Сталічная сярэдняя школа № 11, здадзеная ў эксплуатацыю да сёлетняга навучальнага года пасля капітальнага рамонту, сустракала мяне ва ўсёй сваёй бліскучай абноўленасці ў не менш бліскучы вераснёўскі дзень. Ужо на падыходзе падумалася пра нешта амаль што сімвалічнае: іду ў верасні гутарыць з мастацкім кіраўніком узорнага аркестра народных інструментаў “Лістапад” Мікалаем Мікалаевічам Лазоўскім, а сама публікацыя мусіць пабачыць свет на старонках газеты ў кастрычніку да Дня настаўніка. Такім чынам, і верасень, і кастрычнік, і лістапад — літаральна ўсю восень “абдыму” я, напісаўшы пра свайго героя. А яшчэ я трымаў у галаве сузор’е юбілейных дат, якія прыйшліся на гэтую восень для Мікалая Мікалаевіча і яго аркестра: 55 гадоў самому Мікалаю Мікалаевічу, 25 гадоў аркестру і 15 гадоў з таго часу, як ён носіць званне “ўзорны”. Словам, для пачатку гутаркі ўжо было сёе-тое, за што можна было ўчапіцца. І, павітаўшыся са сваім героем, я тактоўна яго запытаў: “Мы пачнём нашу гутарку асабіста з вас або з вашага аркестра?” Пачуўшы ў адказ “А хіба гэта не адна і тая ж гісторыя?”, я пачаў слухаць.
Як высветлілася, Мікалай Лазоўскі нарадзіўся ў мястэчку Дзівін на Кобрыншчыне, у раннім дзяцінстве ўсур’ёз захапіўся музыкай, вучыўся ў мясцовай музычнай школе па класе баяна і ўжо да 8 класа дакладна ведаў, што прадоўжыць вучобу ў музычным вучылішчы. Вядома ж, больш лагічна было паступаць у музычнае вучылішча ў найбліжэйшым Брэсце, але школьны таварыш, у якога сваякі жылі ў Гродне і які таксама наважыўся паступаць у музычнае, пацягнуў юнага Мікалая за сабой у горад над Нёманам. “Я аднекваўся як мог, усё ж Брэст — бліжэй, але сябар мяне ўгаварыў, і мы разам паехалі ў Гродна. І вось жа як бывае! Я паступіў, а мой таварыш — не”, — усміхаецца Мікалай Мікалаевіч.
А потым было войска, завочная вучоба ў Мінскім інстытуце культуры, акампаніятарства яшчэ ў часы студэнцтва для розных калектываў у вольны час і дастаткова кароткія прамежкі часу, калі Мікалай Лазоўскі выкладаў і ўжо сам кіраваў дзіцячымі калектывамі ва ўстановах культуры і адукацыі Сенніцы, Шчомысліцы, у адной з мінскіх дзіцячых музычных школ. Тут варта зрабіць маленькае адхіленне ў бок асабістага жыцця майго героя і заўважыць, што ў дастаткова маладым узросце ён ажаніўся, абраўшы сабе ў якасці спадарожніцы па жыцці таксама музыканта — балалаечніцу. Ужо будучы студэнтам-завочнікам, Мікалай Мікалаевіч песціў дзвюх дачушак, а сёння яны ўжо дарослыя. Старэйшая пайшла па бацькоўскіх сцежках — скончыла музычнае вучылішча, Акадэмію музыкі і аспірантуру пры ёй; цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. А малодшая выбрала візуальнае мастацтва — атрымала прафесійную мастацкую адукацыю ў гімназіі-каледжы імя І.В.Ахрэмчыка і Акадэміі мастацтваў. Дарэчы, летась яна прывезла дадому сярэбраны медаль у намінацыі “Графічны дызайн” не адкуль-небудзь, а са знакамітага Канскага фестывалю — гэта была заўважная падзея ў маштабах культурнага поля ўсёй краіны.
