II Рэспубліканскі форум маладых вучоных аб’яднаў звыш 140 прадстаўнікоў з усіх УВА краіны

- 15:59Актуально, Образование

Пляцоўкай для зносін стаў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. Тут для маладых вучоных на працягу двух дзён праходзілі канферэнцыя, лекцыі, тэматычныя секцыі, майстар-класы, выстава і экскурсіі, перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Як заўважыў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч, сёння па краіне налічваецца звыш 3,5 тыс. маладых вучоных.

— Гэта  вялікая інтэлектуальная сіла, таму падтрымцы маладзёжнай навукі ўдзяляецца самая пільная ўвага. Задача заключаецца ў тым, каб маладзёжныя ідэі знаходзілі практычнае прымяненне, у якасці рэальнай прадукцыі, інавацыйных тэхналогій і паслуг працавалі на дзяржаву. Усё, што мы робім, накіравана на будучыню, стварэнне моцнага эканамічнага базісу, умацаванне і развіццё краіны. Моладзь у гэтай справе — наша галоўная апора, — расказаў ён.

Больш падрабязная размова аб перспектывах для моладзі ў навуцы адбылася падчас пленарнага пасяджэння. Было адзначана, што зараз створаны ўсе неабходныя ўмовы для развіцця навуковай дзейнасці, а дапамога маладым вучоным у самарэалізацыі і матэрыяльнае стымуляванне за дасягнутыя поспехі — ключавыя напрамкі дзяржаўнай палітыкі. Асаблівы акцэнт робіцца менавіта на ўніверсітэцкай навуцы, бо гэта — адзін з базавых кампанентаў беларускай навуковай сістэмы. Удзельнікам форуму дэталёва расказалі аб тым, дзе можна прадставіць свае праекты, знайсці дапамогу ў рэалізацыі наватарскіх ініцыятыў. Прагучала таксама інфармацыя аб атэстацыі на саісканне навуковых званняў, была прадстаўлена презентацыя саветаў маладых вучоных пры Нацыянальнай акадэміі навук і Міністэрстве адукацыі.

Адметнай падзеяй форуму стала адкрыццё ў Беларуска-Расійскім універсітэце цэнтра тэхнасфернай бяспекі, тэхналогій прыродаўпарадкавання і водакарыстання. Гэта элы комплекс лабараторый, стварэнне якога — вынік супрацоўніцтва выкладчыкаў БРУ і Новасібірскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага ўніверсітэта. У новым навуковым цэнтры будуць праводзіць даследаванні рэгіянальных і глабальных экалагічных праблем.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара