Іх імёны не забудуцца ніколі

Ёсць падзеі, даты, імёны людзей, якія ўвайшлі ў гісторыю горада, краю, краіны і нават Зямлі. Пра іх пішуць кнігі, распавядаюць легенды, складаюць вершы, музыку. Галоўнае — пра іх памятаюць. Гэта памяць перадаецца з пакалення ў пакаленне. Маленькім героям былі прысвечаны мерапрыемствы ў Гарадзечненскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Навагрудскага раёна 8 і 9 лютага.

У піянерскай дружыне імя воіна-інтэрнацыяналіста М.Шуляка адбыўся збор пад назвай “Іх імёны не забудуцца ніколі і застануцца ў памяці назаўжды…” пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Алы Леанідаўны Бахарэвіч. Важнасць і ўрачыстасць падзеі адчувалі ўсе прысутныя. Дырэктар установы адукацыі Святлана Іванаўна Шушкевіч у прывітальным слове да піянераў звярнула ўвагу на залежнасць будучыні ад сучасных падзей і ад таго, як піянеры праяўляюць свае здольнасці і ўменні.

Піянеры нашай дружыны даведаліся імёны і прозвішчы аднагодкаў, якія загінулі на палях бітваў, аб закатаваных у акупацыі юных разведчыках-партызанах, якія нават на пакаранне ішлі з горда ўзнятай галавой. Навучыць дзяцей суперажываць юным героям, захапляцца іх подзвігам — вось галоўная задача, якую мы імкнуліся дасягнуць дзякуючы такому ўрачыстаму збору, дзякуючы Дню памяці юнага героя-антыфашыста.

Атрадамі 5 і 7 класаў “Альтаір” і “Патрыёт” былі падрыхтаваны паведамленні пра вытокі дня памяці. Многія піянеры атрымалі граматы за актыўны ўдзел у жыцці піянерскай дружыны.

Алёна ГАЎРЫЛЬЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Гарадзечненскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.