Іх вышыні

Дзверы Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста заўсёды гасцінна адкрыты для наведвальнікаў любога ўзросту. Штогод ва ўстанове ладзіцца адкрытае справаздачнае мерапрыемства, якое з хваляваннем чакаюць выхаванцы і іх бацькі. У гэты дзень хлопчыкі і дзяўчынкі ўзнагароджваюцца прэміяй “Твая вышыня”, заснаванай папячыцельскім саветам, за высокія дасягненні ў мінулым навучальным годзе, актыўны ўдзел у справах цэнтра, талент і творчую індывідуальнасць.

Сёлета лаўрэатамі прэміі сталі выхаванцы аб’яднання па інтарэсах “Клуб вясёлага настрою” Наталля Габрыльчук і Мікіта Махоткін разам з педагогам Т.Я.Раманчук. Дзеці прывезлі дыплом ІІ ступені з Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”.

У ліку ўзнагароджаных салістка ўзорнай вакальнай студыі “Аліса” Настасся Карэцкая, выхаванка Н.І.Шосцік. Дзяўчынка — уладальніца дыплома І ступені ў намінацыі “Вакал (сола)”, атрыманага па выніках VII адкрытага рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Калядныя сустрэчы”.

Навучэнцы ўзорнага ансамбля народнага танца “Праменьчык” — пераможцы сёлетняга Міжнароднага конкурсу дзіцячай творчасці “Міленіум”, уладальнікі дыпломаў І і ІІІ ступені, прывезеных з Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”. Такіх вынікаў яны дасягнулі дзякуючы педагогам Т.В.Натаравай і Н.М.Мялік.

Сярод узнагароджаных — пераможца занальнага этапу Рэспубліканскага конкурсу праектаў “100 ідэй для Беларусі” ў намінацыі “Лепшы праект да 1000-годдзя Брэста” Ілья Пух і пераможца абласнога этапу гэтага конкурсу ў намінацыі “Сацыяльны праект” Іван Варакулін. Выхаванцы “Акадэміі маладзёжных ініцыятыў” пад кіраўніцтвам М.П.Літвінкевіч актыўна рэалізоўваюць цікавыя праекты.

Намеснік старшыні праўлення Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Л.І.Аўдзяйчук уручыла дыпломы і памятныя падарункі пераможцам абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу жывапісу “Шчасце жыць у мірнай краіне” з ліку выхаванцаў студыі выяўленчага мастацтва “Вясёлка” (кіраўнік А.А.Казмян) і народнай студыі выяўленчага мастацтва “Акварыум” (кіраўнік Т.І.Чубарава).

Падчас мерапрыемства было шмат песень, танцаў, гульняў, флэш-мобаў і залівістага дзіцячага смеху. На тэрыторыі цэнтра, падзеленай на творчыя пляцоўкі, можна было знайсці занятак на любы густ. Дзеці заспускалі паветраных змеяў, удзель­нічалі ў віктарынах, спаборнічалі ў шахматных баях…

Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста з радасцю чакае дзяцей і іх бацькоў у новым навучальным годзе!

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.