“Патрыятызм і адказнасць важныя для выхавання маладога пакалення, бо яны фарміруюць вернасць Айчыне і гатоўнасць да выканання грамадзянскага абавязку”, адзначыў у размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” дырэктар сярэдняй школы № 3 Смалявіч Ігар Юшкевіч.
— Настаўнікі адыгрываюць важную ролю ў выхаванні дзяцей. Яны дапамагаюць кожнаму вучню стаць гарманічнай асобай, раскрываюць яго індывідуальныя здольнасці, развіваюць цікавасць да атрымання новых ведаў, творчасці і самаразвіцця. Педагогі таксама прывіваюць маральныя каштоўнасці, выхоўваюць любоў да Радзімы і ўмацоўваюць псіхічнае і фізічнае здароўе школьнікаў.
Патрыятызм і адказнасць важныя для выхавання маладога пакалення, бо яны фарміруюць вернасць Айчыне і гатоўнасць да выканання грамадзянскага абавязку. Наш калектыў упэўнены, што для таго, каб прывіць дзецям любоў да роднага краю, трэба тлумачыць ім шматлікія з’явы і многае паказваць на ўласным прыкладзе. Так, трэба знаёміць навучэнцаў з гісторыяй Радзімы і даводзіць да іх: чым лепш яны будуць яе ведаць, тым прасцей ім будзе разумець значэнне таго, што адбываецца сёння, і тым яскравей яны будуць уяўляць будучыню. Таксама важна абмяркоўваць з дзецьмі іх планы, цікавіцца іх жаданнямі і марамі, падтрымліваць. Я заўсёды кажу: “Прыцягвайце школьнікаў да ўдзелу ў гарадскіх суботніках, каб выхаваць беражлівыя адносіны да прыроды, разам з імі дарыце ветэранам кветкі падчас урачыстасцей, арганізоўвайце вучэбна-забаўляльныя мерапрыемствы, прысвечаныя нацыянальнай культуры і творчасці!”
Важны складнік выхавання грамадзянскай пазіцыі — мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці, якія праводзяцца ў школе. Сярод іх інфармацыйныя і класныя гадзіны з удзелам ветэранаў-франтавікоў, відавочцаў і ўдзельнікаў ваенных падзей, воінаў-інтэрнацыяналістаў, адзіныя ўрокі, прымеркаваныя да дзяржаўных свят, памятных дат, сустрэчы ў рамках шостага школьнага дня.
У дадатак да гэтага функцыянуе тэматычная экспазіцыя, прысвечаная памяці ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд.
Ва ўстанове адукацыі рэалізуецца адукацыйны праект “Школа актыўнага грамадзяніна”. Таксама мы прымаем удзел у патрыятычных акцыях “Да абароны Айчыны гатовы!”, “Служым Беларусі!”, “Беларусь памятае”, “Мы помнім” (прысвечана Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў).
Рэспубліканскія спартыўна-патрыятычныя гульні “Зарнічка”, “Зарніца”, рэспубліканская спартакіяда па зімовым і летнім мнагаборстве “Абаронца Айчыны” сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту — усе гэтыя мерапрыемствы не абыходзяцца без удзелу нашых навучэнцаў.
Для фарміравання актыўнай жыццёвай пазіцыі вучнёўскай моладзі, яе ўсвядомленага ўдзелу ў жыцці грамадства выбудавана эфектыўная сістэма ўзаемадзеяння з вучнёўскім саветам, піянерскай дружынай БРПА і з БРСМ.
Наталля САХНО
Фота аўтара