кабінет і дапытваўся, чый гэта быў пластылін. Маўчалі ўсе, і я таксама. Групавая салідарнасць — гэта моцная штука. І нават калі клас нейкага байкатаваў, мне прыходзілася быць разам з усімі, ці калі ўсім класам вырашалі прасачкаваць урок, я таксама не адмяжоўваўся ад калектыву. Такія былі правілы нашых зносін, і было здрадай пайсці насуперак.

Пасля ўрокаў у сярэдніх класах, у самы задзірлівы перыяд, бывала, маглі нават пабіцца з-за нейкай крыўды.

Аднойчы бацькі купілі мне навамодную шапку з брылёчкам (накшталт баварскіх галаўных убораў), і памятаю, як я вельмі не хацеў яе насіць, бо мяне сталі зваць Гансам. Прыйшлося ўчыніць жорсткі адпор крыўдзіцелю. Канечне, вынікам рукапашнага бою былі сінякі і ранкі, але я зноў-такі маўчаў і не прызнаваўся ні ў чым.

— І вось вы паступілі ў інстытут…

— Хочацца сказаць словы ўдзячнасці сваім настаўнікам, якія ў звычайнай сельскай школе вучылі якасна і грунтоўна. Ды і ўся сістэма была выбудавана так, што пра рэпетытарства не ішло ніякай гаворкі.

Чым мы былі абдзелены ў школьныя гады, дык гэта арыентаванасцю выкладання замежнай мовы на жывыя зносіны. Сённяшнія школьнікі ў абсалютнай большасці гавораць на замежнай мове.

Больш за тое, было цудоўнае метадычнае забеспячэнне выкладання гісторыі і іншых прадметаў, выдзяляліся немалыя грошы і на неабходныя метадычныя часопісы, і метадычную літаратуру. Я не настальгірую, але савецкі вопыт патрабуе дэталёвага вывучэння і ў многім пераймання.

Дзякуй богу, у нашай краіне тады вышэйшая адукацыя не была ўсеагульнай, і якасць падрыхтоўкі тых, хто вучыўся на завочных аддзяленнях (я не кажу ўжо пра дзённае), была выключна высокай. Уявіць сабе непадрыхтаванага настаўніка, які ведае менш за свайго вучня, было немагчыма.

Пры паступленні ў ВНУ тады сапраўды існаваў конкурс, але школьнай падрыхтоўкі да паступлення было дастаткова. Вышэйшую адукацыю атрымлівала ўсяго 30—40%. Але і атрымаць адукацыю ў тэхнікуме было таксама прэстыжна — ніхто, як зараз, не лічыў каласальным няшчасцем не паступіць у інстытут.

Сёння склалася такая сітуацыя, што ўстановы вышэйшай адукацыі набіраюць студэнтаў больш, чым колькасць выпускнікоў з 11 класаў, на шэраг спецыяльнасцей амаль адсутнічае конкурс — адбываецца прафанацыя сістэмы вышэйшай адукацыі. Гэта абуральна і недапушчальна. Я за тое, каб кожны грамадзянін нашай краіны меў магчымасць паступіць, і наша сістэма адукацыі сапраўды дае кожнаму магчымасць “сацыяльнага ліфта”. Мы павінны больш ашчадна і рацыянальна адносіцца да сваіх выпускнікоў, прапаноўваючы ім розныя варыянты рэалізацыі прафесійнай траекторыі. А для вышэйшай школы галоўная задача — не знішчыць бляск пазнання ў вачах абітурыента.

На той час паступіць на гістфак было вельмі складана. У год майго паступлення набіралі дзве групы па 25 чалавек. Прахадны бал па выніках трох экзаменаў — 19 — тры “пяцёркі” і “чацвёрка”. Па-за конкурсам ішлі тыя, хто адслужыў ва Узброеных Сілах і мэтавікі. Шмат хто паступаў з другога ці трэцяга разу.

— Ці былі ў вас любімыя выкладчыкі ў вышэйшай школе?

— Ва ўніверсітэце любімы выкладчык — Анатоль Барысавіч Кузняцоў, які чытаў нам курс па гісторыі ўсходнеславянскіх і расійскіх зямель дапятроўскай эпохі. Ён быў бліскучым лектарам і вельмі любіў гаварыць так: “Спецыялістаў дзвюх спецыяльнасцей нельга выпускаць недавукамі — настаўніка і доктара. Недавучаны доктар заб’е чалавека, паставіўшы яму няправільны дыягназ, а недавучаны настаўнік скалечыць яму ўсё жыццё”. І таму ў гэтыя прафесіі павінны ісці самыя лепшыя абітурыенты. Калі гэта магчыма? У тым выпадку, калі зыходны заробак урача і настаўніка супастаўляльны з самым высокім заробкам выпускніка з вышэйшай адукацыяй у сферы прамысловасці і паслуг.

— Якія вашы якасці выхаваў “сіндром хлопчыка з першай парты”?

— Найперш, відаць, перфекцыянізм. Я прывык рабіць або вельмі якасна, або не рабіць гэтага зусім — гэта тычыцца любых рэчаў, нават тых, што мне не вельмі падабаюцца. Таксама яшчэ са школьных гадоў захавалася імкненне заўсёды выконваць свае абяцанні. Трэба ўмець гаварыць “не”, але калі ты паабяцаў і чалавек табе даверыўся, — памры, але зрабі!

Я досыць упарты. У нашай школе былі настаўнікі, гатовыя падыскутаваць, але толькі тады, калі ты прыводзіў лагічныя доказы. Сёння я таксама гатовы ўступаць у дыскусію, нават гатовы памяняць свой пункт гледжання, калі пачую рацыянальныя аргументы. Лямант, крыкі для мяне не могуць служыць перакананнем. Я чалавек кампрамісу, але ў выпадку, калі ён магчымы. Калі ўпэўнены ў сваёй праўдзе, то буду ўпарта настойваць на сваім.

Хачу выказаць словы ўдзячнасці той сістэме выхавання, праз якую прайшоў. Я не кажу пра бацькоў — бацькі былі ва ўсіх (ну, ці амаль ва ўсіх). Гаворка пра школьную сістэму выхавання, якая была выбудавана ў той час.

Памятаю момант майго ўступлення ў камсамол. У райкам я прыйшоў у джынсавым касцюме, з доўгімі валасамі а-ля Джон Ленан і перад камісіяй расказваў пра візіт Леаніда Ільіча Брэжнева ў Індыю. Так, мы слухалі “Голас Амерыкі”, Севу Наўгародцава, але савецкая сістэма выхавання, якую шмат хто лічыць навязанай, мела ідэалагічны стрыжань, вакол якога будавалася ўсё: дзейнасць піянерскай арганізацыі і камсамола, мерапрыемствы, якія мы з задавальненнем рыхтавалі і ў якіх удзельнічалі. Савецкая школа выконвала каласальныя задачы: мы атрымлівалі веды, неабходныя для нашай самарэалізацыі; у нас закладвалі высокаэтычныя нормы маралі і выбудоўвалі наша гарманічнае фізічнае развіццё.

Нам не казалі, што мы будзем мерчандайзерамі і што мы павінны сябе выгадна прадаць, не расказвалі, што адукацыя — гэта кірмаш. Нас пераканалі, што адукацыя патрэбна для самарэалізацыі ў жыцці, што мы павінны стаць годнымі грамадзянамі. Гэта была педагогіка абавязку, а не педагогіка права, бо, упэўнены: там, дзе няма абавязку, не можа быць права.

— Ігар Аляксандравіч, дзякуй вам за гутарку! Як педагога ад імя калектыву “Настаўніцкай газеты” віншуем вас з пачаткам новага навучальнага года, а таксама з юбілейнай датай нараджэння, якую вы будзеце хутка адзначаць. Жадаем вам здароўя і плёну ў працы!

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Ігара МАРЗАЛЮКА.