Іх прафесіяналізм — гарантыя мірнага і стваральнага жыцця беларускай дзяржавы

- 10:55Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць міру і спакою на беларускай зямлі ў эпоху глабальнай ваеннай нестабільнасці. Пра гэта ён заявіў у Палацы Незалежнасці на цырымоніі ўшанавання выпускнікоў ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу.

“На вас ускладаецца адказнасць за мір і спакой на беларускай зямлі ў эпоху глабальнай ваеннай нестабільнасці, — сказаў прэзідэнт. — У перыяд, калі міжнародная сістэма бяспекі знаходзіцца пад пагрозай разбурэння. Гэта выклікі, якія вы павінны аб’ектыўна ацэньваць і якім павінны быць гатовы супрацьстаяць”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прафесіяналізм афіцэраў, іх высокія маральныя якасці і імкненне самааддана абараняць сваю зямлю з’яўляюцца гарантыяй мірнага і стваральнага жыцця беларускай дзяржавы.

“Менавіта вам, афіцэрам Узброеных Сіл, давядзецца ўдасканаль­ваць іх сучаснае аблічча, укараняць у баявую вучобу ўсё самае перадавое, асвой­ваць найноўшыя ўзоры тэхнікі і ўзбраення, вучыць войскі дзеянням у адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі ваеннай справы, — сказаў ён. — Сур’ёзным экзаменам на прафесійную сталасць стане сумеснае аператыўнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі “Шчыт Саюза — 2019”. Перакананы ў вашай гатоўнасці прадэманстраваць выдатную вывучку, мабільнасць і здольнасць хутка прымаць правільныя рашэнні”.

Задачы, якія ставіць дзяржава перад вышэйшым афіцэрскім складам, застаюцца нязменнымі: для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў — абарона асобы, грамадства і краіны ад любых злачынных замахаў, для су­працоўнікаў МНС — адказнасць за бяспеку жыцця і дзейнасці чалавека, прафілактыка і папярэджанне бытавых здарэнняў і тэхнагенных катастроф. У зоне іх асаблівай увагі таксама знахо­дзіцца эксплуатацыя Беларускай атамнай электрастанцыі.

“Ад выпускнікоў-пагранічнікаў з улікам узрастання негатыўных фактараў, звязаных з незаконнай міграцыяй, наркатрафікам, кантрабандай, патрабуюцца падтрыманне высокага ўзроўню баявой гатоўнасці, уменне адэкватна рэага­ваць на развіццё абстаноўкі ў пагранічнай сферы”, — адзначыў прэзідэнт.

Звяртаючыся да супрацоўнікаў спецслужбаў, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў неабходнасць сканцэнтраваць намаганні на нейтралізацыі праяў тэрарызму і экстрэмізму, распальвання нацыянальнай і рэлігійнай варожасці ў грамадстве, прыняць меры па недапушчэнні нанясення эканамічнай шкоды краіне.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ўрачыстая цырымонія праходзіць у год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. “Успамінаючы вялікі подзвіг герояў, якія адстаялі свабоду Айчыны, з пачуццём гонару глядзім на ўсіх, хто, працягваючы слаўныя традыцыі, становіцца на абарону Радзімы, хто, прысягнуўшы краіне на вернасць, ахоўвае мір і гарантуе бяспеку жыцця і дзейнасці людзей”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.