Іх вопыт, прафесіяналізм і працавітасць ацэнены краінай

- 9:47Інфармацыйная гадзіна

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў уручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам працоўных калектываў.

“Па даручэнні прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ўручаны заслужаныя дзяржаўныя ўзнагароды лепшым прадстаўнікам працоўных калектываў нашай краіны. Адзначу, што імі вы ўдастоены за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў”, — сказаў Андрэй Кабякоў, звяртаючыся да прысутных.
Прэм’ер-міністр канстатаваў, што 2015 год быў нялёгкім, але пры гэтым удалося дасягнуць пэўных вынікаў. У прыватнасці, збалансаваны знешні гандаль, палепшаны плацежны баланс краіны. Паводле яго слоў, жорсткая манетарная палітыка, гібкае курсаўтварэнне, кантроль над грашовым прапанаваннем далі магчымасць утрымаць інфляцыю ў запланаваных межах — рост цэн склаў 12 працэнтаў (мінімальнае значэнне за апошнія 5 гадоў). Пры гэтым забяспечана стабільнасць на спажывецкім рынку.
Уручаючы ўзнагароды медыцынскім работнікам, Прэм’ер-міністр Беларусі сказаў: “Вашы дасягненні — гэта сапраўды прарывы ў медыцыне: вельмі складаныя аперацыі, высокаэфектыўныя метады лячэння і дыягностыкі, новыя лякарствы. Мы часта чакаем ад урачоў цуду. І ён адбываецца, таму што вы робіце ў сваёй прафесіі ўсё магчымае, а часам і немагчымае. Дзякуй вам за гэта”, — сказаў Андрэй Кабякоў.
Асобныя словы ўдзячнасці кіраўнік урада выказаў настаўнікам, выкладчыкам і вучоным, якія таксама атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды. “Вы ўносіце вялікі ўклад у развіццё навукі, станаўленне інавацыйнай эканомікі, эканомікі ведаў, прафесійную падрыхтоўку падрастаючага пакалення”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Сярод узнагароджаных — супрацоўнікі Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. “У сучасных умовах, калі свет мяняецца на вачах, акадэмія павінна больш уважліва і скрупулёзна падыходзіць да падрыхтоўкі інтэлектуальнага кіраўніцкага патэнцыялу, так неабходнага краіне”, — лічыць Андрэй Кабякоў.
“Ёсць сярод узнагароджаных і тыя, хто рыхтуе будучых алімпійцаў. Размова ідзе аб кіраўніках спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх школ алімпійскага рэзерву. Ад вашай самаадданай працы ў многім залежыць прэстыж краіны на міжнароднай арэне. Беларускіх алімпійцаў ведаюць ва ўсім свеце. Кіраўнік дзяржавы неаднаразова заяўляў, што спорт з’яўляецца найлепшым дыпламатам”, — сказаў прэм’ер-міністр. Ён выказаў надзею, што і гэты год стане паспяховым для спартсменаў на гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра.
У 2016 годзе культура павінна выйсці на першыя пазіцыі ва ўсіх сферах жыцця, заявіў таксама Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на ўрачыстай цырымоніі.
“2016 год аб’яўлены ў Беларусі Годам культуры, таму мне ўдвая прыемна ўручыць узнагароды нашай творчай інтэлігенцыі. У гэтым годзе мы будзем гаварыць аб культуры ў шырокім разуменні сэнсу гэтага слова. Культура быту і вытворчасці, сям’і і чалавечых адносін. Ва ўсіх сферах нашага жыцця яна выйдзе на першыя пазіцыі”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Ён канстатаваў, што сярод узнагароджаных — група прадстаўнікоў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. “Упэўнены, што вы і ў далейшым будзеце радаваць публіку гучнымі прэм’ерамі”, — сказаў прэм’ер-міністр.
Андрэй Кабякоў павіншаваў прысутных з уручэннем ім дзяржаўных узнагарод. “У гэтай зале людзі, чыя праца адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі, чый вопыт, прафесіяналізм, працавітасць па-асабліваму ацэнены нашай краінай”, — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада. Таксама Андрэй Кабякоў павіншаваў жанчын з надыходзячым святам 8 Сакавіка.
Усяго дзяржаўныя ўзнагароды з рук кіраўніка беларускага ўрада атрымалі каля 90 чалавек.