Але ж вернемся да самога Мікалая Мікалаевіча Лазоўскага. Паваротным у яго лёсе можна лічыць адзін з восеньскіх дзён 1995 года, калі ён ехаў некуды ў прыгарадным аўтобусе і пазнаёміўся з суседам па сядзенні. Відавочна, адчуўшы адзін у адным блізкую душу, маладыя мужчыны тады хутка разгаварыліся. І сусед, які аказаўся намеснікам дырэктара мінскай сярэдняй школы № 11 па эстэтычным напрамку Пятром Пятровічам Мазалеўскім (цяпер ён працуе дырэктарам 1-й сярэдняй школы Мінска), дай і скажы тады Мікалаю Мікалаевічу: “Паслухайце, а прыходзьце вы да нас працаваць у школу! У нас некалькі гадоў назад быў створаны гурток народных інструментаў, ужо нешта і сур’ёзнае могуць іграць, аркестрам сябе называюць, але ж вось бяда — кіраўнік, маладая дзяўчына, у дэкрэт днямі сыходзіць… Ну, сапраўды, прыходзьце!” Мікалай Мікалаевіч доўга не вагаўся — ужо на наступны дзень, у лістападзе 1995 года, ён прыйшоў працаваць у 11-ю сярэднюю школу Мінска, прыйшоў мэтанакіравана на аркестр народных інструментаў, і з таго часу ў яго працоўнай кніжцы новых запісаў не з’яўлялася.
Дзіцячы калектыў, кіраваць якім прыйшоў тады Мікалай Лазоўскі, быў створаны ў 1989 годзе па ініцыятыве тагачаснага дырэктара школы Алы Аляксандраўны Грушэўскай (дарэчы, яна пастаянны аўтар “Настаўніцкай газеты”. — Заўв. аўт.), сапраўды, уяўляў сабой невялікі школьны аркестр — некалькі баянаў ды ўдарна-шумавыя інструменты. “Гэта быў якраз той час, калі па ўсёй краіне ішла шырокая хваля адраджэння нацыянальнай культуры, мовы, фальклору, — узгадвае Мікалай Мікалаевіч. — Адпаведна і ў навучальных установах, і ў культурных цэнтрах, і на прадпрыемствах у той час як грыбы з’яўляліся фальклорныя калектывы, і ў прынцыпе многія з іх былі вельмі падобныя адзін да аднаго — баян, гармонік, шумавыя інструменты, ну, і харэаграфічная падтрымка для больш прыгожай карцінкі… Прыблізна такім жа быў і той дзіцячы калектыў, на які прыйшоў я, і мне ён, прызнацца, адразу ж спадабаўся. Я ж вельмі любіў фальклор, у інстытуце культуры нават навуковую працу пісаў. Але ў той жа час мне захацелася нечага большага, за плячыма ў мяне ўсё ж быў які-ніякі вопыт. Карацей кажучы, мне хацелася, што называецца, разгарнуцца на новым месцы, узбагаціць гучанне, стварыць сапраўдны разнатэмбравы аркестр народных інструментаў. Тым больш для гэтага ў 11-й школе былі ўсе ўмовы — установа спецыялізавалася на музычна-эстэтычным кірунку”.
Так, Мікалай Лазоўскі адразу ж узяўся за справу: прывёў у ансамбль цымбалістаў і балалаечную групу, дадаў бас-гітару (ёй была адведзена функцыя кантрабаса), скрыпку, домры… Разам з новым дыханнем калектыў і сапраўды набыў новае гучанне. І неўзабаве, паколькі гэтае гучанне было ўжо не проста новае, але і пазнавальнае, паўстала пытанне назвы калектыву — безыменным ён быць ужо проста не мог.
Мікалай Мікалаевіч успамінае: “Тады я аб’явіў конкурс на лепшую назву аркестра. Нешта прыдумлялі дзеці, сёе-тое круцілася ў самога ў галаве, але ўсё нейкае памяншальна-ласкальнае з фальклорным адценнем: “Кажушок”, “Крыжачок”, “Фартушок”… “Ну, не будзем мы арыгінальнымі з такой назвай!” — не адчаплялася думка. І тут неяк на адной з рэпетыцый я гляджу на дзяцей, якія трымаюць нотныя аркушы хто як: хто — на каленях, хто — у адной руцэ ўмудраецца… Пюпітрамі, падстаўкамі для нот мы тады яшчэ не абзавяліся. І гэтыя ноты то ў аднаго з калень зляцяць, то ў другога з рукі вырвуцца… “Лістапад! Гэта ж сапраўдны лістапад!” — стрэліла вокамгненна думка. І тады я кажу дзецям: “Бачыце, які вы лістапад тут нарабілі! А давайце назавём наш аркестр “Лістападам”! Тым больш што я да вас якраз у лістападзе прыйшоў”. І дзецям гэтая ідэя спадабалася. З таго часу мы і называемся — “Лістапад”.
Літаральна за першы год існавання “Лістапада” Мікалаю Лазоўскаму ўдалося стварыць цалкам новую канцэртную праграму, калектыў усё часцей пачаў выходзіць за межы школы і выступаць на самых розных гарадскіх пляцоўках, і яго сталі заўважаць, чакаць, запрашаць. А ў 1999 годзе аркестр атрымаў званне “ўзорны”.
Сёння ўзорны аркестр народных інструментаў “Лістапад” пад кіраўніцтвам Мікалая Лазоўскага — гэта добра вядомы ў сталіцы калектыў, пастаянны ўдзельнік-дыпламант разнастайных конкурсаў (вось няпоўны пералік: “Прывітанне, свет!”, “Сузор’е”, “Музычны калейдаскоп сталіцы”, “Іграй, гармонік!”), часты і жаданы госць сталічнага Дома дружбы, прафесійных вучылішчаў, ліцэяў, школ-інтэрнатаў, Камандна-інжынернага інстытута МНС, шэфскіх прадпрыемстваў, фестывалю дзіцячых фільмаў “Лістападзік”. Рэпертуар аркестра сапраўды разнастайны і адметны: апрацоўкі беларускіх і рускіх народных песень, жанравыя музычныя замалёўкі (“Фермеры”, “Зазвінелі звонікі”, “Беларуская фантазія”, “Лірычная п’еса”, “Беларусь мая” і інш.), джазавыя і блюзавыя кампазіцыі, нават “Бітлз”. У падборы рэпертуару (а інструментоўкі ён робіць выключна сам, кожны раз адаптуючы іх пад той ці іншы склад) Мікалай Мікалаевіч кіруецца правераным педагагічным прынцыпам: “Дурному самі навучацца, а добраму трэба ўсё-такі навучыць”.
Асобны цікавы раздзел з жыцця “Лістапада” — гэта замежныя паездкі. Асабліва за апошнія 5—6 гадоў аркестр паспеў пабываць з канцэртамі ў Швецыі, Бельгіі, Славакіі, неаднаразова — у Польшчы. І, бадай, у кожнай з гэтых паездак здаралася штосьці вельмі запамінальнае — кранальнае, смешнае, незвычайнае. Мікалай Мікалаевіч з усмешкай прыгадвае, як тыя ж палякі — хаця ў іх таксама ёсць цымбалы — заўсёды найбольш цікавяцца менавіта гэтым інструментам. А вымавіць цвёрдае “л” ім, бедалагам, цяжка. Вось і атрымліваецца пацешна ў польскім варыянце: “Гэта такія ў вас цымбаўкі? Цымбаўкі?” Ніколі не забудзецца кіраўніку аркестра і яго выхаванцам паездка ў Брусель, калі на знакамітай Каралеўскай плошчы ў сталіцы Бельгіі, запруджанай турыстамі з усяго свету, яны ігралі сваё беларускае, ды так, што потым было не адбіцца ад цікаўных слухачоў і іх роспытаў. “Падыходзілі канадцы, аўстралійцы, паўднёваафрыканцы, пыталіся, ці можна дзе набыць дыскі з нашымі запісамі, — успамінае Мікалай Мікалаевіч. — А я што? Ну, быў які дзясятак дыскаў, дык я іх раздаў. Потым ужо падумаў: “Вось дурань! А мог жа і прадаць!” Хоць, з другога боку, мы ж не камерсанты”.
А, бадай, самая цікавая гісторыя здарылася з аркестрам у адным польскім горадзе. “Нас запрасілі выступіць у касцёле, — распавядае мой суразмоўца. — І перад выступленнем у мяне ксёндз пытаецца: “А што вы нам сыграеце?” Ну, я і кажу яму, маўляў, усё сыграем — і народнае, і джаз, і блюз, і When I’m sixty four (“Калі мне будзе шэсцьдзясят чатыры”) “Бітлоў”. Ён тады — такі хітры-хітры, быццам бы мы не ведаем, што ў іх што ні касцёл — то мясцовы клуб: “Не, не, не! Вы што! Якія “Бітлы”, які джаз у касцёле?! Вы іграйце толькі такую павольную, тужлівую музыку…” Ну, добра, кажу, тужлівую дык тужлівую. А недзе за гадзіну да канцэрта нам дазволілі парэпеціраваць — зачынілі касцёл, і мы пачалі настройвацца. Так, усяго пакрыху — і народнае, і “Бітлоў”, і джаз… Той ксёндз сядзеў, слухаў зачараваны. А потым падыходзіць да мяне і шэпча ўзрушана: “Іграйце ўсё! Усё, што я тут чуў!” (Смяецца.) І мы сыгралі! Акустыка ў касцёле была проста незвычайная! Публіка нас доўга тады адпускаць не хацела…”
Наогул, Мікалаю Мікалаевічу Лазовіку ёсць што ўспомніць. І доўгія вячэрнія рэпетыцыі, асабліва позняй восенню і зімой, калі іншым разам цемень за акном наганяла на дзяцей і іх кіраўніка неадольную “нуду і жуду”, ніякай уцямнай ігры не атрымлівалася і тады яны ўсе разам выбягалі на школьны двор — рабілі некалькі кругоў вакол школы, коўзаліся з горкі, адціскаліся, а потым прыбягалі ў клас, садзіліся за інструменты і выдавалі ўжо зусім іншыя — бадзёрыя і выразныя — гукі. І сваіх даўнейшых выпускнікоў, сённяшніх студэнтаў, якія з радасцю і зараз прыходзяць у аркестр і разам з цяперашнім складам выступаюць на канцэртах. І нават самых непаседлівых неслухаў, у якіх раней мог запусціць ласцікам або кавалачкам крэйды, каб супакоіліся на рэпетыцыях, а цяпер гэта проста непатрэбна — неслуха супакояць самі дзеці. З-за павагі да свайго кіраўніка і яго работы.
Пытаю ў Мікалая Мікалаевіча: “Скажыце, а для вас усё-такі ў прыярытэце нейкія музычныя задачы (дабіцца пэўнага гучання, пашырыць музычны кругагляд, выхаваць музычны густ) ці выхаваўчыя?”
“Вы ведаеце, першы час, як прыйшоў працаваць у гэтую школу, думаў усё больш пра музыку, пра поспехі ў творчым плане. Зрэшты, і цяпер думаю пра гэта. Але сёння для мяне прыярытэт — выхаваўчае, жыццёвае, чалавечае… Галоўнае — каб людзьмі выраслі”.
З Днём настаўніка вас, Мікалай Мікалаевіч! І, як казаў той ксёндз, іграйце ўсё!
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.