Ігар Старадуб ганарыцца, што ўжо адзінаццаць выпускнікоў пайшлі па яго слядах і сталі настаўнікамі фізкультуры

- 10:10Образование

Барсукоўская базавая школа Клімавіцкага раёна славіцца сваімі спартыўнымі дасягненнямі. Поспехі вучняў у спорце — заслуга настаўніка фізічнай культуры і здароўя Ігара Старадуба. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У прафесіі Ігар Віктаравіч звыш трыццаці гадоў. За такі працяглы перыяд у яго працоўнай кніжцы значыцца ўсяго адзін запіс. І гэта пры тым, што спачатку ён хацеў выкладаць дзецям фізіку і матэматыку.

Свядома паступіў на адпаведны факультэт у тагачасны Магілёўскі педінстытут. Але здарылася служба ў войску, дзе я сур’ёзна захапіўся спортам і кардынальна змяніў бачанне свайго прызвання ў педагогіцы. Памяняў спецыяль­насць, вывучыўся на настаўніка фізкультуры і атрымаў размеркаванне ў Клімавічы. Трапіў у школу вёскі Барсукі. Так і працую тут, прыкіпеў сэрцам да ўстановы адукацыі і вучняў, — падзяліўся Ігар Старадуб.

За дзесяцігоддзі плённай педагагічнай дзейнасці Ігар Віктаравіч выпрацаваў уласную формулу эфектыўнага навучання. Ён перакананы, што пэўныя спартыўныя здольнасці ёсць у кожнага навучэнца:

— Убачыць і раскрыць схільнасці дзіцяці — менавіта гэта бачу сваёй ключавой задачай. Для мяне таксама важна далу­чаць вучняў да фізкультуры і спорту, фарміраваць у іх асновы здаровага ладу жыцця.

Цікавасць да прадмета Ігар Віктаравіч прывівае ўласным прыкладам. На яго думку, інакш запаліць агеньчык у сэрцах дзяцей, матываваць да заняткаў немагчыма. У любых пачынаннях ён імкнецца быць для выхаванцаў аўтарытэтам, узорам для пераймання:

Шырока выкарыстоўваю на ўроках традыцыйныя франтальны і спаборніцкі метады. Гарманічна спалучаю іх з сучаснымі методыкамі: кругавымі трэніроўкамі, здароўезберагальнымі тэхналогіямі. Гэта дазваляе задзейнічаць усіх навучэнцаў, вытрымліваючы належную маторную шчыль­насць заняткаў.

Стаўку Ігар Віктаравіч робіць на індывідуальны падыход. Гэтаму садзейнічае і малая коль­касць вучняў у класах. Захоўваючы класічную структуру заняткаў, настаўнік стварае персаналізаваныя заданні з акцэнтам на ўзроўні пад­рыхтоўкі дзяцей. Паступова прыцягвае навучэнцаў да спорту, стымулюе іх да фізічнага ўдасканалення і развіцця.

— З радасцю ўспрыняў навіну аб павелічэнні колькасці паўнавартасных урокаў фізкультуры. Гэта важны крок да ўзрошчвання здаровай нацыі. Цяперашнім дзецям, якія захоплены гаджэтамі, патрабуецца больш руху. Дадатковы ўрок гэтаму вельмі пасадзейнічае, — адзначыў Ігар Старадуб.

У рамках заняткаў Ігар Віктаравіч удзяляе вялікую ўвагу як фізічнаму, так і асобаснаму станаўленню вучняў. Па яго меркаванні, фізкультура — гэта не толькі пра цела. Гэта і пра дух, бо спорт выхоўвае дысцыпліну, настойлівасць, волю, сумлен­насць, уменне дзейнічаць у калектыве, вучыць сапраўднаму сяброўству.

— Фізкультура — адзін з самых эфектыўных сродкаў фарміравання ў дзіцяці высокіх духоўна-маральных якасцей, — упэўнены педагог.

Закладваючы ў дзяцей неабходную базу падчас абавязковых урокаў, Ігар Віктаравіч працягвае раскрываць патэнцыял вучняў у ходзе трэніровачнага працэсу. Галоўны прынцып, якога прытрымліваецца педагог, — бесперапыннасць.

— Мэта ў школьных трэніровак не спрынтарская, а марафонская. Мае юныя спартсмены яшчэ не вызначыліся з канкрэтнай спартыўнай спецыялізацыяй, таму ўпор раблю на рознабаковую фізічную падрыхтоўку, першасную спартыўную арыентацыю, навучанне тэхнікам розных відаў спорту. Выбудоўваю трывалы фундамент для будучых спартыўных перамог, — растлумачыў суразмоўнік.

Распрацаваныя Ігарам Старадубам алгарытмы прыно­сяць чаканыя вынікі: на стартах яго навучэнцы паспяхова канкурыруюць з прадстаўнікамі абласных гарадоў і нават сталіцы. Хлопчыкі і дзяўчынкі з’яўляюцца пераможцамі другога і трэцяга этапаў Рэс­публіканскай алімпіяды па фізкультуры, займаюць прызавыя месцы ў шэрагу вядомых спаборніцтваў.

— Дастаткова доўгі час мае падапечныя пераможна ўдзельнічаюць у спаборніцтвах па біятлоне «Снежны снайпер». У фінале турніру выступалі 38 вучняў, 10 з іх сталі пераможцамі індывідуальнага заліку, 12 — пераможцамі і прызёрамі ў эстафетных гонках. Самыя яркія зорачкі — Ганна Дабравольская і Надзея Яўсеенка. Надзя наогул мая гордасць. Яна тройчы ўзнімалася на п’едэстал «Снежнага снайпера», неаднаразова перамагала на абласных спаборніцтвах па лыжных гонках і лёгкай атлетыцы, заваявала дыплом на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды, выканала нарматывы другой ступені дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Спартыўная змена». Дзяўчына марыць прафесійна займацца біятлонам. Зараз разам працуем над тым, каб яна трапіла ў лік навучэнцаў вучылішча алімпійскага рэзерву, — заўважыў Ігар Віктаравіч.

Адметна, што шматлікія дыпломы, кубкі і медалі вучняў Ігар Старадуб лічыць не самым важным у рабоце. Больш каштоўныя для яго жыццёвыя перамогі падапечных:

— Пасля заканчэння школы навучэнцы становяцца прыстойнымі, працавітымі людзьмі, якія застаюцца адданымі спорту. Неверагодна ганаруся і тым, што многія вучні ідуць па маіх слядах. Ужо адзінаццаць выпускнікоў выбралі педагогіку і сталі настаўнікамі фізкультуры.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара